БЕ́ЛАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, у Чашніцкім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Свячанка, за 17 км на ПдУ ад г. Чашнікі. Пл. 0,5 км², даўж. 21 км, найб. шыр. 380 м, найб. глыб. 8,5 м, даўж. берагавой лініі 6,4 км. Пл. вадазбору 5,6 км².

Схілы катлавіны выш. 3—8 м, разараныя, часткова пад хмызняком. Берагі нізкія. Дно пясчанае і глеістае. Злучана ручаямі з воз. Чорнае і р. Свяча.

т. 2, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ ГУМАНІТА́РНАЯ ПА́РТЫЯ (БГП),

палітычная партыя, якая ставіць за мэту гуманізацыю дзяржавы і грамадства. Утворана ў 1994. Дзейнічае на прынцыпах дэмакратыі і публічнасці. Кіруючы орган паміж з’ездамі — савет партыі. Дасягненне праграмных задач бачыць ва ўдзеле ў органах дзярж. улады, выдавецкай дзейнасці, у правядзенні лекцый, мітынгаў, дэманстрацый, вулічных шэсцяў, пікетаў і інш. Для вырашэння сац. праблем лічыць неабходным выкарыстанне патэнцыялу, закладзенага у самім чалавеку, лепшых інтэлектуальных сіл народа.

А.​А.​Дзмітрук.

т. 2, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ НАВУКО́ВА-ПРАМЫСЛО́ВАЯ АСАЦЫЯ́ЦЫЯ (БНПА),

грамадскае аб’яднанне прамыслоўцаў, вучоных, спецыялістаў нар. гаспадаркі, грамадскіх дзеячаў. Створана ў 1990. Асн. мэта: забеспячэнне ўзаемавыгаднай сумеснай дзейнасці прадпрыемстваў і арг-цый — чл. асацыяцыі для вырашэння вытворча-гасп. і сац. праблем. Аб’ядноўвае больш за 170 прамысл. аб’яднанняў, прадпрыемстваў, фін. і навук. арг-цый, навуч. устаноў Беларусі, шэраг асацыіраваных калект. членаў — галіновыя асацыяцыі прадпрыемстваў, рэгіянальныя аб’яднанні прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў. Членамі-карэспандэнтамі БНПА з’яўляюцца дзесяткі замежных фірмаў.

т. 2, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛУ́ЖА,

вёска ў Беларусі, у Пухавіцкім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 15 км на ПдУ ад г. Мар’іна Горка, 78 км ад Мінска, 8 км ад чыг. ст. Талька, раз’езд на чыг. лініі Асіповічы—Мінск. 588 ж., 189 двароў (1995). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Музей і магіла Героя Сав. Саюза М.​П.​Чэпіка. Брацкая магіла сав. воінаў і партызанаў.

т. 3, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАКАНІ́ДЫ (Braconidae),

сямейства паразітычных насякомых атр. перапончатакрылых з групы наезнікаў. Больш за 20 тыс. відаў. Пашыраны на ўсіх мацерыках, пераважна ў цёплых і сухіх месцах. На Беларусі каля 20 відаў.

Даўж. 1—25 мм, цела жоўтае або карычнявата-жоўтае, з сцябліністым брушкам, у самкі з яйцакладам. Дарослыя кормяцца пераважна паддзю і нектарам раслін, самкі некаторых відаў — гемалімфай насякомых-гаспадароў. Большасць каштоўныя, некаторыя выкарыстоўваюць у біял. барацьбе са шкоднымі насякомымі.

т. 3, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́НТЫНГ ((Branting) Карл Яльмар) (23.11.1860, Стакгольм — 24.2.1925),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Швецыі. Адзін з заснавальнікаў (1889) і лідэраў с.-д. партыі Швецыі (СДПШ), 2-га Інтэрнацыянала, Бернскага інтэрнацыянала. Дэпутат рыксдага (1896—1902). Старшыня выканкома СДПШ (з 1907). Прэм’ер-міністр Швецыі ў 1920, 1921 — 23 і 1924—25. Узначаліў у Швецыі рух за далучэнне да Лігі Нацый. Вядомы вырашэннем міжнар. спрэчак па правах малых нацыянальнасцей. Нобелеўская прэмія міру 1921 (разам з К.Ланге).

т. 3, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЫГАНЦІ́НА (італьян. brigantino),

1) марское паруснае двухмачтавае судна з прамымі парусамі на пярэдняй мачце (фок-мачце) і косымі на задняй (грот-мачце). У 17—19 ст. выкарыстоўваліся ў ваен. флоце як пасыльныя і разведвальныя караблі.

2) Парусна-вёславае судна ў рус. флоце 18 ст. для перавозкі войск і грузаў. Мела 2—3 гарматы. Брыганціна меншая за брыг. У 16—18 ст. Брыганцінай наз. лёгкія быстраходныя пірацкія судны.

Брыганціна.

т. 3, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЬБА,

рака ў Віцебскім р-не, левы прыток Зах. Дзвіны. Даўж. 33 км. Пл. вадазбору 275 км². Пачынаецца за 3 км на У ад в. Паддуб’е, цячэ ў межах Віцебскага узв. Асн. прытокі: Горнаўка (злева) і Сільніца (справа). У ніжнім цячэнні на працягу 5 км цячэ ў межах Віцебска, дзе і ўпадае ў Зах. Дзвіну. Паводле Віцебскага летапісу, у сутоках Віцьбы і Зах. Дзвіны ў 974 заснаваны г. Віцебск.

т. 4, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛЬШЫЦА,

возера ў Докшыцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Сергуч (цячэ праз возера), за 40 км на У ад г. Докшыцы. На тэр. Бярэзінскага біясфернага запаведніка. Пл. 3,98 км², даўж. 3,32 км, найб. шыр. 1,9 км, найб. глыб. 2,7 м, даўж. берагавой лініі 9,75 км. Пл. вадазбору 113 км². Схілы катлавіны і берагі нізкія, забалочаныя. Дно плоскае, высланае сапрапелямі, месцамі глеямі. Празрыстасць вады да дна. Моцна зарастае.

т. 4, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКЦЯ́БРСКАЯ,

вёска ў Беларусі, у Віцебскім р-не. Цэнтр сельсавета і саўгаса «Сялюты». За 10 км на ПдУ ад Віцебска, 3 км ад чыг. ст. Забалоцінка. 1650 ж. (1994), забудавана 2—5-павярховымі дамамі (40) і катэджамі (65). 4 цэхі (кулінарны райспажыўсаюза, па вырабе аўчын, малога прадпрыемства «Палідрэў», рытуальных паслуг). Віцебскае прафес.-тэхн. вучылішча, сярэдняя школа, Дом культуры, 3 б-кі, бальніца, аддз. сувязі, Дом быту, гандл. цэнтр.

т. 1, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)