КЕЙПТА́ЎН, Капстад (англ. Capetown, афр. Kaapstad),
горад на ПдПаўд.-Афр. Рэспублікі. Адм. ц. Капскай правінцыі. 2727 тыс.ж. (1997, з прыгарадамі). Буйны порт на Атлантычным ак., у бухце Сталовая, каля мыса Добрай Надзеі. Пачатковы пункт чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. У К. — рэзідэнцыя парламента Паўд.-Афр. Рэспублікі. Важны прамысл.цэнтр.Прам-сць: маш.-буд. (вытв-сцьчыг. вагонаў, катлоў, суднаў), хім., нафтаперапр., дрэваапр., тэкст., харчасмакавая (цукр., плодакансервавая, вінаробчая); аграньванне алмазаў, вытв-сцьбуд. матэрыялаў. АЭС. Ун-т. Паўд.-Афр. музей. Нац. галерэя. Бат. сад. Замак-крэпасць (17 ст.) і інш.арх. помнікі 17—18 ст.
Засн. ў 1652 як прыстань для галандскіх суднаў Ост-Індскай кампаніі. У 2-й пал. 17 ст. заселены галандскімі і франц. каланістамі (пераважна гугенотамі, якія пакінулі радзіму з-за рэліг. ганенняў). У 1806 заняты англічанамі, на працягу 19 ст. галандскія каланісты выцеснены англійскімі. Важны брыт. стратэгічны (у час англа-бурскай вайны 1899—1902 экспедыцыйная база брыт. войск) і транзітны пункт. У 1814—1910 цэнтр брыт. Капскай калоніі, з 1910 канстытуцыйная сталіца Паўд.-Афр. Саюза, з 1961 — Паўд.-Афр. Рэспублікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕСТ-І́НДЫЯ (West Indies),
агульная назва астравоў Атлантычнага ак. паміж мацерыкамі Паўн. і Паўд. Амерыкі. Агульная пл. каля 240 тыс.км². Нас. больш як 35 млн.чал. (1993). Астравы выцягнуты дугой на 3500 км. Уваходзяць у склад Лацінскай Амерыкі. Вест-Індыя ўключае: Багамскія, Вялікія Антыльскія астравы, Малыя Антыльскія астравы, Трынідад, Табага і інш. а-вы; найб. — в-аў Куба. Рэльеф моцна расчлянёны, пераважна гарысты. Выш. да 3175 км (на в-ве Гаіці). Рэгіён моцна сейсмічны (акрамя раўніннай часткі Кубы), шмат дзеючых і патухлых вулканаў (Суфрыер, Мантань-Пеле і інш.). Радовішчы марганцавай і жал. руды, храмітаў, нафты, баксітаў, фасфарытаў і інш. Клімат трапічны пасатны. На раўнінах вырошчваюць цукр. трыснёг, трапічныя культуры, у гарах ёсць участкі вечназялёных і лістападных лясоў, другасныя саванны. На астравах Вест-Індыі размешчаны дзяржавы: Антыгуа і Барбуда, Багамскія Астравы, Барбадас, Гаіці, Грэнада, Дамініка, Дамініканская Рэспубліка, Куба, Сент-Вінсент і Грэнадзіны, Сент-Кітс і Невіс, Сент-Люсія, Трынідад і Табага, Ямайка, а таксама шэраг уладанняў Вялікабрытаніі, ЗША, Нідэрландаў і Францыі. Астравы адкрыты Х.Калумбам (1492—1502) і да пач. 16 ст. памылкова лічыліся часткай Азіі. Названы пазней у адрозненне ад Ост-Індыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЬКУ́ТА,
горад у Індыі. Адм. ц. штата Зах. Бенгалія. Каля 3,3 млн.ж., у агламерацыі Вял. К. 11, 9 млн.ж. (1997). Буйны трансп. вузел: чыгункі, аўтадарогі, рачны і марскі порт на рукаве Ганга—Хуглі, за 140 км ад Бенгальскага заліва. Міжнар. аэрапорт. Найбуйнейшы прамысл., гандл.-фін. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: джутавая (каля 9/10 агульнаінд. вытв-сці), разнастайнае машынабудаванне (судна-, аўтамабіле-, станкабудаванне, эл.-тэхн.), хім., лёгкая, у т. л. гарбарна-абутковая, фармацэўтычная, папяровая, паліграф, харчасмакавая. База марскога і рачнога рыбалоўства. Буйнейшая ў свеце чайная і джутавая біржа. Метрапалітэн (з 1984). 3 ун-ты. Інд.геагр.т-ва. Інд. музей (з 1814), гісторыка-маст. музей Вікторыі. Бат. сад.
Горад вырас з факторыі і форта Уільям, заснаваных англ.Ост-Індскай кампаніяй у 1690—91 Назва ад в Калігхат, далучанай да форта ў 1698. З 1707 сталіца Бенгаліі. З 1773 фактычна, з 1854 і юрыдычна сталіца англ. уладанняў у Індыі (да 1911, калі сталіца Індыі перанесена ў Дэлі). У 19 ст. буйны прамысл гандл.цэнтр. У К. адкрыта першае ў Індыі метро.
Калькута. У цэнтры горада.Музей Вікторыі ў Калькуце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́МЛЕР ((Himmler) Генрых) (7.10.1900, г. Мюнхен, Германія — 23.5.1945),
адзін з кіраўнікоў фаш. Германіі і гал.ваен. злачынца 2-й сусв. вайны. Скончыў Тэхн.ун-т у Мюнхене. Удзельнік гітлераўскага путчу ў Мюнхене ў ліст. 1923. Чл. нацыянал-сацыялісцкай партыі з 1925. Кіраўнік (рэйхсфюрэр) СС (1929—45) і ўласнай сакрэтнай службы — СД (з 1931). Дэп. рэйхстага (з 1930). Нач. паліцыі Мюнхена, Баварыі (з 1933; пад яго кіраўніцтвам створаны адзін з першых канцлагераў у Дахаў). Шэф гестапа Прусіі (з 1934), разам з Р.Гайдрыхам кіраваў забойствам лідэраў штурмавых атрадаў і шэрагу палітыкаў у час т.зв. «ночы доўгіх нажоў» 30.6.1934. Дзярж. сакратар МУС (з 1936). «Рэйхскамісар па ўмацаванні ням. нацыі» (з кастр. 1939). У 2-ю сусв. вайну кіраваў масавым знішчэннем яўрэяў, рэалізацыяй плана «Ост» (у 1941 прысутнічаў на масавых пакараннях смерцю ў Мінску); міністр унутр. спраў (з 1943), галоўнакаманд. рэзервовай арміяй і адказны за ўзбраенне вермахта (з 1944), каманд. групай армій «Вісла» на сав.-герм. фронце (студз.—сак. 1945). 29.4.1945 за спробы заключыць сепаратны мір з зах. дзяржавамі пазбаўлены А.Гітлерам усіх пасад. 21.5.1945 трапіў у брыт. палон у Паўн. Германіі. Скончыў самагубствам.
Літ.:
Хавкин Б.Л. Рейхсфюрер СС Гиммлер // Новая и новейшая история. 1991. № 1;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ДРАНГ НАХ О́СТЭН»
(ням. Drang nach Osten — націск на Усход),
экспансіянісцкая палітыка Германіі ў дачыненні да краін Цэнтр., Усх. і Паўд.-Усх. Еўропы ў 9—20 ст., а таксама лозунг і гіст.-паліт. канцэпцыя, накіраваная на ідэалаг. абгрунтаванне і апраўданне гэтай палітыкі. Першапачаткова (9 ст.) Усх.-Франкскае (Герм.) каралеўства вяло наступ на тэр. Вялікамараўскай дзяржавы, Пасаўскай і Далмацінскай Харватыі. У 10—11 ст. «Свяшчэнная Рым. імперыя» прэтэндавала на землі палаба-прыбалт. славян, Чэхіі і Польшчы. У 2-й пал. 12 ст. — пач. 15 ст. брандэнбургскія і саксонскія князі пакарылі палаба-прыбалт. славян, Тэўтонскі ордэн — прусаў, ням. купцы, каталіцкая царква, Ордэн мечаносцаў і Лівонскі ордэн прасачыліся ва Усх. Прыбалтыку (далейшы рух на У спынены ў вышку Лядовага пабоішча 1242 і Грунвальдскай бітвы 1410), а Габсбургі захапілі славенскія землі. У 16—18 ст. утварылася шматнац. манархія Габсбургаў, якія падпарадкавалі Чэхію, Славакію, Венгрыю і Харватыю, у выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795) значна павялічылася тэр. Прусіі. У 1850-я г. пачалася распрацоўка канцэпцыі «Д.н.О.» (гл.Пангерманізм, Пангерманскі саюз). Герм. імперыя (1871—1918) выкарыстоўвала пераважна эканам. пранікненне. Спробы рэалізацыі «Д.н.О.» мелі месца ў 1-ю і асабліва 2-ю сусв. войны (гл. план «Ост»).
Літ.:
Германская восточная политика в новое и новейшее время: Проблемы истории и историографии. М., 1974;
«Дранг нах Остен» и народы Центральной, Восточной и Юго-Восточной Европы, 1871—1918 гг.М., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНАЦЫ́Д (ад ген + ...цыд),
знішчэнне асобных груп насельніцтва па расавых, нац., этнічных, паліт. або рэліг. матывах, а таксама наўмыснае стварэнне жыццёвых умоў, разлічаных на поўнае ці частковае знішчэнне гэтых груп, меры па папярэджанні дзетанараджэння ў іх асяроддзі; адно з найцяжэйшых злачынстваў супраць чалавецтва. Арганічна звязана з фашызмам, расізмам і аналагічнымі рэакцыйнымі тэорыямі, якія прапагандуюць расавую і нац. выключнасць, нянавісць і нецярпімасць, панаванне т.зв. «вышэйшых» рас над «ніжэйшымі» і г.д. Паняцце генацыду — пагалоўнае вынішчэнне цэлых народаў — як катэгорыя міжнар. права ўвайшло ва ўжытак пасля 2-й сусв. вайны. У масавых маштабах гітлераўцы ўчынялі генацыд у час 2-й сусв. вайны ў акупіраваных краінах Еўропы, асабліва супраць слав. (рускіх, украінцаў, беларусаў, чэхаў, палякаў) і яўр. Насельніцтва. Мільёны людзей розных нацыянальнасцей знішчаны гітлераўцамі ў канцэнтрацыйных лагерах, лагерах смерці, турмах, у час карных аперацый і інш. Паводле генеральнага плана «Ост» фашысты прадугледжвалі знішчэнне на тэр.СССР і Польшчы 120—140 млн.чал. За гады акупацыі на тэр.СССР фашысты загубілі ў лагерах смерці 11 млн.чал. На акупіраванай тэр. Беларусі было створана больш за 260 лагераў смерці, за 3 гады акупацыі загублена больш за 2 млн. 200 тыс.сав. грамадзян. Выкрыццё на Нюрнбергскім працэсе 1945—46 жудасных злачынстваў гітлераўцаў паслужыла штуршком да прыняцця міжнар.-прававых актаў, накіраваных на барацьбу з генацыдам. Ген. Асамблея ААН 11.12.1946 прыняла рэзалюцыю супраць генацыду, 9.12.1948 ухваліла канвенцыю «Аб папярэджанні злачынства генацыду і пакаранні за яго», якая ўстанаўлівае міжнар. крымінальную адказнасць асоб, вінаватых ва ўчыненні генацыду. На XX сесіі Ген. Асамблеі ААН 21.12.1965 прынята міжнар. канвенцыя аб ліквідацыі ўсіх формаў расавай дыскрымінацыі, якая абавязвае дзяржавы папярэджваць, забараняць, выкараняць усе формы і віды расавай дыскрымінацыі, у т. л. генацыд. Генацыд супраць кампучыйскага народа быў учынены ў перыяд праўлення Пол Пота і Йенг Сары (1976—79; знішчана 3 млн.чал.). Гл. таксама Апартэід.
Літ.:
Нацистская политика геноцида и «выжженой земли» в Белоруссии, 1941—1944. Мн., 1984;
Туронак Ю. Беларусь пад нямецкай акупацыяй: Пер. з пол. Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМСТЭРДА́М (Amsterdam),
горад, сталіца Нідэрландаў. 713,4 тыс.ж. (разам з прыгарадамі больш за 1 млн.; 1993). Знаходзіцца ў правінцыі Паўн. Галандыя, на нізкім беразе зал. Эйселмер каля вусця р. Амстэл. Тунэлі пад ракой злучаюць часткі горада, з Паўночным м. звязаны праз Нордзе-канал, інш. каналамі — з Рэйнам і астатнімі ўнутр. воднымі шляхамі. Адзін з найбуйнейшых у Еўропе порт (грузаабарот больш за 20 млн.т марскіх і больш за 16 млн.т унутраных перавозак штогод), буйны вузел чыгунак (5 ліній) і аўтадарог, у прыгарадзе міжнар. аэрапорт Схіпхал. Гал.гандл. цэнтр Еўропы, адзін з буйнейшых у свеце аптовых рынкаў па продажы тытуню, кавы, какавы, цытрусавых, рысу, каўчуку, прыпраў, драўніны, нафты, збожжа і вугалю. Буйны цэнтр машынабудавання (судна- і авіябудаванне, электратэхн., электроннае, хім. і інш.), нафтаперапр., хім., дрэваапр., швейнай, харч. прам-сці. Традыцыйная ювелірная вытв-сць (апрацоўка алмазаў), паліграфія. У Амстэрдаме праўленні вядучых камерц. банкаў, фондавая біржа. Метрапалітэн, 2 ун-ты (засн. ў 1877 і 1880). Акадэмія навук і мастацтваў.
Упершыню ўпамінаецца ў 1275 як рыбацкая вёска на беразе р. Амстэл. З 1300 горад. Вызваленне Нідэрландаў з-пад улады Іспаніі спрыяла эканам. ўздыму Амстэрдаму, ён стаў цэнтрам марскога гандлю і крэдыту сусв. значэння. У 16 ст. ў Амстэрдаме створана біржа, у 1609 засн. разменны банк, узніклі Ост-Індская (1602) і Вест-Індская (1621) гандл. кампаніі. У 1795—1806 сталіца Батаўскай рэспублікі, пасля — Нідэрландскага каралеўства. У 1940—45 акупіраваны ням. фашыстамі. Гіст. ядро горада — раён плаціны цераз р. Амстэл (цяпер плошча Дам з каралеўскім палацам; б. ратуша 1648—65, арх. Я. ван Кампен). Своеасаблівасць планіроўкі старых частак Амстэрдама — сістэма паўкальцавых і радыяльных каналаў, пракапаных у 1610—62 (каля 50 каналаў, 784 масты). Па набярэжных — жылыя дамы з вузкімі фасадамі, будынкі гільдый, кампаній, дабрачынных устаноў 16—18 ст. Захаваліся гар. вароты і вежы 15—17 ст., цэрквы ў стылях готыкі і класіцызму. У 19—20 ст. пабудаваны Дзярж. музей (1885, арх. П.І.Х.Кёйперс), біржа (1903, арх. Х.П.Берлаге), вял. новыя раёны (арх. Берлаге, М. дэ Клерк, К. ван Эстэрэн, П.Л.Крамер і інш.). З 1930-х г. забудоўваецца сучаснымі, у т. л. вышыннымі, будынкамі (арх. В.М.Дзюдак і інш.). Музеі: гарадскі, Музей Каралеўскага ін-та тропікаў. Дом Рэмбранта.
Ф.С.Фешчанка.
Амстэрдам. Плошча Дам.Цэнтральная частка Амстэрдама.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯТО́Й АЛЕ́НЫ ВО́СТРАЎ (Saint Helena Island),
уладанне Вялікабрытаніі ў паўд.ч. Атлантычнага ак. Уключае аднайм. востраў (пл. 122 км², нас. 7,2 тыс.чал., 1999), в-аў Узнясення (пл. 88 км², нас. 1,1 тыс.чал., 1993) а-вы Трыстан-да-Кунья (пл. 201 км², нас. 0,3 тыс.чал., 1993). Агульная пл. 411 км². Нас. каля 9 тыс.чал. (2000). Адм. ц. і порт — г. Джэймстаўн на в-ве Св. Алены. Афіц. мова англійская. Астравы вулканічныя, складзеныя з базальтаў, трахітаў, рыялітаў. Найвыш. пік Мэры на в-ве Трыстан з групы а-воў Трыстан-да-Кунья (2060 м). Клімат трапічны, пасатны, гарачы на в-ве Узнясення, цёплы на в-ве Св. Алены, марскі ўмераны на а-вах Трыстан-да-Кунья. На в-ве Св. Алены т-растудз. каля 23 °C, ліп. каля 20 °C, выпадае за год каля 1000 мм ападкаў. У расл. покрыве ўсіх астравоў пераважаюць травы і хмызнякі. Пад лесам каля 2 тыс.га (толькі на в-ве Св. Алены). Насельніцтва — нашчадкі англічан, афрыканцаў, выхадцаў з краін Азіі. Большасць вернікаў англікане і баптысты. Аснова эканомікі — рыбалоўства, промысел крэветак і лангустаў, сельская гаспадарка, выраб сувеніраў. Валавы ўнутр. прадукт на 1 чал. — 2000 дол. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 2,5 тыс.га зямлі пераважна на в-ве Св. Алены. Гал. экспартная культура — новазеландскі лён (ідзе на выраб высакаякасных канатаў, шпагату), займае каля 1,5 тыс.га. Вырошчваюць таксама бульбу, кукурузу, агародніну. Садоўніцтва. Жывёлагадоўля і птушкагадоўля. Ёсць прамысл. прадпрыемствы па апрацоўцы лёну, вытв-сці канатаў, вырабу мэблі, вышывак і карункаў, харчовыя (у т. л. рыбаперапрацоўчыя), невял. электрастанцыі (6 млн.кВт∙гадз, 1996) і інш. Транспарт аўтамаб. і марскі. А-вы Св. Алены і Узнясення — базы бункероўкі суднаў, прамежкавыя пункты міжкантынент. кабеляў. Турызм (в-аўСв. Алены). Астравы экспартуюць рыбу і рыбапрадукты, канаты, рамесніцкія вырабы, імпартуюць прамысл. тавары і харч. прадукты. Атрымліваюць эканам. дапамогу ад Вялікабрытаніі. Грашовая адзінка — фунт в-ва Св. Алены.
Адкрыты партугальцамі ў 1502. У 1653 захоплены галандцамі. З 1673 пад уладай брыт.Ост-Індскай кампаніі. У 1815—21 месца ссылкі і смерці Напалеона I. З 1834 калонія Вялікабрытаніі. Пасля адкрыцця Суэцкага канала (1869) заняпаў. У 1-ю і 2-ю сусв. войны брыт. марская база. У 1967 на в-ве створаны заканад. і выканаўчы саветы, якія выбіраюцца мясц. жыхарамі. У 1988 прынята канстытуцыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПЕ́ЦТВА,
сацыяльны пласт, які займаўся прадпрымальніцтвам пераважна ў галіне гандлю. Атрымлівала прыбытак за кошт перапродажу па больш высокай цане тавараў, што былі куплены ў іх вытворцаў (уладальнікаў). Вядома з глыбокай старажытнасці, у т. л. ў Карфагене, Стараж. Грэцыі, Рыме, эліністычных дзяржавах. У раннім сярэдневякоўі К. найб. інтэнсіўна развівалася ў араб. краінах, Індыі, Кітаі; быў пашыраны тып вандроўнага купца. У сувязі з аддзяленнем рамяства ад сельскай гаспадаркі і ростам гарадоў у 11—12 ст. пашырылася ў Зах. Еўропе, асабліва ў Венецыі, Генуі, гарадах Ганзы Напачатку К. дзейнічала пераважна ў сферы знешняга, а з 16 ст. і ўнутр. гандлю. Для абароны сваіх інтарэсаў сярэдневяковае К. аб’ядноўвалася ў асобныя карпарацыі — гільдыі, сотні і інш., уваходзіла ў склад гар.патрыцыяту. Разам з гандлем К. займалася ліхвярствам і водкупам. Пасля Вялікіх геагр. адкрыццяў яго гандл. дзейнасць пашырылася на краіны Амерыкі, Азіі, Афрыкі; ствараліся вял.гандл. кампаніі, што імкнуліся ўстанавіць гандл. манаполію і нават ваенна-паліт. панаванне ў цэлых краінах і раёнах свету: брыт. (1600—1858) і нідэрл. (1602—1798) Ост-Індскія, Рас.-Амерыканская (1799—1868). У 16—18 ст. К. спалучала гандл. і крэдытна-пазыковыя аперацыі з прадпрымальніцтвам у прам-сці. У развітым капіталіст. (рыначным) грамадстве купецкі (гандлёвы) капітал паступова страціў самаст. ролю і ператварыўся ў адасобленую частку прамысл. капіталу, а К. стала часткай прадпрымальнікаў. Купцы традыц. тыпу, што вядуць самаст. гандаль, захаваліся пераважна ў рознічным гандлі, аднак самі тэрміны «К.» і «купец» цяпер у бел. мове амаль не ўжываюцца.
Ва ўсх. славян К. пачало фарміравацца ў 9—10 ст. пераважна з княжацкіх дружыннікаў, якія ўдзельнічалі ў зборы даніны і яе збыце на знешніх рынках. Плаванне купецкіх караванаў са стараж.-рус. цэнтраў, у т. л. Полацка, у Візантыю апісана ў творы Канстанціна VII Багранароднага «Аб кіраванні імперыяй» (сярэдзіна 10 ст.). Гандаль Кіеўскай Русі з Візантыяй рэгуляваўся дагаворамі 911, 944, 971. Фарміраванню К. значна спрыялі міжнар. гандлёвыя камунікацыі: шлях«з варагаў у грэкі», заходнядзвінскі, дняпроўска-бугскі шляхі. З 11 ст. К. папаўнялася з гар. і сельскіх рамеснікаў. Гандлем займаліся таксама манахі, вольныя сяляне, пазней і залежныя ад феадалаў людзі і нават халопы, якія выконвалі даручэнні сваіх уладальнікаў. З бел. гарадоў у пісьмовых крыніцах 12—14 ст. найлепш асветлена дзейнасць К. Полацка і Віцебска. Паводле дагавора 1229 і інш. дагавораў полацкіх князёў К. Полацка і Віцебска магло свабодна гандляваць у Рызе, Любеку, на Готландзе. Дзейнасці К. спрыяла ўвядзенне з канца 14 ст. ў бел. гарадах магдэбургскага права. К. адыгрывала вядучую ролю ў сац. жыцці гарадоў, яго прадстаўнікі ўваходзілі ў органы гар. самакіравання. У 16—17 ст.бел. К. падтрымлівала гандл. сувязі з Рыгай, Краляўцом (Кёнігсбергам), Канстанцінопалем, гарадамі Польшчы, Расіі, Украіны, Венгрыі і інш. На Захад бел. купцы вывозілі пераважна вял. партыі футра, воску, сырых і вырабленых скур, пянькі, хмелю; прывозілі дарагую тканіну, метал. і шкляныя вырабы, паперу, галантарэю, спецыі. Пашыраным заняткам было і ліхвярства. Пасля далучэння зямель Беларусі да Рас. імперыі ў канцы 18 ст.гандл. дзейнасць купцоў Беларусі заняпала. У Расіі К. як гандл.-прамысл.гар. саслоўе аформлена ў 1775 і 1785. У адпаведнасці з Даравальнай граматай гарадам 1785 К. падзялялася на 3 гільдыі. Большасць бел. купцоў была аднесена да самых бедных — у 3-ю гільдыю. Купцы карысталіся асабістымі і гасп. прывілеямі (асабліва 1-я і 2-я гільдыі), плацілі падаткі ў казну, да 1898 карысталіся пераважным правам на заняткі прадпрымальніцтвам. У 1863 скасавана 3-я гільдыя і доступ у К. стаў адкрытым прадстаўнікам інш. саслоўяў. У 1840 у Беларусі гільдзейскіх купцоў было 1078 чал., у 1860—1650 чал., у 1897—18 282 чал. (у Рас. імперыі — 225,6 тыс.чал.). Як саслоўе К. скасавана 23.11.1917.
Літ.:
Преображенский А.А., Перхавко В.Б. Купечество Руси, IX—XVII вв. Екатеринбург, 1997;
Копысский З.Ю. Экономическое развитие городов Белоруссии в XVI — первой половине XVII в. Мн., 1966;
Грицкевич А.П. Частновладельческие города Белоруссии в XVI—XVIII вв.: (Соц.-экон. исслед. истории городов). Мн., 1975;
Швед В.В. Торговля в Беларуси в период кризиса феодализма (1830—1850-е гг). Гродно, 1995;
Торговля, промышленность и город в России XVII — начала XIX в.: Сб. ст.М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́НДАН (London),
горад, сталіца Вялікабрытаніі. Знаходзіцца на ПдУ Англіі, абапал берагоў р. Тэмза, за 70—60 км ад Паўночнага мора. З навакольнымі гарадамі ўтварае канурбацыю Вялікі Л. з 32 гарадскіх (метрапалітэнскіх) акруг і Сіці (цэнтр ч. горада). Пл. каля 2 тыс.км². 7,6 млн.ж., з прыгарадамі на адлегласці да 72 км ад цэнтра горада — больш за 12,5 млн.ж. (1997, больш за 20% насельніцтва краіны). Трансп. вузел міжнар. значэння. Порт у эстуарыі Тэмзы (праходзіць каля 40% імпарту краіны і каля 25% экспарту). Міжнар. аэрапорты Хітраў і Гатуік (больш за 50 млн. пасажыраў штогод). Вузел чыгунак і шашэйных дарог. Найбуйнейшы прамысл., навук. і культ. цэнтр краіны, гал. ў Вялікабрытаніі і 2-і ў свеце (пасля Нью-Йорка) гандл.-фін.цэнтр. У Л. найб. акцыянерныя кампаніі і банкі краіны, фондавая біржа, страхавое таварыства Лойда, сусв. рынак золата (каля 80% сусв. продажу золата). Прам-сць дае больш за 25% прамысл. прадукцыі краіны. Гал. галіны прам-сці: аўтамабіле- і самалётабудаванне, суднабудаванне і суднарамонт, агульнае і дакладнае машынабудаванне, электратэхн., электронная, хім. (у т. л. нафтахім.), харч., швейная, трыкат., гарбарна-абутковая, папяровая, паліграф., мэблевая. Важны цэнтр ваеннай прам-сці, каляровай металургіі, буд. прам-сці. Цэнтр турызму. Першы ў свеце метрапалітэн (з 1863).
Да стараж.-рым. заваявання Брытаніі (40—60-я г.н. э.) кельцкае паселішча; упершыню згадваецца стараж.-рым. гісторыкам Тацытам (1—2 ст.н. э.). У 1 ст.рым.ваен. лагер, пазней рачны і марскі порт. З сярэдзіны 4 ст. значны паліт. цэнтр рым. Брытаніі. У час англа-саксонскага заваявання разбураны, у пач. 7 ст.гал. горад Каралеўства ўсх. саксаў (Эсекс). У 9—10 ст. на горад нападалі датчане. З канца 11 — пач. 12 ст.афіц. сталіца Англіі (з 1707 — Вялікабрытаніі), з 1265 у ім знаходзіцца парламент. У канцы 12 ст. атрымаў права самакіравання. З 16 ст. найбуйнейшы эканам. цэнтр і порт Англіі, у т. л. заснаваны гандл кампаніі Маскоўская (1555), Левантыйская (1581), Ост-Індская (1600) і інш., Лонданская біржа (1571). Гараджане ўдзельнічалі ў барацьбе за Вялікую хартыю вольнасцей (1215), паўстаннях (1381, 1450), англійскіх рэвалюцыях 17 стагоддзя. Горад спустошаны эпідэміяй чумы 1665 і пажарам 1666. У 1830-я г. тут пачаўся чартысцкі рух (гл.Чартызм). У 1860—63 у Л. пабудаваны першы ў свеце метрапалітэн. У 19 — пач. 20 ст. цэнтр рабочага і міжнар.сацыяліст. руху, у т. л.паліт. эміграцыі. У 2-ю сусв. вайну Л. бамбардзіравала ням. авіяцыя (гл.Бітва за Англію 1940—41), тут знаходзіліся эмігранцкія ўрады Польшчы, Даніі, Нарвегіі, Бельгіі, Нідэрландаў, Чэхаславакіі, штаб-кватэра «Змагарнай Францыі». Л. — месца шматлікіх дыпламат. сустрэч, нарад і міжнар. канферэнцый, падпісання міжнар. дагавораў (Лонданскі дагавор 1854, Лонданскі пратакол 1830, Лонданскія канвенцыі аб чарнаморскіх пралівах, Лонданскія перагаворы 1939 і інш.). Урадавыя ўстановы размешчаны на Даўнінг-стрыт.
Л. развіваўся стыхійна шляхам зліцця самаст. гарадоў і пасёлкаў (цяпер раёны Л.). Гіст. і паліт. цэнтр Л. — раён Вестмінстэр. На яго тэр. арыстакратычны раён Уэст-Энд з параднай ансамблевай забудовай у стылі класіцызму (асабнякі, атэлі, гандл. вуліцы, каледжы, музеі, паркі), у т. л. раёны Рыджэнт-стрыт, Оксфард-сёркус і інш. (усе 1812—30, арх. Дж.Нэш), Адэльфі, Портлендплейс і інш. (1768—1800, арх. Р. і Дж.Адамы, часткова перабудаваны). У раёне Сіці (дзелавы цэнтр Л.) цэрквы раманская Сент-Барталам’ю-зе-Грэйт (засн. ў 1123), рамана-гатычная храмоўнікаў Тэмпл (Сент-Мэры; 12—13 ст.), ратуша (Гілдхол; каля 1411—40, майстар Дж.Крокстан, перабудавана ў 1788—89, арх. Дж.Данс Малодшы), палац Хэмптан-корт (з 1515), комплекс Тэмпл (падвор’е юрыстаў; 16—17 ст.), будынкі банкаў, кантор, біржаў і інш. На У ад яго — новы жылы раён (1960—80-я г.) з культ. «Барбікан-цэнтрам». Да Сіці прылягаюць раёны Таўэр-Хамлетс з замкам-крэпасцю Таўэр і Іст-Энд з докамі і рабочымі кварталамі. Сярод інш.арх. помнікаў Л.: царква Сент-Мэры-ле-Боу (1670—80), сабор св. Паўла (1675—1710, абодва арх. К.Рэн), шпіталі ў Грынвічы (1616—1728, арх. І.Джонс, Рэн, Дж.Ванбру) і Чэлсі (1694, арх. Рэн), царква Сент-Мэры-ле-Стрэнд (1714—17, арх.
Дж.Гібс), рэзідэнцыя лорд-мэра Меншанхаўс (1739—53, арх. Дж.Данс Старэйшы), Сомерсет-хаўс (1776—86, арх. У.Чэймберс), Нац. галерэя на Трафальгарскай пл. (1832—38, арх. У.Уілкінс; усе класіцызм), будынак парламента ў Вестмінстэры (1840—52, арх. Ч.Бэры, АП’юджын, 1862—68, арх. Э.Бэры), Таўэрскі мост (1886—94, арх. Дж.Бэры, Х.Джонс; абодва неаготыка), Савет Вял. Л. (1911—12, арх. Р.Нот), Брытанік-хаўс (1924—27, арх. Э.Лачэнс; абодва неакласіцызм). Сярод узораў сучаснай архітэктуры: будынак рэдакцыі газ. «Дэйлі экспрэс» (1932, арх. Х.О.Эліс, Кларк), канцэртная зала (Роял-фестывал-хол; 1949—51, арх. Р.Мэцью, Л.Марцін), аэравакзал (1956, арх. Ф.Гіберт), будынак амер. пасольства (1960, амер.арх. Э.Саарынен), Цэнтр мастацтваў (1967, арх. Х.Бенет). Сярод паркаў Сент-Джэймс-парк, Гайд-парк, Рыджэнтс-парк. Па ініцыятыве Э.Хоўарда ў Л. створаны шэраг эксперым. гарадоў-садоў (Уэлін-Гардэн-Сіці, з 1920, арх. Л. дэ Суасон і інш.). Паводле плана Вял. Л. (1944, арх. П.Аберкрамбі) пабудаваны гарады-спадарожнікі Л. (Стывенідж і Харлаў, з 1946, арх. Гіберт, і інш.). У зах. і паўн. раёнах Вял. Л. — стадыёны Уімблдан і Уэмблі. У Л. помнікі: «Манумент» у памяць аб пажары 1666 (1671—76, арх. Рэн), Калона Нельсана на Трафальгарскай пл. (1840—43, арх. У.Рэйлган), «Кенатаф» у памяць аб 1-й сусв. вайне (1919—20, арх. Лачэнс) і інш. Вестмінстэрскія палац, абацтва, царква св. Маргарыты і Таўэр уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Сярод навуч. і навук.-асв. устаноў Л. — Лонданскі універсітэт, Каралеўская акадэмія музыкі, Акадэмія прыгожых мастацтваў, Лонданскае каралеўскае т-ва, Брыт. акадэмія і інш. У Л. больш за 30 музеяў, у т. л.Брытанскі музей, Нац. галерэя, галерэя Тэйт, Музей Вікторыі і Альберта, збор Уолес, ін-т Корталда (усе мастацкія); каля 80 т-раў, у т. л.«Ковент-Гардэн», Каралеўскі Шэкспіраўскі тэатр, «Роял Корт», «Друры-Лейн»; канцэртныя залы Роял-фестывал-хол, Куін-Элізабет-хол; муз. калектывы (Лонданскі сімф. аркестр, Лонданскі філарманічны аркестр, Каралеўскі балет, Аркестр Бі-Бі-Сі). У Л. Беларуская бібліятэка і Музей імя Францішка Скарыны.
Літ.:
Воронихина Л.Н. Лондон. Л., 1969;
Иконников А.В. Лондон. Л., 1972.
Лондан. На пярэднім плане — Таўэр.Сомерсет-хаўс у Лондане. 1776—86. Арх. У.Чэймберс.Лондан. Трафальгарская плошча з калонай Нельсана.