МУ́РАМА,

роднаснае мардве стараж. фіна-угорскае племя, што жыло ў 1-м тыс. да н.э. — 12 ст. н.э. на берагах р. Ака, у межах сучаснага Мурамскага р-на Уладзімірскай вобл. Расіі. Асн. заняткі — жывёлагадоўля, земляробства, пушное паляванне, рыбалоўства, бортніцтва, металургія жалеза, медналіцейнае і ювелірнае рамёствы. Вяла гандаль са славянамі, волжскімі булгарамі, народамі Прыуралля і Сярэдняй Азіі. Грамадскі лад М. — патрыярхальна-родавы. У 10—11 ст. М. плаціла даніну князям Кіеўскай Русі (згадваецца ў «Аповесці мінулых гадоў»), у 12 ст. асімілявана слав. насельніцтвам і пазней увайшла ў склад рускай народнасці.

т. 11, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАСКРЫ́ПЦЫІ (лац. proscriptio аб’ява),

у Старажытным Рыме спіс асоб, публічна аб’яўленых па-за законам. За выдачу ці за забойства ўнесенага ў П. назначалася ўзнагарода, у т. л. рабам, за ўкрывальніцтва — пакаранне смерцю; маёмасць ахвяр П канфіскоўвалася, нашчадкі пазбаўляліся пачэсных правоў і маёмасці. П. вынайдзены правадыром аптыматаў Л.К.Сулай для расправы з прыхільнікамі Г.Марыя (82—81 да н.э.), выкарыстоўваліся ім і яго набліжанымі для ўласнага ўзбагачэння і каб паквітацца з паліт. праціўнікамі. У яшчэ большых памерах, чым пры Суле, П былі аб’яўлены ў 43 да н.э. ў час 2-га трыумвірату.

т. 13, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСУ́Я,

вёска ў Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., на паўн. беразе аднайм. возера. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 45 км на ПнУ ад г. Глыбокае, 164 км ад Віцебска, 7 км ад чыг. ст. Зябкі. 465 ж., 208 двароў (2000). Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Свята-Троіцкая царква (1996). Брацкія магілы сав. воінаў і партызан, ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Псуеўскі парк. У вёсцы гарадзішча (6 ст. да н.э. — 4 ст. н.э.).

т. 13, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАЛО́НІЙ (Apollōnios) з Афін, старажытнагрэчаскі скульптар 1 ст. да н.э. Паслядоўнік Лісіпа. Прадстаўнік натуралістычнага кірунку ў элінскім мастацтве. Аўтар скульптур «Бельведэрскі торс» і «Кулачны баец».

т. 1, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДНЁПРА-ДЗВІ́НСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура ўсходнебалцкіх плямён, якія ў 8 ст. да н.э. — 4—5 ст. н.э. жылі ў Верхнім Падняпроўі, Сярэднім Падзвінні і ў вярхоўях р. Вялікая. Асн. тып пасяленняў — умацаваныя пасёлкі-гарадзішчы плошчай ад 500 да 2500 м² (на Беларусі каля 200). Жылыя пабудовы наземныя, слупавой канструкцыі.

Насельніцтва займалася паляваннем, рыбалоўствам, жывёлагадоўляй, пазней лядным земляробствам і рамёствамі. Сярод знаходак пераважаюць вырабы з каменю і косці (каменныя клінападобныя і свідраваныя сякеры, зерняцёркі і інш.), на познім этапе (1—5 ст. н.э.) — жал. прылады і зброя (сярпы з шырокім лязом і выгнутай спінкай, нажы, шылы, наканечнікі коп’яў і стрэл і інш.) Кераміка — гладкасценны слабапрафіляваны посуд, пераважна слоікападобных формаў, арнаментаваны скразнымі адтулінамі, пракрэсленымі касымі лініямі, ямкавымі ўцісканнямі. У навук. ўжытак тэрмін «Д.-дз.к.» ўвёў А.Р.Мітрафанаў.

Літ.:

Шадыро В.И. Ранний железный век северной Белоруссии. Мн., 1985.

В.​І.​Шадыра.

Посуд днепра-данецкай культуры. Рэканструкцыя.
Прылады працы, упрыгожанні і кераміка днепра-дзвінскай культуры.

т. 6, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСТА́НЦА (Constanda),

горад на ПдУ Румыніі, на ўзбярэжжы Чорнага м. Адм. ц. жудзеца Канстанца. 747,4 тыс. ж. (1994). Гал. порт краіны на Чорным м. На паўд. ускраіне К. порт Аджыджа. Міжнар. аэрапорт. Канцавы пункт канала Дунай — Чорнае м. Прам-сць: суднабуд. і суднарамонтная, цэлюлозна-папяровая, мэблевая, тэкст., харчовая. Археал. і маст. музеі. Марскі акварыум. Руіны стараж.-рымскіх пабудоў 2—3 ст., візант. базілік 5—6 ст. Мячэці 18—19 ст. Цэнтр прыморскага курортнага раёна.

На месцы К. ў 6 (паводле інш. звестак у 7) ст. да н.э. стараж. грэкі з Мілета заснавалі калонію Томы, якую ў 29 да н.э. заваявалі рымляне. У 8—17 гадах н.э. тут адбываў ссылку рым. паэт Авідзій. Рым. імператар Канстанцін Вялікі [306—337] перайменаваў Томы ў Канстанцініяну. Пазней належала Візантыі, Балгарыі (з 7 ст.). У 14 ст. порт К. выкарыстоўвалі генуэзскія купцы. У часы гур. панавання (1413—1878) горад заняпаў, рыбацкае пасяленне (Кюстэнджэ). З 1878 у складзе Румыніі.

т. 7, с. 592

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЕАПА́ТРА VII (Kleopatra; 69 да н.э., г. Александрыя, Егіпет — 30 да н.э.),

старажытнаегіпецкая царыца [51—48, 47—30 да н.э.], апошняя з дынастыі Пталамеяў. Дачка Пталамея XII, сястра, жонка, суправіцелька (з 51) Пталамея XIII, з якім сапернічала за ўладу. З 48 у выгнанні ў Сірыі. Пасля Александрыйскай вайны (47) вярнулася на трон з дапамогай Юлія Цэзара, які захапіўся разумнай і адукаванай царыцай (ад Цэзара яна мела сына Цэзарыёна). Пасля забойства Цэзара саюзніца і каханка Марка Антонія (пасля 41, з 37 яго жонка), падтрымлівала яго ў барацьбе з Актавіянам (Аўгустам). Пасля паражэння ў вайне з Рымам і ўступлення арміі Актавіяна ў Егіпет скончыла самагубствам. Паводле падання, ёй прынеслі ядавітую змяю, укус якой, паводле егіп. уяўленняў, абяцаў бессмяротнасць. Вобраз К. VII адлюстраваны ў л-ры (У.​Шэкспір, Б.​Шоу, П.​Карнель) і выяўл. мастацтве (Дж.​Цьепала, П.​П.​Рубенс і інш.).

Літ.:

Кравчук А. Закат Птолемеев: Пер. с пол. М., 1973;

Талашова Н. Клеопатра // Женщины-легенды. Мн., 1993.

Л.​М.​Драбовіч.

Клеапатра VII.

т. 8, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЛАГА (Málaga),

горад на Пд Іспаніі, у аўт. вобласці Андалусія. Адм. ц. правінцыі Малага. 512 тыс. ж. (1991). Вузел чыгунак і аўтадарог, рыбалоўны і нафтавы порт на Міжземным м. Аэрапорт. Прам-сць: маш.-буд., у т. л. суднабудаванне, хім. і нафтахім., вінаробчая, алейная, кансервавая, мылаварная. Цэнтр вінаградарства. Ун-т. Музей. Руіны рым. тэатра. Помнікі араб. архітэктуры: Алькасба (8—12 ст.), замак-маяк «Хібральфара» (13 ст.). Сабор (16—17 ст.), царква Нуэстра Сеньёра дэ ла Вікторыя (1487). Клімат. курорт.

Засн. фінікійцамі пад назвай Малака пасля 1100 да н.э. Пазней належала Карфагену, Рыму (з 3 ст. да н.э.), вестготам (з 571 н.э.), Візантыі (554—624). Пры арабах (з 711) значны эканам. (вытв-сць шоўку, керамікі) і адм. (з 11 ст.) цэнтр эмірата Гранада. У 1487 адваявана Кастыліяй. Ў 1501 і 1568—71 адзін з цэнтраў паўстання марыскаў. У 1810—12 акупіравана франц. войскамі. У Ісп. рэвалюцыю 1868—74 у горадзе адбылося кантанальнае паўстанне бакуністаў. У Іспанскую рэвалюцыю 1931—39 М. — база рэсп. флоту.

т. 9, с. 550

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛДО́ВА (Moldova),

гістарычная вобласць на У Румыніі паміж Усх. Карпатамі на З і р. Прут на Усх. Назва, верагодна, ад р. Малдова, названай так, паводле падання, легендарным заснавальнікам Малдаўскага княства В.​Драгашам у гонар свайго сабакі Молды, які патануў у час палявання на дзікага быка (выява галавы гэтага быка — асн. элемент гіст. герба малд. дзяржавы). Сляды чалавека ў М. прасочваюцца з часоў палеаліту. З 6 ст. да н.э. населена фракійскімі плямёнамі гета-дакійцаў, скіфамі і інш. У 1 ст. да н.э. ў складзе царства (плем. саюза) Берэбісты. У 6—7 ст. н.э. адбывалася засяленне М. славянамі. З 10 ст. яна ў складзе Кіеўскай Русі, з 11 ст. — Галіцкага княства. У 10—12 ст. печанегі і полаўцы знішчылі тут або выцеснілі на Пн слав. насельніцтва. У 13 — пач. 14 ст. М. падначалена Залатой ардзе, потым — Венгрыі. З 1359 яна з’яўлялася тэр. ядром Малдаўскага княства. З 1862 у складзе Румыніі.

т. 10, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́МІЯ,

высахлы труп чалавека або жывёлы, які натуральным (пры спрыяльных умовах) ці штучным спосабам захаваўся ад гніення. Самы стараж. спосаб муміфікацыі зафіксаваны сярод рыбакоў племя чынчорас, што жылі на ўзбярэжжы Ціхага ак. паміж Іла (Перу) і Антафагастай (Чылі) больш за 6 тыс. г. назад. З 3-га тыс. да н.э. практыка стварэння М. бальзаміраваннем пашырылася ў Стараж. Егіпце, дзе целы нябожчыкаў апрацоўвалі пераважна прыроднай соллю (натронам), а шырокія льняныя палосы, якімі абгортвалі М., прамочвалі камеддзю і смоламі. Лічылася, што захаванне цела — адна з гал. умоў захавання душы. Пахаванні з М. звычайна маюць багаты пахавальны інвентар і даюць каштоўныя матэрыялы аб культуры, мастацтве, рэлігіі і побыце стараж. грамадстваў. Муміфікацыя была пашырана ў краінах Лац. Амерыкі і на Канарскіх а-вах. На Алтаі ў час раскопак Пазырыкскіх курганоў 5—4 ст. да н.э. знойдзены М. У шматлікіх хрысц. цэрквах захоўваюцца натуральныя М., т.зв. мошчы святых.

І.​М.​Язэпенка.

Галава муміі фараона Рамсеса II (1317—1251 да н.э.).

т. 11, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)