МЕЛЬХІЁР [ням. Melchior, скажэнне франц. maillechort ад імён франц. вынаходнікаў гэтага сплаву Маё (Maillot) і Шар’е (Chorier)],

сплаў медзі з 20—30% нікелю; медна-нікелевы сплаў. Звычайна мае дабаўкі жалеза (0,8%) і марганцу (каля 1%).

У 19 ст. да М. адносілі таксама сплаў медзі з нікелем і цынкам (нейзільбер) і пасярэбраную латунь (вырабы з іх няправільна наз. мельхіёравымі).

т. 10, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕНЕЛА́Й (Menelaos),

у старажытнагрэч. міфалогіі спартанскі цар, адзін з найб. вядомых удзельнікаў Траянскай вайны, якая пачалася з-за выкрадання яго жонкі Алены траянскім царэвічам Парысам. Пасля ўзяцця ахейскімі войскамі Троі М. разам з Аленай шмат гадоў вандраваў па свеце, пакуль змог вярнуцца ў Спарту. Паводле міфа, М. пасля смерці перанесены ў казачныя Елісейскія палі (гл. Элізіум).

т. 10, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕРКУ́РЫЙ (лац. Mercurius ад mercare гандляваць),

у старажытнарымскай міфалогіі бог гандлю, апякун падарожнікаў. Стараж. скульптары і мастакі паказвалі М. юнаком з крылатымі сандалямі, у дарожным капелюшы і з жазлом у руках. Атаясамліваўся з грэч. Гермесам, што ў наступных міфах прывяло да надання М. таксама функцый правадніка ў царстве мёртвых, вестуна багоў, апекуна рамёстваў, знаўцы таямніц магіі і астралогіі.

т. 10, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОНАНІ́ТКА, монавалакно,

адзіночная нітка вельмі вял. даўжыні, сфармаваная з расплаву палімера. Дыяметр 0,03—1,5 мм. Асн. фіз.-хім. ўласцівасці М. блізкія да ўласцівасцей кручаных нітак з валокнаў хімічных. М. вырабляюць у асн. з сінт. палімераў (напр., поліамідаў, поліэтылентэрэфталату, поліалефінаў). Выкарыстоўваюць у вытв-сці шчотак тэхн. і быт. прызначэння, фільтравальных сетак, рыбалоўнай лёскі, тарных і абівачных матэрыялаў, вібрасітаў і інш.

т. 10, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ШНА,

біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Віцебскім р-не. Створаны ў 1979 з мэтай аховы прыродных месцаў росту журавін. Пл. 399 га. Размешчаны на балоце Мошна. У складзе расліннасці хваёва-кусцікава-сфагнавыя фітацэнозы з пашырэннем журавін, бярозава-хваёва-асаковыя фітацэнозы, хвойнікі багуновыя і асаковыя, бярэзнікі асаковыя. На ўчастках з мінер. глебамі яловыя, асінавыя і бярозавыя лясы.

т. 10, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАХІ́МАЎСКАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА,

сярэдняя спецыялізаваная навуч. ўстанова ў Расіі з ваенна-марской накіраванасцю навучання і выхавання. Дае агульную сярэднюю адукацыю і рыхтуе да паступлення ў вышэйшае ваенна-марское вучылішча. Ствараліся з 1943 у Ленінградзе, Рызе, Тбілісі. З 1955 дзейнічае Н.в. ў С.-Пецярбургу. Прымаюцца юнакі ва ўзросце 15—16 гадоў, якія маюць няпоўную сярэднюю адукацыю. Тэрмін навучання 2 гады.

т. 11, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІЭ́ДР (ад палі... + грэч. hedra аснова, грань),

аб’яднанне канечнай колькасці выпуклых мнагаграннікаў у n-мернай прасторы, размешчаных так, што ўсякія 2 з іх або не перасякаюцца, або іх перасячэнне з’яўляецца гранню кожнага з іх. Аднамерныя П. — ламаныя лініі. У двухмерным выпадку П. — замкнуты многавугольнік (не абавязкова выпуклы) разам з абмежаваным ім кавалкам плоскасці. Трохмерны П. — мнагаграннік.

т. 12, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎВО́СТРАЎ ЧАРАЎКІ́,

геалагічны (геамарфалагічны) помнік прыроды рэсп. значэння (з 1997). Каля в. Чараўкі Мядзельскага р-на Мінскай вобл., на паўн.-ўсх. беразе воз. Нарач. Паўвостраў уразаецца ў возера больш як на 700 м і злучаецца з карэнным берагам лагчынай-пратокай з рэшткавым возерам. У рэльефе вылучаюцца пагоркі (камы) якія ўтварыліся каля 20 тыс. г. назад.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 12, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕНА́ЛЬЦІ (ад англ. penalty пакаранне, штраф),

пакаранне ў спарт. гульнях за парушэнне правіл у штрафной пляцоўцы. У футболе ўведзены ў 1891 як штрафны ўдар, што прабіваецца па варотах каманды, якая правінілася, з адлегласці 11 м. Назначаецца суддзёй. П. выкарыстоўваецца таксама ў водным пола (з 4 м), гандболе (з 7 м), хакеі на лёдзе і на траве.

т. 12, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІТЭ́ШТЫ (Piteşti),

горад на Пд Румыніі, на р. Арджэш. Адм. ц. жудзеца Арджэш. Вядомы з 1388. Каля 190 тыс. ж. з прыгарадамі (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Цэнтр нафтапрамысл. р-на. Прам-сць: нафтаперапр. і нафтахім., маш.-буд. (аўтамаб. і электраматорны з-ды), харч. (мясная, малочная, вінна-гарэлачная), гарбарна-абутковая, тэкст., швейная, гумавая, дрэваапрацоўчая, буд. матэрыялаў. Музеі.

т. 12, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)