БЕЛАРУ́СКІ АБЛАСНЫ́ КАМІТЭ́Т пры Усерасійскім Савеце сялянскіх дэпутатаў (БАК). Дзейнічаў у ліст. 1917—18. Створаны ў Петраградзе з дэлегатаў ад бел. губерняў на Усерас. з’ездах сял. дэпутатаў, членаў Устаноўчага сходу, а таксама з прадстаўнікоў арміі і флоту (усяго 70 чал.). Старшыня Я.С.Канчар. Выступаў за аўтаномію Беларусі ў складзе Рас. Федэратыўнай Рэспублікі, імкнуўся ўзначаліць бел. нац. рух, разам з Вял. бел. радай узяў на сябе ініцыятыву склікання Усебеларускага з’езда 1917 у Мінску. Наладзіў кантакт з Наркамнацам, пры якім быў створаны Бел. аддзел у складзе прадстаўнікоў к-та П.М.Караткевіча і В.С.Селіванава. Спрабаваў паслаць свайго прадстаўніка на мірныя перагаворы ў Брэст-Літоўск. Выдаў працы Я.Ф.Карскага «Беларуская мова» і «Этнаграфічная карта беларускага племя» (1918). У пач. 1918 спрабаваў склікаць 2-і Усебел. з’езд, пасля чаго спыніў сваю дзейнасць.
Літ.:
Канчер Е.С. Из истории общественных, национальных и революционных движений белорусов // Нёман. 1993. № 1.
В.У.Скалабан.
т. 2, с. 435
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЯ БЕЛАРУ́СКАЯ РА́ДА (ВБР),
каардынацыйны цэнтр бел. нац.-вызв. руху ў кастр.—снеж. 1917. Утворана на 2-й сесіі Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый (28.10—6.11.1917). Пастаянна дзеючым органам ВБР быў Выканаўчы к-т з 24 чал. У яго ўваходзілі В.А.Адамовіч (старшыня), А.У.Прушынскі (Алесь Гарун) і А.А.Смоліч (нам. старшыні), Л.А.Сівіцкая (Зоська Верас) і А.Сакалоўскі (сакратары) і інш. К-т падзяляўся на аддзелы ў адпаведнасці з галінамі кіравання. У кантакце з ім працавалі 9 генеральных камісараў Рады (Я.Я.Варонка, Б.А.Тарашкевіч, З.Х.Жылуновіч і інш.). Выканаўчы к-т разам з камісарамі ўтваралі Малую Раду («Савет 33-х»).
ВБР выступала за аўтаномію Беларусі ў складзе Рас. федэрацыі, развіццё нац. культуры і мовы. Разглядала сябе як зародак вышэйшага органа дзярж. улады будучай аўтаномнай Беларусі. Разам з Цэнтральнай беларускай вайсковай радай вяла работу па стварэнні бел. нац. войска. Выступіла з ініцыятывай і разам з Бел. абл. к-там склікала Усебеларускі з’езд 1917.
С.С.Рудовіч.
т. 4, с. 379
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДЫ́ЙСКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ КАНГРЭ́С (ІНК),
самая буйная паліт. партыя ў Індыі. Засн. ў 1885 прадстаўнікамі ліберальных бурж.-памешчыцкіх колаў і заможнай інтэлігенцыі. Напачатку выступала як лаяльная апазіцыя англ. калан. рэжыму. У 1920-я г. пад кіраўніцтвам М.К.Гандзі і Дж.Нэру ўзначаліла нац.-вызв. рух у краіне, ператварылася ў арганізацыйна аформленую масавую партыю з шырокай сац. базай (аснова праграмы — прынцыпы гандзізму). Пасля дасягнення Індыяй незалежнасці ў 1947—77 кіруючая партыя. У 1980—89 і 1991—96 зноў на чале ўлады пад назвай ІНК (I) (ад імя лідэра І.Гандзі) і фарміраваў аднапарт. ўрады. У канцы 1980-х — пач. 1990-х г. страціў большасць у парламенце, але заставаўся самай уплывовай партыяй краіны (да 1991 лідэр Р.Гандзі, пазней Н.П.В.Раа). Арганізаваны паводле адм. прынцыпу. Кіруючыя органы; з’езд, Усеінд. к-т, рабочы к-т. Старшыня партыі (з 1998) — С.Гандзі.
Літ.:
Чичеров А.И. Джавахарлал Неру и независимая Индия: (Очерки общественного развития страны в 50—70-е гг.). М., 1990.
В.М.Пісараў.
т. 7, с. 243
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНГО́ЛЬСКАЯ ІМПЕ́РЫЯ,
дзяржава, якая склалася ў 1-й пал. 13 ст. ў выніку мангольскіх заваяванняў. Створана Чынгісханам і яго пераемнікамі. Перад смерцю Чынгісхан падзяліў дзяржаву паміж сынамі Джучы, Джагатаем, Угедэем і Тулуем. У 1229 вял. курултай — з’езд манг. знаці абраў вял. ханам Угедэя [1229—41], які заснаваў сталіцу М.і. — г. Каракарум на р. Архон. Пасля яго М.і. правілі сын Гуюк [1246—48] і сын Талуя Мункэ [1251—59]. Пры Мункэ М.і. ўключала Манголію, Паўд. Кітай, Карэю, Цэнтр. Азію, Закаўказзе, Іран, Афганістан і падпарадкоўвала сабе б.ч. зямель б. Кіеўскай Русі (гл. Мангола-татарская няволя на Русі) Адсутнасць унутр. адзінства абумовіла хуткі распад імперыі. Пасля смерці Мункэ пачалася барацьба за ўладу паміж яго братамі. Адзін з іх — Хубілай — абвясціў у 1260 сябе вял. ханам, пасля чаго ад М.і. пачалі адпадаць зах. улусы — Джучы (гл. Залатая Арда), Хулагу-хана (гл. Хулагуідаў дзяржава) і інш. Пасля заваявання Кітая Хубілай у 1280 заснаваў дынастыю Юань. Пасля выгнання ў 1368 манголаў з Кітая М.і. спыніла сваё існаванне.
т. 10, с. 74
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНЫ САЮ́З БЫЛЫ́Х МАЛАЛЕ́ТНІХ ВЯ́ЗНЯЎ ФАШЫ́ЗМУ (МСБВФ) краін СНД, грамадска-патрыят. арг-цыя. Створана ў 1986 на базе Сав. дзіцячага фонду імя У.І.Леніна (да 1992 наз. «Дзеці вайны 1941—45»). Уваходзяць саветы б. вязняў краін СНД і Прыбалтыкі, у т. л. Беларуская асацыяцыя былых непаўналетніх вязняў фашызму. Аб’ядноўвае больш за 450 000 малалетніх вязняў фашызму (1999). Асн. задача — сац. абарона б. малалетніх вязняў, якія пацярпелі ў гады 2-й сусв. вайны ў канцлагерах Германіі, Польшчы і інш. месцах прымусовага ўтрымання прафаш. рэжымаў дзяржаў Еўропы. У саюзе ёсць секцыя «Дзеці-вязні — інваліды Вял. Айч. вайны». Вышэйшы орган МСБВФ — з’езд. Цэнтральны савет арг-цыі знаходзіцца ў Маскве, пры падтрымцы германа-бел., -рас. і -ўкр. фондаў «Узаемаразуменне і прымірэнне», з 1992 у Маскве на рус. мове выдаецца газ. «Судьба». Адбылося 8 з’ездаў МСБВФ, у т. л. 4-ы ў г. Брэст (22.6.1995).
Літ.:
Асколкі болю. Брэст, 1999;
Литвинов В.В. Поезд из ночи. Киев, 1989.
М.П.Клімец.
т. 10, с. 344
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЬСКАЯ РАБО́ЧАЯ ПА́РТЫЯ (ППР; Polska Partia Robotnicza),
створана 5.1.1942 на падпольным сходзе членамі б. Камуністычнай партыі Польшчы. Кіраўнікі ППР — М.Навотка (1942), П.Фіндэр (1942—43). У.Гамулка (з 1943). Актыўна ўдзельнічала ва ўзбр. барацьбе супраць герм. акупацыі Польшчы, вясной 1942 стварыла ўзбр. арг-цыю — Гвардыю Людову (з 1.1.1944 — Армія Людова). Сумесна з інш. левымі партыямі стварыла Краёву Раду Нарадову, як орган улады ў Польшчы, які не падпарадкоўваўся Польскаму ўраду ў эміграцыі. Прадстаўнікі ППР займалі ключавыя пасады ў Польскім камітэце нацыянальнага вызвалення (1944), часовым урадзе Польскай Рэспублікі (1945) і Урадзе нац. адзінства (1945—47). У снеж. 1945 адбыўся 1-ы з’езд ППР, на якім была ўхвалена праграма, якая прадугледжвала радыкальную аграрную рэформу, нацыяналізацыю асн. сродкаў вытворчасці, транспарту і банкаў. Пасля перамогі на выбарах у сейм у снеж. 1947 узяла курс на поўнае падпарадкаванне сабе інш. левых партый і прымусовую ліквідацыю апазіцыі. У снеж. 1948 у выніку аб’яднання ППР з Польскай сацыялістычнай партыяй створана Польская аб’яднаная рабочая партыя.
т. 12, с. 485
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ РЭСПУБЛІКА́НСКІ САЮ́З МО́ЛАДЗІ (БРСМ),
добраахвотнае грамадскае маладзёжнае аб’яднанне. Створаны 6.9.2002 на аб’яднаўчым з’ездзе Бел. патрыят. саюза моладзі і Бел. саюза моладзі. Дзейнічае на аснове статута. Вышэйшы орган — з’езд, які праводзіцца не радзей як 1 раз у 3 гады. Асн. мэты — стварэнне ўмоў для ўсебаковага развіцця моладзі, раскрыцця яе творчага патэнцыялу, садзеянне развіццю ў Рэспубліцы Беларусь грамадз. супольнасці, заснаванай на патрыят. і духоўна-маральных каштоўнасцях бел. народа; садзейнічае распрацоўцы юрыд. і сац.-эканам. гарантый моладзі, што ўраўноўваюць яе магчымасці з інш. сац. групамі; падтрымлівае ініцыятывы, скіраваныя на інтэлектуальнае, духоўнае, фіз. развіццё моладзі, стварэнне ўмоў для развіцця прадпрымальніцкай дзейнасці; удзельнічае ў распрацоўцы маладзёжных праграм і інш. Аб’ядноўвае юнакоў і дзяўчат ва ўзросце 14—31 гадоў. На 1.1.2003 дзейнічалі ЦК, Бюро і Сакратарыят, 7 абкомаў, у т. л. Мінскі гар., 128 райкомаў, у т. л. 9 у Мінску, 23 гаркомы, 10 райкомаў у буйных гарадах, 12 пярвічных арг-цый з правамі райкомаў, якія аб’ядноўвалі каля 54 тыс. чл. БРСМ.
т. 18, кн. 1, с. 349
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Дванаццатая канферэнцыя КП(б)Б, гл. Сёмы з’езд КП(б)Б
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Дзесятая канферэнцыя КП(б)Б, гл. Пяты з’езд КП(б)Б
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Трынаццатая канферэнцыя КП(б)Б, гл. Восьмы з’езд КП(б)Б
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)