мірны дагавор паміж Вялікабрытаніяй і Партугаліяй з аднаго боку, Францыяй і Іспаніяй — з другога, які завяршыў удзел гэтых краін у Сямігадовай вайне 1756—63. Падпісаны 10 лют. ў Парыжы. Паводле дагавора ў Амерыцы да Вялікабрытаніі адыходзілі ад Францыі — Новая Францыя (Канада), в-аў Кап-Брэтон, усе землі на У ад р. Місісіпі (Усх. Луізіяна, за выключэннем Новага Арлеана), шэраг астравоў Карыбскага м.; у Афрыцы — б.ч. калоніі Сенегал; у Індыі — амаль усе франц. ўладанні. Францыя вяртала Вялікабрытаніі захоплены ў 1756 в-аў Менорка ў Міжземным м. Іспанія перадавала Вялікабрытаніі Фларыду ў Паўн.Амерыцы, за што атрымлівала ад Францыі Зах. Луізіяну. Франц. войскі пакідалі Гановер і (разам з ісп. войскамі) Партугалію. П.м.д. азначаў перамогу Вялікабрытаніі над Францыяй у барацьбе за калан. і гандл. першынство.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТЭП,
занальны тып ландшафту, прадстаўлены травяністай ксерафітнай і мезаксерафітнай расліннасцю. Для С. характэрны згуртаванні дзернавінных злакаў (кавылі, танканог, ціпчак і інш.) і разнатраўя на чарназёмных і каштанавых глебах. У залежнасці ад іх суадносін адрозніваюць С.: сапраўдныя (тыповыя) з пераважаннем дзернавінных злакаў, лугавыя (лугастэпы), або разнатраўныя; пустынныя (апустыненыя) з вял. колькасцю пустынных паўкусцікавых (пераважна палыну), эфемераў і эфемероідаў. У Паўн.Амерыцы С. наз.прэрыі, у Паўд.Амерыцы — пампы. Жывёльны свет С. вельмі разнастайны і адрозніваецца на розных кантынентах (напр., у Еўразіі пашыраны капытныя, грызуны, паўзуны і інш., у Аўстраліі — сумчатыя). Жывёльны і расл. свет С. мяняецца ў сувязі з гасп. дзейнасцю чалавека. Пашыраюцца эразійныя і інш. небяспечныя працэсы. Прыродныя С. захаваліся ў запаведніках і месцах, маладасягальных для чалавека (горы, міжгорныя катлавіны і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РАЦ (Piper),
род кветкавых раслін сям. перцавых. Каля 700 (паводле інш. звестак каля 2000) відаў. Пашыраны ў тропіках абодвух паўшар’яў, пераважна ў Амерыцы і мусонных абласцях Усх. Азіі. У культуры 9 відаў. Найб. значэнне мае П. чорны (P. nigrum) — лазячая расліна, расце ў Індыі. Яго няспелыя высушаныя плады — прыправа (чорны перац). Лісце П. бетэль (P. betle) выкарыстоўваюць для жавання. Некат. інш. віды П. ўжываюць як лекі, араматычныя прыправы, гатуюць рытуальныя (наркатычныя) напоі.
П. струкавы, або агароднінны, ці капсікум (Capsicum), — род кветкавых раслін сям. паслёнавых. 20 (паводле інш. звестак каля 50) відаў. Пашыраны ў Цэнтр., Паўд.Амерыцы і на а-вах Галапагас. Плады П. агародніннага, ці папрыкі (C. annuum), выкарыстоўвалі ў Амерыцы аптэкі; у Еўропу іх прывёз Х.Калумб; у Расіі з 19 ст. Культывуюць у краінах з трапічным, субтрапічным і ўмераным кліматам (у т. л. на Беларусі).
Шматгадовыя (у культуры — аднагадовыя) травы, кусты і паўкусты. П. агароднінны — аднагаловая самаапыляльная расліна. Лісце авальнае, ланцэтнае. Кветкі белыя, зеленаватыя. Плод — канічная несапраўдная ягада ад жоўтага да цёмна-чырв. колеру. Мае вітамін C і алкалоід капсаіцын (выкарыстоўваецца ў медыцыне), які абумоўлівае горкі смак некат. разнавіднасцей. 15 разнавіднасцей П. агародніннага падзяляюць на салодкія і вострыя (горкія). Найб. вядомыя сарты салодкага П.: Новачаркаскі 35, Ратонда, розныя варыянты сорту Балгарскі, горкага — Украінскі горкі, Астраханскі 147. Культывуюць таксама найб. востры П. каенскі (C. sinense). Харч., лек., тэхн. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫ́ЗЛІ,
млекакормячыя жывёлы сям. мядзведжых атр. драпежных. 2 падвіды бурага мядзведзя. Грызлі мексіканскі (Ursus arctos nelsoni) і грызлі канадскі (U. a. richardsoni). Жывуць у Паўн.Амерыцы. Па памерах драбнейшыя за бурага мядзведзя. Занесены ў Чырв. кнігу МСАП.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЧНЫ ЦВЕТ (Anagallis),
род кветкавых раслін сям. першакветных. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Зах. Азіі, Афрыцы, Паўд.Амерыцы, як занесеныя ў Паўн.Амерыцы; 1 від — у тропіках абодвух паўшар’яў. На Беларусі пераважна ў паўд. і паўд.-зах. раёнах трапляюцца зрэдку як пустазелле на палях, агародах, пустках, каля дарог вочны цвет палявы (Anagallis arvensis) і вельмі рэдка як пустазелле, а таксама на сухіх схілах і ў хмызняках вочны цвет блакітны (Anagallis foemina).
Адна-, двухгадовыя травяністыя расліны з галінастым распасцёртым ці ўзнятым сцяблом. Лісце дробнае, суцэльнае, супраціўнае, найчасцей сядзячае. Кветкі звычайна адзіночныя на доўгіх кветаножках у пазухах лістоў, з кола- або лейкападобным чырв. блакітным ці белым вяночкам. Плод — шарападобная каробачка. Лек. (мачагонны, патагонны, жаўцягонны, слабільны сродак) і ядавітыя расліны. Садовыя формы некаторых відаў (напр., гібрыдная буйнакветная Anagallis grandiflora) вырошчваюць як дэкаратыўныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРА́НАВА ВО́СТРАЎ, Сітка,
востраў у архіпелагу Аляксандра (ЗША, штат Аляска). Пл. 4,2 тыс.км². Выш. да 1432 м. Вільготныя хваёвыя лясы. Рыбалоўства, лесанарыхтоўкі. Асн. населены пункт і порт — Сітка. Названы ў гонар А.А.Баранава — першага гал. правіцеля рус. паселішчаў у Амерыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́ЛЬВА, сельвас (партуг. selva ад лац. silva лес),
вільготныя, перыядычна затапляльныя экватарыяльныя лясы (гілеі) у Паўд.Амерыцы, пераважна ў бас.р. Амазонка. Цяжкапраходныя, маюць надзвычай багаты відавы склад (да 200 відаў пальмаў, гевея, какава, фікусы, бамбукі, дыннае дрэва, шмат ліян і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ГАН (Logan),
вяршыня ў гарах Св. Ільі, на ПнЗ Канады. Выш. 6050 м (другая па вышыні ў Паўн.Амерыцы). Складзена з гранітаў. Укрыта вял. ледавікамі амаль да падножжа, дае пачатак многім далінным ледавікам даўж. да 80 км (ледавік Логан). Уваходзіць у склад нац. парку Клуэйн.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСІ́ЙСКА-АМЕРЫКА́НСКАЯ КАМПА́НІЯ,
гандлёвае аб’яднанне ў Расіі ў 1799—1868. Засн. з мэтай асваення рас. уладанняў у Амерыцы, Курыльскіх і інш. астравоў. Напачатку праўленне кампаніі размяшчалася ў Іркуцку, з 1800 — у Пецярбургу. Кампанія атрымала ў манапольнае карыстанне ўсе промыслы і карысныя выкапні гэтых тэрыторый, права арганізоўваць экспедыцыі, займаць новаадкрытыя землі і гандляваць з суседнімі краінамі. Кампанія стварыла ў «Рускай Амерыцы» пастаянныя паселішчы, суднабудаўнічыя верфі, майстэрні і інш., у 1804—40 пры ўдзеле рас. ўрада арганізавала 25 экспедыцый, у т. л. 15 кругасветных (І.Ф.Крузенштэрна і Ю.Ф.Лісянскага і інш.), вяла геагр. і этнагр. даследаванні на Алясцы, удзельнічала ў засяленні в-ва Сахалін і Прыамур’я, садзейнічала пашырэнню ў шэрагу раёнаў агародніцтва, хлебаробства і жывёлагадоўлі. Дзейнасць кампаніі ўскладнялася моцнай канкурэнцыяй брыт. і амер. прадпрымальнікаў. У сувязі з продажам амер. уладанняў Расіі ЗША Р.-а.к. ў 1868 скасавана.
Літ.:
История Русской Америки, 1732—1867. Т. 1—3. М., 1997—99.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ХАС-ДЭЛЬ-САЛА́ДА (Ojos dei Salado),
патухлы вулкан на ПдЦэнтр. Анд у Паўд.Амерыцы, у Аргенціне, паблізу мяжы з Чылі. Выш. 6880 м. Складзены з андэзітаў і туфаў. Зах. схілы пустынныя, усх. больш вільготныя, да выш. 3000 м укрыты трапічнымі лясамі, вышэй 5000 м — вечныя снягі.