ДЭНАНСА́ЦЫЯ (ад франц. dénoncer абвяшчаць, касаваць),

адмова аднаго з бакоў міжнароднага дагавора ад яго выканання. Звычайна права Д., яе формы і тэрміны прадугледжваюцца ў самім дагаворы. Д. шматбаковых дагавораў мае сілу толькі для той дзяржавы, якая яго дэнансавала; паміж яго інш. ўдзельнікамі дагавор працягвае дзейнічаць. Д. міжнар. дагавораў Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца Палатай прадстаўнікоў Нац. сходу Рэспублікі Беларусь.

т. 6, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАТАРЭ́Я (франц. loterie ад lot жэрабя),

розыгрыш рэчаў або грашовых сум па білетах. Продаж латарэйных білетаў — форма прыцягнення сродкаў, частка з якіх ідзе на фінансаванне выйгрышаў, частка выкарыстоўваецца арганізатарамі для камерцыйных, дабрачынных і інш. мерапрыемстваў. Латарэйны білет з’яўляецца каштоўнай паперай на прад’яўніка. Уладальнік білета, на які выпаў выйгрыш, мае права патрабаваць яго аплаты ў грашовай або натуральнай (рэчавай) форме.

т. 9, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУНЦЭ́ВІЧ (Канстанцін Мікалаевіч) (н. 8.2.1951, в. Сурнаўка Талачынскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. філосаф. Д-р філас. н. (1994), праф. (1994). Скончыў Ленінградскі ун-т (1977). З 1981 у БДУ. Даследуе праблемы лібералізму, канстытуцыйнае права, пытанні консульскай дзейнасці. Аўтар навуч. дапаможнікаў па канстытуцыйным праве.

Тв.:

Либерализм: сущность, истоки, перспективы. Мн., 1993;

Сравнительное конституционное право. Мн., 1998.

П.​М.​Бараноўскі.

т. 9, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫСВАЕ́ННЕ АБО РАСТРА́ТА,

крымінальнае злачынства супраць уласнасці, якое заключаецца ў крадзяжы чужой маёмасці, даверанай вінаватаму. Адказнасць за П. або р. прадугледжана арт. 211 КК Рэспублікі Беларусь. З аб’ектыўнага боку прысваенне — неправамернае ўтрыманне (невяртанне) чужой маёмасці, якая даверана вінаватаму для пэўнай мэты, а растрата — адчужэнне і спажыванне такой маёмасці. Часам у тэорыі крымін. права растрата разглядаецца як прыватны выпадак прысваення.

т. 13, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНІЛО́ВІЧ (Ігнат Мікалаевіч) (10.8.1787, в. Грынявічы Бельскага пав. Падляшскага ваяводства, Польшча — 12.7.1843),

гісторык, правазнавец, адзін з першых даследчыкаў летапісных і заканадаўчых помнікаў Беларусі і Літвы. Праф. (1822). Скончыў Віленскі ун-т (1812), дзе ў 1814—24 выкладаў права. Пасля раскрыцця т-ва філаматаў звольнены з працы. У 1825—29 праф. Харкаўскага ун-та; у 1830—35 працаваў у Пецярбургу ў камісіі М.​М.​Спяранскага па падрыхтоўцы законаў для зах. губерняў. У 1835—42 выкладаў права ў Кіеўскім і Маскоўскім ун-тах. Займаўся зборам, вывучэннем і публікацыяй пісьмовых крыніц па гісторыі Беларусі і Літвы. Упершыню апісаў усе рукапісныя і друкаваныя экз. Статутаў ВКЛ, падрыхтаваў першае навук. выданне Статута ВКЛ 1529 (выд. у 1841), апублікаваў бел.-літ. летапіс 1446 паводле Супрасльскага рукапісу. Апісаў, пераказаў змест і часткова апублікаваў каля 2500 розных пісьмовых крыніц па гісторыі Беларусі і Літвы. Працы Д. сталі пачаткам навук. даследавання бел.-літ. летапісання.

В.​А.​Чамярыцкі.

І.М.Даніловіч. Партрэт работы Р.​Жукоўскага. 1846.

т. 6, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАФАНТЭ́Н ((La Fontaine) Анры Мары) (22.1.1854, Брусель — 14.5.1943),

дзеяч бельг. і міжнар. руху прыхільнікаў міру, юрыст, бібліёграф. Скончыў Свабодны ун-т у Бруселі са ступенню д-ра права (1877). З 1889 ген. сакратар бельг. аддз. Асацыяцыі міру і міжнар. арбітражу. Адзін з заснавальнікаў Новага ун-та (аддз. Свабоднага), дзе загадваў кафедрай міжнар. права (1893—1940). У 1895 разам з П.​Атле заснаваў Міжнар. бібліягр. ін-т у Бруселі (з 1938 Міжнародная федэрацыя інфармацыі і дакументацыі). З 1895 чл., з 1907 сакратар, у 1919—32 віцэ-прэзідэнт сената Бельгіі. Выступаў за раззбраенне і вырашэнне міжнар. спрэчак шляхам арбітражу. У 1907—43 старшыня Міжнароднага бюро міру. У 1-ю сусв. вайну жыў у Вялікабрытаніі і ЗША. Член бельг. дэлегацыі на Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20. Падтрымаў стварэнне Лігі Нацый, дэлегат яе першай Асамблеі (1920—21). Аўтар прац «Бібліяграфія міру і міжнароднага арбітражу» (1902—05), «Ключавое рашэнне: найвялікшая Хартыя» (1916). Нобелеўская прэмія міру 1913.

т. 9, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІ́ЗІЯ (ад лац. collisio сутыкненне),

сутыкненне, супярэчнасць, разыходжанне інтарэсаў, поглядаў, імкненняў. К. мастацкая — супярэчнасць, сутыкненне, барацьба дзеючых сіл у маст. творы. Тэрмін уведзены ў эстэтыку Г.​Гегелем. Ужываецца і як сінонім тэрміна «канфлікт» (гл. Канфлікт мастацкі), у значэнні глабальнасць, універсальнасць выказваемых супярэчнасцей або ў якасці вызначэння супярэчнасці як моманту ўнутр. структуры, як спосаб, а не як прадмет маст. адлюстравання. К. ў праве — разыходжанне паміж асобнымі законамі адной дзяржавы або супярэчнасць законаў, суд. рашэнняў розных дзяржаў. К. ўнутр. законаў вырашаецца шляхам выбару таго нарматыўнага акта, які павінен быць дастасаваны да выпадку, што разглядаецца. Калі ёсць разыходжанне паміж актамі, выдадзенымі адным і тым жа праватворчым органам, то ўжываецца акт, выдадзены пазней. Пры разыходжанні паміж агульным і спец. актамі перавага аддаецца спецыяльнаму; калі супярэчныя нормы знаходзяцца ў актах, прынятых рознымі органамі, то выкарыстоўваецца норма, прынятая вышэйстаячым органам. Пытанне пра ўжыванне права сваёй або замежнай дзяржавы вырашаецца на аснове калізійнай нормы, якая змешчана ва ўнутр., нац. заканадаўстве або ў міжнар. дагаворы (гл. Калізійнае права).

т. 7, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСЭ́Н ((Cassin) Рэнэ Самюэль) (5.10.1887, г. Баёна, Францыя — 20.2.1976),

французскі дзярж. дзеяч, дыпламат, юрыст. Д-р права (1914). Скончыў Парыжскі ун-т. У 1920—60 праф. права ун-таў Экс-ан-Праванса, Ліля, Парыжа. У 1924—38 прадстаўнік Францыі ў Лізе нацый. У 1941—43 камісар юстыцыі і асветы ва ўрадзе «Свабоднай Францыі» (з 1942 «Змагарная Францыя», знаходзіўся ў эміграцыі ў Лондане). У 1944—60 віцэ-прэзідэнт Дзярж. савета і чл. Канстытуцыйнага савета, чл. Акадэміі грамадскіх навук (з 1947). У 1946—68 чл., старшыня Камісіі па правах чалавека ААН. Адзін з заснавальнікаў ЮНЕСКА. Адзін з ініцыятараў стварэння і гал. аўтар Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека (снеж. 1948). У 1950—60 чл. Міжнар. суда ў Гаазе, у 1965—68 старшыня Еўрап. суда па правах чалавека. Засн. (1969) і ўзначаліў Міжнар. ін-т правоў чалавека ў Страсбуры, прэзідэнт Яўр. альянсу ў Францыі. Аўтар мемуараў, кніг і артыкулаў на юрыд. тэмы. Нобелеўская прэмія міру 1968.

Л.​М.​Драбовіч.

Р.Касэн.

т. 8, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАКО́Н (юрыд.),

нарматыўна-прававы акт, прыняты вышэйшым прадстаўнічым органам дзярж. улады або шляхам усенар. галасавання (рэферэндуму). З. рэгулюе найб. важныя грамадскія адносіны, валодае вышэйшай юрыд. сілай у адносінах да нарматыўных актаў усіх інш. органаў дзяржавы. Ён складае аснову сістэмы права дзяржавы. Як самаст. крыніца права З. склаўся яшчэ ў старажытнасці і прыйшоў на змену прававому звычаю. Для З. характэрны асобы парадак прыняцця, спец. заканатворчая працэдура, якая распадаецца на шэраг стадый: заканадаўчую ініцыятыву, абмеркаванне праекта, прыняцце З., абнародаванне закону. Адрозніваюць канстытуцыйны З., які змяняе канстытуцыю, уносіць у яе папраўкі і дапаўненні або па сваёй сутнасці і важнасці рэгулюемых адносін прыраўноўваецца да канстытуцыі, і звычайны З., які выдаецца ў адпаведнасці з канстытуцыяй. Асн. З. дзяржавы з’яўляецца канстытуцыя. У федэратыўных дзяржавах адрозніваюць З. федэральныя і З. суб’ектаў федэрацыі. Асобную катэгорыю складаюць надзвычайныя З., якімі ў час абвешчанага ў краіне надзвычайнага становішча абмяжоўваюцца правы і свабоды грамадзян і правы юрыд. асоб (гл. Надзвычайнае заканадаўства).

т. 6, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗБОР ЗАКО́НАЎ РАСІ́ЙСКАЙ ІМПЕ́РЫІ» («Свод законов Российской империи»). Выд. ў 1832. Падрыхтаваны пад кіраўніцтвам М.​М.​Спяранскага ў сувязі з кадыфікацыяй права на падставе «Поўнага збору законаў Расійскай імперыі». Ухвалены Дзяржсаветам 31.1.1833, уведзены ў дзеянне з 13.1.1835. Складаецца з 16 тамоў. У т. 1 змешчаны гал. законы імперыі, якія акрэслівалі прэрагатывы вышэйшых дзярж. устаноў, т. 2 — правілы губернскіх (мясцовых) устаноў, т. 3 — статуты грамадзянскай службы, т. 4 — акты аб павіннасцях, т. 5 — аб падатках, пошлінах, т. 6 — аб мытнях, т. 7 — аб манеце, горнай справе, солі, т. 8 — аб лясах, арэндзе і аброку, т. 9 — аб саслоўях, т. 10 — аб сям’і і межаванні, т. 11 — аб крэдыце, т. 12 — аб шляхах зносін, т. 13 — аб сацыяльным даглядзе, т. 14 — аб пашпартах, уцёках, т. 15 — законы крымінальныя (аб пакараннях), т. 16 (выд. ў 1892) — аб судовых установах. Штогод да 1859 выдаваўся працяг, пазней наз. «Зводны працяг». Збор — адзіная крыніца права да кастр. 1917.

Я.​К.​Анішчанка.

т. 7, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)