род кветкавых раслін сям. бабовых. Больш за 70 відаў. Пашыраны пераважна ў Міжземнамор’і. На Беларусі ў паўд.ч. трапляецца Ж. фарбавальны (G. tinctona), расце падлескам у хваёвых, бярозава-хваёвых і бярозавых лясах, і Ж. германскі (G. germanica, нар. назва колкая трава), рэдкі цэнтр.-еўрапейскі горны від, расце ў хваёва-дубовых і шыракалістых лясах, сярод хмызняку, на ўзлесках і палянах. Занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь.
Кусты і паўкусты выш. да 0,6—1,5 м, з прамастойнымі, пруткападобнымі, злёгку рабрыстымі сцябламі, звычайна голымі, іншы раз апушанымі белымі валаскамі, унізе з калючкамі. Лісце простае, эліпсоіднае, з кароткім вострым канцом, голае, бліскучае або злёгку валасістае. Кветкі жоўтыя, у шматлікіх гронках на канцах галінак. Плод — струк. Лек. (мачагонны, жаўцягонны, слабіцельны, абязбольваючы сродак), фарбавальная расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫРО́ВІЦКАЕ ЕВА́НГЕЛЛЕ,
бел рукапісны помнік 15 ст. Назва ад в.Жыровічы (Слонімскі р-н Гродзенскай вобл.), дзе евангелле захоўвалася да сярэдзіны 19 ст. ва Успенскім саборы. На 376—377-м аркушах па-беларуску зроблены фундушавы надпіс канцлера ВКЛ Льва Сапегі (адсюль другая назва рукапісу — «Евангелле Сапегі»), Пісана ўставам на 404 аркушах. Багата аздоблена застаўкамі, мініяцюрамі з выявамі евангелістаў, шматлікімі ініцыяламі. Мініяцюры абведзены шырокімі залачонымі рамкамі, арнаментаванымі геам. і раслінным узорамі; у іх выкананні адчуваецца сувязь з візант.маст. традыцыяй. Малюнкі вызначаюцца пластычнасцю, выразнай індывідуалізацыяй, жанравасцю задумы і мажорнасцю каларыту (фарбы кадміева-чырвоныя, сінія, зялёныя і вохрыста-залацістыя). Зберагаецца ў Цэнтр. б-цы АН Літвы.
В.Ф.Шматаў.
Да арт.Жыровіцкае евангелле. Мініяцюра з выявай евангеліста Матфея.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАГРО́С,
горная сістэма ў Іране, на ПдЗ Іранскага нагор’я. Даўж. 1600 км, шыр. 200—300 км, пераважныя выш. 2—3 тыс.м, найб. 4548 м (г. Зердкух). Складаная сістэма з 15—20 паралельных хрыбтоў, якія працягнуліся з ПнЗ на ПдУ і падзелены падоўжнымі і папярочнымі вузкімі каньёнападобнымі цяснінамі і катлавінамі. Невялікія ледавікі. Складзена пераважна з вапнякоў і сланцаў мезазою і кайназою. Карст. У цэнтр.ч. і на ПнУ агаляецца дамезазойскі фундамент з вял. салянымі купаламі. Радовішчы нафты. Клімат субтрапічны, сухі. Пераважаюць горна-пустынныя ландшафты. У міжгорных катлавінах азёры, саланчакі, аазісы (фінікавая пальма, цытрусавыя, вінаград). Зах.ч. сярэдняга пояса найб. вільготная (лясы і рэдкалессі з дубу, вязу, клёну і інш.); вышэй — альпійскія лугі і нізкарослая хмызняковая расліннасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНВЕ́РСІЯў матэматыцы,
1) у геаметрыі, пунктавае пераўтварэнне плоскасці адносна зададзенай акружнасці радыуса R. Кожнаму пункту A, адрознаму ад цэнтра акружнасці O (цэнтр, ці полюс І.), ставіцца ў адпаведнасць такі пункт A праменя OA, што OA′ = R2/OA, дзе R2 — ступень І. Падобна гэтаму вызначаецца І. ў прасторы адносна сферы. Мае дастасаванні ў геаметрыі (інтэрпрэтацыя геаметрыі Лабачэўскага, тэорыя геам. пабудаванняў), тэорыі механізмаў (гл.Інверсар).
2) У камбінаторыцы — парушэнне нармальнага парадку элементаў у перастаноўцы. Напр., у перастаноўцы cbad элементы c і b, c і a, b і a утвараюць І., калі лічыць іх нармальным парадкам abcd.
Геаметрычная інверсія адносна акружнасці радыуса R: здабытак адлегласцей PC∙PM=R2, пункт P — полюс інверсіі; адрэзкі AM і BM — датычныя да акружнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДУКЦЫ́ЙНАЯ ЛО́ГІКА,
раздзел традыцыйнай логікі, які вывучае лагічныя працэсы пераходу ад адзінкавых, прыватных ведаў да агульных. Адносіны агульных і прыватных ведаў (гл.Індукцыя, Дэдукцыя) у старажытнасці даследавалі Арыстоцель, Сакрат і інш. Першай спробай стварэння І.л. як асобнай галіны з’явілася вучэнне Ф.Бэкана пра індукцыйныя метады вызначэння прычыннай сувязі паміж з’явамі; яго ідэі былі развіты Дж.С.Мілем. У 19 ст. сфармулявана канцэпцыя І.л., заснаваная на гіпатэтыка-дэдукцыйным метадзе. Сучасная І.л. займаецца распрацоўкай сродкаў для ацэнкі ступені лагічнай сувязі выказванняў-гіпотэз з выказваннямі, ісціннасць якіх ужо вядома. Адно з цэнтр. паняццяў сучаснай І.л. — паняцце ступені пацвярджэння, што звычайна разглядаецца як імавернасць гіпотэзы пры існуючых эмпірычных ведах. Пры гэтым шырока выкарыстоўваюцца метады імавернасцей тэорыі, а сучасную форму І.л. нярэдка называюць імавернаснай логікай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАДЗІ́ЛА (Melittis),
род кветкавых раслін сям. ясноткавых. Каля 10 відаў. Пашырана ў Еўропе. На Беларусі К. сармацкае (M. sarmatica). Нар. назвы: бальсан, лясная табака. Усходняя мяжа пашырэння праходзіць па Беларусі. Трапляецца на ПдЗ і З: у Маларыцкім, Камянецкім, Ваўкавыскім, Лельчыцкім і Мазырскім р-нах, Белавежскай пушчы. Расце групамі і асобнымі экз. ў мяшаных і шыракалістых лясах, вырошчваецца ў Цэнтр.бат. садзе Нац.АН. Занесена ў Чырв. кнігу Беларусі.
Шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойным апушаным духмяным сцяблом выш. 20—80 см. Лісце супраціўнае, чаранковае, з шырокай яйцападобнай пласцінай. Кветкі буйныя, двухгубыя, бела-ружовыя або бэзаватыя з моцным мядовым пахам, у пазухах верхняга лісця. Плод — арэшак. Цвіце ў маі—чэрвені. Лек. (гіпатэнзіўны, мачагонны, вяжучы, ранагаючы сродак), меданосная і дэкар. расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗА́НСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,
адна са старэйшых ВНУ Расіі. Засн. ў 1804 у г. Казань Факультэты: механіка-матэм., выліч. матэматыкі і кібернетыкі, фіз., хім., глебава-біял., геал., геагр., гіст., філал., юрыд., дауніверсітэцкай падрыхтоўкі. Навучанне дзённае, вячэрняе і завочнае. Аспірантура. Пры. ун-це НДІ матэматыкі і механікі, хіміі, выліч.цэнтр, астр. абсерваторыя, музеі і інш.навук. ўстановы. У ім вучыліся і працавалі М.І.Лабачэўскі, А.М.Бутлераў, М.М.Зінін, В.М.Кавалеўскі, працавалі У.М.Бехцераў, І.А.Бадуэн дэ Куртэнэ, А.А.Кавалеўскі, К.В.Харламповіч, вучыліся Л.М.Талстой, С.Ц.Аксакаў, І.І.Лажэчнікаў і інш. Дзеячам ун-та належаць навук. адкрыцці сусв. значэння ў галіне матэматыкі, хіміі, фізікі, астраноміі і інш.навук. Выдаюцца «Вучоныя запіскі» (з 1821).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЛО́ЎСКІ (Уладзіслаў) (29.6.1896, в. Залессе Беластоцкага ваяв., Польшча — 13.11.1943),
бел. грамадска-паліт. дзеяч, літаратар. З 1921 служыў у польскім войску, адначасова ўдзельнічаў у бел.нац. руху. Адзін з лідэраў яго правага крыла. Пасля звальнення ў запас у 1930 пераехаў у Вільню, дзе быў сакратаром Бел.нац.к-та, Цэнтр. ўрада Бел. ін-та гаспадаркі і культуры. Адзін з арганізатараў і сакратар Беларускай нацыянал-сацыялістычнай партыі, рэдактар-выдавец яе органа — час.«Новы шлях». У пач.Вял.Айч. вайны пераехаў у Мінск, супрацоўнічаў з ням.-фаш. акупантамі, быў рэдактарам «Беларускай газэты», уваходзіў у кіраўніцтва Беларускай народнай самапомачы. У сваіх публіцыст. артыкулах распрацоўваў ідэалогію бел. нацыянал-сацыялізму, выступаў з антысеміцкімі матэрыяламі. Застрэлены сав. падпольшчыкамі ў Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРА́-БАГА́З-ГОЛ (цюрк. кара — чорны, багаз — заліў, гол — возера),
салёнае возера (былы заліў-лагуна) каля ўсх. берага Каспійскага м., на З Туркменістана. Да 1980 злучалася з Каспійскім м. вузкім (да 200 м) аднайменным пралівам, даўж. каля 11 км. Пл. заліва складала каля 12 тыс.км², найб.глыб. 3,5 м; узровень вады знаходзіўся на 4,5 м ніжэй узроўню мора і быў абумоўлены надзвычай высокім выпарэннем з паверхні, што выклікала пастаянны прыток вады (ад 6 да 25 км³/год). У 1980 заліў перакрыты глухой дамбай «з мэтай захавання ўзроўню Каспійскага м.», у выніку чаго возера абмялела, салёнасць павысілася (больш за 310‰). У 1984 для падтрымання мінім. неабходнага ўзроўню расолу пабудавана водапрапускное збудаванне. Найбуйнейшае ў свеце радовішча мірабіліту. Цэнтр здабычы і перапрацоўкі сульфату — Бекдаш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСТЫ́ЛІЯ (Castilla ад castello замак),
дзяржава ў цэнтр.ч. Пірэнейскага п-ва ў 11—15 ст. З 923 графства ў складзе каралеўства Леон, з 1035 каралеўства са сталіцай у г.Бургас. Стала найб. магутнай дзяржавай Пірэнейскага п-ва (сталіца — г. Таледа), калі аб’ядналася з Леонам (1037—65, 1072—1157, канчаткова ў 1230). Адыграла вядучую ролю ў Рэканкісце, пашырыла сваю тэрыторыю да паўд. ўзбярэжжа. У выніку перамяшчэння насельніцтва з Пн на Пд на працягу 11—13 ст. заселены Новая Кастылія, Эстрэмадура і б.ч. Андалусіі. Гараджане з сярэдзіны 13 ст. атрымалі доступ у картэсы. Імкненне феадалаў запрыгоніць сялян выклікала шэраг сял. хваляванняў у 15 ст. У выніку дынастычнай уніі К. і Арагона ў 1479 увайшла ў склад Іспаніі.