АРЫЛІ́РАВАННЕ,

хімічная рэакцыя ўвядзення арылу (арыльнай групы) у малекулу арганічнага або неарганічнага злучэння. Рэагентамі арыліравання з’яўляюцца галагенвытворныя араматычных злучэнняў, араматычныя дыазазлучэнні і іншыя. Выкарыстоўваецца ў лабараторным і прамысловым арганічным сінтэзе, у вытворчасці фарбавальнікаў.

т. 2, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЫ́Н-БЕРД,

узгорак на ўскраіне горада Ерэван, дзе захаваліся рэшткі старажытнага горада Эрэбуні, пабудаванага каля 782 да нашай эры царом дзяржавы Урарту Аргішці I. Лічыцца пачаткам горада Ерэван. Эрэбуні быў апорным пунктам прасоўвання урартаў да возера Севан. Раскопкамі выяўлены крэпасць (захаваліся сцены з сырцовай цэглы вышынёй да 5 м), палацы і храмы з насценнымі размалёўкамі, гаспадарчыя пабудовы, шмат вырабаў з бронзы, больш за 20 клінападобных надпісаў і інш.

т. 2, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЫНО́КА

(Orinoco),

рака на Поўначы Паўднёвай Амерыкі, у Венесуэле і Калумбіі. Даўжыня 2730 км, плошча басейна больш за 1 млн. км². Пачынаецца ў паўднёва-заходняй частцы Гвіянскага пласкагор’я, цячэ на Паўночны Усход сярод астанцовых гор Гвіянскага шчыта, утварае шматлікія парогі, вадаспады да 17 м, месцамі цясніны; ніжняе цячэнне Арынока — на Гвіянскай нізіне; упадае ў Атлантычны акіян. Асноўныя прытокі: Каўра, Карані (справа); Гуаўярэ, Мета, Араўка, Апурэ (злева). У вярхоўях ад Арынока аддзяляецца рака Касік’ярэ, па рэчышчы якой каля ​1/3 сцёку паступае ў басейн ракі Амазонка (з’ява біфуркацыі рэк). За 200 км ад акіяна — шырокая дэльта (плошча каля 20 тысяч км²), дзе рака падзяляецца на 36 рукавоў (найбольшыя Манама, Макарэа — суднаходны, Бока-Грандэ і іншыя. Марскія прылівы на 400 кіламетраў ад вусця.

Сярэдні расход вады каля 29 тысяч м³/с, гадавы сцёк каля 915 км³. Дажджавыя паводкі з красавіка да кастрычніка. Цвёрды сцёк да 45 млн. т за год. Марское суднаходства — да горада Сьюдад-Балівар, рачное — да горада Пуэрта-Аякуча (Венесуэла), у перыяд дажджоў — да вусця ракі Гуаўярэ (з перарывамі каля парогаў). Каскад ГЭС (найбольшыя — Гуры, на рацэ Карані). На Арынока гарады Санта-Барбара, Пуэрта-Аякуча, Сьюдад-Балівар, Пуэрта-Ардас (Венесуэла), Пуэрта-Карэньё (Калумбія).

М.В.Лаўрыновіч.

т. 2, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЫНО́КСКІ НАФТАГАЗАНО́СНЫ БАСЕ́ЙН,

у межах Усходняй Венесуэлы, дзяржавы Трынідад і Табага (востраў Трынідад і яго атлантычны шэльф), акваторыі заліва Парыя. Плошча 223 тысяч км². Пошук нафты з 1866, распрацоўка з 1909.

Пачатковыя прамысловыя запасы 3049,3 млн. т нафты і 1675,2 млрд. м³ газу. Прадукцыйныя гарызонты на глыбіні ад 85 да 5100 м. Шчыльнасць нафтаў 766—1044 кг/м³. У паўночнай частцы басейна — газавыя і газакандэнсатныя радовішчы. Асноўныя цэнтры перапрацоўкі: Пуэрта-ла-Крус, Эль-Паліта (Венесуэла), Пуэнт-а-П’ер (Трынідад і Табага).

т. 2, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЫ́НЧЫН Мікалай Іванавіч

(нарадзіўся 28.2.1914, горад Зямлянск Варонежскай вобласці, Расія),

беларускі фізіёлаг. Член-карэспандэнт АН Беларусі (1966). Доктар біялагічных навук (1955), прафесар (1960). Скончыў Белацаркоўскі сельска-гаспадарчы інстытут (1937). З 1948 у медыцынскіх установах Расіі. З 1959 у Гродзенскім медыцынскім інстытуце (з 1969 прарэктар). У 1966—69 і з 1975 у Інстытуце фізіялогіі АН Беларусі. Навуковыя працы ў галіне фізіялогіі і паталогіі кровазвароту, параўнальнай і эвалюцыйнай геранталогіі. Акадэмік Міжнароднай акадэміі інфарматызацыі (1994).

Тв.:

Периферические «сердца» человека. Мн., 1980.

т. 2, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЫНЬЯ́К

(французскае Aurignac),

археалагічная культура верхняга палеаліту на тэрыторыі шэрагу краін Еўропы, у Палесціне, Іране і Афганістане. Назва ад пячоры Арыньяк (дэпартамент Верхняя Гарона, Францыя), дзе ў 19 стагоддзі даследавана стаянка першабытнага чалавека. Асноўныя помнікі датуюцца ў межах 35—25 тысяч год да нашай эры, найбольш ранняя дата, вызначаная радыевугляродным метадам, — 42 350±1900 да нашай эры (пячора Ішталошкё, Венгрыя). Для Арыньяка характэрны касцяныя наканечнікі з раздвоенай асновай (так званыя арыньякскія). Вырабляліся крамянёвыя пласціны з рэтушшу па краях, востраканечнікі, разцы і іншыя прылады. У перыяд Арыньяка на яго заходнім арэале з’явіліся першыя творы наскальнага мастацтва.

т. 2, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЫНЯ́НСКІ Юрый Андрэевіч

(нарадзіўся 27.11.1906, Баку),

беларускі акцёр і рэжысёр. Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі (1961). Скончыў Цэнтральны тэхнікум тэатральнага мастацтва ў Маскве (1928). З 1939 акцёр і рэжысёр Дзяржаўнага рускага драматычнага тэатра БССР, рэжысёр Гродзенскага, абласнога драматычнага тэатра, з 1958 галоўны рэжысёр абласнога Брэсцкага (да 1962) і Гомельскага (да 1966) драматычнага тэатраў. Лепшыя пастаноўкі Арынянскага вызначаліся ансамблевасцю, дакладнасцю і канкрэтнасцю характарыстык вобразаў: «Від з моста» А.Мілера (1959), «Тры сястры» А.Чэхава (1960), «Сэрца на далоні» паводле І.Шамякіна (Арынянскі і аўтар інсцэніроўкі, 1965), «Выклік багам» А.Дзялендзіка (1966) і іншыя. Сярод роляў: Мілер («Каварства і каханне» Ф.Шылера), Прозараў («Тры сястры»), Ермашоў («Брэсцкая крэпасць» К.Губарэвіча), Лабыш («Папараць-кветка» І.Козела).

т. 2, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЫ́СА,

штат Індыі, на Паўночным Усходзе паўвострава Індастан, каля Бенгальскага заліва. Плошча 155,8 тысяч км². Насельніцтва 30,06 млн. чалавек. (1988), гарадскога больш за 8,0%. Адміністрацыйны цэнтр — горад Бхубанешвар. Найбольшыя гарады Катака, Рауркела, Берхампур. Размешчаны ў далінах рэк Маханады, Брахмані, Байтарані. На рацэ Маханады з найбуйнейшай у свеце земляной дамбай вадасховішча Хіракуд (1957). Горная частка штата — плато Чхота-Нагпур, адгор’і Усходніх Гатаў.

Клімат субэкватарыяльны, мусонны (ападкаў 1500 мм за год). Галоўныя сельска-гаспадарчыя культуры: рыс, пшаніца, проса, кукуруза, джут, батат, цукровы трыснёг. Лесаводства. Рыбалоўства. Развіты горназдабыўная (храміты, графіт, марганцавыя руды, кварцыты, даламіты, жалезныя руды і іншыя), металургічная і металаапрацоўчая (чорныя металы, ферасплавы, алюміній), хімічная (мінеральныя ўгнаенні), папяровая, лесахімічная і тэкстыльная прамысловасць, вытворчасць шкла, цэменту. Рамёствы. Турызм у Залатым Трохвугольніку (Канарак, Пуры, Бхубанешвар).

З.М.Шуканава.

т. 2, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЫСА́БА

(Orizaba),

Сітлальтэпетль, дзеючы вулкан у Мексіцы. На паўднёва-ўсходняй ускраіне Мексіканскага нагор’я, у Папярочнай Вулканічнай Сьеры Кардыльераў. Правільны конус Арысабы вышынёй каля 5700 м (самы высокі пункт краіны), складзены з андэзітаў і базальтаў. На схілах да 4000 м лясы, вышэй — альпійскія лугі, з 4500 м — вечныя снягі. Арысаба — частка нацыянальнага парку Піка-дэ-Арысаба (плошча 19,7 тысяч га, заснаваны ў 1936).

т. 2, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЫСТАГЕНЕ́З

(ад грэчаскага aristos найлепшы + ...генез),

эвалюцыйная канцэпцыя аўтагенетычнага характару (гл. Аўтагенез), паводле якой прагрэсіўная эвалюцыя ажыццяўляецца ў выніку ўзнікнення і назапашвання асобных «генаў паляпшэння» — арыстагенаў; разнавіднасць неаламаркізму. На думку амерыканскага біёлага Г.Осбарна (1931, аўтара арыстагенезу), змены, абумоўленыя арыстагенамі, пры ўзнікненні нязначныя і непатрэбныя, але паступова, на працягу многіх пакаленняў, пад уплывам розных фактараў яны назапашваюцца, узмацняюцца і пад уздзеяннем натуральнага адбору вядуць да ўзнікнення новага прыстасавання.

т. 2, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)