ПАРАНІМІ́Я,

моўная з’ява, якая выяўляецца пры гукавым і марфемным падабенстве слоў, што адрозніваюцца сваімі значэннямі (паронімаў). Напр., «чарнець» — «чарніць», «царыца» — «царэўна», «абагульніць» — «абагуліць»). Паронімы — пераважна аднакарэнныя словы, якія маюць марфемнае і гукавое падабенства, але выражаюць розныя сэнсавыя паняцці: «адрасат» (той, каму адрасавана паштовае адпраўленне) — «адрасант» (той, хто пасылае паштовае адпраўленне). Паранімічныя адносіны найчасцей узнікаюць паміж назоўнікамі, прыметнікамі, радзей — дзеясловамі. Значэнні паронімаў не супадаюць. Кожны з паронімаў з’яўляецца функцыянальна самастойным, можа мець сінонімы і антонімы, ніколі не можа быць заменены ў тэксце інш. кампанентам паранімічнай пары без парушэння сэнсу выказвання. У шырокім значэнні паронімы — усе блізкія па гучанні словы незалежна ад іх значэння, марфал. будовы і інш. («амплуа» — «ампула», «камічны» — «касмічны»). П. трэба адрозніваць ад паранамазіі.

Літ.:

Шуба П.П. Міжмоўная беларуска-руская аманімія і паранімія // Пытанні білінгвізму і ўзаемадзеяння моў. Мн., 1982.

Л.​П.​Кунцэвіч.

т. 12, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРЭ́ЧЫН Рыгор Яўхімавіч (8.3.1894, в. Задашчэнне Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 28.6.1938),

бел. правазнавец. Скончыў 1-ы Маскоўскі ун-т (1924). З 1921 у Паўнамоцным прадстаўніцтве БССР пры ўрадзе РСФСР (з 1923 Пастаяннае прадстаўніцтва БССР пры ўрадзе СССР). З 1924 нам. старшыні Камісіі заканад. меркаванняў пры СНК БССР. З 1931 у Ін-це сав. будаўніцтва і права АН Беларусі. Працаваў у Ін-це бел. культуры, Ін-це эканомікі АН БССР. Даследаваў пытанні сав. федэрацыі і нац.-дзярж. будаўніцтва ў БССР. 24.1.1937 арыштаваны і Ваен. калегіяй Вярх. Суда СССР у чэрв. 1938 асуджаны да расстрэлу. Рэабілітаваны ў 1957.

Тв.:

Советские республики в их взаимоотношениях. Мн., 1922;

Наша Канстытуцыя. Мн., 1928;

Ідэя беларускае дзяржаўнасьці перад утварэньнем Савецкае Беларусі // Зап. Аддз. гуманіт. навук. Пр. кафедры сучаснага права БАН. Мн., 1929. Т. 1.

В.​У.​Скалабан.

т. 12, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎЛО́Ў (псеўд. П.​Досеў) Тодар Дзімітроў

(14.2.1890, Штып, Македонія — 8.5.1977),

балгарскі філосаф, эстэтык, літ. крытык і грамадскі дзеяч. Акад. Балг. АН (1945). Замежны член. АН СССР (1947), АМ СССР (1959), Герой Балгарыі. Двойчы Герой Сац. Працы Балгарыі. З 1932 працаваў у Маскве ў Ін-це гісторыі філасофіі і л-ры, праф. Ін-та чырв. прафесуры. З 1936 у Сафіі. У 1947—62 прэзідэнт Балг. АН. Адначасова ў 1948—52 і з 1960 дырэктар Ін-та філасофіі Балг. АН. Навук. працы ў галіне дыялект. і гіст. матэрыялізму, эстэтыкі, мовазнаўства, метадалогіі навукі, гісторыі балг. грамадства і філас. думкі. Даследаваў пытанні суадносін паміж філасофіяй і мастацтвам, мастацтвам і мараллю. Выступаў супраць філасофіі фрэйдызму, пазітывізму, рацыяналізму і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Избранные философские произведения. Т. 1—4. М., 1961—63;

Изб. тр. по эстетике. М., 1978.

т. 12, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНО́ЧНЫ САВЕ́Т (англ. Nordic Council),

рэгіянальная кансультатыўная міжпарламенцкая арг-цыя дзяржаў Паўн. Еўропы для садзейнічання іх супрацоўніцтву ў эканам., сац., культ. і прававой галінах; з 1990-х г. абмяркоўвае і пытанні міжнар. палітыкі. Засн. ў чэрв. 1952 паводле рашэння Паўн. міжпарламенцкага савета (створаны ў 1907, члены: Данія, Нарвегія, Швецыя). Штаб-кватэра ў г. Осла. Уваходзяць прадстаўнікі Даніі, Нарвегіі, Швецыі, Ісландыі (з 1952) і Фінляндыі (з 1955) — усяго 87 чал. (з 1984), якіх на прапарцыянальнай аснове выбіраюць на 1 год нац. парламенты краін-удзельніц: 16 ад Даніі (яшчэ па 2 ад Фарэрскіх а-воў і Грэнландыі), 18 ад Фінляндыі (яшчэ 2 ад Аландскіх а-воў), 7 ад Ісландыі, па 20 ад Нарвегіі і Швецыі. П.с. выносіць рэкамендацыі ўрадам і Паўн. савету міністраў (дзейнічае з 1971). У рабоце арг-цыі ўдзельнічаюць і прадстаўнікі ўрадаў дзяржаў-удзельніц з правам дарадчага голасу.

т. 12, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАВАВА́Я ДАПАМО́ГА.

дагаворы аб прававой дапамозе, дагаворы, якія заключаюцца дзяржавамі па пытаннях супрацоўніцтва ўстаноў юстыцыі (судоў, органаў натарыяту, пракуратуры), па аказанні юрыд. дапамогі па цывільных, сямейных і крымін. справах. У СНД прынята Мінская канвенцыя аб П.д. і прававых адносінах (1993). Беларусь мае таксама дагаворы аб П.д. з шэрагам інш. замежных дзяржаў. Мэта дагавораў — забеспячэнне ўзаемнага прызнання і захавання маёмасных і асабістых правоў грамадзян адной дзяржавы на тэр. другой дзяржавы. Дагаворы рэгулююць пытанні супрацоўніцтва паміж установамі юстыцыі, прававой абароны, вызначэння кампетэнцыі судоў і прымянення права, працэсуальных правоў іншаземцаў, выканання даручэнняў аб П.д., прызначэння і выканання рашэнняў па цывільных, сямейных справах, прызнання і перасылкі дакументаў, выдачы злачынцаў і г.д. Паводле дагавора П.д. грамадзяне адной дзяржавы карыстаюцца на тэр. другой дзяржавы такой жа абаронай іх асабістых і маёмасных правоў, як і ўласныя грамадзяне.

І.​І.​Катляр.

т. 12, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАКО́ШЫНА Кацярына Сяргееўна (н. 10.12.1927, с. Ловаць Хвастовіцкага р-на Калужскай вобл., Расія),

бел. філосаф. Канд. філас. н. (1955). Скончыла БДУ (1950). З 1955 у Ін-це філасофіі і права Нац. АН Беларусі. Навук. працы па праблемах гісторыі філас., грамадска-паліт. думкі, гісторыі рэлігіі і вальнадумства ў Беларусі. Адзін з аўтараў манаграфій «Нарысы гісторыі філасофскай і сацыялагічнай думкі Беларусі (да 1917 г.)» (1973), «З гісторыі вальнадумства і атэізму ў Беларусі» (1978), «Асвета і педагагічная думка ў Беларусі» (1985). Дзярж. прэмія Беларусі 1984 і інш.

Тв.:

Пытанні атэізму ў беларускай грамадскай думцы (Другая палавіна XIX і пачатак XX стст.). Мн., 1960;

Мелетий Смотрицкий Мн., 1966;

Казимир Лыщинский Мн., 1986 (разам з В.​Ф.​Шалькевічам);

Старообрядчество в Беларуси Мн., 1992 (разам з Т.​П.​Кароткай, Г.​А.​Чуднікавай);

Неокульты: «новые религии» века. 3 изд. Мн., 2000 (у сааўт.).

т. 12, с. 548

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«РО́ДНАЕ СЛО́ВА»,

навукова-метадычны ілюстраваны часопіс. Выдаецца з 1988 у Мінску на бел. мове штомесячна. Да 1992 наз. «Беларуская мова і літаратура ў школе». Асвятляе пытанні літ., мовазнаўчай і культуралагічнай адукацыі ў сярэдняй школе і ВНУ. Змяшчае матэрыялы па гісторыі нац. культуры, пра сучасны літ. працэс, лінгвіст. праблемы, міжмоўныя сувязі, адметнасць бел. мовы. У раздзелах «Філалогія», «Методыка і вопыт», «На ростанях», «Калі закончыўся ўрок», «Культура Беларусі» і інш. адлюстроўвае шляхі развіцця нац. школы, пед. майстэрства бел. славеснікаў, дасягненні філал. навукі, узаемасувязь л-ры, мовы, выяўл. мастацтва, музыкі, т-ра і кіно, дзейнасць літ. музеяў і інш. Друкуе творчыя партрэты бел. мовазнаўцаў, літаратараў і дзеячаў культуры, архіўныя дакументы, звязаныя з іх дзейнасцю. Адзначае юбілеі дзеячаў культуры, публікуе паэт. і вакальныя творы, рэцэнзіі на філал., культуралагічныя і пед.-метадычныя выданні.

М.​М.​Шавыркін.

Вокладка часопіса «Роднае слова».

т. 13, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САБАЛЕ́ЎСКІ Аляксей Іванавіч (7.1.1857, Масква — 24.5.1929),

рускі і ўкраінскі філолаг, мовазнавец-славіст, палеограф і педагог. Акад. Пецярбургскай АН (1900; чл.-кар. 1893). Скончыў Маскоўскі ун-т (1878). Праф. Кіеўскага і Пецярбургскага ун-таў. Даследаваў праблемы параўнальна-гіст., слав. і рус. мовазнаўства, стараж. слав. пісьменнасці і палеаграфіі. Адзін з заснавальнікаў гіст. дыялекталогіі рус., бел. і ўкр. моў. Аўтар прац «Лекцыі па гісторыі рускай мовы» (1888), «Спроба рускай дыялекталогіі. Гаворкі велікарускія і беларускія» (1897), «Матэрыялы і даследаванні ў галіне славянскай філалогіі і археалогіі» (1910) і інш. Пры вывучэнні гіст. граматыкі, фанетыкі і лексікалогіі рус. мовы шырока выкарыстоўваў матэрыялы старабел. і стараўкр. пісьмовых помнікаў і нар. гаворак. Даследаваў пытанні этнаграфіі, гісторыі стараж. мастацтва і фальклору. Выдаў «Велікарускія народныя песні» (т. 1—7, 1895—1902).

Літ.:

Булахов М.Г. Восточнославянские языковеды. Мн., 1978. Т. 3. С. 200—215.

Г.​К.​Ціванова.

т. 14, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САКАЛО́ЎСКІ-АРЛО́ЎСКІ Эдвард (псеўд. Тамаш Маліноўскі; 1878, Вільня — 18.4.1932),

рэвалюцыянер, журналіст. У 1896—99 чл. сацыял-дэмакратыі Літвы, удзельнік віленскай нарады па пытанні ўтварэння СДКПіЛ (1899), II з’езда, на якім закончана афармленне СДКПіЛ (1900), III з’езда (1901) і II Краёвай канферэнцыі (1901) СДКПіЛ. Чл. Гал. праўлення СДКПіЛ (1900—01). У 1905 чл. Віленскага к-та СДКПіЛ, рэдактар газ. «Walka robotnicza» («Рабочая барацьба») і «Солдатская памятка». У 1906 кіраўнік Ваен.-рэв. арг-цыі абл. к-та Паўн.-Зах. саюза РСДРП. У 1910 рэдактар легальнага органа СДКПіЛ «Trybuna» («Трыбуна»). У 1907 і 1912 арыштаваны. У 1917 чл. Петраградскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. У 1918—25 дзеяч Камуніст. партыі Польшчы, у 1927—30 канд. у чл. яе ЦК. З 1926 у СССР — у Міжнар. агр. ін-це, у рэдакцыі газ. «Trybuna radziecka» («Савецкая трыбуна»).

В.​С.​Семенякоў.

т. 14, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛДА́ЦКІЯ КАМТТЭ́ТЫ.

армейскія камітэты, выбарныя органы ў расійскай арміі (ад франтавых да ротных) у 1917—18. Узніклі ў ходзе Лют. рэвалюцыі 1917 у адпаведнасці з загадам № 1 Петраградскага Савета ад 1(14).3.1917. У сак.—маі 1917 у дзеючай арміі ўзнікла каля 50 тыс. С.к., якія кантралявалі выкарыстанне зброі, вырашалі пытанні ўмацавання дысцыпліны, гасп., культ.-асв. і інш. (рашэнні зацвярджаліся адпаведным начальнікам); у іх склад уваходзілі таксама афіцэры і ваен. чыноўнікі. Паводле характару дзейнасці С.к. былі аднатыпныя з Саветамі рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў, дзейнічалі ў кантакце з імі, удзельнічалі ў мясц. і Усерас. з’ездах Саветаў. Да восені 1917 у С.к. панавалі меншавікі і эсэры, пасля задушэння Карнілава мяцяжу 1917 — бальшавікі. У ходзе Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 да С.к. перайшла ўся паўната ўлады ў войсках. Скасаваны вясной 1918 пры роспуску старой рас. арміі.

т. 14, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)