ВАДАРО́ДНЫ ПАКА́ЗЧЫК (pH),
велічыня, якая характарызуе канцэнтрацыю (актыўнасць) іонаў вадароду ў растворах. Лікава роўны адмоўнаму дзесятковаму лагарыфму канцэнтрацыі [H+] (актыўнасці) вадародных іонаў H+, якая выражана ў молях на літр (моль/л): pH=-lg[H+]. Водныя растворы маюць pH ад 1 да 14: у нейтральных pH=7, у кіслых pH < 7, у шчолачных pH > 7. Пастаянства вадароднага паказчыку падтрымліваецца буфернымі растворамі. Вызначаюць pH з дапамогай кіслотна-асноўных індыкатараў, больш дакладна — патэнцыяметрычна (гл. Патэнцыяметрыя). Гл. таксама Кіслотна-шчолачная раўнавага.
т. 3, с. 434
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫКА́ЧВАННЕ ГЛЕ́БЫ,
агратэхнічны прыём, ураўнаванне і ўшчыльненне паверхневага слоя глебы каткамі. Захоўвае глебавую вільгаць, памяншае перапады т-ры, забяспечвае раўнамернае загортванне насення і найлепшыя ўмовы для ўкаранення і кушчэння раслін, прадухіляе асяданне глебы, садзейнічае назапашванню ў глебе пажыўных рэчываў у лёгказасваяльных формах, павялічвае мікрабіял. актыўнасць глебы. Праводзяць перад сяўбой (асабліва ў сухую вясну), пасля сяўбы (часцей для дробнага насення), пры агаленні вузла кушчэння азімых культур, для знішчэння ледзяной скарынкі на пасевах зімуючых культур.
т. 13, с. 68
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНГІБІ́ТАРЫ (ад лац. inhibeo спыняю, затрымліваю) у біялогіі, рэчывы рознай хім. прыроды, якія прыгнятаюць актыўнасць ферментаў у жывым арганізме і ў бясклетачных сістэмах. Адрозніваюцца характарам дзеяння, спецыфічнасцю і інш. Інгібіраванне адбываецца на генетычным (прыгнечваецца біясінтэз аднаго з ферментаў) і кінетычным (паніжаецца актыўнасць ферменту) узроўнях. Узаемадзейнічаюць з актыўным цэнтрам ці з інш. часткамі малекулы і перашкаджаюць утварэнню прамежкавага ферментна-субстратнага комплексу (напр., фторысты натрый запавольвае працэсы вугляводнага абмену). Бываюць натуральныя і сінтэтычныя. Натуральныя І. ў чалавека і жывёл — прадукты абмену рэчываў. У раслін І. росту (фенольнай і тэрпеноіднай прыроды) назапашваюцца восенню ў тканках насення і пупышак пры пераходзе ад працэсаў росту да спакою, вясной іх колькасць зніжаецца. Дзеянне І. процілеглае натуральным (аўксіны, гіберэліны) і сінт. стымулятарам росту. Сінт. І. (морфактыны, рэтарданты, дэфаліянты, гербіцыды і інш.) спыняюць рост сцёблаў, выклікаюць ападанне лісця, падсушваюць расліны на карані, прадухіляюць паляганне злакаў. Выкарыстанне І. у якасці ядахімікатаў для барацьбы са шкоднымі насякомымі і пустазеллем звязана з іх уласцівасцю прыгнятаць жыццёва важныя для гэтых арганізмаў працэсы. Выкарыстоўваюцца для вывучэння механізму каталітычнага дзеяння ферментаў, устанаўлення прыроды функцыян. груп бялкоў, для лячэння парушэнняў абмену рэчываў (некат. лекі і фармакалагічныя сродкі прыгнятаюць ферментатыўныя рэакцыі паталаг. працэсаў).
т. 7, с. 223
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕПАРЫ́Н (ад грэч. hēpar печань),
сульфатаваны мукаполіцукрыд, прыродны інгібітар сістэмы згусання крыві. Выдзелены з печані. Сінтэзуецца тлустымі клеткамі крывяносных сасудаў, печані, сэрца, лёгкіх. Комплексы гепарыну з бялкамі сістэмы згусання крыві (фібрынагенам і інш.) раствараюць агрэгаты нестабілізаванага фібрыну in vitro. Гепарын павышае пранікальнасць сасудаў, устойлівасць арганізма да гіпаксіі, уздзеяння таксінаў і вірусаў, зніжае ўзровень цукру ў крыві, прыгнятае актыўнасць шэрагу ферментаў, расшырае сасуды сэрца і нырак. Атрымліваюць з печані і лёгкіх буйн. раг. жывёлы. Выкарыстоўваюць у медыцыне.
т. 5, с. 165
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕТЭРАХРАМАЦІ́Н (ад гетэра... + храмацін),
участкі кандэнсаванага храмаціну, які захоўваецца на працягу клетачнага цыкла. Стан гетэрахрамаціну вызначаецца кампактызацыяй ДНК і яе трывалай сувяззю з бялкамі (гістонамі). Інтэнсіўна афарбоўваецца ядз. фарбавальнікамі, уранілацэтатам і ў інтэрфазных ядрах відзён пад светлавым і электронным мікраскопамі як сетка цёмнага рэчыва. Ёсць у цэнтрамеры, целамеры, ядзеркавым арганізатары. Генетычна інертны. Абагачаны сатэлітнай ДНК і ўздзейнічае на актыўнасць генаў у сумежным эўхрамаціне. Гетэрахрамацін лічаць адказным за адгезію (зліпанне) сястрынскіх храматыд, за сінапс храмасом і рэкамбінацыю генаў пры красінговеры.
т. 5, с. 210
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАМАРО́ЖВАННЕ ХАРЧО́ВЫХ ПРАДУ́КТАЎ,
спосаб кансервавання, які заключаецца ў хуткім ахаладжэнні прадукту да т-ры значна ніжэйшай за т-ру замярзання яго сокаў. Робяць пры т-ры каля -20 °C у маразільных камерах халадзільнікаў ці ў спец. хуткамаразільных апаратах.
Пры замарожванні вада ўтварае шмат дробных крышталікаў лёду, якія мала мяняюць структуру тканак прадуктаў, практычна поўнасцю спыняецца жыццядзейнасць мікрафлоры і актыўнасць ферментаў, таму прадукты доўгі час (пры ўмове, што т-ра ўвесь час застаецца аднолькава нізкай) захоўваюць свае харч. якасці.
т. 6, с. 520
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫДЭПРЭСА́НТЫ (ад анты... + лац. depressio прыгнечанасць),
лекавыя псіхатропныя сродкі для папярэджання або нейтралізацыі псіхічных і фіз. расстройстваў, якія суправаджаюць стан дэпрэсіі. Паляпшаюць настрой, здымаюць трывогу і напружанасць, павышаюць псіхічную актыўнасць, нармалізуюць агульны тонус, сон, страваванне, рухомасць арганізма. Многія з іх несумяшчальныя з асобнымі відамі ежы, асабліва з ужываннем у час лячэння спіртных напіткаў (магчыма развіццё калапсу). Асобныя антыдэпрэсанты на пач. этапе выкарыстання запавольваюць скорасць рэакцыі і ўспрымання сітуацый, таму пры назначэнні выключаюць магчымасць кіравання трансп. сродкамі або выканання складаных тэхн. аперацый.
т. 1, с. 396
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭПРЭ́СІЯ (ад лац. depressio прыгнечанне, падаўленне) у псіхалогіі, афектыўны стан, які характарызуецца адмоўным эмацыянальным фонам, змяненнем матывацыйнай сферы і агульнай пасіўнасцю паводзін. Чалавек у стане Д. суб’ектыўна адчувае цяжкія, пакутлівыя эмоцыі і перажыванні (прыгнечанасць, тугу, смутак, роспач). Характэрнымі з’яўляюцца думкі пра ўласную адказнасць за розныя непрыемныя, цяжкія падзеі ў асабістым жыцці або ў жыцці блізкіх людзей. Валявая актыўнасць, самаацэнка рэзка зніжаны. Адрозніваюць функц. стан Д., магчыма ў здаровых людзей у межах нармальнага псіхічнага функцыянавання, і паталаг. Д. як адзін з асн. псіхіятрычных сіндромаў.
т. 6, с. 354
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУЦАЛА́НЫ (італьян. pozzolana ад назвы італьян. г. Пацуолі, каля якога здабывалі П.),
вулканагенна-асадкавыя і асадкавыя горныя пароды з уласцівасцю паглынаць аксід кальцыю CaO з вапнавых раствораў. Паводле складу сярод П. адрозніваюць вулканічныя туф, попел, шкло, таксама цэалітавыя пароды, трэпел, дыятаміт і інш. Выкарыстоўваюцца ў якасці дабавак у вытв-сці вяжучых матэрыялаў, т.зв. пуцаланавых цэментаў (гідраўлічная актыўнасць П., што вызначаецца паглынаннем CaO за 30 сут, складае 350—500 мг на 1 г дабаўкі). Буйныя радовішчы ў Італіі, Крыме, Арменіі, на Паўн. Каўказе.
т. 13, с. 134
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКТЫВАЦЫ́ЙНЫ АНА́ЛІЗ, радыеактывацыйны аналіз,
метад вызначэння якаснага і колькаснага саставу рэчыва, які грунтуецца на апрамяненні (актывацыі) ат. ядраў і наступным вымярэнні іх радыеактыўнага выпрамянення. Упершыню выкарыстаны венг. хімікамі Дз.Хевешы і Г.Леві (1936).
Актывацыйны аналіз бывае інструментальны (даследаванне другаснага выпрамянення з дапамогай спец. апаратуры без разбурэння пробы) і радыехімічны (хім. раздзяленне радыенуклідаў і вызначэнне актыўнасці кожнага з іх паасобку або ў невял. групе элементаў). Пры актывацыйным аналізе доследны матэрыял пэўны час апрамяняюць ядз. часціцамі, потым вымяраюць энергет. спектр, актыўнасць, перыяд паўраспаду T1/2 радыеізатопа, які ўтварыўся ў выніку апрамянення. Ведаючы T1/2, від радыеактыўных пераўтварэнняў, тып і энергію другаснага выпрамянення, якое суправаджае распад узніклага радыеізатопа, ідэнтыфікуюць зыходны ізатоп. Актыўнасць радыеактыўнага ізатопа пасля апрамянення прама прапарцыянальная колькасці ядраў зыходнага (звычайна стабільнага) ізатопа, што дазваляе правесці колькасны аналіз. Адрозніваюць актывацыйны аналіз нейтронны, на зараджаных часціцах і на жорсткіх гама-квантах. Найб. пашыраны нейтронны актывацыйны аналіз: ядры большасці элементаў лягчэй актывуюцца нейтронамі; розніца ў значэннях эфектыўных сячэнняў ядз. рэакцый на нейтронах забяспечвае высокую выбіральнасць метаду адносна элементаў; мае высокую адчувальнасць (10−7—1010% у залежнасці ад элемента). Актывацыйны аналіз выкарыстоўваецца для аналізу асабліва чыстых рэчываў, кантролю тэхнал. працэсаў, разведкі карысных выкапняў, у крыміналістыцы, археалогіі і інш.
Э.І.Гірэй.
т. 1, с. 211
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)