БЕЛАРУ́СКАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ СТУДЭ́НТАЎ (БАС),

бел. грамадская арганізацыя студэнтаў у Польшчы, якая займаецца грамадска-культ., асв., выдавецкай, турысцкай дзейнасцю. Засн.ў 1-й пал. 1981 па ініцыятыве бел. студэнтаў Варшавы і Беластока. У снеж. 1981 з увядзеннем ваен. становішча ў Польшчы дзейнасць БАС спынена. У 1982 працавала нелегальна. З 1983 бел. студэнты дзейнічалі легальна ў рамках Рады культуры пры Цэнтр. радзе культуры т-ва польскіх студэнтаў у Варшаве. Адноўлена ў 1987. 1-ы з’езд адбыўся 17.12.1988 у Беластоку. Вышэйшыя кіруючыя органы — усеаг. сход і гал. рада (знаходзілася ў Варшаве, з 1991 у Беластоку). Гурткі дзейнічаюць у ВНУ Беластока, Варшавы, Гданьска, Любліна, Ольштына, адзін у ЗША. Выдавала бюлетэні «Апошнія паведамленні БАС» (№ 1—3, 1981, 1988), «Сустрэчы» (№ 1—13, 1983—90), у штотыднёвіку «Ніва» штомесячна змяшчае старонку «Прысутнасць». З 1991 БАС — член-заснавальнік Рады бел. арг-цый у Польшчы. З 1988 БАС узначальвалі Я.​Вапа, У.​Пац, Б.​Кучынская (з 1991).

Л.​У.​Языковіч.

т. 2, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ГЛУХІ́Х,

грамадская арг-цыя. Засн. Ў 1931. Цэнтр. праўленне ў Мінску. Прымае асоб з парушэннямі слыху ва ўзросце ад 16 гадоў. У складзе т-ва 6 абл., 10 міжраённых, больш за 240 пярвічных арг-цый (1995). Мае 10 навуч.-вытв. прадпрыемстваў (у Бабруйску, Баранавічах, Барысаве, Брэсце, Віцебску, Гомелі, Гродне, Магілёве, Мінску, Оршы), Палац культуры ў Мінску, спарт. комплекс (у Гомелі), санаторый-прафілакторый «Азёрны» (на беразе Заслаўскага вадасховішча), клубы, б-кі, дамы культуры (у Віцебску, Гомелі, Гродне).

На Беларусі створаны дашкольныя ўстановы для дзяцей глухіх і са слабым слыхам (у Мінску, Бабруйску, Гомелі, Мазыры), спецшколы-інтэрнаты для дзяцей са слабым слыхам (Бабруйск, Віцебск, Гарадзея, Кобрын, Мінск, Поразава, Рэчыца), спецшколы-інтэрнаты для глухіх дзяцей (Ашмяны, Верхнядзвінск, Ждановічы, Мінск, Мсціслаў, Пінск, Рэчыца), аддзяленні па навучанні глухіх пры Гомельскім машынабуд. тэхнікуме і Мінскім медвучылішчы № 2 (рыхтуе зубных тэхнікаў); дзейнічаюць каля 30 спец. класаў пры агульнаадук. школах, 3 вячэрнія (пазменныя) школы для дарослых глухіх (у Віцебску, Гомелі, Мінску). Т-ва — член Сусв. федэрацыі глухіх.

т. 2, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧАЯ АКАДЭ́МІЯ (БСГА). Засн. паводле ўказа Сената ад 24.4.1836, адкрыта ў 1840 у маёнтку Горы-Горкі (каля Горак Магілёўскай губ.) пад наз. Горы-Горацкая земляробчая школа, з 1848 — Горы-Горацкі земляробчы інстытут. У 1925 да яго далучаны Бел. ін-т сельскай і лясной гаспадаркі (засн. ў Мінску ў 1922) і створана Бел. с.-г. акадэмія. У 1931 акадэмія падзелена на 11 галіновых ін-таў. У 1933 яны зноў аб’яднаны ў адну ВНУ — Беларускі с.-г. ін-т (у Горках). У 1948 перайменаваны ў БСГА. У 1994/95 навуч. г. ф-ты: агранамічны, зоаінжынерны, землеўпарадкавання, механізацыі сельскай гаспадаркі, меліярацыі і воднай гаспадаркі, эканамічны, бухгалтарскага ўліку, павышэння кваліфікацыі. Створаны новыя кірункі навук. даследаванняў: біятэхналогія ў раслінаводстве і жывёлагадоўлі, с.-г. экалогія. Навучанне дзённае і завочнае. Аспірантура з 1947, дактарантура з 1990. Мае н.-д. лабараторыі, выліч. цэнтр, доследную станцыю, кансультацыйныя пункты, друкарню, конна-спарт. школу.

Адзін з навучальных карпусоў Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі.

т. 2, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ДАБРАЧЫ́ННЫ ФОНД «ДЗЕ́ЦЯМ ЧАРНО́БЫЛЯ»,

незалежнае няўрадавае аб’яднанне. Створаны ў 1989 пры аргкамітэце БНФ, з 1990 самаст. арг-цыя. Ажыццяўляе доўгатэрміновыя праграмы і праекты сац.-гуманіт. кірунку (больш за 40). Пад яго апекай знаходзяцца многія мед. і дзіцячыя ўстановы Беларусі. З дапамогай фонду пабудаваны «SOS — дзіцячая вёска», рэабілітацыйны цэнтр у Мінску, дамы для перасяленцаў-чарнобыльцаў, дзіцячы хоспіс, цэх экалагічна чыстага харчавання, у Мінску будуецца правасл. храм «Усіх самотных радасці». На аздараўленне ў замежныя краіны накіравана больш за 80 тыс. дзяцей-чарнобыльцаў і 540 — на лячэнне і рэабілітацыю. У клініках зах. краін прайшлі стажыроўку каля 200 медработнікаў. На Беларусь з-за мяжы пастаўлена 6,5 тыс. т гуманіт. грузаў (больш як на 140 млн. ням. марак). Аказана дапамога 240 тыс. ліквідатараў, перасяленцаў, інвалідаў, мнагадзетным і маламаёмным сем’ям. Мае аддзяленні і групы падтрымкі ў 76 раёнах і гарадах Беларусі, супрацоўнічае з 386 замежнымі арг-цыямі. Праводзіць міжнар. кангрэсы «Свет пасля Чарнобыля» (1992, 1994, 1996). Заснавальнік Міжнар. асацыяцыі гуманіт. супрацоўніцтва, час. «Demos» на рус. і ням. мовах.

т. 2, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФО́Н (Athōs),

Аян-Орас (грэч. Святая гара), манастырскі комплекс у Грэцыі, на п-ве Халкідыкі. Склаўся ў 10—11 ст. на месцы стараж.-грэч. калоніі. Засн. ў 962 грэкам Афанасіем (лаўра). У наступныя стагоддзі — буйны цэнтр правасл. царквы. З 1430 да 1913 анклаў у Турцыі, потым у складзе Грэцыі. Уключае 20 манастыроў, размешчаных у скалах. У цэнтры Афона — манастыр Прататон (засн. ў 10 ст.) з базілікай (фрэскі М.​Панселіна, 14 ст.). Манастырам характэрныя купальныя трыконхавыя цэрквы з вял. прытворам, часам упрыгожаныя фрэскамі і мазаікамі (неаднаразова перабудоўваліся і абнаўляліся): Лаўра (962—963), Моні-Івірон (980), Філатэос (12 ст.), Аяс-Паўлас (11—14 ст.). У комплекс уваходзяць таксама манастыры сербскі Хіландар, рус. св. Панцеляймона (абодва 12 ст.), балг. Заграфа (11—13 ст.) і інш. У манастырах багатыя калекцыі візант. рукапісаў, абразоў, прадметаў дэкар.-прыкладнога мастацтва.

Літ.:

Chreston P. Athos: History, monuments, life. Thessaloniki, 1970.

Да арт. Афон. Комплекс манастыроў.
Да арт. Афон. Абраз з манастыра Заграфа.

т. 2, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЦЯПЛЕ́ННЕ,

сістэма для абагравання памяшканняў у халодны перыяд года з мэтай кампенсацыі страт цяпла і падтрымання т-ры на пэўным зададзеным узроўні. Складаецца з крыніцы цяпла, цеплаправодаў і ацяпляльных прылад. Бывае мясцовае (пячное ацяпленне, электрычнае ацяпленне, газавае ацяпленне і інш.) і цэнтральнае (вадзяное ацяпленне, паравое ацяпленне, паветранае ацяпленне, панэльнае ацяпленне, прамянёвае ацяпленне і інш.). Пры мясцовым ацяпленні крыніцы цяпла знаходзяцца ў памяшканнях, якія ацяпляюць; пры цэнтральным у памяшканні размяшчаюць ацяпляльныя прылады, а цепланосьбіты падаюцца з цэнтр. крыніцы (напр., цеплаэлектрацэнтралі). Цэнтральнае ацяпленне бывае і ў аднакватэрным доме (вадагрэйны кацёл размяшчаюць у дапаможным памяшканні або на кухні). Цеплавая магутнасць установак разлічваецца залежна ад прызначэння памяшкання і сярэдняй вонкавай т-ры самай халоднай пяцідзёнкі ў пэўнай мясцовасці (для Мінска -22 °C). Жылыя памяшканні павінны мець т-ру 18 °C, глядзельныя залы — 16 °C і інш. У вытв. памяшканнях прамысл. прадпрыемстваў пры пастаянным цеплавыдзяленні ад тэхнал. абсталявання магутнасць ацяпляльнай устаноўкі адпаведна зменшана. Гл. таксама Цеплазабеспячэнне.

В.​Р.​Баштавы.

т. 2, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АШМЯ́НСКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 16—20 ст. Цэнтрг. Ашмяны. У часы ВКЛ у складзе Віленскага ваяводства. У 16—17 ст. неаднаразова быў тэатрам ваен. дзеянняў. Земскія і гродскія суды Ашмянскага павета знаходзіліся ў Ашмянах і Мядзеле, з 1775 — у Ашмянах і Паставах. У 1791 падзелены на Ашмянски павет (з цэнтрам у Ашмянах) і Завілейскі пав. (з цэнтрам у Паставах). У выніку 2-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 усх. частка павета адышла да Рас. імперыі. З 1795 Ашмянскі павет у Віленскай губ. Складаўся з 7 валасцей (праўленні ў Ашмянах, Бакштах, Дзевянішках, Крэве, Лошы, Смаргоні, Трабах), у канцы 19 — пач. 20 ст. з 23 валасцей, тэр. 6196,5 кв. вёрст, нас. 233 559 чал. З кастр. 1920 Ашмянскі павет у складзе Сярэдняй Літвы, з сак. 1922 да вер. 1939 у Віленскім ваяв. Польшчы. У 1931 тэр. 2352 км², нас. 101 542 чал. У 1940 на яго тэр. ўтвораны Ашмянскі, Астравецкі і Смаргонскі р-ны БССР.

А.​Р.​Каранеўскі.

т. 2, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЯВА (Iowa),

штат у цэнтральнай частцы ЗША. Пл. 145,75 тыс. км². Нас. 2814 тыс. чал. (1993), гарадскога каля 60%. Адм. цэнтрДэ-Мойн. Буйныя гарады Сідар-Рапідс і Давенпарт. Паверхня — узгорыстая раўніна сярэдняй выш. 400—500 м са слядамі зледзянення. Клімат цёплы, умерана кантынентальны. Сярэднія т-ры студз. ад -10 да -6 °C, ліп. 23 °C, ападкаў 700—890 мм за год. Гал. рэкі Місісіпі з прытокамі Сідар, Аява, Дэ-Мойн і Місуры. Пераважаюць прэрыі з урадлівымі глебамі, пад лесам каля 7% тэрыторыі. Вядучы сектар эканомікі — апрацоўчая прам-сць: вытв-сць с.-г. Машын, халадзільнага абсталявання, электроннай тэхнікі, быт. электрапрылад, аўтапрылад, мінер. угнаенняў, хім. і дрэваапр. прадпрыемствы і інш. Здабыча буд. каменю, цэментнай сыравіны, пяску і жвіру. Аява — адзін з гал. штатаў па вытв-сці с.-г. прадукцыі. Вырошчваюць кукурузу на зерне і сілас, сою, авёс, сеяныя травы. Гадуюць свіней, авечак, хатнюю птушку. Адкорм буйн. раг. жывёлы. Развітая сетка шляхоў зносін. Суднаходства па рэках Місісіпі і Місуры. Турызм.

М.​С.​Вайтовіч.

т. 2, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛЕА́РСКІЯ АСТРАВЫ́ (Baleares),

аўтаномная вобласць Іспаніі на аднайм. астравах у зах. ч. Міжземнага м., за 200 км на У ад Пірэнейскага п-ва. Складаецца з двух вял. астравоў — Мальёрка і Менорка — і архіпелага Пітыузскіх астравоў. Пл. 5 тыс. км². Нас. 709 тыс. чал. (1991), пераважна каталонцы. Адм. ц. і гал. порт — г. Пальма.

У рэльефе пераважаюць нізінныя, узгорыстыя і платопадобныя паверхні, на в-ве Мальёрка горны хрыбет выш. да 1445 м. Развіты карст. Клімат міжземнаморскі, з гарачым сухім летам і вільготнай зімой; ападкаў 400—600 мм за год. Гаі каменнага дубу, алепскай хвоі, зараснікі калючых хмызнякоў (маквіс, гарыга). Пераважае субтрапічная сельская гаспадарка на арашальных землях (вінаграднікі, цытрусавыя, аліўкі, агароднінныя культуры). Жывёлагадоўля. Рыбалоўства. Буйны цэнтр марскіх курортаў і міжнар. турызму. У гарадах тэкст., гарбарна-абутковыя, харч. (у т. л. вінаробныя), суднабуд., шкларобныя, дрэваапр. прадпрыемствы. Вытв-сць дываноў. Аэрапорты каля гарадоў Пальма, Маон, Івіса. Аўтамаб. паромы злучаюць Балеарскія астравы з партамі Іспаніі, Францыі і Італіі.

т. 2, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БАЛЕ́Т XX СТАГО́ДДЗЯ»

(Ballet du XX​e siècle),

бельгійская харэаграфічная трупа. Створана ў 1960 у Бруселі М.Бежарам (кіраўнік да 1987). Выступае ў «Тэатры дэ ла Манэ», Каралеўскім цырку і на адкрытых арэнах, гастраліруе за мяжой. Адна з найб. вядомых труп, якая прапагандуе новыя формы харэагр. відовішча. У рэпертуары пераважна пастаноўкі Бежара. Ставіць класічныя балеты («Балеро» на муз. М.​Равеля, «Жар-птушка», «Вясна свяшчэнная» і «Пятрушка» І.​Стравінскага), спектаклі з выкарыстаннем сімф. і зборнай музыкі, розных формаў танц. і інш. пластыкі, часам са слоўным тэкстам для раскрыцця пэўных сац. ці сучасных псіхал. праблем. Сярод іх: «Дзевятая сімфонія» на муз. Л.​Бетховена, «У гонар Вагнера» на яго ж музыку, «Рамэо і Джульета» на муз. Г.​Берліёза, «Наш Фауст» на муз. І.​С.​Баха, «Прывід ружы» на муз. К.​М.​Вебера, «Ніжынскі, клоун божы» на зборную музыку і інш. З трупай выступалі М.​Плісецкая («Балеро»), К.​Максімава і У.​Васільеў («Рамэо і Джульета», «Пятрушка»). Пры трупе дзейнічаюць школа і Еўрап. цэнтр удасканалення і даследаванняў («Мудра»).

т. 2, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)