НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ АСАМБЛЕ́Я,
назва парламента ў В’етнаме, Габоне, Замбіі, на Кубе, у Лаосе, на Маўрыкіі, у Рэспубліцы Карэя, Намібіі, Славеніі, Сурынаме і некаторых інш. краінах.
т. 11, с. 226
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЁНТАК,
агульная назва землеўладання з панскай гаспадаркай (жылыя і гасп. будынкі, прадпрыемствы і г.д.) у феад. і капіталіст. грамадствах. Гл. таксама Вотчына, Памесце, Латыфундыі.
т. 9, с. 500
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУА́З,
адзінка дынамічнай вязкасці і каэфіцыента ўнутранага трэння ў сістэме СГС. Абазначаецца П. 1 П = 0,1 Па∙с (гл. Паскаль). Назва ад імя Ж.Л.Пуазёйля.
т. 13, с. 113
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДРО́НАЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура бронзавага веку (каля сярэдзіны 2 — пач. 1-га тыс. да н.э.) на тэр. Зах. Сібіры і Казахстана. Назва ад могільніка каля в. Андронава (Краснаярскі край). Насельніцтва займалася пераважна жывёлагадоўляй, жыло ў паўзямлянкавых і наземных жытлах на адкрытых паселішчах, карысталася бронзавай зброяй (кельты, наканечнікі коп’яў, нажы), крамянёвымі наканечнікамі стрэл. Пахаванні ў ямах пад курганамі (часам з каменнымі агароджамі) у скурчаным становішчы, вядомы выпадкі трупаспалення. Характэрны керамічны посуд слоікападобнай формы з геам. арнаментам. Андронаўская культура разглядаецца як умоўная назва т.зв. андронаўскай культурнай агульнасці — некалькіх археал. культур.
т. 1, с. 356
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЭВІ́ЛЬ (франц. Abbeville),
абэвільская культура, археалагічная культура ранняга (ніжняга) палеаліту ў Еўропе. Назва ад г. Абвіль (Францыя, даліна р. Сома), дзе ў 19 ст. знойдзены найб. тыповыя для яе прылады — ручныя масіўныя (даўж. да 10—20 см) груба адбітыя рубілы міндалепадобнай, авальнай ці коп’епадобнай формы; выкарыстоўваліся і адшчэпы. Верагодна, датуецца часам гюнц-міндэльскага міжледавікоўя і міндэльскага зледзянення (каля 700 — 400 тыс. г. таму назад). Большасць сучасных даследчыкаў разглядаюць абэвіль як пачатковы этап эпохі ашэль. У л-ры трапляецца і ўстарэлая назва абэвіль — шэльская культура, ці шэль.
т. 1, с. 54
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛА́ТЫЯ (Galatia),
старажытная дзяржава ў цэнтр. частцы М. Азіі. Уключала землі, якія спачатку былі ў складзе Фрыгіі і Кападокіі. Вылучылася ў выніку ўварвання каля 277 да н.э. кельцкага племя галатаў (адсюль назва). У 183—167 да н.э. ў Пергамскім царстве. У 166—25 да н.э. пад рым. уплывам, але фармальна незалежная. У 25 да н.э. ператворана ў рым. правінцыю з цэнтрам у Анкіры (сучасны г. Анкара), уваходзіла ў склад Рым. імперыі, потым — Візантыі. У 11 ст. заваявана сельджукамі, у 14 туркамі-асманамі. Назва Галатыя ўжывалася да 7 ст.
т. 4, с. 452
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЛІ́СТЫ,
палітычная групоўка клерыкальнага і манархісцкага кірунку (каталіцкае духавенства, вышэйшая знаць, вярхі арміі і інш.) у Іспаніі з 1833. Назва ад прыхільнікаў прэтэндэнта на ісп. прастол дона Карласа Старэйшага, сына караля Карла IV (правіў у 1788—1808). Адстойвалі рэліг. і абсалютысцкія традыцыі ў Іспаніі (адсюль другая назва традыцыяналісты). Развязалі Карлісцкія войны 1833—40 і 1872—76. У 1936—39 удзельнічалі ў антырэсп. мяцяжы ген. Ф.Франка, які ў 1937 аб’яднаў арг-цыі К. з іспанскай фалангай. Выступаюць за права на ісп. прастол прынца Бурбон-Пармскага Карласа Хуга.
т. 8, с. 74
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРТЭ́СЫ (ісп. cortes ад corte каралеўскі двор),
1) саслоўна-прадстаўнічыя сходы ў Іспаніі і Партугаліі ў сярэднія вякі. Назва «К.» ўпершыню сустракаецца ў Кастыліі ў 1137. Развіліся з прадстаўніцтва дваранства і духавенства пры каралю. Пазней права прадстаўніцтва атрымалі гарады (у Леоне з 1188, Каталоніі з 1218, Кастыліі з 1250, Партугаліі з 1254, Арагоне з 1274, Навары з 1300). Вял. ролю адыгрывалі ў 13—14 ст., садзейнічалі росту ўплыву гарадоў і абмежаванню самавольства феадалаў. З усталяваннем абсалютызму страцілі сваё значэнне.
2) У Партугаліі да 1911, у Іспаніі сучасная назва парламента.
т. 8, с. 107
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАСТРАНО́МІЯ (ад гастра... + грэч. nomos закон),
1) агульная назва харч. прадуктаў высакаякаснага прыгатавання, пераважна закусачных.
2) Разуменне далікатнасці кулінарнага майстэрства, вытанчанасць, далікатны густ у ежы.
т. 5, с. 84
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАВЕ́ЦКАЯ ЗЯМЛЯ́,
у стараж.-рус. летапісах і помніках стараж.-рус. л-ры назва зах. часткі Дэшт-і-Кіпчак, якую ў 11—13 ст. насялялі полаўцы.
т. 11, с. 532
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)