угнаенні, якія маюць 2—3 пажыўныя элементы, найб. неабходныя для раслін (азот і фосфар, азот і калій, фосфар і калій ці 3 элементы разам). У састаў К.ў. часам уключаюць і мікраэлементы (бор, марганец, медзь і інш.). У асн. К.ў. — высокаканцэнтраваныя ўгнаенні, якія выкарыстоўваюць пад усе с.-г. культуры.
К.ў. падзяляюць на складаныя, змяшаныя і складаназмяшаныя. Складаныя К.ў. — асобныя солі, абодва іоны якіх маюць пажыўны элемент (напр., фасфаты амонію; гл.Амафос, Дыамафос), ці ўгнаенні, атрыманыя сумеснай крышталізацыяй ці сплаўленнем некалькіх солей (напр., нітрафос, нітрафоска). Асн. сыравіна для вытв-сці складаных К.ў. — газападобны і вадкі сінт. аміяк, чыстыя фосфарная і азотная к-ты, хларыд калію, сінт. мачавіна. Змяшаныя К.ў. — мех. сумесь грануляваных простых тукаў. Рыхтуюць іх непасрэдна ў гаспадарках ці на вял. складах. Складаназмяшаныя К.ў. атрымліваюць грануляваннем сумесей гатовых простых угнаенняў пасля іх хім. апрацоўкі фосфарнай ці сернай к-тамі і аміякатамі.
На Беларусі складаныя (амафос, аманізаваны суперфасфат) і складаназмяшаныя К.ў. (азотнафосфарна-калійныя) з рознымі суадносінамі пажыўных рэчываў вырабляюць на Гомельскім хімічным заводзе. Гл. таксама Вадкія ўгнаенні, Мінеральныя ўгнаенні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЛЕ́ЖА ((Krleža) Міраслаў) (7.7.1893, г. Заграб, Харватыя — 29.12.1981),
харвацкі пісьменнік, публіцыст. Скончыў ваен. акадэмію ў Будапешце. З 1947 віцэ-прэзідэнт Паўднёваславянскай акадэміі навук і мастацтваў (г. Заграб). Друкаваўся з 1914. Праблемы светабудовы, веры, мастацтва ў сімволіка-алегарычных легендах «Маскарад», «Легенда» (абедзве 1914), «Кралева» (1915), «Крыстафор Калумб» (1918), «Мікеланджэла Буанароці» (1919). Услаўленне зямнога быцця ў паэмах «Пан» і «Тры сімфоніі» (абедзве 1917). Зб-кі «Вершы» (т. 1—3, 1918—19), «Лірыка» (1919), цыклы антымілітарысцкіх навел «Харвацкі бог Марс» (1922), «Тысяча і адна смерць» (1933), драма «Галіцыя» (1922) прысвечаны падзеям 1-й сусв. вайны. Сац., духоўная і псіхал. біяграфія некалькіх пакаленняў харватаў у раманах «Вяртанне Філіпа Лацінавіча» (1932), «На мяжы розуму» (1938), «Банкет у Блітве» (т. 1—3, 1938—62), «Сцягі» (т. 1—5, 1962—69), «Дзённік» (т. 1—5, 1977). Аўтар цыкла сямейна-быт. драм «Паны Глямбаевы» (1928—32), стылізаваных пад старадаўнюю паэзію «Балад Петрыцы Керампуха» (1936), артыкулаў, эсэ, мемуараў, дарожных нататак. Гал. рэдактар «Энцыклапедыі Югаславіі».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУГЛЯ́НСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з ліп. 1941 да снеж. 1943 у Круглянскім р-не Магілёўскай вобл. Кіраўнікі: П.І.Аляксееў, Я.В.Бендзік, М.З.Казлоў, М.С.Радзько, Л.Н.Ракушаў, С.М.Сухоцкі і інш.Падп. групы (больш за 70 чал.) дзейнічалі ў г.п. Круглае, вёсках Ліхінічы, Пасырава, Радча, Ражкі, Слабодка і інш. У канцы студз. 1942 групы аб’ядналіся ў адзіную круглянскую «Арганізацыю барацьбітоў за вызваленне Радзімы» («АБЗВР»). Падпольшчыкі падтрымлівалі сувязь з партыз. брыгадамі 8-й Круглянскай, «Чэкіст», магілёўскім патрыят. падполлем і падпольшчыкамі суседніх раёнаў; распаўсюджвалі сярод насельніцтва лістоўкі, зводкі Саўінфармбюро, здабывалі для партызан зброю, харчаванне, медыкаменты. звесткі пра ўмацаванні, перадыслакацыю і ўзбраенне ворага, падрыхтоўку акупантаў да карных аперацый. У 1942 у Круглым падпольшчыкі спалілі друкарню, ільнозавод, склад нарыхтаваных для адпраўкі ў Германію збожжа і сена, у 1943 — бензасклад у Круглым, маслазавод у в. Слабодка. Пад уплывам іх агітацыі рабочыя Круглянскага льнозавода псавалі абсталяванне, затрымлівалі зборку машын, сяляне зрывалі пастаўкі харч. прадуктаў для акупац. арміі, салдаты варожага «казацкага батальёна» перайшлі да партызан. Пасля арыштаў уцалелыя падпольшчыкі пайшлі ў партызаны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́ЗІС (ад грэч. krisis рашэнне, пераломны момант, зыход),
рэзкі, круты пералом у чым-небудзь; цяжкі, пераходны стан у працэсе дыялект. развіцця прыродных і грамадскіх з’яў. У выніку яго развіццё ўступае ў наступную стадыю і працягваецца далей на якасна іншым узроўні. У залежнасці ад маштабаў і характару К. падзяляюцца на частковыя, сістэмныя, агульныя, усеагульныя; прыродныя, псіхал., духоўныя, мед., грамадскія і інш. Грамадскія К. ахопліваюць розныя галіны грамадскага жыцця або гіст. тыпы грамадства (фармацыі, цывілізацыі), ім папярэднічаюць абвастрэнне грамадскіх супярэчнасцей (паміж сац. групамі, класамі, паліт. групоўкамі і г.д.), сац. дэфармацыі, нарастанне цяжкасцей у розных сферах жыццядзейнасці людзей. Найб. цяжкім вынікам крызісных з’яў 1-й пал. 20 ст. сталі 1-я і 2-я сусв. войны. Сусветныя маштабы і значныя сац.-эканам. наступствы меў эканам. К. 1929—33. У канцы 1980—90-х г. крызісныя з’явы ахапілі розныя сферы сац.-эканам. і паліт. жыцця шэрагу краін Усх. Еўропы, Д. Усходу, Пад. Азіі і інш.Гл. таксама Крызіс палітычны, Крызісы ўзроставыя, Крызіс эканамічны, Крызіс экалагічны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́ЧАЎСКІЯ ГАРАДСКІ́Я ЎМАЦАВА́ННІ.
Існавалі ў 14—18 ст. у сярэдневяковым г.Крычаў. Узніклі вакол гандлёва-рамеснага паселішча, т.зв. «Зубялышынскага пасада», уключалі вал і драўляныя збудаванні. З У пасад засцерагалі воды і высокі правы бераг р. Сож, з ПдЗ — забалочаны роў і ручай. Пазней на ручаі зроблена запруда з вял. ставам і млыном. Існавала некалькі брам, адна з якіх служыла выхадам з пасада на плаціну і да Крычаўскага замка. У пач. 16 ст. «Зубялышынскі пасад» перамясціўся за забалочаны роў, на паўд.-зах. частку плато перад замкам, дзе працягваўся рост сярэдневяковага Крычава. У 16 ст. і гэта частка горада абнесена земляным валам і драўлянымі сценамі. З Пн да яго прымыкалі крутыя схілы прыроднага яра і млынавы стаў на р. Крычаўка. Уезд і выезд з горада быў праз Мсціслаўскую і Магілёўскую брамы. У 17 ст. ўмацаванні часткова разбураны рус. войскамі (1633) і паўстанцамі-сялянамі (1648 і 1651) у час Антыфеадальнай вайны 1648—51, у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 поўнасцю разбураны. Пазней яны адноўлены і ўпамінаюцца ў дакументах пад назвай «астрог». Пасля Паўночнай вайны 1700—21 канчаткова разбураны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭДЫ́ТНЫЯ СА́НКЦЫІ,
меры ўздзеяння, накіраваныя на частковае або поўнае спыненне (забарону) крэдытных узаемаадносін. Існуюць розныя віды К.с.: перавод на асаблівы рэжым крэдытавання, датэрміновае спагнанне выдадзеных пазык, спагнанне ў бясспрэчным парадку пратэрмінаваных плацяжоў, часовае спыненне крэдытавання. Ужываюцца часцей да дзяржавы (яго юрыд. або фіз. асоб) пры парушэнні ёй сваіх абавязацельстваў і норм міжнар. права, а часам і з мэтай парушэння яе эканам. развіцця і прымусу да выканання якіх-н. патрабаванняў, у т. л. і палітычных. Напр., Міжнар. валютны фонд уплывае на эканам. курс той ці інш. дзяржавы на аснове прадастаўлення крэдытаў (больш выгадных, чым камерцыйныя) у абмен на строга пэўны курс у правядзенні эканам. рэформаўтварэння. Паміж урадам і фондам падпісваецца дакумент («Пісьмо аб намерах»), у якім выразна выкладзены ўсе будучыя эканам. меры. Пад іх даюцца крэдыты, крэдытаванне вядзецца па частках і спыняецца, калі ўрад адхіліцца ад прынятага курсу рэформ. Такі падыход нельга лічыць дыскрымінацыйным, калі ён не ўшчамляе нац. інтарэсы краіны-пазычальніка і не мае на мэце паліт. інтарэсаў. Гл. таксама Крэдытная блакада, Крэдытная дыскрымінацыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭ́КІНГ (англ. cracking ад crack расшчапляць),
перапрацоўка нафты і яе фракцый для атрымання маторнага паліва, змазачных маслаў, сыравіны для хім. і нафтахім. прам-сці. Асн. віды К.: тэрмічны і каталітычны.
Тэрмічны К. ажыццяўляецца пад уздзеяннем высокай т-ры (450—550 °C) і ціску 4—6 МПа; атрымліваюць бензінавыя і газойлевыя фракцыі, высокаараматызаваную нафтавую сыравіну для вытв-сці тэхн. вугляроду (сажы), α-алефінаў. Каталітычны К. ажыццяўляюць пры адначасовым уздзеянні высокай т-ры (450—500 °C), ціску да 0,4 МПа і ў прысутнасці каталізатара (алюмасілікатаў); атрымліваюць базавыя кампаненты высокаактанавых бензінаў, газойлі, вуглевадародныя газы. Для перапрацоўкі нафты з вял. колькасцю сярністых і смалістых рэчываў выкарыстоўваюць каталітычны К. пры 330—450 °C, ціску вадароду 5—30 МПа (т.зв.гідракрэкінг); атрымліваюць бензінавыя фракцыі, рэактыўнае і дызельнае паліва, нафтавыя маслы, вуглевадародныя газы і інш. Выкарыстоўваюць таксама электракрэкінг, які ідзе пры 1000—1300 °C, ціску 0,14 МПа (атрымліваюць этылен і ацэтылен дзеяннем ал. разраду ў метане); акісляльны піроліз (К. у прысутнасці кіслароду) і інш.
Літ.:
Технология переработки нефти и газа. Ч. 2. 3 изд. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУК ((Cook) Джэймс) (27.10.1728, Мартан, каля г. Мідлсбра, Вялікабрытанія — 14.2.1779),
англійскі мараплавец.
Узначаліў 3 кругасветныя плаванні. У час першай экспедыцыі (1768—71) на караблі «Індэвар» прыбыў на в-аў Таіці, нанёс на карту а-вы Таварыства, даследаваў Новую Зеландыю і праліў паміж Паўночным і Паўднёвым яе а-вамі, адкрыў Вял. Бар’ерны рыф і ўсх. ўзбярэжжа Аўстраліі, якое пад назвай Новы Паўд. Уэльс абвясціў брыт. уладаннем. У час другога плавання (1772—75) на караблі «Рэзальюшэн» у пошуках Паўд. мацерыка дасягнуў шыр. 71°10′, адкрыў і даследаваў а-вы Новая Каледонія, Паўд. Сандвічавы, Паўд. Георгія і інш. У час трэцяй экспедыцыі (1776—79) на караблях «Рэзальюшэн» і «Дыскаверы» даследаваў берагі Канады, Аляскі і Камчаткі, адкрыў Гавайскія а-вы, дзе быў забіты ў сутычцы з мясц. насельніцтвам. Яго імем названа больш за 20 геагр. аб’ектаў, у т. л. гара на в-ве Паўднёвым у Новай Зеландыі (гл.Кука гара), праліў паміж Паўночным і Паўднёвым а-вамі Новай Зеландыі (гл.Кука праліў), 2 групы астравоў у Ціхім ак. (гл.Кука астравы), заліў каля берагоў Аляскі (гл.Кука заліў) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУМЕ́ЛЬСКІ (Уладзімір Уладзіміравіч) (1884, г. Томск, Расія — 19.4.1939),
рускі акцёр і рэжысёр; заснавальнік рус.т-ра на Беларусі. Засл. арт. Беларусі (1933). Засл. дз. маст. Беларусі (1938).
Сцэн. дзейнасць пачаў у 1904 акцёрам у правінцыі, з 1910 антрэпрэнёр, у 1916—19 працаваў у т-рах Масквы, Яраслаўля. У 1923—27 трупа пад яго кіраўніцтвам гастраліравала на Украіне і Беларусі. У 1928 арганізаваў рус.т-р у Бабруйску (Дэпо-тэатр). Заснавальнік, кіраўнік (1932—36) і акцёр Дзяржаўнага рускага драм.т-ра Беларусі. Артыст шырокага творчага дыяпазону, пераканаўчай маст. праўды, моцнага тэмпераменту, майстар пераўвасаблення. Сярод лепшых роляў: Булычоў («Ягор Булычоў і іншыя» М.Горкага), Гараднічы («Рэвізор» М.Гогаля), Крачынскі («Вяселле Крачынскага» А.Сухаво-Кабыліна), Тарцюф («Тарцюф» Мальера), Гай («Мой сябар» М.Пагодзіна), Вяршынін («Браняпоезд 14-69» У.Іванава), Скутарэўскі («Скутарэўскі» Л.Лявонава), Мамлак («Прафесар Мамлак» Ф.Вольфа). Яго пастаноўкам уласцівы тонкі маст. густ, дакладнае пачуццё стылю аўтара. Найб. значныя: «Мой сябар» і «Ягор Булычоў і іншыя», «Скутарэўскі», «Тарцюф», «Прафесар Мамлак», «Дзядзька Ваня» А.Чэхава, «Шалёныя грошы» А.Астроўскага.
І.Я.Ліснеўскі.
У.У.Кумельскі.У.Кумельскі (у цэнтры) у ролі Крачынскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЭМПО́ (яп., літар. вучэнне кулака, праведны закон кулака),
сістэма баявых і спартыўных адзінаборстваў, псіхафізічны культурны комплекс, рэлігійна-філасофскае вучэнне. Паходзіць з Індыі (больш за 5 тыс. гадоў назад), развіццё атрымала ў Кітаі (з 1 ст.) пад уплывам будызму і інш. рэлігій. Сучаснае К. развіваецца з канца 1940-х г. (Японія). Сусв. арганізацыя К. заснавана ў 1974.
У сучасным К. 5 асн. кірункаў: самаабарона; спарт. адзінаборствы (айкідо, дзюдо, джыу-джыцу, каратэ, кунг-фу, таэквандо і інш.); мастацтва сцэнічнага бою і трукаў; прафілактыка і лячэнне розных захворванняў (напр., кіт. сістэма тайцзі-цюань); разнавіднасць рэліг. практыкі (напр., яп. сёрындзі-кэмпо, кар. хварандо). Мае 4 раздзелы тэхн. норм: кіхон, ката, кумітэ і сівары. Баявое К. ўтрымлівае больш за 600 тэхн. прыёмаў, уключае 3 катэгорыі: гохо — жорсткая тэхніка ўдараў рукамі і нагамі, блакіроўкі; джухо — мяккая тэхніка выпадаў, кідкоў, заломаў; сейхо — тэхніка нарошчвання фіз. патэнцыялу, самаабарона з падручнымі сродкамі. Практыканты падзяляюцца на 2 катэгорыі: кю — «малодшыя» і дан — «старэйшыя», якія ўтрымліваюць 6, 9 або 10 ступеняў і паясы (па меры ўзрастання майстэрства); белы, карычневы, чорны і чырвоны.