КАНАВА́ЛЕНКА (Уладзімір Ануфрыевіч) (22.4.1917, в. Скрэбні Віцебскага р-на — 22.3.1944),

Герой Сав. Саюза (1943). У Чырв. Арміі з 1937. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. Скончыў Сухумскае ваен.-пях. вучылішча (1941). У Вял. Айч. вайну на фронце са студз. 1942. Удзельнік Сталінградскай і Курскай бітваў. Камандзір палка маёр К. вызначыўся ў 1943 пры вызваленні Чарнігаўшчыны і Палесся: полк пад камандаваннем К. першы фарсіраваў р. Сейм, авалодаў чыг. ст. Бахмач, фарсіраваў Дзясну, Дняпро, Прыпяць; 23.9.1943 адбіў 8 контратак, знішчыў шмат жывой сілы і тэхнікі праціўніка. К. памёр ад ран у баі.

У.А.Канаваленка.

т. 7, с. 558

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВАРТЭ́Т САЮ́ЗА КАМПАЗІ́ТАРАЎ БССР,

ансамбль інструменталістаў. Існаваў у Мінску ў 1962—90. У першы склад уваходзілі В.​Сарока (1-я скрыпка), П.​Валадарскі (2-я скрыпка), Л.​Ластаўка (альт), М.​Шчарбакоў (віяланчэль), у другі — Ю.​Гершовіч (з 1965), Т.​Боднева, В.​Баткіна, Шчарбакоў. У рэпертуары большасць квартэтаў бел. кампазітараў (М.​Аладава, В.​Войціка, В.​Залатарова, Дз.​Лукаса, І.​Лучанка, П.​Падкавырава, Э.​Ханка, К.​Цесакова, М.​Чуркіна), а таксама творы сусв. квартэтнай класікі, сучасных замежных кампазітараў. Выкананне квартэта вызначалі ансамблевая зладжанасць, пачуццё стылю.

Р.​М.​Аладава.

т. 8, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́ЛАГА—БРЫЯ́НА ПАКТ 1928,

міжнародны дагавор аб забароне вайны як сродку ажыццяўлення нац. палітыкі дзяржавамі. Названы паводле імя яго ініцыятараў — міністра замежных спраў Францыі А.Брыяна і дзярж. сакратара ЗША Ф.​Б.​Келага. Падпісаны 27.8.1928 у Парыжы прадстаўнікамі 15 краін, у т. л. ЗША, Францыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Італіі, Канады, Японіі. ЗША адрасавалі запрашэнне 48 інш. дзяржавам, у т. л. СССР, далучыцца да пакта (пазней яны далучыліся). 29.8.1928 СССР першы ратыфікаваў дагавор і ініцыіраваў падпісанне Маскоўскага пратакола 1929 аб датэрміновым увядзенні ў дзеянне пакта (набыў сілу 24.7.1929).

т. 8, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІНАСІ́ТА (Дзюндзі) (н. 2.8.1914, Токіо),

японскі драматург, тэарэтык т-ра. Скончыў Такійскі ун-т (1939). Першы значны твор — гіст. драма «Навальніца» (1947). Яго творы адметныя рэалізмам, сувяззю з фалькл. традыцыямі, усебаковым паказам яп. рэчаіснасці: п’есы «Жураўлінае пер’е» (1949, паст. 1955), «У адной усходняй краіне» (1959), «Японец па імені Ота» (1962; пра Р.​Зорге), «Востраў Акінава» (1963), «Паміж богам і чалавекам» (1972), «Свята на мерыдыяне» (1978). Аўтар п’ес на тэмы нар. казак, тэарэт. прац «Праблемы японскага народнага сказа» (1955), «Свет драмы» (1959), «Дыялог з драмай» (1968) і інш.

т. 8, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІР II Вялікі

(? — 530 да н.э.),

першы цар [558—530 да н.э.] стараж.-перс. Ахеменідаў дзяржавы. У 558 узначаліў саюз перс. плямён, якія ў 553 паўсталі супраць мідыйцаў. У 550—549 да н.э. заваяваў Мідыю, у 546 — Лідыю і грэч. гарады М. Азіі, паміж 545 і 539 — значную ч. Сярэдняй Азіі, у 539 — Вавілонію (Вавілон зрабіў адной з рэзідэнцый) і Месапатамію. Загінуў у час паходу ў Сярэднюю Азію. Вобраз К. адлюстраваны ў стараж.-ўсх. і ант. л-ры («Гісторыя» Герадота, «Кірапедыя» Ксенафонта і інш.).

т. 8, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КО́МІШЭ О́ПЕР»

(ням. Komische Oper камічная опера),

нямецкі оперны тэатр у Берліне. Засн. ў 1947 рэж. В.Фельзенштайнам як альтэрнатыўны традыц. опернаму т-ру. Адкрыўся спектаклем «Лятучая мыш» І.​Штрауса. Першы значны спектакль т-ра — опера «Кармэн» Ж.​Бізэ (1949). У 1965 створана балетная трупа (арганізатар і маст. кіраўнік балетмайстар Т.​Шылінг). У рэпертуары пераважаюць найлепшыя творы сусв. опернай і балетнай музыкі. У розны час у т-ры працавалі дырыжоры О.Клемперэр, К.Мазур, Р.​Ройтэр, рэжысёры Х.​Рукерт, Х.​Бонет, І.​Герц, В.​Керстэн і інш.

т. 8, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ ((Lie) Тругве Хальвдан) (16.7.1896, Осла — 30.12.1968),

нарвежскі паліт. і дзярж. дзеяч. Юрыст. Сакратар (1919—22), чл. праўлення (1926—46) Нарв. рабочай партыі. Міністр юстыцыі (1935—39), гандлю і суднаходства (1939—40). У перыяд ням.-фаш. акупацыі Нарвегіі (1940—45) міністр замежных спраў нарв. ўрада ў эміграцыі (Лондан). Першы ген. сакратар ААН (1946—53); падтрымаў узбр. ўмяшанне ЗША і інш. краін пад эгідай ААН у карэйскую вайну 1950—53 на баку Паўд. Карэі. У 1955—65 на адм., урадавых і дыпламат. пасадах у Нарвегіі.

т. 9, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІЯКА́Т АЛІ́ ХАН (1.10.1895, Карнал, Індыя — 16.10.1951),

дзеяч інд. нац.-вызв. руху; адзін з заснавальнікаў дзяржавы Пакістан. Юрыст. Скончыў Алахабадскі (Індыя) і Оксфардскі (Вялікабрытанія) ун-ты. З 1923 дэп. Заканад. сходу ў Аб’яднаных правінцыях, потым Заканад. сходу Індыі. З 1923 чл. Мусульманскай лігі, у 1936—50 яе ген. сакратар, з 1950 прэзідэнт. У 1946—47 чл. Выканаўчага савета пры віцэ-каралі Індыі, са жн. 1946 чл. часовага урада Дж.Нэру. У 1947—51 першы прэм’ер-міністр Пакістана, атрымаў тытул «правадыра нацыі». Забіты мусульм. фанатыкам у час мітынгу ў г. Равалпіндзі.

т. 9, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕКРАЛО́Г (ад грэч. nekros мёртвы + logos слова),

артыкул або нататка з выпадку смерці каго-небудзь, спосаб ушанавання памяці нябожчыка. Змяшчае асн. факты біяграфіі, прац. здабыткаў, адзначае заслугі памерлага перад грамадствам. У розных Н. выступаюць на першы план розныя грані жыцця і дзейнасці, духоўнага аблічча нябожчыка. Да Н. паводле жанру прымыкаюць вершы, напісаныя з выпадку смерці блізкіх аўтару людзей: «Над магілай друга» Я.​Коласа (на смерць Я.​Купалы), «Памяці Б.​В.​Платонава» Г.​Бураўкіна, «Смугою зажурыліся палі» С.​Грахоўскага (на смерць І.​Мележа).

А.​М.​Пяткевіч.

т. 11, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯКРА́САЎ (Мікалай Мікалаевіч) (н. 30.6.1932, Масква),

расійскі дырыжор, педагог. Нар. арт. Расіі (1980). Нар. арт. СССР (1988). Скончыў Муз.-пед. ін-т імя Гнесіных (1960). З 1957 гал. дырыжор аркестра Рус. нар. хору імя М.​Пятніцкага, з 1960 — Ансамбля нар. танца СССР. З 1973 гал. дырыжор і маст. кіраўнік Аркестра рус. нар. інструментаў. З 1985 адначасова выкладае ў Рас. акадэміі музыкі імя Гнесіных (з 1991 праф.). Першы выканаўца пералажэнняў для аркестра рус. нар. інструментаў многіх твораў муз. класікі, сучасных рас. і замежных кампазітараў. Дзярж. прэмія СССР 1991.

т. 11, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)