БЯРО́ЗА,

рака ў Беларусі, у Зэльвенскім і Слонімскім р-нах Гродзенскай вобл., левы прыток Шчары (бас. Нёмана). Даўж. 23 км. Пл. вадазбору 96 км². Пачынаецца каля в. Шулякі Зэльвенскага р-на. 13 км рэчышча ад вусця каналізавана, створана сажалка.

т. 3, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХІ́ЛАВА СУХАЖЫ́ЛЛЕ, пятачнае сухажылле,

адно з самых моцных і тоўстых сухажылляў цела чалавека. Забяспечвае перадачу мышачнага намагання трохгаловай мышцы галёнкі на бугор пятачнай косці і ўдзельнічае ў падэшвенным згінанні ступні ў галёнкаступнёвым суставе. Назва ад грэч. міфа пра Ахіла.

т. 2, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХУРАМА́ЗДА, Ахура Мазда, Аўрамазда, Армазд,

у іранскай міфалогіі вярхоўнае бажаство зораастрыйскага і ахеменідскага пантэонаў; літаральна — «бог прамудры». З развіццём дуалістычных уяўленняў пра барацьбу спрадвечных пачаткаў дабра і зла Ахурамазда, у адрозненне ад бога Анхра-Майнью, асацыіраваўся з добрым пачаткам.

т. 2, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЗІФІ́ЛЬНЫЯ АРГАНІ́ЗМЫ (ад грэч. basis аснова + phileō люблю),

арганізмы, якія нармальна развіваюцца на шчолачным субстраце. Напрыклад, урабактэрыі, з вышэйшых раслін — пераважна стэпавыя і пустынныя віды, а таксама белая акацыя, скумпія, лістоўніца еўрапейская, вятроўнік шасціпялёсткавы, ветраніца лясная і інш.

т. 2, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПТЫМА́ТЫ (ад лац. optimates знатныя),

ідэйна-палітычная плынь у Стараж. Рыме ў канцы 2—1 ст. да н. э. Абапіраючыся на сенат, аптыматы абаранялі інтарэсы арыстакратыі (набілітэту), выступалі за захаванне алігархічнай (арыстакратычнай) рэспублікі. Супрацьстаялі папулярам, якія адстойвалі інтарэсы плебеяў.

т. 1, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́САЎСКАЯ ПАПЯРО́ВАЯ ФА́БРЫКА «ПАПІ́РУС».

Дзейнічала ў 1902—25 у г. Барысаў. Вырабляла жоўтую абгортачную паперу. У 1907—10 былі 3 паравыя рухавікі (200—450 к.с.). Працавала ад 66 (1904) да 100 (1913) рабочых. З 1925 мела назву «Прафінтэрн».

т. 2, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́РЭНЦБУРГ (Barentsburg),

палярны горнапрамысловы пасёлак і порт (свабодны ад лёду з чэрв. да ліст.), на в-ве Зах. Шпіцберген (Свальбард, Нарвегія). Каля 1 тыс. ж. (1992). Паблізу аэрапорт. Цэнтр здабычы каменнага вугалю. Краязнаўчы музей. Названы ў гонар мараплаўца В.Барэнца.

т. 2, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕАТЫФІКА́ЦЫЯ (ад лац. beatus блаславёны + facere рабіць),

у рымска-каталіцкай царкве акт надання асобе за асабліва праведнае жыццё пасмяротнага тытула «блаславёны». Разглядаецца царквой як ніжэйшая ступень у падрыхтоўцы кананізацыі. З 8 ст. права беатыфікацыі належыць выключна папе рымскаму.

т. 2, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІДЭА... (ад лац. video бачу, гляджу),

першая састаўная частка складаных слоў, якая паказвае на іх дачыненне да эл. сігналаў, што нясуць інфармацыю аб відарысе (відэасігнал), а таксама да ўстройстваў, якія выкарыстоўваюцца ў сістэмах перадачы відарысаў, напр., відэамагнітафон, відэатэлефон.

т. 4, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІНТАВО́Е ЗЛУЧЭ́ННЕ,

раздымнае нерухомае злучэнне дэталей з дапамогай вінтоў. У адрозненне ад балтавога злучэння вінтавое злучэнне не патрабуе гаек, бо разьба робіцца ў самой дэталі.

Вінтавое злучэнне: 1—2 —дэталі, якія злучаюцца; 3 — вінты (са шліцам і шасціграннай галоўкай).

т. 4, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)