ПАРЭ́ЦКІ РАЁН,

адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1940. Утвораны 15.1.1940 у складзе Беластоцкай вобласці. Цэнтр — в. Парэчча. Скасаваны 25.11.1940 у сувязі з перадачай часткі тэр. раёна з пераважна літоўскім насельніцтвам у Літоўскую ССР; 4 (Ліхачоўскі, Плябанішкаўскі, Парэцкі, Прывалкаўскі) сельсаветы перададзены ў Гродзенскі і 2 (Берштаўскі, Навагрудскі) сельсаветы ў Скідзельскі р-ны.

т. 12, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́РАЗАЎСКІ РАЁН,

адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1940—60. Утвораны 15.1.1940 у Брэсцкай, з 20.9.1944 у Гродзенскай абл. Цэнтр — г.п. Поразава. Падзяляўся на 7 сельсаветаў: Крапіўніцкі (утвораны 16.7.1954 са скасаваных Дашкавіцкага, Нізянскага, Лескаўскага, Хрустаўскага, Шчурыцкага с/с), Кукліцкі, Лаўрынавіцкі, Міхайлаўскі, Навадворскі, Падароскі, Поразаўскі. 20.1.1960 скасаваны, яго тэрыторыя перададзена ў Свіслацкі раён.

т. 12, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭНТГЕ́Н,

пазасістэмная адзінка экспазіцыйнай дозы рэнтгенаўскага і гама-выпрамянення, што вызначаецца па іанізавальным дзеянні выпрамяненняў на паветра. Абазначаецца Р. Доза выпрамянення ў 1 Р адпавядае ўтварэнню 2,083∙10​9 пар іонаў у 1 см³ паветра або 1,61∙10​12 пар іонаў у 1 г паветра. 1 Р = 2,57978∙10​−4 Кл/кг. Названа імем В.К.Рэнтгена.

т. 14, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САПО́ЦКІНСКІ РАЁН,

адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1940—59. Створаны 15.1.1940 у складзе Беластоцкай вобласці, з 20.9.1944 — у Гродзенскай вобласці. Цэнтр — г.п. Сапоцкін. 12.10.1940 падзелены на 12 сельсаветаў: Багатырскі, Валавічоўскі, Галынкаўскі, Ласоснаўскі, Ліпскі, Лойкаўскі, Навікоўскі, Навумавіцкі, Рыгалаўскі, Сільванавіцкі, Соніцкі, Старабагатырскі; 16.8.1945 Ліпскі с/с перададзены Польшчы. 10.3.1959 раён скасаваны, тэрыторыя далучана да Гродзенскага раёна.

т. 14, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІЛА ТО́КУ,

скалярная фіз. велічыня, якая вызначае скорасць праходжання эл. зараду ў эл. ланцугу; адна з асн. характарыстык электрычнага току. С.т. роўная адносінам эл. зараду dq да інтэрвалу часу dt, за які гэты зарад перанесены праз папярочнае сячэнне правадніка: i = dq/dt. Для вымярэння С.т. карыстаюцца амперметрамі. Адзінка С.т. ў СІ — ампер.

т. 14, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІ́МЕНС,

адзінка электраправоднасці ў Міжнар. сістэме адзінак (СІ). Названа ў гонар Э.​В.​Сіменса. Абазначаецца См. С. роўны эл. праводнасці правадніка (участка эл. ланцуга) з эл. супраціўленнем 1 Ом: 1 См = 1 Ом​−1. У практыцы вымярэнняў выкарыстоўваюцца кратныя і дольныя адзінкі: кіласіменс (10​3 См). мілісіменс (10​−3 См) і мікрасіменс (10​−6 См).

т. 14, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́РКУШ (польскае arkusz),

1) стандартны кавалак паперы, кардону, фанеры і інш. 2) Адзінка вымярэння ў паліграфіі і выдавецкай справе. Адрозніваюць аркуш аўтарскі, улікова-выдавецкі, папяровы друкаваны і ўмоўна-друкаваны.

Аўтарскім аркушам вымяраюць аб’ём літ. твора (рукапіснага і надрукаванага). У бел. паліграфіі роўны 40 тыс. друкаваных знакаў (з прагаламі паміж словамі), ці 700 вершаваным радкам, ці 3 тыс. см² надрукаванага ілюстрацыйнага матэрыялу. Улікова-выдавецкі аркуш — аб’ём друкаванага твора, колькасцю знакаў роўны аўтарскаму, але акрамя аўтарскага тэксту ўключае тытул, рэдакцыйную прадмову, змест, рэкламу, калонтытулы і інш. тэкставы і графічны матэрыял. Служыць для выдавецкага планавання, вызначэння кошту выдання і інш. Папяровым аркушам вызначаюць колькасць выкарыстанай на выданне паперы. Друкаваны аркуш паказвае аб’ём (плошчу) выдання і раўняецца палове папяровага пры стандартных фарматах. Умоўны друкаваны аркуш — адзінка ўліку выдавецкай прадукцыі: папяровы аркуш фармату 60 × 90 см, надрукаваны з аднаго боку. Аб’ём выданняў, надрукаваных на паперы інш. фарматаў, для параўнання паказчыкаў пералічваюць ва ўмоўныя друкаваныя аркушы.

т. 1, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРА́ДУС (ад лац. gradus крок, ступень),

пазасістэмная адзінка вымярэння плоскага вугла (вуглавы градус), роўная ​1/90 прамога вугла. Абазначаецца °; дзеліцца на 60 мінут (60′) або 3600 секунд (3600″), 1° = 60′ = 3600″. Прамы вугал складае 90°, разгорнуты — 180°. Выкарыстоўваецца таксама для вымярэння дуг акружнасцей (разам з радыянам; поўная акружнасць роўная 360°).

2) Градус тэмпературны — агульная назва адзінак т-ры, што адпавядаюць розным тэмпературным шкалам. Адрозніваюць градусы шкалы Кельвіна (кельвін; К), градус Цэльсія (°C), градус Рэамюра (°R), градус Фарэнгейта (°F), градус Ранкіна (°Ra). 1 К = 1 °C = 0,8 °R = 1,8 °F = 1,8 °Ra.

3) У геадэзіі і астраноміі — адзінкі геадэзічнай даўгаты (двухгранны вугал паміж плоскасцямі 2 геадэзічных мерыдыянаў) і геадэзічнай шыраты (вугал у плоскасці мерыдыяна паміж 2 нармалямі да паверхні геоіда.

4) У розных галінах метралогіі — адзінка колькасці спірту ў растворах, таксама адзінкі жорсткасці вады, канцэнтрацыі солей, сернай к-ты (градус Баме), вязкасці вадкасці ў адносінах да вязкасці вады пры 20 °C (градус Энглера) і інш.

А.​А.​Саламонаў.

т. 5, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЁН (франц. rayon ад лац. radius прамень),

1) тэрыторыя, вылучаная па якіх-н. прыкметах, асаблівасцях; у шэрагу выпадкаў адна з таксанамічных адзінак (гл. Фізіка-геаграфічнае раянаванне Беларусі). Часам ужываецца як сінонім рэгіёна.

2) У СССР была адной з адзінак адм.-тэр. падзелу ў сельскай мясцовасці, якая складала частку тэр. саюзнай (аўтаномнай) рэспублікі, краю, вобласці, аўт. вобласці, нац. акругі. Уключала тэр. сельскіх Саветаў, рабочых, курортных, дачных пасёлкаў і гарадоў раённага падпарадкавання. У гарадах Р. — адм.-тэр. адзінка з насельніцтвам больш за 100 тыс. чал. Падзел на Р. захаваўся ў краінах, якія ўтварыліся пасля распаду СССР (напр., Беларусь, Расія, Украіна). У БССР уведзены ў ліп. 1924 паводле пастановы 2-й сесіі ЦВК БССР 6-га склікання. У наш час на Р. падзяляюцца вобласці, а таксама гарады, дзе насельніцтва не менш як 100 тыс. чал. На 1.1.2001 у Рэспубліцы Беларусь 118 раёнаў (пра кожны былы і сучасны сельскі раён гл. асобны арт.). У некат. замежных краінах Р. — адм.-тэр. адзінка рознага парадку (напр., Парыжскі раён).

т. 13, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САХА́,

адзінка падатковага абкладання на Русі 13—15 ст. і ў Рас. дзяржаве 16—17 ст., з якой збіраўся дзярж. пазямельны падатак — пасошнае. Да сярэдзіны 16 ст. вымяралася колькасцю рабочай сілы. У 13—15 ст. С. складалі 2—3 селяніны-работнікі. Пры зборы падаткаў да адной С. прыраўноўвалі таксама 1 гарбарскі чан, невад, краму, кузню і г.д. У канцы 15 — пач. 16 ст. ў розных землях Русі С. складала розныя велічыні. З сярэдзіны 16 ст. ў Рас. дзяржаве ў якасці падатковай адзінкі ўведзена т.зв. вялікая С., якая складалася з пэўнай колькасці чвэрцяў зямлі ў залежнасці ад катэгорыі ўладальнікаў (800—1200 чвэрцяў у свецкіх феадалаў, 600—800 у царквы, 500—700 у чарнасошных і дварцовых сялян) і якасці зямлі; для насельніцтва гар. пасадаў памер вял. С. вызначаўся пэўнай колькасцю двароў. У 1646 падворны прынцып вылічэння памеру С. ўведзены замест пазямельнага і ў сельскай мясцовасці. С. як адзінка падаткаабкладання скасавана ў 1679 з увядзеннем падворнага абкладання.

т. 14, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)