ГІ́ЛБЕРТ (Gilbert) Уолтэр (н. 21.3.1932, г. Бостан, штат Масачусетс, ЗША),

амерыканскі вучоны ў галіне біяхіміі і малекулярнай біялогіі. Чл. Нацыянальнай АН ЗША (1968). Скончыў Гарвардскі ун-т (1953). З 1953 у Кембрыджскім (Вялікабрытанія), з 1957 у Гарвардскім ун-тах. Навук. працы па метадах устанаўлення першаснай структуры дэзоксірыбануклеінавай кіслаты (ДНК), вывучэнні механізму спецыфічнага ўзаемадзеяння бялкоў і ДНК. Здзейсніў кланіраванне гена, які кадзіруе сінтэз інсуліну, і ўвядзенне яго ў геном бактэрый. Нобелеўская прэмія 1980.

У.Гілберт.

т. 5, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РДАН (Gordon) Рычард (н. 5.10.1929, г. Сіэтл, ЗША),

касманаўт ЗША. Скончыў Вашынгтонскі ун-т (1951). З 1963 у групе касманаўтаў НАСА. 12—15.9.1966 з Ч.​Конрадам здзейсніў палёт на касм. караблі «Джэміні-11» (двойчы выходзіў у адкрыты космас; агульны час 2 гадз 44 мін); 14—24.11.1969 з Конрадам і А.Бінам здзейсніў палёт да Месяца як пілот асн. блока касм. карабля «Апалон-12», на якім зрабіў 44 абароты вакол Месяца. Агульная працягласць палётаў 13,16 сут.

т. 5, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРА́БСКА-АМЕРЫКА́НСКАЯ НА́ФТАВАЯ КАМПА́НІЯ (англ. Arabian-American Oil Company; АРАМКА),

заснавана ў 1933 у штаце Дэлавэр буйнейшымі нафтавымі манаполіямі ЗША для эксплуатацыі нафтавых радовішчаў Саудаўскай Аравіі (на ўмовах канцэсіі). У 1973 урад Саудаўскай Аравіі набыў 25%-ную долю ў здабычы нафты, у 1980 стаў адзіным уладальнікам АРАМКА. Здабывае каля 245 млн. т нафты за год (1983), а таксама прыродны газ. Нафта ў асноўным экспартуецца, пераважна ў краіны Зах. Еўропы, у ЗША, Японію.

т. 1, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКІ СЬВЕТ»,

навуковы, культ.-асветны і літ. часопіс. Выдаецца з 1971 у ЗША на бел. мове бел. эміграцыяй. Выходзіць у залежнасці ад паступлення матэрыялаў. Рэдактар і выдавец М.​Прускі (жыве ў г. Гранд-Рапідс, штат Мічыган, ЗША). Публікуе навук. артыкулы па гісторыі Беларусі, па пытаннях бел. культуры, літ. творы, успаміны і інш. Многія нумары прысвечаны асобным бел. дзеячам. Змяшчае таксама гіст. і сучасныя фотаздымкі, тэксты і ноты бел. песень, гумарыстычныя старонкі.

Г.​І.​Сурмач.

т. 2, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУ́СМА (Lousma) Джэк (н. 29.2.1936, г. Гранд-Рапідс, штат Мічыган, ЗША),

касманаўт ЗША. Палкоўнік марской пяхоты. Скончыў Мічыганскі ун-т (1959). З 1966 у групе касманаўтаў НАСА. 28.7—25.9.1973 з А.Бінам і О.Гэрыятам здзейсніў палёт на мадыфікаваным касм. караблі «Апалон» і арбітальнай станцыі «Скайлэб» (двойчы выходзіў у адкрыты космас, агульны час 11,02 гадз), 22—30.3.1982 з Ч.​Фулертанам — палёт на касм. караблі «Спейс шатл» («Калумбія», як камандзір). У космасе правёў 67,47 сут.

т. 9, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НТСЦ (NTSC; National Television Sistem Committee Нац. камітэт па тэлевізійных сістэмах, ЗША),

адна з найб. пашыраных сістэм каляровага тэлебачання. Распрацавана ў ЗША (1953). Сігнал колернасці перадаецца з дапамогай паднясучай, якая знаходзіцца ў спектры сігналу яркасці. Паднясучая ў кожным радку тэлевізійнага відарыса мадулюецца адначасова двума колера-рознаснымі сігналамі з выкарыстаннем квадратурнай (амплітудна-фазавай) баланснай мадуляцыі. Прынята ў 47 краінах Амерыкі, а таксама ў Японіі і Паўд. Карэі і мае 3 версіі (1990). Гл. таксама ПАЛ, СЕКАМ.

т. 11, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТО́МАК (Potomac),

рака на ПнУ ЗША. Утвараецца ад сутокаў рэк Паўн. і Паўд. П., якія пачынаюцца ў Апалачах; цячэ па Прыатлантычнай нізіне, упадае ў Чэсапікскі зал. Атл. ак. Даўж. 590 км (ад вытоку р. Паўд. П.), з эстуарыем 780 км, пл. басейна 37,5 тыс. км². Сярэдні расход вады 350 м³/с. На П. — сталіца ЗША Вашынгтон (пачатак марскога суднаходства). Ад Вашынгтона да г. Камберленд, паралельна рэчышчу П., у абход парогаў пракладзены суднаходны канал.

т. 12, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАБЛ (Hubble) Эдвін Паўэл (20.11.1889, г. Маршфілд, ЗША — 28.9.1953),

амерыканскі астраном. Чл. Нац. АН ЗША. Вучыўся ў Чыкагскім ун-це. У 1914—17 у Йоркскай, з 1919 у Маўнт-Вілсанаўскай абсерваторыях. Навук. працы па вывучэнні галактык. Прапанаваў класіфікацыю туманнасцей на галактычныя і пазагалактычныя (1922). Даказаў, што блізкія да Зямлі галактыкі з’яўляюцца зорнымі сістэмамі, падобнымі да нашай Галактыкі. Устанавіў заканамернасць «разбягання» галактык (гл. Хабла закон, Хабла пастаянная). Яго імем названы касм. тэлескоп (гл. Хабла тэлескоп).

т. 16, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХЕЙЛ (Hale) Джордж Элеры (29.6.1868, г. Чыкага, ЗША — 21.2.1938),

амерыканскі астраном. Чл. Нац. АН ЗША (1902). Замежны чл.-кар. Рас. АН (1924). Скончыў Масачусецкі тэхнал. ін-т (1890). З 1897 праф. Чыкагскага ун-та. Заснавальнік і першы дырэктар Йеркскай (1895—1905) і Маўнт-Вілсанаўскай (1904—23) абсерваторый. Навук. працы па даследаванні Сонца і зорак. Першы выкарыстаў для назіранняў Сонца спектрагеліяскоп, спектрагеліёграф і вежавы тэлескоп. Прадказаў і пацвердзіў данымі назіранняў існаванне магн. поля сонечных плям (1908).

т. 17, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХЕ́НІ (Henie) Соня (8.4.1912, Осла — 12.10.1969),

нарвежская спартсменка (фігурнае катанне на лёдзе). Чэмпіёнка II, III i IV зімовых Алімп. гульняў (1928, г. Санкт-Морыц, Швейцарыя; 1932, г. Лейк-Плэсід, ЗША; 1936, г. Гарміш-Партэнкірхен, Германія); чэмпіёнка свету (1927—36), Еўропы (1931—36). З 1936 салістка Галівудскага балета на лёдзе (ЗША). У 1936—45 знялася ў 10 кінафільмах у Галівудзе. Заснавальніца (разам з мужам) музея сучаснага мастацтва (1968, паблізу Осла).

А.​М.​Петрыкаў.

т. 17, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)