КЛАСІФІКА́ЦЫЯ (ад лац. classis разрад, клас + facio раблю, раскладваю),
сістэма супадпарадкаваных паняццяў (класаў аб’ектаў) якой-н. галіны ведаў або дзейнасці чалавека, якая выкарыстоўваецца як сродак для ўстанаўлення сувязей паміж гэтымі паняццямі і арыентацыі ў іх разнастайнасці; разбіванне мноства (класа) аб’ектаў на падмноствы (падкласы) па вызначаных адзнаках. Адрозніваюць К. натуральныя (у якасці асновы выкарыстоўваюць істотныя адзнакі, з якіх вынікае максімум вытворных, напр., перыядычная сістэма хім. элементаў) і штучныя, або дапаможныя (выкарыстоўваюць неістотныя адзнакі, напр., алфавітна-прадметныя паказальнікі, імянныя каталогі ў бібліятэках), універсальныя, спецыяльныя, вузкага кола аднародных з’яў і інш. К. — важны сродак захавання і пошуку інфармацыі, садзейнічае руху навукі ад эмпірычнага назапашвання ведаў да тэарэт. абагульненняў, дазваляе рабіць прагнозы адносна яшчэ невядомых фактаў і заканамернасцей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛАТА́Я БУ́ЛА (лац. Bulla aurea, венг. Aranybulla),
1) адзін з важнейшых юрыд. актаў у сярэдневяковай Венгрыі. Выдадзена ў 1222 венг. каралём Андрашам II Арпадам пад націскам т.зв. каралеўскіх слуг (пазней з іх сфарміравалася сярэдняя шляхта). З.б. гарантавала ім правы, якія да гэтага мелі магнаты (бароны): вызваленне ад падаткаў, права судаводства ў камітатах, абмежаванне абавязку ваен. службы і інш.; прадстаўляла вышэйшай і сярэдняй шляхце права паўстання супраць караля ў выпадку парушэння ім булы (адменена ў 1687).
2) Пастанова, прынятая ў 1356 у «Свяшчэннай Рым. імперыі» на імперскіх сеймах у гарадах Нюрнберг і Мец, зацверджаная імператарам Карлам IV Люксембургскім у якасціасн. канстытуцыйнага акта. Рэгулявала парадак выбрання імператара курфюрстамі, устанаўлівала час і месца выбарчага з’езду, вызначала рангі, абавязкі і прывілеі курфюрстаў. Дзейнічала да 1806.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗДАРО́ЎЕ,
адсутнасць хвароб і фізічных дэфектаў, стан поўнага фізічнага, духоўнага і сацыяльнага дабрабыту. Адрозніваюць З. індывідуума і З. насельніцтва. З. чалавека аб’ектыўна можна вызначыць пры даследаванні сукупнасці многіх параметраў. З. насельніцтва вызначаецца комплексам дэмаграфічных паказчыкаў: нараджальнасцю, смяротнасцю, дзіцячай смяротнасцю, узроўнем фіз. развіцця, хваробамі, сярэдняй працягласцю жыцця. З. насельніцтва залежыць ад ладу жыцця (прыкладна на 50%), навакольнага асяроддзя (на 20%), генет. схільнасці (на 20%), ад узроўню мед. абслугоўвання (на 10%). Паляпшэнню З. садзейнічаюць: паляпшэнне якасці жыцця, скарачэнне пашырэння хранічных, інфекц., сардэчна-сасудзістых хвароб, псіхічных расстройстваў, самагубстваў, умацаванне здароўя дзяцей, моладзі, жанчын, барацьба супраць хвароб, лад жыцця чалавека, належны стан навакольнага асяроддзя. Гл. таксама Ахова здароўя, Ахова здароўя дзяцей і падлеткаў, Ахова прыроды і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІШТА́ЦКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1721,
дагавор паміж Расіяй і Швецыяй, які завяршыў Паўночную вайну 1700—21. Падпісаны 10.9.1721 у г. Ніштат (цяпер Уусікаўпункі, Фінляндыя). Паводле Н.м.д. да Расіі адыходзілі Ліфляндыя з Рыгай, Эстляндыя з Рэвелем (цяпер Талін) і Нарвай, ч. Карэліі з Кексгольмам (цяпер Прыазёрск), Інгерманландыя (Іжорская зямля, дзе на р. Нява пабудаваны С.-Пецярбург), Маандзунскія а-вы і інш. прыбалтыйскія землі да мяжы Курляндскага герцагства. Расія вяртала Швецыі занятую рас. войскамі Фінляндыю і выплачвала ёй у якасці кампенсацыі за страчаныя землі 2 млн. яфімкаў (сярэбраных рублёў). Аднаўляўся гандаль паміж дзвюма краінамі; Швецыя атрымлівала права штогод бяспошлінна купляць у Расіі і вывозіць з яе на 50 тыс.руб. хлеба. Н.м.д. замацаваў за Расіяй выхад да Балтыйскага м.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДБА́ЙЛА (Падабайла, Пабадайла) Сцяпан (? — ліп. 1654), казацкі палкоўнік, кіраўнік казацкіх атрадаў на Беларусі ў антыфеадальную вайну 1648—51. У 1648 атрад П. і палкоўніка Гаркушы знаходзіўся ў Бабруйску, адкуль у вер. рушыў да Беразіно, а ў пач.снеж. да Старога Быхава. Пасля няўдалага штурму крэпасці казакі адступілі. У 1649 П. на чале 6 тыс. казакоў Чарнігаўскага палка абараняў т.зв. Лоеўскія пераправы, каб не дапусціць войска Я.Радзівіла на Украіну. Пасля Лоеўскай бітвы 1649 захапіў Гомель і асадзіў Чачэрск. У 1651 накіраваны Б.Хмяльніцкім у якасці пасла да Радзівіла. У Лоеўскай бітве 1651 пацярпеў паражэнне і адступіў да Чарнігава. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 узначальваў Чарнігаўскі полк казацкага войска І.Залатарэнкі. Загінуў у баі пад Гомелем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЛЬЧЫ́РАВАННЕў меліярацыйным будаўніцтве,
размеркаванне па паверхні глебагрунтоў мульчы (пераважна тарфакрошкі) з наступным замацаваннем яе плёнкаўтваральнымі эмульсіямі. Робіцца пры залужэнні адхонаў каля гідравузлоў, мастоў, шлюзаў і стромкіх адхонаў каналаў, дамб, плацін, дарог з мэтай папярэджання воднай (змыву, размыву) і ветравой (выдзімання) эрозіі.
Перад М паверхню адхонаў рыхляць, выраўноўваюць, засяваюць травамі, уносяць угнаенні. Нанесены слой мульчы (5—10 см) пакрываюць латэкснымі або бітумнымі эмульсіямі (выкарыстоўваюцца таксама эмульсіі водарастваральных сінт. палімераў, распрацаваныя ў Бел.НДІ меліярацыі і лугаводства). Замест эмульсій ужываюць таксама паветраводапранікальнае палатно або біяпалатно, распрацаванае тым жа ін-там (выпускаецца акц. т-вам у Жлобіне). У якасці мульчара (мульчыравальніка) выкарыстоўваюць гідрасеялкі, пераабсталяваныя раскідвальнікі ўгнаенняў. М. адхонаў магістральных каналаў робяць таксама бульдозерамі, самазваламі, каўшовымі экскаватарамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТЫЛЁК,
пародная група буйных трусоў мяса-шкуркавага кірунку. Гадуюць у краінах Еўропы, СНД. На Беларусі гадуюць пераважна аматары. Найб. пашыраны тып бел.М., атрыманы ў Гомельскай вобл. скрыжаваннем М. з трусамі пароды фландр і мясц. беспароднымі.
Маса 4,5—4,8 кг. Тулава магутнае, касцяк моцны. Спіна падоўжаная, злёгку аркападобная, крыж шырокі, мускулісты. Валасяное покрыва сярэдняй даўжыні, густое, шчыльнае, бліскучае. Афарбоўка белая з чорнымі, шэрымі (блакітнымі) або жоўтымі вушамі і сіметрычна размешчанымі плямамі на носе (накшталт матылька, адсюль назва), шчоках, баках, аблямоўкамі вакол вачэй і паласой на спіне. Скараспелыя, маюць добрыя мясныя якасці. Даюць 7—8 трусянят у прыплодзе. Маса бел. М. 4,3 кг, даўж. 54 см, абхват грудзей 36 см. Плямы часам бываюць цёмна-карычневага колеру.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШЫНГА ЭКСПЕДЫ́ЦЫЯ,
узброеная інтэрвенцыя войск ЗША пад камандаваннем ген. Дж.Дж.Першынга ў Мексіцы ў 1916—17. Выклікана імкненнем ЗША паралізаваць Мексіканскую рэвалюцыю 1910—17 і абараніць інтарэсы амер. манаполій. У якасці падставы для інтэрвенцыі быў выкарыстаны напад мекс. атрада Ф.Вільі на амер. прыгранічны г. Калумбус. З вымушанай згоды прэзідэнта Мексікі В.Карансы ЗША увялі ў мекс. штат Чыўаўа армію Першынга (12 тыс.чал.). Амер. войскі прасунуліся ў глыб Мексікі, але сустрэлі там моцнае супраціўленне партызан Вільі і мекс. рэгулярных войск. Узбр. адпор інтэрвенцыі ў выніку патрыят. ўздыму мексіканцаў, антыамер. выступленні ў многіх лац.-амер. краінах, а таксама падрыхтоўка ЗША да ўступлення ў 1-ю сусв. вайну прымусілі ўрад ЗША ў студз.—пач.лют. 1917 вывесці свае войскі з Мексікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІКСА́НАЎ (Мікалай Кір’якавіч) (12.4.1878, г.п. Дзергачы Саратаўскай вобл., Расія — 10.2.1969),
рускі літаратуразнавец. Чл.-кар.АНСССР (1931). Засл. дз. нав. Расіі (1957). Скончыў Юр’еўскі (г. Тарту, Эстонія) ун-т (1902). Праф. Саратаўскага (з 1917), Маскоўскага (з 1921), пазней Ленінградскага ун-таў. Асн. працы па гісторыі рус. л-ры, фальклоры, крыніцазнаўстве, тэксталогіі, метадалогіі літаратуразнаўства, драматургіі і т-ры, пра творчасць А.Грыбаедава, А.Пушкіна, І.Ганчарова, І.Тургенева, М.Горкага. У 1923 вылучыў у якасці асобнай дысцыпліны вывучэнне творчай гісторыі твораў л-ры («Творчая гісторыя «Гора ад розуму», 1928). Ініцыятар літ. краязнаўства (кн. «Абласныя культурныя гнёзды», 1928). Пад яго рэдакцыяй выйшлі многія выданні твораў рус. пісьменнікаў.
Тв.:
Роман Гончарова «Обрыв» в свете социальной истории. Л., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАКЕ́ТНАЕ ПА́ЛІВА,
паліва для ракетных рухавікоў рэчыва ці сукупнасць рэчываў, якія выкарыстоўваюцца ў ракетных рухавіках у якасці крыніцы энергіі і рабочага цела для стварэння рухальнай сілы.
Паводле прызначэння і тыпу рухавікоў адрозніваюць вадкае, гелепадобнае, цвёрдае, гібрыднае (двухкампанентнае Р.п., у якім адзін кампанент цвёрды, другі — вадкі). Найб. пашырана Р.п. вадкае і цвёрдае. ВадкаеР.п. бывае адна-. двух- і шматкампанентнае. Двухкампанентнае мае гаручае (вадкі вадарод, газу, дыметылгідразін і інш.) і акісляльнік (вадкія кісларод, фтор, хлор, тэтрааксід дыазоту і інш.). ЦвёрдаеР.п. падзяляюць на балістычнае (гл.Балістыты) і сумесевыя цвёрдыя Р.п. (гл.Порах). Цвёрдае Р.п., у адрозненне ад вадкага, можа захоўвацца доўгі час (не патрабуецца папярэдняя запраўка рухавіка перад стартам). Выкарыстоўваюць Р.п. ў касм., авіяц., ваен. і інш. галінах тэхнікі.