КАЖА́РСКАЯ (Ларыса Рыгораўна) (н. 7.4.1938, г. Сянно Віцебскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне педыятрыі. Д-рмед.н. (1975), праф. (1979). Скончыла Ленінградскі педыятрычны мед.ін-т (1960). З 1963 ў Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў (з 1980 заг. кафедры). Навук. працы па праблемах дзіцячай кардыярэўматалогіі, вегетатыўнай дысфункцыі, дыягностыкі, лячэння, рэабілітацыі сістэмных захворванняў злучальнай тканкі, сардэчнай недастатковасці ў дзяцей рознага ўзросту.
Тв.:
Справочник участкового педиатра. Мн., 1991 (у сааўт.);
Справочник семейного врача: Педиатрия. Мн., 1997 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЛО́ВА (Раіса Міхайлаўна) (н. 17.9.1937, в. Радзін Хойніцкага р-на Гомельскай вобл.),
бел. мовазнавец, славіст. Д-рфілал.н. (1991), праф. (1994). Скончыла Гомельскі пед.ін-т (1960), выкладае ў ім (з 1969). Даследуе этымалагізацыю бел. і слав. лексікі, пытанні рэканструкцыі праслав. лексікі, праблемы структуры праслав. слова, параўнальна-гіст. фанетыку, гіст. анамастыку і інш. Аўтар прац «Усходнеславянская лінгвістычная тэрміналогія» (1988; у сааўт.), «Праславянская мова. Лексіка» (1994), «Структура праславянскага слова: (Праславянскае слова ў генетычным гняздзе)» (1997) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЛО́ЎСКІ (Віктар Іванавіч) (6.9.1905, в. Мрочкі Уздзенскага р-на Мінскай вобл. — 24.2.1975),
бел.паэт. Скончыў БДУ (1931). Працаваў у прэсе, Бел.дзярж. выдавецтве. З 1935 карэспандэнт «Звязды». Друкаваўся з 1925. У 1932 выйшлі зб-кі паэзіі «Музыка працы», «Слова аб юнай краіне», ліра-паэма «Рахіль». Паэзіі К. характэрны ўскладненая метафарычнасць, багацце рытму і паэт. сінтаксісу, своеасаблівы гукапіс, разнастайнасць рыфмоўкі. На бел. мову пераклаў паасобныя творы М.Святлова, М.Ісакоўскага, М.Асеева, І.Уткіна і інш., польск. паэта У.Кавальскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЬМІ́Н (Пётр Міхайлавіч) (17.10.1892, с. Траццякі Барысаглебскага р-на Варонежскай вобл., Расія — 30.6.1964),
расійскі фалькларыст, харавы дырыжор. Нар.арт.СССР (1961). Скончыў Нежынскі гіст.-філал.ін-т (1915). З 1921 выкладаў у муз.навуч. установах Сімферопаля і Масквы. Даследаваў рус. песенны фальклор. З 1927 маст. кіраўнік (з 1932 разам з У.Захаравым) Дзярж.рус.нар. хору імя М.Пятніцкага. Аўтар тэкстаў песень («Белым снегам», «Руская красуня»), літ.-муз. кампазіцый, пастаноўшчык быт. сцэн, карагодаў Дзярж. прэмія СССР 1952.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛО́ЧЫН,
2 гарадзішчы і селішча жал. веку каля в. Калочын Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл. Гарадзішча-1 і селішча — калочынскай культуры. Гарадзішча-сховішча было ўмацавана па перыметры драўлянай агароджай і 2 падковападобнымі валамі. Датуецца канцом 4 — пач. 9 ст., трапляюцца і больш раннія матэрыялы мілаградскай і зарубінецкай культуры. На селішчы выяўлены 2 паўзямлянкі. Гарадзішча-2 адносіцца да мілаградскай культуры. 3 боку поля ўмацавана 2 валамі і ровам паміж імі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕННАБА́ЛКАЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура сярэдняй пары верхняга палеаліту (21—16 тыс.г. назад) на тэр.паўн.-ўсх. Прыазоўя. Назва ад стаянак ва ўрочышчы Каменная Балка каля хутара Нядвікаўка Растоўскай вобл. (Расія). Насельніцтва жыло на стаянках, займалася паляваннем на каня, зубра, паўн. аленя. Матэрыяльная культура прадстаўлена вырабамі з крэменю: нуклеусамі, мікрапласцінамі, адшчэпамі, разцамі, праколкамі; характэрныя мікраліты — т.зв. чатырохвугольнікі. Раскопкамі выяўлены рэшткі падоўжанага наземнага жытла з агнішчам у цэнтры. К.к. генетычна звязана з імерэцінскай культурай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́МЕНЬ БАГУШЭ́ВІЧА,
геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1971). За 500 м на З ад в. Кушляны Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл., дзе жыў Ф.К.Багушэвіч. Гранітны валун. Даўж. 2,6 м, шыр. 1,3 м, выш. 1,5 м, у абводзе 6,5 м, аб’ём 2,7 м³, маса каля 7 т. Прынесены ледавіком каля 200—120 тыс.г. назад са Скандынавіі. На бакавой роўнай пляцоўцы высечана «Pamięci Macieja Buraczka 1900 R» (Памяці Мацея Бурачка 1900 г.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́МЕНЬ ФІЛАРЭ́ТАЎ,
геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1972). За 500 м на ПнЗ ад в. Карчова Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. Валун сярэднезярністага граніту з крышталямі амфіболу. Даўж. 4,1 м, шыр. 3 м, выш. 1,9 м, у абводзе 13,9 м, аб’ём 12 м³, маса каля 32 т. Прынесены ледавіком каля 200—120 тыс.г. назад са Скандынавіі. Месца сустрэч членаў канспіратыўнага т-ва патрыятычнай студэнцкай моладзі («філарэтаў»), адным з арганізатараў якога быў А.Міцкевіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЯ́К (Анатоль Іванавіч) (н. 20.11. 1932, в. Першамайск Салігорскага р-на Мінскай вобл.),
бел. фізік. Д-р фізіка-матэм.н. (1974), праф. (1976). Засл. дз. нав. Беларусі (1996). Скончыў БДУ (1956). З 1962 у БДУ. Навук. працы ў галіне малекулярнай спектраскапіі і люмінесцэнцыі. Правёў даследаванні па інтэрпрэтацыі спектраў комплексных злучэнняў шасцівалентнага урану і вызначэнні прыроды асцылятараў выпрамянення і паглынання ў названым класе злучэнняў.
Тв.:
Ураниловые соединения. Мн., 1981 (разам з Л.В.Валадзько, Дз.С.Умрэйкам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНАВА́ЛАЎ (Рыгор Іванавіч) (1.10.1908, с. Багалюбаўка Сарочынскага р-на Арэнбургскай вобл., Расія — 19.4.1987),
расійскі пісьменнік. Скончыў Пермскі пед.ін-т (1935). Друкаваўся з 1934. Аўтар зб-каў апавяд. «Пошукі дзівоснай кветкі» (1959), «Беркуцінская гара» (1963), «Гнеў кроткіх» (1969), раманаў «Універсітэт» (1947), «Сцяпны маяк»(1949), «Былінка ў полі» (1969), «Мяжа» (1974), «Удзячнасць» (1983), кн. нарысаў «Пад адным дахам» (1962). У рамане «Вытокі» (кн. 1—2, 1959—67; Дзярж. прэмія Расіі імя Горкага 1970) паказаны лёс карэннай волжскай сям’і.