ПОЛІМЕРА́ЗЫ,

ферменты, якія каталізуюць утварэнне макрамалекул з нізкамалекулярных рэчываў. Найважн. з П. — нуклеатыдылтрансферазы, што каталізуюць сінтэз нуклеінавых кіслот з нуклеазідтрыфасфатаў (у якасці матрыцы выкарыстоўваецца ДНК або РНК). Пад уздзеяннем П. нуклеазідтрыфасфаты пераносяцца ў канец ланцуга, які сінтэзуецца, і адбываецца падаўжэнне ланцуга на адну нуклеатыдную адзінку. Сінтэз ДНК праходзіць адначасова на двух ланцугах папярэдне раскручанай (дэспіралізаванай) ДНК-матрыцы.

т. 12, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПО́РАЙ», «Ружа»,

прыватнаўласніцкі герб, якім карысталіся каля 250 родаў Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы, у т. л. Бярнацкія, Ваўжэцкія, Гедройцы, Малдрыкі, Міцкевічы, Немаеўскія. Мае ў чырв. полі выяву сярэбранай 5-пялёсткавай ружы з зялёнымі лістамі. Клейнод — над прылбіцай з каронай такая самая ружа. Вядомы з сярэдзіны 14 ст., у ВКЛ — пасля Гарадзельскай уніі 1413.

Герб «Порай».

т. 12, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАВІТАМІ́НЫ,

рэчывы, якія паступаюць з ежай і з’яўляюцца крыніцай утварэння ў арганізме чалавека і жывёл вітамінаў. З карацінаў (ёсць у моркве, шыпшыне, парэчках, памідорах і інш.) утвараецца вітамін A (гл. Рэцінол). Некат. стэрыны з’яўляюцца П. вітаміну D. Біясінтэз вітамінаў з П адбываецца ў арганізме чалавека (жывёлы) у выніку абмену рэчываў, пад уздзеяннем фактараў навакольнага асяроддзя, напр., УФ-апраменьвання.

т. 12, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭ́СТАН (Preston),

горад на З Вялікабрытаніі. Адм. ц. графства Ланкашыр. Вядомы з 12 ст. Каля 200 тыс. ж. (2000). Порт у эстуарыі р. Рыбл, якая ўпадае ў Ірландскае м. Буйны чыг. вузел. Прам-сць: маш.-буд., у т. л. авіяц., эл.-тэхн., вытв-сць тэкст. абсталявання; хім., тэкст., харчовая. Паблізу, у г. Спрынгфілд — атамныя з-ды.

т. 13, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУ́НА,

горад на З Індыі, паблізу горнага праходу праз Зах. Гаты, у штаце Махараштра. Каля 2 млн. ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Буйны прамысл. і гандл. цэнтр, цесна звязаны з Бамбеем. Прам-сць: баваўняная, шаўковая, гарбарна-абутковая, цукр., хім., машынабудаўнічая. Маратхскі ун-т. Музеі. Руіны сярэдневяковай крэпасці Шанвар-Петх. Ў прыгарадзе — буйны з антыбіётыкаў.

т. 13, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁМАЯ́К,

пераважна наземная, размешчаная ў пэўным геагр. пункце (з вядомымі каардынатамі) перадавальная радыёстанцыя, па радыёсігналах якой на борце судна, самалёта і інш. рухомага аб’екта можна вызначыць напрамак на яе (пеленг). Адрозніваюць амплітудныя (найб. пашыраныя), фазавыя, частотныя і інш. Р.; накіраванага (даюць магчымасць пеленгацыі толькі з пэўных напрамкаў, курсаў, зон) і ненакіраванага (пеленгуюцца з любых напрамкаў) дзеяння.

т. 13, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАПАІ́ТЫ,

у заходнесеміцкай міфалогіі насельнікі царства мёртвых. У міфалагічных паданнях Р. разам з багамі трапезнічаюць і дапамагаюць у рабоце вярх. богу Ілу, а на зямлі разам з жывымі людзьмі робяць ахвярапрынашэнні. Магчыма, Р. называлі таксама катэгорыю жывых людзей, што прайшлі спец. абрад пасвячэння (квазісмерць), які ўраўноўваў іх з насельнікамі царства мёртвых і дазваляў далучацца да тайнаў багоў.

т. 13, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РОЎНАВЯЛІ́КІЯ ФІГУ́РЫ,

плоскія фігуры (прасторавыя целы) з аднолькавымі плошчамі (аб’ёмамі). Задачы на пабудову Р.ф. (напр., квадратура круга) вядомы са старажытнасці. 2 плоскія многавугольнікі роўнавялікія, калі адзін з іх можна раскласці на трохвугольнікі, з якіх складаецца другі многавугольнік. Роўнасастаўленымі наз. фігуры, якія можна разрэзаць на аднолькавую колькасць адпаведна роўных частак. Роўнавялікія многавугольнікі заўсёды роўнасастаўленыя, роўнавялікія мнагаграннікі — не заўсёды.

т. 13, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЙЛЬ, Вайль (Weill) Курт (2.3.1900, г. Дэсаў, Германія — 3.4.1950), нямецкі кампазітар. Вучыўся ў Вышэйшай муз. школе ў Берліне (1918), у 1921—24 у Ф.Бузоні. У 1919—20 у т-рах Дэсаў і Людэншайда. З канца 1920-х г. супрацоўнічаў з Б.Брэхтам. З 1933 у Вялікабрытаніі, з 1935 у ЗША. Вядомасць яму прынесла «Трохграшовая опера» з вершамі Брэхта (1928). Пісаў музыку для «брадвейскіх т-раў», надаў сацыяльнае гучанне жанру мюзікла. Стварыў новы тып сатыр. драмы з музыкай, выкарыстаўшы падкрэслена банальныя формы сучаснай лёгкай музыкі, элементы джаза і інш. Аўтар 19 муз.-сцэн. твораў, у т. л. опер «Шчаслівы канец» (1929), «Узнясенне і падзенне горада Махагоні» (1930), «Згублены ў зорках» (1949), мюзіклаў («Вулічнае здарэнне», 1947, і інш.), балета са спевамі «Сем смяротных грахоў» (1933), кантаты «Новы Арфей» (1925), Берлінскага рэквіема (1928), 2 сімфоній (1921, 1933), музыкі да кінафільмаў і інш. Зрабіў уплыў на творчасць П.Хіндэміта, Дж.Гершвіна, Б.Брытэна.

Літ.:

Schebera J. K. Weill. Leipzig, 1980.

т. 4, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРАНІ́ЦЫН (Канстанцін Васілевіч) (13.6.1834, в. Астраўляны Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл. — 1904),

адзін з удзельнікаў літ. жыцця на Беларусі ў сярэдзіне 19 ст.; магчымы аўтар паэмы «Тарас на Парнасе». Паходзіў з прыгонных. У 1845 атрымаў вольную. У 1851 узяў прозвішча Вераніцын (першапачатковае — Васільеў). Вучыўся ў Віцебскай губ. гімназіі (1845—52), Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі (1852—54). Скончыў Горы-Горацкі земляробчы ін-т (1859). У 1863—74 і з 1880 жыў і працаваў у Пецярбургу, у 1874—79 працаваў у Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі. У рукапісных сшытках фалькл. і літ. твораў А.Рыпінскага Вераніцыну прыпісваюцца паэмы «Тарас на Парнасе» (тэкст з паметай: 1855, 15 красавіка, Гарадок) і «Два д’яблы» (з паметай: 7.4.1860, Масква). Моўныя асаблівасці і рэаліі несумненна сведчаць пра сувязь апошняга твора з Віцебскам, а таксама пра тое, што аўтарства належыць адной і той жа асобе. Іншых матэрыялаў пра літ. дзейнасць Вераніцына не выяўлена.

Літ.:

Кісялёў Г. На арбіце пошуку // Кісялёў Г. Пошукі імя. Мн., 1978.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 4, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)