АЭРАЗОЛЬТЭРАПІ́Я,
метад клімататэрапіі, заснаваны на выкарыстанні прыродных і штучных аэразоляў, у склад якіх уваходзяць рэчывы з лек. ўласцівасцямі. Выкарыстоўваюцца пераважна пры лячэнні органаў дыхання, мясцова — пры захворваннях скуры, поласці рота, гінекалагічных і інш. хваробах. Прыродныя аэразолі эфектыўныя на прыморскіх курортах, дзе ў паветры павялічаная колькасць ёду, брому, марскіх соляў; у мясцовасцях, дзе паветра насычана фітанцыдамі, прыроднымі араматычнымі злучэннямі і інш. выдзяленнямі хвойных, эўкаліптавых і інш. раслін, а таксама ў падземных салявых выпрацоўках. У штучных умовах аснову аэразольтэрапіі складае ўдыханне распыленых у паветры настояў (гл. Інгаляцыя) або інш. спосаб выкарыстання траў, антыбіётыкаў, гармонаў і інш. лек. рэчываў.
т. 2, с. 173
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІМЕ́НТЫ,
сродкі, якія ва ўстаноўленых законам выпадках адны члены сям’і абавязаны выплачваць другім. Склад суб’ектаў і асновы ўзнікнення аліментных абавязацельстваў, памер і тэрміны выплаты вызначаюцца заканадаўствам. На Беларусі асн. крыніца прававых нормаў рэгулявання гэтых пытанняў — Кодэкс аб шлюбе і сям’і. Паводле суб’ектнага складу адрозніваюць аліментныя абавязацельствы паміж мужам і жонкай; бацькамі і дзецьмі; айчымам, мачахай і пасынкамі (падчарыцамі); братамі і сёстрамі; дзедам, бабкай і ўнукамі. Пры адмаўленні ад добраахвотнай выплаты аліменты могуць быць спагнаны праз суд. За наўмыснае ўхіленне ад выплаты прысуджаных аліментаў на карысць непрацаздольных дзяцей або бацькоў прадугледжана крымін. адказнасць.
т. 1, с. 257
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛТА́ЙСКІЯ МО́ВЫ,
макрасям’я моў, што аб’ядноўвае цюркскія, мангольскія, тунгуса-маньчжурскія, а таксама ізаляваныя карэйскую і японскую мовы (гл. адпаведныя арт.). Збліжаюцца агульнасцю рысаў: фанетычных (заканамернасць палатальнага і лабіяльнага сінгарманізму зычных і галосных, асіміляцыі зычных; корань 1-складовы, 3-гукавы, найчасцей утварае закрыты склад), марфалагічных (словаўтварэнне і словазмяненне з дапамогай аглюцінатыўных афіксаў, адсутнасць роду, наяўнасць катэгорыі прыналежнасці) і сінтаксічных (паясняльныя словы ў сказе абавязкова стаяць перад паяснёнымі, слабае развіццё складаназалежных сказаў). Найб. сувязь алтайскай мовы у лексіцы, што тлумачыцца іх генетычнай блізкасцю.
Літ.:
Баскаков Н.А. Алтайская семья языков и её изучение. М., 1981.
т. 1, с. 268
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБХА́ЗСКАЕ ЦА́РСТВА,
раннефеад. дзяржава ў Закаўказзі з цэнтрам у Кутаісі. У 780-я г. абх. князь Леон II узначаліў барацьбу Зах. Грузіі супраць Візантыі, дамогся поўнай незалежнасці яе зямель і прыняў тытул цара. У гэты час у Абхазскім царстве ўваходзіла таксама ч. Усх. Грузіі. Значна ўмацавалася ў 9 — 1-й пал. 10 ст. Пры царах Георгію (п. у 955) і Леоне III [955—967] паспяхова вяло барацьбу з Тао-Кларджэцкім і Кахецінскім царствамі за панаванне ў Грузіі. Аслабленне Абхазскага царства пры Дэметру [967—975] прывяло да першынства Тао-Кларджэты. У 975 Абхазскае царства ўвайшло ў склад аб’яднанай феад. Грузіі.
т. 1, с. 52
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НГЛА-БІРМА́НСКІЯ ВО́ЙНЫ,
захопніцкія войны Англіі супраць Бірмы (цяпер М’янма). У першай англа-бірманскай вайне (1824—26) англ. войскі сустрэлі ўпартае супраціўленне бірманскай арміі на чале з Бандулам. Аднак пасля смерці Бандулы англічанам удалося прасунуцца да бірманскай сталіцы Ава. Паводле навязанага Бірме дагавора яна страціла вобласці Аракан, Тэнасерым, княствы Асам і Маніпур, абавязвалася выплаціць кантрыбуцыю і заключыць з Англіяй гандл. дагавор. У выніку другой англа-бірманскай вайны (1852) да англ. уладанняў далучана бірманская вобл. Пегу. У трэцяй англа-бірманскай вайне (1885) бірманская армія разгромлена і капітулявала. Бірма трапіла пад англ. панаванне і ўключана ў склад Індыі як асобная правінцыя.
т. 1, с. 345
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫЯ́Н ((Briand) Арыстыд) (28.3.1862, г. Нант, Францыя — 7.3.1932),
дзяржаўны дзеяч Францыі, дыпламат. Адвакат па адукацыі. З 1880-х г. удзельнік сацыяліст. руху. У 1902 абраны ў парламент. У 1906 увайшоў у склад урада, за што быў выключаны з Сацыяліст. партыі. У 1909—31 займаў пост прэм’ер-міністра 11 разоў і міністра замежных спраў 17 разоў. Пасля 1-й сусв. вайны праводзіў палітыку раззбраення і бяспекі. У 1909—31 выступаў за «прымірэнне» з Германіяй. Адзін з ініцыятараў Лакарнскай канферэнцыі 1925, Келага—Брыяна пакта 1928, праекта стварэння «Пан-Еўропы». Нобелеўская прэмія міру 1926 (разам з Г.Штрэземанам).
т. 3, с. 280
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІКТО́РЫЯ (Victoria Falls),
вадаспад на р. Замбезі, у Паўд. Афрыцы, на мяжы Замбія—Зімбабве; адзін з буйнейшых у свеце. Выш. 120 м, шыр. 1800 м. Падзяляецца астравамі на часткі: Глотка Д’ябла, Галоўны, Вясёлкавы, Усходні. Вада падае з уступу выш. 120 м у вузкі (130 м) і глыбокі (140 м) каньён у базальтах, утварае гіганцкія слупы вадзянога пылу. Расход вады моцна вагаецца на працягу года, у сярэднім каля 1400 м³/с. Уваходзіць у склад нац. паркаў Вікторыя-Фолс (Зімбабве) і Мосі-Оа-Тунья (Замбія). ГЭС. Турызм. Адкрыты ў 1855 Д.Лівінгстанам, названы ў гонар каралевы Вялікабрытаніі.
т. 4, с. 155
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКА-ТРО́КСКІ ПАВЕ́Т,
адм-тэр. адзінка ў Зах. Беларусі ў 1922—39. 8.1.1922 польскі ўрад правёў выбары ў часовы сейм Віленшчыны (т.зв. Сярэдняй Літвы), які 20.2.1922 прыняў рашэнне аб далучэнні яе да Польшчы. Пастановай урада Польшчы ад 6.4.1922 утвораны Віленска-Трокскі павет у складзе Віленскай зямлі, з 22.12.1925 Віленскага ваяводства. Цэнтр павета — г. Трокі (сучасны Тракай, Літва). Пл. 183 км², нас. 168 879 чал. (без Вільні). Павет падзяляўся на 18 гмін. Пасля вызвалення Зах. Беларусі ўрад СССР у кастр. 1939 перадаў павет у склад Літвы, дзе асн. яго тэр. пазней склала Тракайскі р-н.
т. 4, с. 163
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ ТЭА́ТР РЭВАЛЮЦЫ́ЙНАЙ САТЫ́РЫ, Віцебскі тэрэўсат,
агітацыйна-прапагандысцкі тэатр мініяцюр у 1919—20. Створаны па ініцыятыве паэта-сатырыка «Вокнаў РОСТА» Віцебска М.Пустыніна. Кіраўнік М.Разумны. Спектаклі ставіў і рэж. А.Сумарокаў, афармляў мастак М.Шагал. У праграме — аднаактовыя агітп’есы, сатыр. сцэнкі на міжнар. тэмы, палітсатыры, пародыі, куплеты, частушкі, інсцэніраваныя плакаты «Вокнаў РОСТА» (т.зв. тантамарэскі, ці жывыя плакаты), дэкламацыі, танцы, харавыя выступленні, паказы Пятрушкі з жывымі акцёрамі-лялькамі. Тэатр выступаў пераважна на канцэртах-мітынгах для рабочых і чырвонаармейцаў. У 1920 асн. склад трупы пераведзены ў Маскву, дзе на яго аснове створаны Маскоўскі т-р рэв. сатыры.
т. 4, с. 232
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРХО́ВАЕ БАЛО́ТА, алігатрофнае балота,
тып балота, якое жывіцца толькі атм. ападкамі; беднае мінер. рэчывамі. Утвараецца ва ўмовах застою паверхневых вод на плоскіх паніжэннях водападзелаў; не мае сувязі з падземнымі водамі. На вярховым балоце намнажаецца торф магутнасцю 2—10 м, ступень распаду якога каля 50%. Паверхня балота пукатая да цэнтра, дзе найб. інтэнсіўна растуць асн. торфаўтваральнікі — сфагнавыя мхі. Відавы склад вышэйшых раслін бедны (балотныя формы хвоі і лістоўніцы, карлікавая бяроза, багун, балотны мірт, верас, буякі, журавіны, падвей похвенны, расіца круглалістая, марошка і інш.). На Беларусі вярховыя балоты найб. пашыраны ў Віцебскай і на Пн Мінскай абласцей (гл. таксама Балота).
т. 4, с. 396
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)