СЕЛЬДЭРЭ́ЕВЫЯ,

сямейства двухдольных раслін, тое, што парасонавыя.

т. 14, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́ННА,

род кветкавых раслін, тое, што касія.

т. 14, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІТНЁГ,

род кветкавых раслін, тое, што балотніца.

т. 14, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКУРА́НКА,

род кветкавых раслін, тое, што птэлея.

т. 14, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПЫЛЕ́ННЕ,

перанос пылку на рыльца песціка (у пакрытанасенных) або на семязавязь (у голанасенных) раслін. Папярэднічае апладненню. Адрозніваюць 2 біял. тыпы апылення: самаапыленне (перанос пылку ў межах адной кветкі — аўтагамія або з інш. кветак той жа расліны — гейтанагамія) і перакрыжаванае (перанос пылку з кветак інш. раслін). Самаапыленне менш пашырана, трапляецца ў некаторых дзікарослых (напр., дзьмухавец, ястрабок) і культурных (ячмень, пшаніца, гарох, фасоля) раслін; у некаторых відаў адбываецца ў нераскрытых кветках (клейстагамія). Перакрыжаванае апыленне больш прагрэсіўнае (аб’ядноўваюцца розныя геномы, у выніку ўтвараецца гетэразіготнае, больш жыццяздольнае патомства). Пылок можа пераносіцца ветрам (анемафілія), вадой (гідрафілія), насякомымі (энтамафілія), птушкамі (арнітафілія) і інш. У селекцыі і раслінаводстве шырока выкарыстоўваюць штучнае апыленне.

т. 1, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАКТЭРЫЯ́ЛЬНЫЯ ЎГНАЕ́ННІ,

прэпараты з каштоўнымі для с.-г. раслін глебавымі мікраарганізмамі. Да іх належаць нітрагін, азотабактэрын, фосфарабактэрын і прэпараты сілікатных бактэрый. Павышаюць фіксацыю атм. азоту раслінамі, актывізуюць біяхім. працэсы ў глебе, паляпшаюць каранёвае жыўленне раслін.

На Беларусі наладжана вытв-сць гама-рызатарфіну (разнавіднасць нітрагіну) — прэпарату клубеньчыкавых бактэрый, вырашчаных на спецыяльна прыгатаваным тарфяным субстраце. Для лепшай азотфіксацыі ў яго дадаюць мікраэлементы — бор, кобальт, малібдэн. Для кожнага віду бабовых (лубін, гарох, віка, канюшына, люцэрна і інш.) прэпарат рыхтуюць са спецыфічных відаў бактэрый, здольных у сімбіёзе толькі з гэтым відам раслін фіксаваць атм. азот. Асабліва эфектыўны прэпарат на глебах, дзе бабовыя высяваюцца ўпершыню (прыбаўкі ўраджаю больш за 100%).

т. 2, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАР’Е́РЫ БІЯГЕАГРАФІ́ЧНЫЯ, бар’еры пашырэння,

любыя перашкоды (геагр., фіз., хім і біял. характару) на шляху пашырэння віду або згуртавання папуляцый жывёл і раслін. Напрыклад, моры, акіяны, горы з’яўляюцца геагр. перашкодамі на шляху пашырэння наземных (мацерыковых, астраўных) жывёл або раслін; лясы перашкаджаюць пашырэнню стэпаў; адсутнасць насякомых (апыляльнікаў) пашырэнню энтамафільных раслін і інш.

Бар’еры біягеаграфічныя — адна з гал. прычын узнікнення і існавання эндэмікаў (гл., напрыклад, Аўстралійская біягеаграфічная вобласць). Высокая ступень эндэмізму фауны воз. Байкал (80—100%) тлумачыцца працяглай адарванасцю (з трацічнага перыяду) гэтага возера ад інш. цэнтраў відаўтварэння. Гасп. дзейнасць чалавека садзейнічае ўтварэнню новых, відазмяняе або ўстараняе існуючыя бар’еры біягеаграфічныя і садзейнічае пашырэнню карысных і шкодных відаў жывых арганізмаў.

т. 2, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛО́ДЗІН (Уладзіслаў Георгіевіч) (н. 26.5.1929, в. Акцябрскі Гарадок Тацішчаўскага р-на Саратаўскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне генетыкі раслін. Д-р біял. н. (1986), праф. (1989). Скончыў Саратаўскі с.-г. ін-т (1950). З 1963 у Ін-це генетыкі і цыталогіі АН Беларусі (у 1965—79 нам. дырэктара). Навук. працы па радыяцыйным і лазерным мутагенезе ў с.-г. раслін. Вызначыў тып спадчыннай зменлівасці раслін пад уздзеяннем радыяцыі — індуцыраваную генетычную нестабільнасць.

Тв.:

Радиационный мутагенез у растений. Мн., 1975;

Мутантно-сортовая гибридизация яровой пшеницы. Мн., 1988 (разам з А.​В.​Елеф, Б.​І.​Аўраменка);

Синтетические популяции мутантов растений. Мн., 1990 (разам з Ж.​М.​Фаміной, Б.​І.​Аўраменка).

т. 3, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНЕАЛО́ГІЯ ў генетыцы і селекцыі , сукупнасць звестак пра паходжанне пэўнай асобіны ці групы асобін жывёл або раслін. Дапамагае вызначыць бацькоў і больш аддаленых продкаў, ад якіх узніклі пэўныя сарты ці гібрыды раслін, пароды жывёл. Па генеалогіі сорту (гібрыда) каштоўных раслін вядзецца сістэматычны ўлік, дзе фіксуюцца ўсе бацькоўскія пары, што прымалі ўдзел пры стварэнні новага сорту, з указаннем года скрыжавання, асн. вартасцей зыходных асобін і атрыманых гібрыдаў. На аснове запісаў складаюцца генеалагічныя каталогі сорту (гібрыда). У жывёлагадоўлі існуе сістэма племянных кніг, заводскіх і селекцыйных запісаў. Метад складання генеалогіі выкарыстоўваюць і ў генетыцы чалавека для высвятлення характару спадчыннага наследавання нармальных або паталагічных прыкмет.

т. 5, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗІМАЎСТО́ЙЛІВАСЦЬ раслін,

здольнасць раслін процістаяць маразам, рэзкім ваганням т-ры, высушванню, выправанню і інш. неспрыяльным умовам. Абумоўлена зменамі абмену рэчываў (назапашванне вугляводаў і тлушчаў у тканках, абязводжванне клетак), залежыць ад паходжання віду, стану расліны, асаблівасцей кліматычных умоў і інш. Пры аднолькавых умовах расліны розных відаў і сартоў маюць розную З. Нават у межах адной культуры ёсць адрозненні паводле З. (напр., т-ра вымярзання сартоў азімага жыта ад -10 да -30 °C). Найб. зімаўстойлівыя лясныя расліны — большасць хвойных (пераносяць маразы да -45 °C і больш), а таксама брусніцы, багун, грушанка, журавіны, падалешнік і інш. Спосабы павышэння З. заснаваны на ўдасканальванні метадаў загартоўвання раслін.

т. 7, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)