БАЖЭ́НАЎ (Васіль Іванавіч) (12.3.1737 ці 1738, с. Дольскае каля Малаяраслаўца, паводле інш. крыніц Масква — 13.8.1799),

рускі архітэктар, тэарэтык архітэктуры; адзін з заснавальнікаў рус. класіцызму. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1758—60, акад. з 1765; віцэ-прэзідэнт з 1799), Парыжскай акадэміі архітэктуры (1760—62), у Італіі (1762—64). Стварыў праект рэканструкцыі Крамля (не ажыццёўлены; палац закладзены ў 1773), рамантычны палацава-паркавы ансамбль у Царыцыне пад Масквой (1775—85), дом Пашкова (1784—86, цяпер будынак Расійскай дзярж. б-кі ў Маскве), Міхайлаўскі замак у Пецярбургу (праект 1792—96) і інш. комплексы, адметныя смеласцю кампазіцыі, разнастайнасцю задум, творчым выкарыстаннем традыцый сусв. класічнай і стараж.-рус. архітэктуры.

В.І.Бажэнаў.

т. 2, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАКШЭ́ЕЎ (Васіль Мікалаевіч) (24.12.1862, Масква — 28.9.1958),

рускі мастак. Нар. мастак СССР (1956), акад. АМ СССР (1947). Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1878—88) у У.​Макоўскага, А.​Саўрасава, В.​Паленава; выкладаў там жа (1894—1918). Перасоўнік. У традыцыях рус. рэаліст. жывапісу стварыў шэраг жанравых карцін («Дзяўчына корміць галубоў», 1887; «Проза жыцця», 1892—93, і інш.) і лірычных пейзажаў («Блакітная вясна», 1930; «Вясна прыйшла», 1943). Дзярж. прэмія СССР 1943. У Нац. маст. музеі Беларусі карціны: «На параду», 1892; «Вечар ранняй вясны», 1918; «Сцежка», 1938, і інш.

Літ.:

Гутт И.А. В.​Н.​Бакшеев. Л., 1974.

В.Бакшэеў. Блакітная вясна. 1930.

т. 2, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛЬШАКО́Ў (Канстанцін Арыстархавіч) (26.5.1895, Масква — 21.4.1938),

рускі пісьменнік. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1913—16). Прымыкаў да футурыстаў (гл. Футурызм). Першая кн. «Мазаіка. Вершы і проза» (1911). У 1913 выдаў паэму «Le futur» і зб. вершаў «Сэрца ў пальчатцы», у 1916 — антываенную «Паэму падзей» і кнігі «Сонца пры канцы палёту», «Каралева Мод». Аўтар раманаў «Уцёк палонных, ці Гісторыя пакутаў і гібелі паручніка Цянгінскага палка Міхаіла Лермантава» (1929), «Маршал сто пятага дня» (кн. 1, 1936) і інш., зб-каў апавяданняў «Шлях пракажоных», «Лёс выпадковасцяў» (абодва 1927). У 1936 арыштаваны. Рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны пасмяротна.

Тв.:

Собр. соч. Т. 2—4. М., 1928;

Повести и рассказы. М., 1961.

т. 2, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎЧЫ́ННІКАЎ (Юрый Анатолевіч) (2.8.1934, Масква — 17.2.1988),

савецкі хімік і біяхімік. Акад. АН СССР (1970), віцэ-прэзідэнт АН СССР (1974). Герой Сац. Працы (1981). Скончыў Маскоўскі ун-т (1957). З 1960 у Ін-це біяарган. хіміі АН СССР (з 1970 дырэктар). Навук. працы па сінтэзе і будове розных тыпаў фізіялагічна актыўных злучэнняў, вывучэнні малекулярных механізмаў іх дзеяння. Распрацаваў мас-спектраметрычны метад вызначэння паслядоўнасці амінакіслотных рэшткаў у пептыдах і метад сінтэзу пептыдаў на палімерным носьбіце. Вызначыў будову шэрагу бялкоў — рыбасамальных, нейратаксінаў і інш.; адкрыў новы тып мембранаактыўных камплексонаў.

Тв.:

Мембрано-активные комплексоны. М., 1974 (разам з В.​Ц.​Івановым, А.​М.​Шкробам).

т. 2, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́РЛІНГ ((Berling) Зыгмунт) (27.6.1896, г. Ліманова Кракаўскага ваяв., Польшча — 11.7.1980),

польскі военачальнік, ген. броні Польшчы. Скончыў Ваен. акадэмію Генштаба (Масква, 1947). Да 1939 у Войску Польскім. 22.6.1941 першы падпісаў пісьмо 13 афіцэраў б. польск. арміі сав. ўраду з просьбай даць магчымасць змагацца за сваю радзіму супраць фаш. Германіі. Застаўся ў СССР пасля эвакуацыі сфарміраванай тут Польскай арміі (Андэрса). У 1943—44 камандзір сфарміраванай у СССР польск. дывізіі імя Т.​Касцюшкі, са жн. 1943 адначасова камандзір 1-га польск. корпуса, з сак. 1944 камандуючы польск. арміяй у СССР, з ліп. 1944 на камандных пасадах Войска Польскага. У 1948—53 нач. Акадэміі Генштаба Войска Польскага.

т. 3, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛАХІ́НЦАЎ (Дзмітрый Іванавіч) (11.1.1908, Масква — 27.1.1979),

савецкі фізік, адзін з кіраўнікоў стварэння 1-й у свеце АЭС. Чл.-кар. АН СССР (1958). Герой Сац. Працы (1956). Скончыў Маскоўскі дзярж. ун-т (1930). У 1956—65 дырэктар Аб’яднанага ін-та ядз. даследаванняў (г. Дубна). Навук. працы па квантавай тэорыі цвёрдага цела, акустыцы, оптыцы, квантавай механіцы, ядз. фізіцы і фізіцы элементарных часціц, метадалогіі фізікі. Аўтар падручніка «Асновы квантавай механікі» (6-е выд., 1983). Ленінская прэмія 1957, Дзярж. прэмія СССР 1952, 1971.

Тв.:

Акустика неоднородной движущейся среды. 2 изд. М., 1981;

Пространство и время в микромире. 2 изд. М., 1982;

Квантовая механика. 2 изд. М., 1988.

т. 3, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАІЛО́ЎСКІ (Уладзімір Веньямінавіч) (н. 4.1.1947, Масква),

бел. кампазітар. Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1971). З 1980 на Беларусі. З 1984 заг. муз. часткі Магілёўскага абл. драм. т-ра, з 1990 дырэктар і маст. кіраўнік Магілёўскай абл. філармоніі; арганізатар (1995) Міжнар. фестывалю «Залаты шлягер». Працуе ў розных жанрах. Сярод твораў: кантата (1983), вак.-сімф. паэма «Дваццаць восем» (1983); сімфонія (1984), сімфаньета, З сімф. уверцюры, фантазія для кларнета з сімф. арк.; сюіта для скрыпкі і фп.; канцэрт для валторны з арк.; 12 прэлюдый для фп. (1984); накцюрны, вак. цыклы, інстр. п’есы; папуры і фантазіі; апрацоўкі нар. песень; песні; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў.

т. 3, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЁНА ІВА́НАЎНА (19.5.1476, Масква — 20.1.1513),

дачка вял. князя маскоўскага Івана III, жонка вял. князя ВКЛ Аляксандра. Праз шлюб Алёны Іванаўны (1495) Іван III разлічваў атрымаць доступ у ВКЛ, вял. кн. Аляксандр — спыніць паліт. і ваенны наступ Маскоўскай дзяржавы на ВКЛ. Насуперак намаганням акружэння мужа Алёна Іванаўна засталася праваслаўная, падтрымлівала правасл. царкву ў ВКЛ, асуджала агрэсіўную палітыку Івана III у дачыненні да ВКЛ. Падтрымлівала мужа ў яго барацьбе са шляхтай за цэнтралізацыю ўлады, пасля яго смерці (1506) падтрымала Жыгімонта I. Валодала землямі ў Віленскім і Трокскім ваяв., каля Менска, Гародні, у памежжы з Маскоўскай дзяржавай, замкамі ў Магілёве, каля Мсціслава, у Чачэрску і інш.

т. 1, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРАМО́ВІЧ (Людвік Кароль) (5.7.1879, Масква — 9.3.1939),

польскі гісторык, грамадскі дзеяч, журналіст, выдавец. Скончыў Ягелонскі ун-т у Кракаве. З 1905 у Вільні. З 1906 супрацоўнік газ. «Gazeta Wileńska» («Віленская газета»), «Kurier Wileński» («Віленскі веснік»). У 1911—38 рэдагаваў і выдаваў газ. «Przegląd Wileński» («Віленскі агляд»), дзе часта публікаваліся бел. аўтары, пісалася пра нац.-вызв. рух на Беларусі. У 1925—39 старшыня Навук. к-та садзейнічання б-цы Урублеўскіх (цяпер Цэнтр. б-ка АН Літвы). Быў звязаны з бел. грамадска-культ. жыццём у Вільні. У кн. «Чатыры стагоддзі кнігадрукавання ў Вільні, 1525—1925» (Вільня, 1925) пісаў пра дзейнасць Ф.​Скарыны і яго паслядоўнікаў.

А.​В.​Мальдзіс.

т. 1, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРЭ́ЕЎ (Уладзімір Аляксеевіч) (н. 27.8.1930, Масква),

рускі акцёр і рэжысёр. Нар. арт. СССР (1985). Скончыў Ін-т тэатр. мастацтва імя А.​Луначарскага (1952). Акцёр, з 1970 гал. рэжысёр Маскоўскага т-ра імя М.​Ярмолавай. З 1985 гал. рэжысёр Малога т-ра Расіі. Выкладае ў Рас. акадэміі тэатр. мастацтва, праф. з 1978. Сярод роляў: Аляксей («У добры час» В.​Розава), Васількоў («Шалёныя грошы» А.​Астроўскага), Галубкоў («Бег» М.​Булгакава) і інш. Паставіў спектаклі: «Мінулым летам у Чулімску» і «Паляванне на качак» А.​Вампілава, «Грошы для Марыі» паводле В.​Распуціна, «Бераг» паводле Ю.​Бондарава і інш. Дзярж. прэмія Расіі імя К.​Станіслаўскага 1980.

т. 1, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)