ПЛІ́ШЧА,

ручай у Мастоўскім і Ваўкавыскім р-нах Гродзенскай вобл., правы прыток р. Рось (бас. р. Нёман). Даўж. 22 км. Вадазбор нізінны, пл. 62 км². Пачынаецца на Пд ад в. Калядзічы Ваўкавыскага р-на, у нізоўі цячэ па лясістай мясцовасці, праз воз. Немнішча, упадае ў р. Рось за 1,9 км на ПдУ ад в. Дубна Мастоўскага р-на. Пойма ў вярхоўі забалочаная. Рэчышча часткова каналізаванае.

т. 12, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ГЕНДОРФ ((Poggendorff) Іаган Крысціян) (29.12.1796, г. Гамбург, Германія — 24.1.1877),

нямецкі фізік і выдавец. Чл. Берлінскай АН (1839). Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1869). Вучыўся ў Берлінскім ун-це (1820—24), з 1834 праф. гэтага ун-та. Навук. працы па электрамагнетызме і гісторыі фізікі. Вынайшаў і ўдасканаліў шэраг электравымяральных прылад. Заснавальнік і рэдактар бібліягр. даведніка прыродазнаўчых і матэм. навук (1863), які носіць яго імя і выдаецца цяпер.

т. 12, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЦАЗДО́ЛЬНАСЦЬ,

стан здароўя чалавека, ад якога залежыць здольнасць выконваць працу вызначанага аб’ёму і якасці. Адрозніваюць П.: агульную — здольнасць да выканання ўсякай працы ў звычайных умовах; прафесіянальную — здольнасць працаваць па пэўнай прафесіі, у пэўных умовах; і няпоўную — здольнасць працаваць у палегчаных умовах, напр., пры няпоўным прац. дні (паводле заканадаўства Беларусі скарочаная працягласць прац. часу ўстаноўлена для пэўных катэгорый работнікаў — настаўнікаў, урачоў і інш., непаўналетніх, кормячых жанчын і інш.).

т. 13, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫВО́Д у праве,

прымусовае суправаджэнне (дастаўленне) органамі міліцыі падазронага, абвінавачанага, а таксама пацярпелага, сведкі ў суд, органы дазнання або да пракурора і следчага ў выпадку іх няяўкі без уважлівай прычыны па выкліку. Адбываецца паводле матываванай пастановы органа дазнання, следчага, пракурора ці вызначэння суда, якія накіроўваюцца для выканання адпаведнаму органу ўнутр. спраў. На Беларусі парадак і ўмовы ажыццяўлення П. рэгламентуюцца крымін.-працэсуальным заканадаўствам.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 13, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУ́ЛЬВА,

рака ў Польшчы і Камянецкім р-не Брэсцкай вобл., правы прыток р. Зах. Буг. Даўж. 54 км, у т. л. на Беларусі 42 км. Пл. вадазбору 535 км², у т. л. на Беларусі 457 км². Пачынаецца ў Польшчы, вусце за 2 км на Пд ад в. Ставы Камянецкага р-на. Цячэ па Прыбугскай раўніне, праз г. Высокае. 18 км рэчышча каналізавана. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. сістэм.

т. 13, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯНДЖ,

рака на мяжы Таджыкістана і Афганістана, левая састаўляючая Амудар’і. Даўж. 921 км, пл. басейна 114 тыс. км². Утвараецца ад сутокаў рэк Памір і Вахандар’я. Цячэ пераважна ў вузкай даліне. Гал. прытокі: Гунт, Бартанг, Язгулем, Ванч, Кызылсу. Сярэдні расход вады 1032 м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння. Суднаходная на 118 км ад вусця. Па даліне П. праходзіць аўтатракт Душанбе — Харог. На П. — гарады Харог, Пяндж (Таджыкістан).

т. 13, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯ́СІНА,

рака ў Таймырскай (Даўгана-Ненецкай) аўт. акрузе Расіі. Даўж. 818 км, пл. басейна 182 тыс. км². Выцякае з воз. Пясіна, цячэ па Паўн.-Сібірскай нізіне, у нізоўях прарываецца цераз горы Быранга. Упадае ў Пясінскі зал. Карскага м., утварае эстуарый. Гал. прытокі: Дудыпта (справа), Агапа (злева). Сярэдні расход у ніжнім цячэнні каля 2,6 тыс. м³/с. Ледастаў ад канца вер.пач. кастр. да чэрвеня. Рыбалоўства. Суднаходная.

т. 13, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАБІ́ННІК, дрозд-рабіннік (Turdus pilaris),

птушка роду драздоў сям. драздовых атр. вераб’інападобных. Пашыраны ў Еўропе і Азіі. Жыве на ўзлесках, у рэдкалессі, па далінах рэк, у парках, садах. Селіцца на дрэвах парамі і калоніямі. На Беларусі пралётны, пералётны і часткова зімуючы від.

Даўж. да 29 см, маса да 103 г. Корміцца насякомымі, інш. дробнымі беспазваночнымі, восенню і зімой ягадамі. Адкладвае да 7 яец, двойчы за год.

Рабіннік.

т. 13, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАБО́ЧАЕ МЕ́СЦА,

адпаведна абсталяваная прасторавая зона знаходжання работніка, дзе адбываецца яго працоўная дзейнасць. Класіфікуюцца паводле колькасці выканаўцаў (індывідуальныя і калектыўныя), тыпу вытв-сці (адзінкавыя, серыйныя і масавыя), узроўню механізацыі (ручныя, механізаваныя і аўтаматызаваныя) і інш. Павінна адпавядаць сан. нормам, інструкцыям і правілам па эксплуатацыі абсталявання, тэхніцы бяспекі, эрганоміцы, прамысл. эстэтыцы, займаць дастатковую прастору, мець аптымальна размешчаныя арганізац. і тэхн. сродкі, сістэмы сігналізацыі і сувязі.

т. 13, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ВІ,

рака ў Індыі і Пакістане, левы прыток р. Чынаб (бас. р. Інд). Даўж. 725 км. Вытокі ў паўд.-ўсх. адгор’ях хр. Пір-Панджал. У вярхоўях цячэ ў глыбокай даліне, потым прарываецца цераз хр. Дхааладхар і да вусця цячэ па Пенджабе. Паводкі ў час летніх мусонных дажджоў. Выкарыстоўваецца для арашэння. Ад Р. адыходзяць шматлікія ірыгацыйныя каналы, сцёк зарэгуляваны плацінамі. На Р. — г. Лахор (Пакістан).

т. 13, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)