БРА́НСКАЕ КНЯ́СТВА старажытнарускае княства ў 13—16 ст. Заснавана ў 1246 Раманам Чарнігаўскім, які перанёс у Бранск сталіцу з разбуранага Батыем Чарнігава. У канцы 13 — пач. 14 ст. найб. моцнае княства Чарнігава-Северскай зямлі. На пач. 14 ст. перажыло шматлікія міжусобныя войны. У 1356 заваявана Альгердам і ўвайшло ў Вялікае княства Літоўскае. У 1500 Бранск узяты рус. войскамі і ўключаны ў склад Маскоўскай дзяржавы.

т. 3, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАКСІМЕ́Н (Anaximenēs) з Мілета

(каля 588 — каля 525 да н.э.),

старажытнагрэчаскі філосаф-матэрыяліст. Вучань Анаксімандра. Першаасновай усяго лічыў паветра: рэчы ўзнікаюць дзякуючы розным ступеням згушчэння паветра (утварэнне вады, зямлі, камення і інш.) або яго разрэджвання (утварэнне агню). Паводле Анаксімена, душа — гэта паветра, якое «атрымлівае» цела (працэс дыхання зберагае жыццё). Вызначыў розніцу паміж нерухомымі зоркамі і планетамі. Даў блізкае да навуковага тлумачэнне зацьменняў Сонца і Месяца.

т. 1, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗО́Н,

O3, алатропная мадыфікацыя кіслароду. Газ сіняга колеру, з рэзкім пахам, tкіп -112 °C, моцны акісляльнік, у вял. канцэнтрацыях раскладаецца з выбухам, утварае азаніды. Асн. колькасць азону ў прыродзе знаходзіцца ў азанасферы Зямлі. Атрымліваюць дзеяннем эл. разраду ці УФ-выпрамянення на паветра. Выкарыстоўваюць для дэзінфекцыі вады, паветра, адбельвання тканін, мінер. масла, як бактэрыцыдны сродак. Лішак азону шкодны для жывых арганізмаў, ГДК у паветры 1 мг/м³.

т. 1, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АРЫЯБХА́ТА»,

назва 1-га індыйскага штучнага спадарожніка Зямлі. Выведзены 19.4.1975 савецкай ракетай-носьбітам з савецкага касмадрома на арбіту з апагеем 619 км і перыгеем 563 км; перыяд абарачэння 96,3 мін. Маса «Арыябхаты» 358 кг. Названы ў гонар індыйскага астранома і матэматыка Арыябхаты. Прызначаны для даследавання ў галіне рэнтгенаўскай астраноміі, рэгістрацыі нейтроннага і гама-выпрамянення Сонца, вымярэння патокаў часціц і радыяцыі ў іанасферы.

ШСЗ «Арыябхата».

т. 2, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖАМАЛУ́НГМА, Эверэст, Сагарматха,

самая высокая вяршыня на Зямлі, у Вял. Гімалаях, на мяжы Непала і Кітая. Выш. 8848 м. Складзена з гнейсаў, крышт. вапнякоў і сланцаў. Мае форму піраміды са стромкімі схіламі. Ледавікі. Упершыню дасягнута 29.5.1953 шэрпам Н.​Тэнцынгам і новазеландцам Э.​Хілары, сярод жанчын — японкай Ю.​Табей (1976). Часткова ўваходзіць у склад нац. парку Сагарматха (Непал).

Джамалунгма (Эверэст). З карціны М.​К.​Рэрыха.

т. 6, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГХОР, Эль-Гор,

тэктанічная ўпадзіна ў Зах. Азіі, у Ізраілі, Сірыі і Іарданіі. Даўж. з Пн на Пд каля 200 км, шыр. да 25 км. У межах Гхора — даліна р. Іардан, Тыверыядскае воз. і Мёртвае м., узровень якога на 395 м ніжэй узроўню акіяна (на яго беразе самае нізкае месца на сушы Зямлі). Упадзіна акаймавана стромкімі спадзістымі схіламі выш. 1000—1400 м. Клімат і расліннасць паўпустынныя.

т. 5, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАФІ́ЗІКА (ад гідра... + фізіка),

раздзел геафізікі, які вывучае фіз. ўласцівасці гідрасферы і працэсы, што ў ёй адбываюцца. Даследуе малекулярную будову вады ва ўсіх яе станах (вадкім, цвёрдым, газападобным); фіз. ўласцівасці вады, снегу, ільду (цеплавыя, радыяцыйныя, электрычныя, радыеактыўныя, акустычныя, мех. і інш.), а таксама дынамічныя і тэрмічныя працэсы ў воднай абалонцы Зямлі, пашырэнне, паглынанне і рассейванне святла ў ёй. Падзяляецца на фізіку мора і фізіку вод сушы.

т. 5, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАДЭЗІ́ЧНАЯ СЕ́ТКА,

сістэма геадэзічных пунктаў зямной паверхні, узаемнае становішча якіх вызначана ў адпаведнай сістэме каардынат і вышынь над узр. м. на падставе геад. вымярэнняў. Каардынаты геад. пунктаў вызначаюць пераважна метадамі трыянгуляцыі, паліганаметрыі, выкарыстоўваюць вынікі назіранняў штучных спадарожнікаў Зямлі. Вышыні геад. пунктаў вызначаюць метадамі нівеліравання. Пункты геадэзічнай сеткі замацоўваюць на мясцовасці геадэзічнымі знакамі, яны з’яўляюцца зыходнымі пры картаграфаванні зямной паверхні і геад. вымярэннях на мясцовасці.

т. 5, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕКА́ТА,

у грэчаскай міфалогіі багіня змроку, начных прывідаў і чараўніцтва. Лічылася таксама багіняй Месяца, знаходзілася ў месцах пахавання і на скрыжаваннях, блізкая да Селены і Артэміды. Уяўлялі яе з факелам у руках, часта са змеямі ў валасах, зрэдку трохаблічнай. Яна атрымала ад Зеўса ўладу над лёсам зямлі і мора, была адорана Уранам вял. сілай. Рымляне атаясамлівалі Гекату з багіняй трох дарог Трывіяй.

Геката. 1—2 ст. н.э.

т. 5, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАЛЕ́ЗНЫ КАПЯЛЮ́Ш,

намнажэнне аксідаў і гідрааксідаў жалеза каля паверхні Зямлі, якое ўзнікае ў выніку хім. раскладання і акіслення сульфідных руд. Залягае на першасных неакісленых рудах, перакрываючы іх (адсюль назва «капялюш»). Складаецца з гётыту, гідрагётыту, тур’іту з прымесямі гідрааксідаў марганцу, сульфатаў. Глыбіня распаўсюджання Ж.к. звычайна абмяжоўваецца ўзроўнем грунтавых вод і дасягае дзесяткаў і соцень метраў. Важная прыкмета пры пошуку сульфідных радовішчаў і ацэнцы першасных руд.

У.​Я.​Бардон.

т. 6, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)