ДЗЯРА́ЖНЯ, Дзяражанка,

рака ў Клімавіцкім і Касцюковіцкім р-нах Магілёўскай вобл., правы прыток р. Беседзь (бас. Дняпра). Даўж. 54 км. Пл. вадазбору 312 км². Пачынаецца за 1 км на Пн ад в. Дзяражня Клімавіцкага ρ-на. Цячэ па паўд.-ўсх. ускраіне Аршанска-Магілёўскай раўніны. Даліна ў верхнім цячэнні невыразная, месцамі забалочаная, ніжэй трапецападобная шыр. да 2 км, адкрытая, лугавая. Рэчышча ад вытоку на працягу 8,3 км каналізаванае, ніжэй звілістае.

т. 6, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНЫ ДЭПАРТА́МЕНТ (De partment of State),

галоўнае знешнепалітычнае ведамства ЗША (з ліп. 1789), якое выконвае функцыі Міністэрства замежных спраў. Ўзначальваецца дзярж. сакратаром. Юрыдычна з’яўляецца дарадчым органам (Канстытуцыя ЗША ускладвае ажыццяўленне знешняй палітыкі на прэзідэнта). Фактычна дэпартамент плануе і, пасля адабрэння прэзідэнтам і кангрэсам, ажыццяўляе знешнепалітычны курс, нясе адказнасць за яго выкананне. Каардынуе таксама дзеянні іншых выканаўчых дэпартаментаў, якія датычаць знешняй палітыкі, садзейнічае грамадскаму яе разуменню шляхам інфармацыйных паслуг і публікацый.

т. 6, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́МЖАРЫЦЫ,

вёска ў Лепельскім р-не Віцебскай вобл., на правым беразе р. Сергуч. Цэнтр сельсавета і адм.-гасп. і навук. цэнтр Бярэзінскага біясфернага запаведніка. За 35 км на ПдЗ ад горада і чыг. ст. Лепель, 150 км ад Віцебска. 445 ж., 172 двары (1997). Экалагічны ліцэй, муз. школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Музей прыроды Бярэзінскага біясфернага запаведніка. Каля вёскі 2 курганныя могільнікі 11 ст.

т. 6, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУПЯНЕ́Ц (Піліп Аляксеевіч) (18.10.1910, в. Воўчын Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. — 6.9.1981),

поўны кавалер ордэна Славы. У Вял. Айч. вайну на фронце са жн. 1944. Камандзір кулямётнага разліку мал. сяржант Гупянец вызначыўся ў 1945 у баях на тэр. Польшчы і Германіі: знішчыў 2 агнявыя пункты праціўніка; на подступах да р. Одэр агнём з кулямёта адбіў контратаку ворага; у баі за г. Бернаў (Германія) знішчыў 2 агнявыя пункты ворага.

т. 5, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУТЛЯ́НКА, Балатнянка,

рака ў Кармянскім і Рагачоўскім р-нах Гомельскай вобл., левы прыток Дняпра. Даўж. 31 км. Пл. вадазбору 378 км². Пачынаецца за 2 км на ПдУ ад в. Бярозаўка Кармянскага р-на. Цячэ па паўд. ускраіне Аршанска-Магілёўскай раўніны. Даліна пераважна трапецападобная, шыр. 1,5—2 км. Пойма двухбаковая, супясчаная і тарфяністая, шыр. 50—100 м, у верхнім і ніжнім цячэнні забалочаная. Рэчышча амаль на ўсім працягу каналізаванае.

т. 5, с. 550

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАБРЫ́ЛАЎКА,

рака ў Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., правы прыток р. Бярозаўка (бас. Зах. Дзвіны). Даўж. 32 км. Пл. вадазбору 133 км². Пачынаецца за 1 км на Пд ад в. Забор’е, цячэ ў межах Свянцянскіх град, у нізоўі працякае праз Пятроўскае возера. Даліна трапецападобная, ніжэй воз. Пятроўскае зліваецца з далінай Бярозаўкі, шыр. 300 м — 2 км. Пойма шыр. 100—300 м. Рэчышча ад вытоку на працягу 16 км каналізавана.

т. 5, с. 560

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАГАВО́Р 1229, Смаленская гандлёвая праўда,

гандлёвае і паліт. пагадненне паміж Смаленскім, Віцебскім і Полацкім княствамі з аднаго боку і Рыгай і Гоцкім берагам (Готландам) — з другога. Дагавор замацоўваў мірныя добрасуседскія адносіны бакоў, вызначаў меры адказнасці за злачынствы супраць прыезджых, рэгламентаваў парадак разгляду судовых спраў. Усім купцам гарантаваўся вольны гандаль і свабоднае карыстанне воднымі шляхамі па ўсёй Зах. Дзвіне, яе прытоках, па вадзе і па беразе.

Я.​А.​Юхо.

т. 5, с. 569

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЖБО́Г,

язычніцкае бажаство ўсх. славян, бог сонца і агню; пазней бог земляробства, урадлівасці, дабрабыту. Сын Сварога. У Кіеўскай Русі Д. пакланяліся (яго ідал быў пастаўлены побач з Перуном і інш. багамі на капішчы за церамным дваром у Кіеве). Як сімвалічны вобраз трапляецца ў стараж.-рус. л-ры (першае ўпамінанне ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 980). У «Слове аб палку Ігаравым» Д. выступае як продак і апякун Русі і стараж.-рус. народа.

т. 6, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ДАЙНІХО́Н СІ»

(«Гісторыя вялікай Японіі»),

калектыўны шматтомны гіст. яп. твор. Складзены ў асноўным у 1657—1720 у княстве Міто па даручэнні кн. Міцукуні Такугава [1628—1700), завершаны ў 1906. Асвятляе паліт. гісторыю Японіі ад старажытнасці да 15 ст. (барацьбу князёў супраць сёгунаў з дынастыі Такугава за вяртанне ўлады імператару). У 1-м выданні змешчаны 243 кнігі (73 тэксты і 170 біяграфій), пазней дапоўнены табліцамі і матэрыяламі (153 кнігі). Неаднаразова перавыдаваўся.

т. 6, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАКО́ЛЬКА, Даколь,

рака ў Старадарожскім р-не Мінскай вобл. і Глускім р-не Магілёўскай вобл., правы прыток р. Пціч (бас. р. Прыпяць). Даўж. 43 км. Пл. вадазбору 462 км². Пачынаецца за 2 км на ПнУ ад в. Кармазы Старадарожскага р-на, цячэ па паўн. ч. Прыпяцкага Палесся. Асн. прытокі — р. Сноўка (справа) і р. Ольніца (злева). Даліна невыразная. Шыр. рэчышча 5—20 м, у вусці — 12 м. Каналізаваная на ўсім працягу.

т. 6, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)