МЕ́РКІЯ ІРЛА́НДСКАЯ (Moerckia hibernica),

слаявінны юнгерманіевы пячоначны мох сям. палавічыніевых. Пашырана ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы. На Беларусі адзначана ў наваколлі г.п. Лельчыцы Гомельскай вобл., занесена ў Чырв. кнігу як рэдкі барэальны еўрасібірска-амерыканскі від. Трапляецца на лясным подсціле ў вільготных цяністых лясах.

Слаявіна распасцёртая, зялёная або жаўтавата-зялёная з кучаравым краем. Сярэдняе рабро патоўшчанае, знізу мае рызоіды. Вонкавая абгортка спарагонія глыбокаразрэзаная, складаецца з лісцікаў, зрослых каля асновы. Каробачка на ножцы, авальная, чырв.-бурая, раскрываецца падоўжнымі створкамі.

Меркія ірландская.

т. 10, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКАШЭ́ВІЦКІ ЛЕСАПІ́ЛЬНА-ФАНЕ́РНЫ ЗАВО́Д.

Дзейнічаў з 1898 у мяст. Мікашэвічы Мазырскага пав. (цяпер рабочы пас. у Лунінецкім р-не Брэсцкай вобл). Выпускаў дошкі, фанеру, гонту, сталярныя і буд. матэрыялы і інш. Меў паравую машыну (60 к.с.), з 1910—3 паравыя рухавікі (200 к.с.), склады ў Маскве, Харкаве, Адэсе, Лондане і Парыжы. У 1913 працавала 250 чал. У гады 1-й сусв. і Вял. Айч. войнаў быў разбураны. Пазней адноўлены, рэканструяваны і пашыраны. Цяпер цэх лесапілавання і дрэваапрацоўкі Мікашэвіцкага леспрамгаса.

т. 10, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛАВІ́ДАЎ (Ігар Мікалаевіч) (18.4.1910, в. Падгароддзе Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл. — 30.3.1984),

генерал-лейтэнант артылерыі (1966). Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1941) і Генштаба (1952). У Чырв. Арміі з 1927. Удзельнік баёў каля воз. Хасан у 1938. У Вял. Айч. вайну на Зах., Волхаўскім, 1-м і 2-м Укр. франтах: нач. штаба артыл. дывізіі, камандзір артыл. палка, камандуючы артылерыяй дывізіі. Удзельнік Корсунь-Шаўчэнкаўскай, Уманскай, Яска-Кішынёўскай, Будапешцкай і Венскай аперацый. Да 1969 на камандных пасадах у Сав. Арміі.

т. 10, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛАВІ́ДСКАЯ МЕМАРЫЯ́ЛЬНАЯ КАПЛІ́ЦА,

помнік архітэктуры неакласіцызму на Брэсцкай шашы, за 1,5 км ад в. Мілавіды Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. Пабудавана ў 1930—33 у памяць» пра Мілавідскую бітву 1863 у час паўстання 1863—64. Капліца — цэнтрычнае збудаванне: на квадратным у плане цокалі ўстаноўлены 4 калоны, якія нясуць пліту антаблемента; у завяршэнні сферычны гранёны купал з ажурным крыжам. Унутр. прастора абмежавана міжкалоннымі арачнымі прасценкамі. На цокалі і пастаменце — памятныя надпісы.

А.​М.​Кулагін.

Мілавідская мемарыяльная капліца.

т. 10, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́ЛАШАВІЧЫ,

вёска ў Лельчыцкім р-не Гомельскай вобл., каля р. Убарць, на аўтадарозе Лельчыцы — в. Глушкавічы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 35 км на ПдЗ ад г.п. Лельчыцы, 242 км ад Гомеля, 130 км ад чыг. ст. Калінкавічы. 1230 ж., 440 двароў (1999). Лясніцтва, лясгас. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Царква. Магіла ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Каля вёскі стаянка, селішчы каменнага і жал. вякоў, эпохі Кіеўскай Русі.

т. 10, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІХА́ЙЛАВА (Раіса Уладзіміраўна) (н. 12.1.1944, г. Андрушэўка Жытомірскай вобл., Украіна),

бел. вучоны ў галіне мікрабіялогіі. Д-р біял. н. (1996). Скончыла Маскоўскі ун-т (1969). З 1969 у Ін-це мікрабіялогіі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па фізіялогіі і біяхіміі мікраарганізмаў, біягенезе і біятэхналогіі мікробных ферментаў.

Тв.:

Пектолигические ферменты мицелиальных грибов // Биотехнология микробных ферментов. Мн., 1989;

Three polygalacturonases constitutively synthesized by Aspergillus alliaceus (разам з Л.​І.​Сапуновай, А.​Г.​Лабанком) // World J.Microbiol. Biotechnol. 1995. Vol. 11.

т. 10, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МІ́ХЕЛЬ»

(«Michel»),

кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партыз. атрадаў імя Шчорса, імя Дзімітрова, імя Варашылава і мясц. насельніцтва ў Косаўскім, Бярозаўскім, Ружанскім, Пружанскім р-нах Брэсцкай вобл. 30.8—4.9.1942 у Вял. Айч. вайну. Праводзілася сіламі 2 батальёнаў 11-га і 15-га паліцэйскіх палкоў, 2 матарызаваных узводаў жандармерыі, узвода процітанк. гармат. Партызаны нанеслі ўдары па варожых флангах і тыле, потым без страт адышлі ў суседнія лясы. 4.9.1942 карнікі атрымалі загад на правядзенне новай аперацыі «Трохвугольнік».

т. 10, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІХНЕ́ВІЧ (Кася) (1746?, г. Слуцк Мінскай вобл. — ?),

танцоўшчыца. З 1756 вучылася ў Слуцкай балетнай школе Г.​Ф.​Радзівіла (у А.Пуціні і Л.Дзюпрэ), з 1758 танцавала ў яго прыдворным т-ры (дэбютавала ў «Балеце на тры пары» ў паст. Пуціні), выступала таксама на гастролях у г. Нясвіж і Белае (цяпер Бяла-Падляска, Польшча). Была найб. таленавітай у трупе, удасканаленню яе майстэрства аддаваў асаблівую ўвагу Пуціні. З 1760 салістка (першая танцоўшчыца) Нясвіжскага т-ра М.​К.​Радзівіла Рыбанькі.

Г.​І.​Барышаў.

т. 10, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́РХАТ (Іосіф Вацлававіч) (н. 27.9.1928, в. Залясінкі Шаркаўшчынскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне афтальмалогіі. Д-р мед. н. (1975), праф. (1979). Скончыў Віцебскі мед. ін-т (1952), працуе ў ім (з 1969 заг. кафедры). Навук. працы па перасадцы рагавіцы, лячэнні і прадухіленні траўмаў органаў зроку, выяўленні і лячэнні глаўкомы і катаракты. Распрацаваў і ўкараніў у клінічную практыку метад інтэрламелярнай кератапластыкі.

Тв.:

К методике иссечения плотных вторичных катаракт // Офтальмол. журн. 1978. № 6;

Интерламеллярная кератопластика. Мн., 1980.

т. 10, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́РЫНА,

вёска ў Іўеўскім р-не Гродзенскай вобл., на правым беразе р. Нёман, каля аўтадарогі Мінск—Гродна. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 10 км на ПдЗ ад г.п. Іўе, 148 км ад Гродна, 19 км ад чыг. ст. Гаўя. 524 ж., 253 двары (1999). Цагельны з-д, сумеснае прадпрыемства «Рыалпо». Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Мікалаеўская царква (пач. 20 ст.). Каля вёскі стаянка эпохі мезаліту (8—5-е тыс. да н.э.).

т. 10, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)