ПАСТА́ЎСКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка ў Рас. імперыі, Польшчы і БССР у 18 і 20 ст. У 1793—95 у Мінскай губерні Рас. імперыі, у 1922—39 у Віленскім ваяводстве Польшчы (у 1921—22 называўся Дунілавіцкім пав.), з вер. 1939 у складзе БССР (са снеж. 1939 у Вілейскай вобл.). Цэнтр — г. Паставы. 15.1.1940 скасаваны, на тэр. павета ўтвораны раёны.

т. 12, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАГА́ТА (араб. паўнавартасная, адборная манета),

рэальная (першапачаткова — абазначэнне куфіцкага дырхема) і лікавая грашовая адзінка Стараж. Русі. У 11 ст. Н. = ​1/20 грыўні кун (прыблізна 2 ​1/2 г серабра) = 1 ​1/4 куны = 2 ​1/2 разаны = 5—7 ​1/2 вевярыцы; у 12—13 ст. Н. = ​1/20 грыўні кун = 2 ​1/2 куны або разаны.

т. 11, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛІ́СКІ РАЁН,

адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1940—62. Утвораны 15.1.1940 у складзе Вілейскай вобл. Цэнтр — в. Пліса, з 1950 — в. Падсвілле. Пл. раёна 1 тыс. км² (1941). 12.10.1940 падзелены на 18 сельсаветаў. З 20.9.1944 П.р. у Полацкай, з 8.1.1954 у Маладзечанскай, з 20.1.1960 у Віцебскай абл. 25.12.1962 раён скасаваны, тэрыторыя перададзена ў Глыбоцкі і Міёрскі р-ны.

т. 12, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЫТ,

1) транспартная адзінка пры сплаве лесу. Складаецца з пучкоў бярвён. Аб’ём рачных і азёрных П. (звычайна чатырохвугольных) больш за 25 тыс. м³, марскіх (цыгарападобных) — каля 1,5 тыс. м³.

2) Прымітыўнае судна са звязаных бярвён. Звычайна мае насціл з дошак. Выкарыстоўваюць для суднарамонтных работ, наплаўных мастоў, прычалаў, паромаў і інш., а таксама плавання па рэках і ў моры.

т. 12, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́РКУШ (польскае arkusz),

1) стандартны кавалак паперы, кардону, фанеры і інш. 2) Адзінка вымярэння ў паліграфіі і выдавецкай справе. Адрозніваюць аркуш аўтарскі, улікова-выдавецкі, папяровы друкаваны і ўмоўна-друкаваны.

Аўтарскім аркушам вымяраюць аб’ём літ. твора (рукапіснага і надрукаванага). У бел. паліграфіі роўны 40 тыс. друкаваных знакаў (з прагаламі паміж словамі), ці 700 вершаваным радкам, ці 3 тыс. см² надрукаванага ілюстрацыйнага матэрыялу. Улікова-выдавецкі аркуш — аб’ём друкаванага твора, колькасцю знакаў роўны аўтарскаму, але акрамя аўтарскага тэксту ўключае тытул, рэдакцыйную прадмову, змест, рэкламу, калонтытулы і інш. тэкставы і графічны матэрыял. Служыць для выдавецкага планавання, вызначэння кошту выдання і інш. Папяровым аркушам вызначаюць колькасць выкарыстанай на выданне паперы. Друкаваны аркуш паказвае аб’ём (плошчу) выдання і раўняецца палове папяровага пры стандартных фарматах. Умоўны друкаваны аркушадзінка ўліку выдавецкай прадукцыі: папяровы аркуш фармату 60 × 90 см, надрукаваны з аднаго боку. Аб’ём выданняў, надрукаваных на паперы інш. фарматаў, для параўнання паказчыкаў пералічваюць ва ўмоўныя друкаваныя аркушы.

т. 1, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРА́ДУС (ад лац. gradus крок, ступень),

пазасістэмная адзінка вымярэння плоскага вугла (вуглавы градус), роўная ​1/90 прамога вугла. Абазначаецца °; дзеліцца на 60 мінут (60) або 3600 секунд (3600), 1° = 60 = 3600. Прамы вугал складае 90°, разгорнуты — 180°. Выкарыстоўваецца таксама для вымярэння дуг акружнасцей (разам з радыянам; поўная акружнасць роўная 360°).

2) Градус тэмпературны — агульная назва адзінак т-ры, што адпавядаюць розным тэмпературным шкалам. Адрозніваюць градусы шкалы Кельвіна (кельвін; К), градус Цэльсія (°C), градус Рэамюра (°R), градус Фарэнгейта (°F), градус Ранкіна (°Ra). 1 К = 1 °C = 0,8 °R = 1,8 °F = 1,8 °Ra.

3) У геадэзіі і астраноміі — адзінкі геадэзічнай даўгаты (двухгранны вугал паміж плоскасцямі 2 геадэзічных мерыдыянаў) і геадэзічнай шыраты (вугал у плоскасці мерыдыяна паміж 2 нармалямі да паверхні геоіда.

4) У розных галінах метралогіі — адзінка колькасці спірту ў растворах, таксама адзінкі жорсткасці вады, канцэнтрацыі солей, сернай к-ты (градус Баме), вязкасці вадкасці ў адносінах да вязкасці вады пры 20 °C (градус Энглера) і інш.

А.​А.​Саламонаў.

т. 5, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ЗЫ ВЫПРАМЯНЕ́ННЯ,

колькасныя характарыстыкі ўздзеяння энергіі выпрамянення на рэчыва. Гал. велічынёй, якая характарызуе ўздзеянне выпрамянення на арганізм, з’яўляецца паглынутая доза — энергія іанізавальнага выпрамянення, паглынутая адзінкай масы апрамененага рэчыва. У сістэме СІ за адзінку паглынутай дозы прыняты грэй, пазасістэмная адзінкарад. Пры аднолькавай паглынутай дозе біял. эфект уздзеяння розных відаў апрамянення адрозніваецца, таму карыстаюцца эквівалентнай дозай, якая вызначаецца пры памнажэнні паглынутай дозы на каэфіцыент якасці (К) дадзенага выпрамянення. У сістэме СІ адзінка эквівалентнай дозы — зіверт, пазасістэмная — бэр. Для вымярэння рэнтгенаўскага і гама-выпрамянення служыць экспазіцыйная доза — колькасць утвораных зарадаў пры іанізацыі паветра пад уздзеяннем гэтых выпрамяненняў. У сістэме СІ адзінка вымярэння экспазіцыйнай дозы — кулон на кілаграм (Кл/кг), пазасістэмная — рэнтген. Прынята параўноўваць біял. эфекты, што выклікаюць любыя іанізавальныя выпрамяненні, з біял. эфектамі, што выклікаюць рэнтгенаўскія і гама-выпрамяненні. У радыебіял. даследаваннях пры параўнанні радыяцыйных эфектаў карыстаюцца адноснай біялагічнай эфектыўнасцю выпрамяненняў. Натуральныя крыніцы іанізавальнага выпрамянення (касм. прамяні, прыродная радыеактыўнасць глебы, вады, паветра, радыеактыўнасць, што ёсць у целе чалавека і жывёл і інш.) складаюць каля 125 мбэр за год. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС (1986) у навакольнае асяроддзе выкінута радыеактыўных рэчываў агульнай актыўнасці каля 50 млн. Кі (3,5% агульнай колькасці радыенуклідаў). На Беларусі зацверджаны крытэрыі ўзроўню радыяцыйнай забруджанасці (А і Б). Узровень А — доза знешняга гама-апрамянення цела не перавышае 0,25 Гр (няма неабходнасці ў экстранных мерах). Пры ўзроўні Б (да 0,75 Гр) меры залежаць ад канкрэтных абставін. Экстранныя меры для забеспячэння радыяцыйнай аховы прымаюцца ў выпадках дасягнення дозы знешняга апрамянення ўсяго цела больш за 0,75 Гр. Вымяраюць Д.в. дазіметрамі (гл. Дазіметрычныя прылады).

т. 6, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВЕ́Т,

1) адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ. Тэрмін «П.» ужываецца на Беларусі з 15 ст., напачатку як сінонім стараж.-рус. тэрміна воласць; з 1-й пал. 16 ст. пад. П. звычайна разумелі буйную воласць, цэнтрам якой быў горад або замак, што належаў дзяржаве, у т. л. скасаванае ўдзельнае княства. Часам пад П. разумелі толькі тэрыторыю, падкантрольную намесніку; у гэтым сэнсе П. быў сінонімам намесніцтва. Афіцыйна статус П. акрэслены ў выніку адм.-тэр. рэформы 1565—66 (гл. Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел). П. ўваходзілі ў склад ваяводстваў. Усе намесніцтвы і воласці, якія не атрымалі статус П., увайшлі ў іх склад як звычайныя маёнткі. З таго часу ўсе землеўладальнікі на тэр. П. падлягалі юрысдыкцыі пав. органаў улады. Структура пав. кіравання замацавана Статутамі ВКЛ 1566 і 1588. Зрэдку тэрмін «П.» ўжываўся для вызначэння гіст. воласці з цэнтрам у горадзе, які неабавязкова меў пав. ўстановы (у такім сэнсе ў крыніцах сустракаюцца назвы «Магілёўскі павет», «Крычаўскі павет» і інш.).

2) Адм.-тэр. адзінка Расійскай імперыі як эквівалент рус. тэрміна «уезд». Пасля далучэння да Расіі П. ўваходзілі ў склад губерняў. Пасля рэформы 1861 падзяляліся на воласці. Падзел на П. ў БССР скасаваны 20.6.1924.

3) Адм.-тэр. адзінка ў Зах. Беларусі ў 1919—39. Пасля заняцця часткі тэр. Беларусі ў 1919 польск. ўлады захавалі падзел на П., якія былі ўключаны ў склад акруг. П. падзяляліся на гміны. На працягу 1919—20 утвораны шэраг новых П., 4.2.1921 яны ўвайшлі ў склад новаўтвораных Навагрудскага і Палескага ваяв. Пазней межы і колькасць П. у Польшчы мянялася. Падзел на П. ў Зах. Беларусі скасаваны 15.1.1940.

В.​Л.​Насевіч.

т. 11, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІТ (англ. bit),

1) у вылічальнай тэхніцы двайковы разрад машыннага слова; пазіцыя двайковай лічбы ў двайковым кодзе; састаўная частка байта. Лік бітаў памяці ЭВМ вызначае найб. колькасць інфармацыі, якая ў ёй змяшчаецца. Колькасць бітаў ліку — колькасць двайковых разрадаў для яго запісу.

2) У тэорыі інфармацыіадзінка вымярэння колькасці інфармацыі. 1 біт дае крыніца інфармацыі з 2 узаемна выключальнымі роўнаімавернымі паведамленнямі.

т. 3, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЗМЕ́Н,

1) даўняя ручная рычажная вага. Металічны або драўляны стрыжань з нанесенай шкалой і рухомым пунктам апоры (пятлёй). На адным канцы меў місачку або кручок, дзе клалі або падвешвалі груз, другі, патоўшчаны канец, служыў гірай. Карысталіся бязменам звычайна для вызначэння масы (вагі) прадуктаў. Часам бязменам называюць спружынную ручную вагу.

2) Даўняя адзінка масы. У 16—17 ст. 1 бязмен = 240 залатнікам = 1,022 кг.

т. 3, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)