АРЫ́ЖНЯ, Пастовіцкі канал,

рака ў Беларусі, у Старадарожскім раёне Мінскай вобласці і на мяжы Асіповіцкага з Глускім раёнам Магілёўскай вобласці, правы прыток Пцічы (басейн Прыпяці). Даўжыня 24 км. Плошча вадазбору 176 км. Пачынаецца за 1,8 км на Паўднёвы Захад ад вёскі Дубное Старадарожскага раёна, цячэ па паўночнай частцы Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Рэчышча на ўсім працягу каналізаванае.

т. 2, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЫЗО́НА

(Arizona),

штат на Паўднёвым Захадзе ЗША. Мяжуе з Мексікай. Плошча 295,3 тысяч км², насельніцтва 3936 тысяч чалавек (1993). Адміністрацыйны цэнтр — горад Фінікс. Буйныя гарады Тусон, Меса. Заняты гарамі ў цэнтральнай частцы, пустыннымі плато Каларада (з каньёнамі) на Паўночным Усходзе (гара Хамфрыс-Пік 3851 метраў) і Хіла на Паўднёвым Захадзе.

Клімат субтрапічны, кантынентальны, сухі (самыя гарачыя ў ЗША пустыні). Сярэдняя тэмпература студзеня каля 0—4 °C, ліпеня 21—30 °C, ападкаў 75—380 мм за год. Рэкі Каларада, Літл-Каларада, Хіла і іншыя. У аснове эканомікі апрацоўчая і здабыўная прамысловасць, земляробства, турызм. Прамысловасць: электронная, авіякасмічная, каляровая металургія (выплаўка медзі і вытворчасць алюмінію), паліграфічная, харчовая, швейная і іншыя. Найбольшая ў ЗША здабыча медных Рудаў, значная — малібдэнавых, поліметалічных, золата. На рацэ Каларада ГЭС Боўлдэр-Дам. Земляробства на арашальных землях. Вырошчваюць бавоўнік, цукровыя буракі, ячмень, кукурузу, пшаніцу, гародніну, цытрусавыя. Гадуюць буйную рагатую жывёлу, свіней, авечак, свойскую птушку. Турызм. Транспарт аўтамабільны, чыгуначны, авіяцыйны, трубаправодны. Міжнародныя авіяпарты Фінікс, Тусон, Юма. У Арызоне нацыянальны парк Вялікі Каньён.

М.С.Вайтовіч.

т. 2, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́РЫІ,

гл. Арыйцы.

т. 2, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЫ́ЙСКАЯ РА́СА,

тэрмін у заходнееўрапейскай антрапалогіі і расазнаўстве, уведзены ў 19 стагоддзі. Абгрунтоўваў перавагу белай расы, у тым ліку існаванне «вышэйшага» расавага тыпу — бялявых арыйцаў, заснавальнікаў вялікай цывілізацыі. Памылковасць тэрміна вынікала з блытаніны паняццяў моўнай і расавай класіфікацыі. У мовазнаўстве арыйскімі называюць індаіранскія мовы, але іх носьбіты не маюць агульных фізічных уласцівасцяў і не ўтвараюць адзінай расы. Тэорыя расавай перавагі, неабходнасці захавання чысціні крыві і пануючага становішча нямецкай нацыі стала асновай ідэалогіі германскіх фашыстаў, выкарыстоўвалася імі для абгрунтавання палітыкі захопу і заняволення іншых народаў.

т. 2, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЫ́ЙЦЫ,

арыі, індаеўрапейскія плямёны, што ў 4—3-м тысячагоддзях да нашай эры насялялі стэпавую зону паўднёва-ўсходняй Еўропы (паводле іншых звестак — Поўдзень Сярэдняй Азіі і прылеглую да яго тэрыторыю Іранскага плато). Размаўлялі на мове, якая была ранняй формай санскрыту. У канцы 2-га тысячагоддзя да нашай эры. Арыйцы праніклі ў Іран і Індыю, што паводле адной з версій, прывяло да гібелі Інда даліны цывілізацыі і распаўсюджання культуры шэрай размаляванай керамікі. Арыйцы эпохі «Рыгведы» (канец 2-га — пачатак 1-га тысячагоддзя да нашай эры) яшчэ не ведалі жалеза і карысталіся меднымі прыладамі працы, посуд выраблялі ўручную. У іх існавалі культы каня, птушак і агню. Разглядаюцца як непасрэдныя продкі сучасных індаіранскіх і большасці еўрапейскіх народаў. Ад слова «арыйцы» паходзіць шэраг геаграфічных і этнічных назваў (Іран, даліна Ганга Ар’яварта і іншыя). Гл. таксама Арыйская раса.

Ж.А.Коршун.

т. 2, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЫ́К

(цюркскае),

назва штучнага самацёчнага арашальнага або абвадняльнага канала ў Сярэдняй Азіі, Казахстане, Закаўказзі, арабских краінах, Турцыі, Афганістане і інш.

т. 2, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЫ́К (Auric) Жорж

(15.2.1899, горад Ладэў, Францыя — 23.7.1983),

французскі кампазітар, музычны дзеяч. Член Інстытута Францыі (1962). У 1920-я гады ўваходзіў у «Шасцёрку». У супрацоўніцтве з С. Дзягілевым стварыў для яго трупы шэраг балетаў, у тым ліку «Матросы» (1924). З 1935 член праўлення Народнай музычнай федэрацыі. У 1962—68 генеральны дырэктар Нацыянальных оперных тэатраў. Аўтар 9 балетаў, у тым ліку «харэаграфічнай трагедыі» «Федра» (1949), твораў для аркестраў, камерна-інструментальных ансамбляў, п’ес для фартэпіяна, рамансаў, песень, музыкі для драматычнага тэатра і да кінафільмаў, у тым ліку «Свабоду нам!» (1932), «Арфей» (1950).

Літ.:

Пуленк Ф. Я и мои друзья: Пер. с фр. Л., 1977.

т. 2, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЫ́КА

(Arica),

горад на Поўначы Чылі, на Панамерыканскай шашы. Адміністрацыйны цэнтр правінцыі Арыка. 206,6 тысяч жыхароў (1993). Гандлёвы порт на Ціхім акіяне. Аэрапорт, чыгунка. Харчовая, хімічная прамысловасць, машынабудаванне (зборка аўтамабіляў, веласіпедаў). Нафтаправод з Балівіі. Рыбалоўства. Марскі курорт. Турызм. Музей.

т. 2, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЫКТАЦЭНО́З

(ад грэчаскага oryktos выкапнёвы + koinos агульны),

сукупнасць акамянелых рэшткаў выкапнёвых арганізмаў у пэўнай мясцовасці. Уключае аўтахтонныя і алахтонныя арганізмы. У арыктацэнозе захоўваецца толькі невялікая частка былых біяцэнозаў. На тэрыторыі Беларусі найбольш вывучаны Арыктацэноз ардовікскіх, сілурыйскіх, дэвонскіх, мелавых, палеагенавых, неагенавых і антрапагенавых адкладаў. Даследуе арыктацэноз палеаэкалогія.

т. 2, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЫ́Л,

абагульненая назва аднавалентных радыкалаў араматычных вуглевадародаў. Арыльную групу абазначаюць Ar. Да арылаў адносяцца феніл C6H5, таліл CH3C6H4, нафтыл C10H7 і інш.

т. 2, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)