ПСКО́ЎСКАЯ ФЕАДА́ЛЬНАЯ РЭСПУ́БЛІКА,

руская феад. дзяржава з цэнтрам у г. Пскоў у 2-й пал. 13 ст. — 1510. Пасля распаду ў 12 ст. Кіеўскай Русі Пскоўская зямля — частка Наўгародскай феадальнай рэспублікі. Пры князю, выхадцу з ВКЛ, Даўмонце [1266—99] яна фактычна аддзялілася ад Ноўгарада, што юрыдычна замацаваў Болатаўскі дагавор 1348. П.ф.р. мела дзярж. лад, падобны на наўгародскі (веча, пасаднікі, савет баяр, служылы князь). Аснова гаспадаркі — земляробства, жывёлагадоўля, рыбалоўства, развітыя рамёствы, гандаль. Імкнучыся пазбавіцца ад наўгародскай і інш. знешніх пагроз (частыя войны з ВКЛ і Лівонскім ордэнам), П.ф.р. ў 14—15 ст. зблізілася з Маскоўскім вял. княствам, у 1456, 1471 і 1478 падтрымала яго паходы супраць Ноўгарада. У 1510 ліквідавана, яе тэр. далучана да Рускай цэнтралізаванай дзяржавы. У П.ф.р. развіваліся Пскоўская школа дойлідства і Пскоўская школа жывапісу.

А.​В.​Белы.

т. 13, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАІ́ЗІЙ (Пётр) (?—1571),

прававед, адзін з заснавальнікаў навук. школы юрыспрудэнцыі ў ВКЛ. Па паходжанні італьянец. Вучыўся ў Падуі і Балонні. Выкладаў права ў Кракаўскім ун-це. Перасяліўшыся ў ВКЛ, служыў у жамойцкага біскупа Я.Даманеўскага і пакінуў вял. літ.-прававую спадчыну. У 1561 склаў для біскупства Канстытуцыю і Навелы — законапалажэнні і правілы, якімі яно павінна было карыстацца. У Вільні ўваходзіў у склад гаспадарскага суда, дзе разглядаліся апеляцыі ад гарадоў з магдэбургскім правам. Аўтар працы «Заключэнне Пятра Раізія, каралеўскага юрысконсульта, аб справах, што слухаліся на судовых пасяджэннях Літвы, і аб абскарджанні судовых рашэнняў» (выд. ў 1563 у Кракаве, у 1570 у Франкфурце-на-Майне, у 1572 у Венецыі). Прыходскую школу Р. ператварыў у вучылішча юрыспрудэнцыі, дзе арганізаваў падрыхтоўку суддзяў, адвакатаў і інш. суд. чыноўнікаў.

Г.​А.​Маслыка.

т. 13, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНАЕ ДЭКАРАТЫ́ЎНА-ПРЫКЛАДНО́Е МАСТА́ЦТВА,

галіна народнай творчасці, якая ўключае выраб па-мастацку аформленых прылад працы, хатняга начыння, быт. абсталявання, трансп. сродкаў, посуду і інш. Мае ярка выражаны нац. характар, адлюстроўвае самабытнасць жыцця народа, яго эстэт. ідэалы і погляды. Гарманічна спалучае утылітарныя, практычныя функцыі вырабаў з дэкар., маст. задачамі, што дасягаецца ўмелым выкарыстаннем дэкар. магчымасцей матэрыялу, прастатой кампазіцыі, яснасцю маст. мовы. Дэкор, як правіла, толькі дапаўняе і падкрэслівае лагічную кампазіцыю і ўдала прадуманую форму, з’яўляецца сродкам рэалізацыі духоўных патрабаванняў народа. Характар яго вызначаецца пераважна асаблівасцямі матэрыялу і тэхналогіі вытв-сці (геам. матывы ў ткацтве і разьбе па дрэве, пластычнасць у кавальстве і ганчарстве і інш.). У многіх відах арнаменту праяўляюцца стараж. вераванні, культ прыроды: салярныя знакі, зааморфныя і антрапаморфныя выявы і інш. Асн. вызначальныя рысы Н.д.-п.м. — традыцыйнасць (перадача з пакалення ў пакаленне лепшых здабыткаў у галіне форм прадметаў, дэкору, навыкаў апрацоўкі матэрыялу) і калектыўнасць (масавасць) творчасці. З Н.д.-п.м. бярэ вытокі прафес. дэкар.-прыкладное мастацтва. Яно таксама зазнала ўплывы прафес. мастацтва, брала ад яго тое, што адпавядала мясц. густам і традыцыям.

На Беларусі здаўна найб. пашыранымі відамі Н.-д.-п.м. былі разьба па дрэве, ганчарства, ткацтва, вышыўка, пляценне мастацкае і інш. З часоў неаліту вырабляўся гліняны посуд, драўляныя і касцяныя прылады працы, аздобленыя выціснутым, ляпным, разным арнаментам сімвалічнага характару (гл. Першабытнае мастацтва). З падзелам грамадства на класы вылучыліся рамеснікі-прафесіяналы, што абслугоўвалі патрэбы пануючых класаў; творчасць іх нярэдка была далёкай ад нар. традыцый. Развівалася і традыц. Н.д.-п.м. як хатняя вытв-сць для ўласных патрэб ці ў выглядзе розных рамёстваў, якія з цягам часу развіліся ў народныя мастацкія промыслы. Асн. якасці бел. Н.д.-п.м.: глыбокая традыцыйнасць, яркая самабытнасць. выразнасць форм, спакойны, стрыманы дэкор, у якім пераважалі матывы сімвалічнага характару (ромб, круг, разетка, салярныя знакі, выявы раслін, жывёл і птушак). На працягу многіх стагоддзяў Н.д.-п.м. ўплывала на характар цэхавага і мануфактурнага рамяства, праца прыгонных майстроў выкарыстоўвалася ў майстэрнях і мануфактурах у гарадах, феад. маёнтках і манастырах. Пэўныя змены ў яго характары выявіліся ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў сувязі з новымі сац.-эканам. ўмовамі і адпаведнымі зменамі ў нар. побыце. Развіццё капіталізму моцна паўплывала на тыя віды Н.д.-п м., што бытавалі ў выглядзе промыслаў з выхадам на рынак. Адны з іх (набіванка, пернікарства, медніцтва) не вытрымалі канкурэнцыі з прам-сцю і заняпалі, інш. (ганчарства. пляценне) прыстасаваліся да новых патрабаванняў рынку і змянілі характар прадукцыі. Узрасла іх дэкаратыўнасць, у т. л. і тых яго відаў, што развіваліся ў сферы хатняй вытв-сці. Разам са стараж. геам., салярнымі, зааморфнымі матывамі пашырыўся рэаліст. расл. дэкор. Значнае месца пачалі займаць вырабы нар. мастацтва, звязаныя з надворным і ўнутр. упрыгожаннем жылля: разныя і па-мастацку ашаляваныя ліштвы, ганкі, франтоны; дэкарыраваная мэбля (асабліва куфры), дэкар. тканіны (посцілкі, дываны, у т. л. маляваныя), выцінанка, саломка мастацкая, карцінкі на шкле і інш. Росквіту дасягнуў дэкор традыц. нар. адзення. Пэўны ўплыў на характар Н.д.-п.м. зрабілі маст. стылі прафес. дэкар.-прыкладнога мастацтва, масавая прамысл. прадукцыя, але запазычаныя формы вырабаў і віды дэкору майстры перапрацоўвалі ў адпаведнасці з мясц. традыцыямі і ўласнымі патрабаваннямі. Найб. значныя змены ў характары Н.д.-п.м. адбыліся ў 2-й пал. 20 ст. Насычэнне побыту масавай таннай прамысл. прадукцыяй абясцэніла многія традыц. вырабы нар. майстроў (самаробныя прылады працы, мэбля, даматканае адзенне, посцілкі, ручнікі і інш.). Працягваюць бытаваць тыя яго віды, у якіх пераважае дэкар. функцыя. Вырабы нар. майстроў задавальняюць больш эстэт., чым практычныя патрэбы, выкарыстоўваюцца пераважна ў якасці твораў мастацтва і сувеніраў; павялічваецца іх дэкаратыўнасць, пашыраецца колеравая гама, развіваюцца новыя віды і матывы аздаблення. Бытуе арх. дэкор, маст. ткацтва, вышыўка, карункапляценне, лозапляценне, працягваюць дзейнасць некат. асяродкі ганчарства. З ростам цікавасці грамадства да традыц. нац. культуры на новым узроўні адрадзіліся некат. заняпалыя рамёствы: саломапляценне, аплікацыя саломай па дрэве і палатне, выцінанка, берасцяныя вырабы і інш. Творы Н.д.-п.м. захоўваюць Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту, Веткаўскі музей народнай творчасці, Дзінаўскі музей мастацтва і этнаграфіі, Дудзіцкі музей матэрыяльнай культуры, Заслаўскі гісторыка-культурны запаведнік, Мотальскі музей народнай творчасці, Музей беларускага народнага мастацтва, Крошынскі музей нар. мастацтва і рамёстваў і інш.; вял. калекцыю зберагае Музей старажытна-беларускай культуры Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. Нац. АН Беларусі. Ранейшы механізм пераемнасці традыцый (ад бацькоў да дзяцей) саступае месца арганізаваным формам навучання: школам, студыям, гурткам, дамам рамёстваў і інш. Майстроў бел. Н.Д.-П.М. аб’ядноўвае Саюз майстроў народнай творчасці Беларусі. Развіццё і захаванне Н.д.-п.м. рэгулюе Закон «Аб народным мастацтве, народных промыслах (рамёствах) у Рэспубліцы Беларусь» (1999).

Літ.:

Некрасова М.А. Народное искусство как часть культуры. М., 1983;

Сахута Я.М. Народнае мастацтва Беларусі. Мн., 1997;

Лабачэўская В.А. Зберагаючы самабытнасць: 3 гісторыі нар. мастацтва і промыслаў Беларусі. Мн., 1998;

Bossert H. Th. Peasant art of Europe and Asia. New-York, 1959;

Grabowski J. Sztuka ludowa w Europe. Warszawa, 1978.

Я.​М.​Сахута.

Да арт. Народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. М.​Генбіцкая. Ходнікі. Вёска Гарадная Столінскага раёна Брэсцкай вобл. 1980-я г.
Да арт. Народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. З.​Жылінскі. Цацкі «Коннікі». Г.п. Ружаны Пружанскага раёна Брэсцкай вобл. 1978.
Да арт. Народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Ручнікі. Пінскі раён Брэсцкай вобл. 1-я пал. 20 ст.
Да арт. Народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. А.​Краўчун. Кошыкі. Віцебск. 1997.
Да арт. Народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. І.​Малчановіч. Ганчарны посуд. Г.п. Івянец Валожынскага раёна Мінскай вобл. 1975.

т. 11, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРЫЯДЫ́ЧНАЯ СІСТЭ́МА ЭЛЕМЕ́НТАЎ МЕНДЗЯЛЕ́ЕВА,

упарадкаванае мноства хім. элементаў, іх натуральная класіфікацыя, якая з’яўляецца таблічным выражэннем перыяд. закону Мендзялеева; фундаментальная аснова агульнай і неарганічнай хіміі і навук. база яе выкладання. Прапанавана Дз.І.Мендзялеевым у 1869 у выглядзе табліцы, названай ім «Спроба сістэмы элементаў, заснаваная на іх атамнай вазе і хімічным падабенстве». Стварэнне табліцы паслужыла асновай для адкрыцця перыяд. закону. Пасля стварэння ядз. мадэлі атама і эксперым. доказу лікавай роўнасці парадкавага нумару элемента ў П.с.э.М. зараду ядра (Z) яго атама (1913, закон Мозлі) з’явілася сучасная фізічна абгрунтаваная фармулёўка перыяд. закону Мендзялеева: уласцівасці хім. элементаў, а таксама ўтвораных імі простых і складаных рэчываў знаходзяцца ў перыяд. залежнасці ад велічыні зараду ядзер іх атамаў. Тэарэт. аснова П.с.э.М. — квантавая мадэль атама — распрацавана ў пач. 1920-х г. Н.Борам. Паводле гэтай мадэлі ў адпаведнасці з павелічэннем Z адбываецца паслядоўнае запаўненне электронных абалонак атамаў (гл. Паўлі прынцып), прычым электронныя канфігурацыі знешніх абалонак перыядычна паўтараюцца. Прынцып перыяд. паўтаральнасці падобных электронных канфігурацый атамаў — гал. прычына фіз. прыроды перыядычнасці і аснова перыяд. сістэмы свабодных атамаў элементаў. Гал. сучасная праблема П.с.э.М. — нявызначанасць яе верхняй мяжы, з ростам Z устойлівасць атамных ядзер памяншаецца, устанавіць значэнне Z элемента, атамы якога будуць мець такі кароткі час жыцця, што распадуцца ў момант утварэння, пакуль немагчыма (гл. Радыеактыўнасць, Ядро атамнае).

П.с.э.М. ўключае 109 хім. элементаў; 89 з іх знойдзены ў прыродзе, астатнія атрыманы штучна ў выніку ядзерных рэакцый. Пасля адкрыцця П.с.э.М. апублікавана больш за 500 розных варыянтаў яе відарысаў; найб. пашыраны паўдоўгі варыянт (гл. іл.). Асн. прынцып пабудовы П.с.э.М. заключаецца ў вылучэнні перыядаў (гарыз. рады) і груп (верт. слупкі). Ў П.с.э.М. 7 перыядаў і 8 груп. Перыяд — рад элементаў, які пачынаецца шчолачным металам (акрамя 1 -га перыяду) і канчаецца інертным газам. Дакладнага вызначэння групы няма; фармальна, пачынаючы з 3-га перыяду, нумар групы (N) адпавядае макс. значэнню акіслення ступені элементаў, што ўваходзяць у групу. Кожная група падзяляецца на гал. (A) і дадатковую (B) падгрупы. У падгрупы ўваходзяць элементы з падобнымі канфігурацыямі знешніх электронных абалонак атамаў і хім. ўласцівасцямі. У большасці груп пэўнае падабенства ўласцівасцей элементаў падгруп выяўляецца пераважна ў вышэйшых ступенях акіслення. Асобае становішча ў структуры П.с.э.М. займае VIII гр., у якой аб’яднаны інертныя газы (падгрупа VIIIA) і «трыяды» элементаў (падгрупа VIIIB): Fe—Co—Ni і Ru—Rh—Rd, Os—Ir—Pt (плацінавыя металы). Падабенства ўласцівасцей паміж элементамі гэтых падгруп практычна не назіраецца. Першы перыяд П.с.э.М. ўключае 2 элементы — вадарод і гелій. Атам вадароду мае 1 электрон; у злучэннях можа мець ступень акіслення +1 (як шчолачныя металы) ці -1 (як галагены), таму сімвал Н размяшчаюць у падгрупе IA ці ў VIIA або ў абедзвюх адначасова. Есць варыянты табліцы, у якіх вадарод займае адну працяглую клетку над усімі (акрамя неону) элементамі 2-га перыяду. Другі перыяд (Li—Ne) уключае 8 элементаў. У ім назіраецца пераход ад тыповых металаў да тыповых неметалаў (кісларод і фтор з’яўляюцца найб. актыўнымі сярод неметалаў). У злучэннях дадатную ступень акіслення, роўную N, маюць толькі элементы I—IV груп, для астатніх элементаў перыяду яна вызначаецца паводле правіла 8 - N, што абумоўлена асаблівасцямі будовы знешніх электронных абалонак атамаў. Трэці перыяд (Na—Ar) уключае 8 элементаў. Усе элементы (акрамя Ar) праяўляюць ступень акіслення, роўную N. У гэтым перыядзе, як і ў 2-м, па меры павелічэння Z назіраецца паслабленне метал. і ўзмацненне неметалічнага характару элементаў. Элементы 1—3 перыядаў П.с.э.М. — элементы падгруп A. Паводле сучаснай тэрміналогіі элементы падгруп IA і IIA наз. S-элементамі (сімвалы ў клетачках ружовага колеру), падгруп IIIA—VIIIA — p-элементамі (сімвалы ў клетачках жоўтага колеру). Пры павелічэнні Z, што адпавядае руху зверху ўніз, у падгрупах IA і IIA метал. актыўнасць элементаў нарастае, у IIIA—VIIA падгрупах назіраецца пераход ад тыповых неметалаў (B—F) да элементаў з метал. ўласцівасцямі (Tl—At), устойлівасць злучэнняў элементаў у вышэйшай ступені акіслення зніжаецца. Чацвёрты перыяд (K—Kr) і пяты перыяд (Rb—Xe) маюць па 18 элементаў. У іх пасля s-элементаў ідуць рады з 10 пераходных элементаў, ці d-элементаў, якія ўваходзяць у падгрупы B (сімвалы ў клетачках блакітнага колеру). Для большасці d-элементаў вышэйшая ступень акіслення роўная N, а для Cu і Au нават вышэйшая за N (+2 і +3, адпаведна). Характар змянення ўласцівасцей элементаў 4-га і 5-га перыядаў пры павелічэнні Z аналагічны назіраемаму ў 3-м перыядзе, але больш складаны, што найперш абумоўлена наяўнасцю d-элементаў. Шосты перыяд (Cs—Rn) уключае 32 элементы, сёмы перыяд (Fr—Mt) — 23, пакуль незавершаны. Гэтыя перыяды акрамя 10 d-элементаў уключаюць сем’і з 14 f-элементаў: лантаноіды ў 6-м і актыноіды ў 7-м перыядзе. Лантаноіды і актыноіды дадзены асобнымі радкамі ўнізе пад табліцай. d-элементы 7-га перыяду з ат. н. 104 і больш з’яўляюцца хім. аналагамі элементаў адпаведных груп 6-га перыяду. У падгрупах d-элементаў IB—VIIIB пры руху зверху ўніз метал. актыўнасць памяншаецца, устойлівасць злучэнняў элементаў у вышэйшай ступені акіслення павялічваецца.

П.с.э.М. належыць значная роля ў развіцці прыродазнаўства. Яна дазволіла прадказаць існаванне невядомых элементаў і іх уласцівасці, а таксама новыя ўласцівасці вядомых элементаў, служыць асновай для стварэння новых неарган. матэрыялаў.

В.​Ф.​Цікавы.

т. 12, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЛО́Ў (Дзмітрый Аляксеевіч) (26.9.1903, Масква — 18.6.1969),

акцёр, рэжысёр. Нар. арт. Беларусі (1940). Праф. (1961). Скончыў Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1925). У 1936—51 акцёр і рэжысёр Дзярж. рус. драм. т-ра Беларусі. У 1948—69 выкладаў у Бел. тэатр.-маст. ін-це. Акцёр шырокага творчага дыяпазону, дасканалага прафес. майстэрства: Хлестакоў («Рэвізор» М.​Гогаля), цар Фёдар Іаанавіч (аднайм. п’еса А.​К.​Талстога), Мальволіо («Дванаццатая ноч» У.​Шэкспіра), Чайка («Што пасееш, тое і пажнеш» В.​Палескага). Пастаноўкі Арлова вызначаліся тэатр. культурай, раскрыццём аўтарскай задумы твора: «Дзядзя Ваня» А.​Чэхава (1949), «Шалёныя грошы» А.​Астроўскага (1961) і інш. Здымаўся ў кіно («Гадзіннік спыніўся апоўначы», «Веснавыя навальніцы» і інш.).

Літ.:

Вішкароў Б. Акцёр, рэжысёр, педагог (Дз.​А.​Арлоў) // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960;

Бурьян Б., Лисневский И. На театральных перекрёстках. Мн., 1967.

Дз.А.Арлоў.

т. 1, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРС НО́ВА (лац. ars nova літар. новае мастацтва),

прагрэсіўны кірунак у французскай і італьянскай музыцы 14 ст.; процілеглы тэрміну арс антыква (лац. ars antiqua старое мастацтва), які мае на ўвазе муз. мастацтва да пач. 14 ст. Тэрмін узнік каля 1320 у выніку дыскусіі паміж прадстаўнікамі новага мастацтва (Іаан дэ Мурыс, Філіп дэ Вітры) і старога (Якаб Льежскі) і адлюстраваў пералом, што адбыўся ў франц. музыцы таго часу. У сучасным музыказнаўстве тэрмін «арс нова» часта выкарыстоўваюць у значэнні шырокай гісторыка-стылявой катэгорыі, якая характарызуе зах.-еўрап. музыку 14 ст. як новы этап у развіцці муз. мастацтва на шляху ад сярэднявечча да Адраджэння. Гал. рысы: адмаўленне ад выкарыстання выключна жанраў царк. музыкі і зварот да свецкіх вак.-інстр. камерных жанраў (ронда, балада, вірэле ў Францыі, балаты, мадрыгалы, качы ў Італіі), збліжэнне з бытавой песеннасцю, выкарыстанне розных муз. інструментаў.

т. 1, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСНО́ЎНЫ АБМЕ́Н,

колькасць энергіі, затрачанай арганізмам чалавека ці жывёлы пры магчыма поўным мышачным спакоі для забеспячэння мінім. ўзроўню абмену рэчываў і функцыян. актыўнасці, неабходных для падтрымання жыцця. Мінім. энергет. затраты арганізма чалавека вызначаюцца ў стане мышачнага спакою ў ляжачым становішчы, нашча, праз 12—16 гадз пасля прыняцця ежы, пры т-ры камфорту (18—20 °C). Вымяраецца ў кіладжоўлях, кілакалорыях на адзінку масы або паверхні цела, за 1 гадз або 1 суткі; залежыць ад масы цела, росту, узросту, полу, віду, характару харчавання, умоў месцажыхарства і інш. Больш высокі ў маладых людзей, у мужчын (у параўнанні з жанчынамі), у людзей, якія займаюцца фіз. працай, у спартсменаў. У людзей, што галадаюць або доўга хварэюць, асноўны абмен паніжаны Паказанні асноўнага абмену выкарыстоўваюць для дыягностыкі некаторых захворванняў (напр., эндакрынных залоз). У жывёлагадоўлі па Асноўным абмене вызначаюць нормы кармлення.

т. 2, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТЫГМАТЫ́ЗМ (ад а... + грэч. stigmē пункт),

1) у оптыцы — адна з геаметрычных аберацый аптычных сістэм, пры якой відарысы прадметаў размываюцца; вынік асіметрыі аптычнай сістэмы або падзення пучка святла пад вял. вуглом да гал. аптычнай восі. Пры астыгматызме пучок прамянёў, што выходзіць са святлівага пункта, пасля праходжання праз аптычную сістэму збіраецца на 2 узаемна перпендыкулярныя адрэзкі прамой, якія размешчаны на некаторай адлегласці адзін ад аднаго. Прамежкавыя відарысы пункта маюць выгляд эліпсаў. У складаных аб’ектывах астыгматызм выпраўляецца падборам лінзаў.

2) Астыгматызм вока — недахоп зроку, абумоўлены нераўнамернасцю крывізны рагавіцы, радзей хрусталіка. Пры астыгматызме прамяні не збіраюцца ў асобную кропку на сеткавай абалонцы вока, а адлюстроўваюцца ў выглядзе кружка, авала ці лініі. Прыроджаны астыгматызм вока амаль не змяняецца на працягу жыцця; бывае спадчынны. Набыты астыгматызм узнікае пасля аперацый на вочным яблыку, запаленняў, траўмаў і інш. Пры астыгматызме карыстаюцца акулярамі з цыліндрычнымі лінзамі.

т. 2, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯГЕАЦЭНО́З (ад бія... + геа... + цэноз),

узаемаабумоўлены комплекс жывых і нежывых кампанентаў, звязаных паміж сабой абменам рэчываў і абменам энергіі; адна з найб. складаных прыродных сістэм. Паняцце біягеацэнозу прапанаваў сав. вучоны У.​М.​Сукачоў (1940). Жывыя кампаненты біягеацэнозу — аўтатрофы (фотасінтэзавальныя зялёныя расліны, хемасінтэзавальныя мікраарганізмы) і гетэратрофы (жывёлы, грыбы, многія бактэрыі, вірусы), нежывыя — прыземны слой атмасферы з газавымі і цеплавымі рэсурсамі, сонечная энергія, глеба з водамінер. рэсурсамі і часткова кара выветрывання (у водным біягеацэнозе — вада). Сукупнасць усіх жывых арганізмаў біягеацэнозу (біяцэноз) уключае прадуцэнтаў (пераважна зялёныя расліны), што ўтвараюць арган. рэчывы, кансументаў (жывёлы) і рэдуцэнтаў (мікраарганізмы), якія жывуць за кошт гатовых арган. рэчываў і ажыццяўляюць іх раскладанне да простых мінер. кампанентаў, зноў спажываных раслінамі. Біягеацэноз — элементарная адзінка біясферы зямнога шара. Межы біягеацэнозу — канкрэтныя раслінныя згуртаванні. Блізкі да біягеацэнозу тэрмін фацыя.

Літ.:

Основы лесной биогеоценологии. М., 1964.

Схема сувязяў у біягеацэнозе.

т. 3, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРУНО́Ў (Мікалай Іванавіч) (25.9.1898, Масква — 25.11.1971),

рускі гісторык архітэктуры. Д-р мастацтвазнаўства (1943). Чл.-кар. Акадэміі архітэктуры СССР (1941—56), правадз. чл. Акадэміі буд-ва і архітэктуры СССР (1957—64). Скончыў Маскоўскі ун-т (1920). З 1934 праф. Маскоўскага арх. ін-та. Даследаваў стараж.-рус. і зарубежную (пераважна візант. і франц.) архітэктуру. Адзін з першых даследчыкаў бел. архітэктуры. У арт. «Беларуская архітэктура XI—XII ст.» (у кн. «Зборнік артыкулаў», Мн., 1928) выказаў меркаванне, што ў Полацку і Смаленску ў 12 ст. склалася арыгінальная творчая манера дойлідства, якая ўплывала на архітэктуру Смаленска і Ноўгарада.

Тв.:

Очерки по истории архитектуры. Т. 1—2. М.; Л., 1935—37;

Дворцы Франции XVII и XVIII вв. М., 1938;

Мастера древнерусского зодчества. М., 1953;

Архитектура Византии // Всеобщая история архитектуры. Л.;

М., 1966. Т. 3;

Памятники Афинского Акрополя: Парфенон и Эрехтейон. М., 1973.

т. 3, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)