МАГНІТАДЫЭЛЕ́КТРЫКІ,

кампазіты ферамагнітнага метал. парашку (пермалой, алсіфер і інш.) з дыэлектрычным сувязным (смала, полістырол, гума, вадкае шкло і інш.). Атрымліваюць прасаваннем пры высокай т-ры. Маюць высокае ўдзельнае эл. супраціўленне і нізкія страты на віхравыя токі. Выкарыстоўваюцца ў ВЧ тэхніцы для вырабу магнітаправодаў, асяродкаў шпуль індукцыйнасці, дроселяў і інш. Гл. таксама Магнітныя матэрыялы.

т. 9, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЛЕРА ПРАБЛЕ́МА матэматычная гіпотэза ў тэорыі лікаў аб сапраўдным парадку меры трансцэндэнтнасці амаль усіх лікаў. Прапанавана ў 1932 ням. матэматыкам К.​Малерам у сувязі з класіфікацыяй сапраўдных і камплексных лікаў; вырашана У.Г.Спрынджуком, які распрацаваў для яе прынцыпова новы метад — метад істотных і неістотных абласцей. Рашэнне М.п. спрыяла развіццю метрычнай тэорыі дыяфантавых набліжэнняў.

т. 10, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖЗЕМНАМО́РСКІ КЛІ́МАТ,

тып умерана цёплага субтрапічнага клімату з гарачым летам і халаднаватай дажджлівай зімою. Уласцівасці яго абумоўлены перавагай летніх субтрапічных антыцыклонаў і інтэнсіўнай цыкланічнай дзейнасцю ў халоднае паўгоддзе. Т-ра паветра летам 20—25 °C, зімою 5—10 °C, ападкаў 400—600 мм за год, асобныя раёны паўзасушлівыя. М.к. тыповы для ўзбярэжжа Міжземнага мора.

т. 10, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НДЭЛЬСКАЕ ЗЛЕДЗЯНЕ́ННЕ, міндэль (назва ад р. Міндэль, прытока Дуная, на тэр. Германіі),

раннеплейстацэнавае зледзяненне ў Альпах. Уключае 2 зледзяненні. Тэрмін М.з. пашыраны і для скандынаўскага зледзянення. На тэр. Зах. і Сярэдняй Еўропы адпавядае англійскаму і эльстэрскаму, Польшчы — санскаму, Расіі — окскаму, Паўд. Амерыкі — канзаскаму зледзяненням, на тэр. Беларусі — бярэзінскаму зледзяненню.

А.​Ф.​Санько.

т. 10, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НІЧЫ,

вадасховішча ў Ляхавіцкім р-не Брэсцкай вобл., каля в. Мінічы. Створана на р. Шчара ў 1985. Пл. 5,4 км², даўж. 7 км, найб. шыр. 1 км, найб. глыб. 5 м, аб’ём вады 7,5 млн. м³. Ваганні ўзроўню вады на працягу года да 2 м. Выкарыстоўваецца для водазабеспячэння г. Баранавічы, рыбагадоўлі, адпачынку.

т. 10, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ЗАВО́Д АБЛІЦО́ВАЧНЫХ ПЛІТ З НАТУРА́ЛЬНАГА КА́МЕНЮ.

Створаны ў 1976 у Мінску. З 1991 арэнднае прадпрыемства. Асн. прадукцыя (1999): гранітныя, мармуровыя, вапняковыя пліты для абліцоўкі знешніх бакоў сцен будынкаў, надмагільныя пліты, падлогавыя пліты і падаконнікі з натуральнага каменю, гранітная і мазаічная плітка. Вырабляе элементы гар. добраўпарадкавання з бетону: тратуарныя і дарожныя барты, тратуарную плітку.

т. 10, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАТУРАЛІЗА́ЦЫЯ (франц. naturalisation ад лац. naturalis прыродны, сапраўдны, законны) у біялогіі, поўнае ўжыванне новага для дадзенага біяцэнозу віду; выпрацоўка або замяшчэнне ім экалагічнай нішы ў згуртаванні. Суправаджаецца ўзнікненнем новых адаптацый, абумоўлена мяжой нормы рэакцыі арганізма. Генет. структура папуляцыі або віду пры гэтым не змяняецца. Звязана з акліматызацыяй і інтрадукцыяй.

Р.​Г.​Заяц.

т. 11, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕРЫ́ТАВАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

мелкаводная прыбярэжная ч. мора. Размешчана пераважна ў межах шэльфа ад узроўню макс. адліву да верхняй мяжы мацерыковага схілу (200—400 м). Для Н.в. характэрны вял. рухомасць вады, зменлівасць т-ры, значнае пранікненне сонечнага святла, вял. колькасць кіслароду, разнастайнасць флоры і фауны. У межах Н.в. намнажаюцца пераважна абломкавыя ўтварэнні (гл. Нерытавыя адклады).

т. 11, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІТРАЭМА́ЛІ, нітрафарбы,

эмалевыя фарбы на аснове нітралакаў. Утвараюць дэкар. пакрыцці (напр., «малатковыя», з люстраным бляскам). Наносяць на слой алкіднай ці фенола-алейнай грунтоўкі (гл. Лакафарбавыя пакрыцці), пры пнеўматычным распыленні высыхаюць за 15—30 мін (пры пакаёвай т-ры). Выкарыстоўваюць для афарбоўкі металу (аўтамабілі, прыборы, станкі), дрэва (кухонная і мед. мэбля), тканіны і скуры.

т. 11, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВУЦІ́ННЫЯ ЗАЛО́ЗЫ,

органы некаторых павукападобных, якія выдзяляюць павуціну. Размешчаны ў галавагрудзях (несапраўдныя скарпіёны), педыпальпах (павуцінныя кляшчы), брушку (павукі). Кожны тып П.з. выпрацоўвае асобы сорт павуціны (для яйцавых коканаў, лоўчай сеткі і інш.). Прадукцыйнасць П.з. павукоў адносна высокая, напр., ад крыжавіка можна атрымаць адразу да 500 м ніткі, за некалькі дзён — да 1000 м.

т. 11, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)