ГАРА́НЫ,

вёска ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., на правым беразе р. Зах. Дзвіна. Чыг. ст. на лініі Полацк—Віцебск. На аўтадарозе Полацк—Віцебск. Цэнтр сельсавета і калгаса-камбіната. За 18 км на ПдУ ад г. Полацк, 77 км ад Віцебска. 750 ж., 273 двары (1996). Лясніцтва. Сярэдняя і муз. школы, клуб, б-ка, бальніца, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Каля вёскі гарадзішча (7—2 ст. да н.э.).

т. 5, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРЛА́Ч,

гліняная пасудзіна для захоўвання малака і малочных прадуктаў. Вядомы многім народам свету. У стараж.-рус. пісьмовых крыніцах вядомы пад назвай «кринъ». На Беларусі робяць з выгнутым тулавам, пукатымі бакамі і звужанай шыйкай, але шырэйшым за дно вусцем (без ручкі і дзюбкі). Прапорцыі сілуэта гарлача маюць мясц. адрозненні. Гарлачы вырабляюць гартаваныя, чорназадымленыя і паліваныя; аздабляюць глянцаваннем, прачэрчаным па сырой паверхні арнаментам, ангобам і інш.

С.​А.​Мілючэнкаў.

Гарлачы.

т. 5, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРНАСВЕ́ЧЧА, Дыбалёўскае возера,

у Бешанковіцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ула, за 17 км на ПнЗ ад г.п. Бешанковічы. Пл. 0,63 км², даўж. 2,1 км, найб. шыр. 500 м, даўж. берагавой лініі 5,05 км. Пл. вадазбору 13,7 км².

Схілы катлавіны выш. да 10 м, пад лесам, на ПдУ разараныя. Берагі супадаюць са схіламі. Злучана ручаём з воз. Плацішна, упадае Бортніцкі канал, выцякае ручай у р. Ула.

т. 5, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖАГІ́Р,

найбольш пашыраная форма феад. землекарыстання ў Магольскай імперыі ў Індыі ў 16—18 ст. Сярэдні памер Дж. быў вялікі (да 100 тыс. га). Уладальнік (джагірдар) атрымліваў долю дзярж. зямельнага падатку з Дж. на сваю карысць, за гэта быў абавязаны ўтрымліваць атрад наёмных коннікаў. У 1574 Акбар спрабаваў ліквідаваць сістэму Дж., што выклікала супраціўленне мусульм. джагірдараў. У 17 ст. ўзнікла тэндэнцыя да перараджэння Дж. ў спадчыннае валоданне (ажыццяўлялася ў 18 ст.).

т. 6, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖО́РДЖ ((George) Генры) (2.9.1839, г. Філадэльфія, ЗША — 29.10.1897),

амерыканскі эканаміст, публіцыст. Прапанаваў ідэю «адзінага зямельнага падатку» як сродку забеспячэння ўсеагульнага дастатку і сацыяльнага міру, якая па сутнасці азначала пакрыццё ўсіх дзярж. расходаў за кошт зямельнай рэнты. Даследаваў праблемы заработнай платы, капіталу, рэнты, эканам. крызісаў, даў адзін з варыянтаў фарміравання тэорыі гранічнай прадукцыйнасці.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. соч.: В 3 т. Т. 1. М., 1994.

т. 6, с. 90

т. 6, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖО́ЎЛЯ—ЛЕ́НЦА ЗАКО́Н,

закон, які характарызуе цеплавое дзеянне эл. току. Паводле Дж.—Л.з. колькасць цеплыні Q, што выдзяляецца на ўчастку эл. ланцуга з супраціўленнем R пры працяканні па ім пастаяннага току I за час t, вызначаецца ў СІ формулай Q = I​2Rt. Устаноўлены Дж.П.Джоўлем у 1841 і эксперыментальна пацверджаны Э.Х.Ленцам у 1842. Выконваецца для асяроддзяў, у якіх праўдзіцца Ома закон; абагульняецца на выпадак пераменнага току (гл. Пойнтынга вектар).

т. 6, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ДЖУСТЫ́ЦЫЯ Э ЛІБЕРТА́»

(італьян. «Giustizia e libertā» «Справядлівасць і свабода»),

антыфашысцкі рух італьян. эмігрантаў у Францыі ў 1929—40. Паліт. праграма руху (распрацавана ў 1931) прадугледжвала барацьбу за ўстанаўленне рэспублікі, нацыяналізацыю прам-сці, адм. рэформу і аўтаномію абласцей, аддзяленне царквы ад дзяржавы і інш. Меў кантакты з італьян. камуністамі. Лідэры: К.​Раселі, Э.​Лусу, А.​Тарк’яні, А.​Чанка і інш. Пасля акупацыі б. ч. Францыі ням.-фаш. войскамі (1940) рух распаўся.

т. 6, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖЫ́НА (Мухамед Алі) (25.12.1876, г. Карачы, Пакістан — 11.9.1948),

палітычны і дзярж. дзеяч Індыі і Пакістана. У 1892—96 вучыўся ў Англіі. Адвакат. Чл. Індыйскага нацыянальнага кангрэса (з 1906) і Мусульманскай лігі (у 1913, 1916, 1920 і з 1934 яе лідэр). З 1940 ініцыятар і кіраўнік руху за стварэнне ў мусульманскай частцы Індыі асобнай дзяржавы Пакістан. У 1947—48 1-ы ген.-губернатар Пакістана. Ушаноўваецца ў гэтай дзяржаве як яе стваральнік.

т. 6, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗМІ́ТРЫЕЎ (Барыс Міхайлавіч) (11.6.1924, Масква —23.2.1944),

удзельнік партыз. руху ў Магілёўскай вобл. ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў спец. школу падрыўнікоў-мінёраў (1942). 3 чэрв. 1942 у партызанах у Асіповіцкім р-не. Удзельнічаў у падрыве 18 варожых эшалонаў. 23.2.1944 у баі за апорны пункт партызан у в. Каменічы замяніў загінуўшага камандзіра групы, паранены, працягваў бой. Калі скончыліся патроны, гранатай падарваў сябе і ворагаў, што наблізіліся да яго.

т. 6, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯМ’Я́НКІ,

вёска ў Добрушскім р-не Гомельскай вобл., каля р. Іпуць. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 22 км на ПнУ ад Добруша, 50 км ад Гомеля, 10 км ад чыг. ст. Злынка. 1134 ж., 380 двароў (1997). Сярэдняя школа, дапаможная спец. школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя. аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік архітэктуры — сядзібны дом (19 ст.). Каля вёскі група археал. помнікаў Дзям’янкі.

т. 6, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)