ГЕКТО́ГРАФ (ад гекта... + ...граф),

простая друкавальная прылада для размножвання тэкстаў і ілюстрацый. Дзеянне заснавана на здольнасці застылай жэлаціна-гліцэрынавай масы ўспрымаць спец. (гектаграфскае) чарніла, якім выконваюцца тэксты і ілюстрацыі, а потым перадаваць іх (пры прыцісканні) на лісты паперы. На гектографе можна атрымаць да 100 адбіткаў. Вынайдзены рус. вынаходнікам М.​І.​Алісавым у 1869.

т. 5, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІГРАМАРФІ́ЗМ (ад гігра... + грэч. morphē форма, выгляд),

асаблівасці будовы раслін, якія растуць у вільготных мясцінах, з павышанай вільгаццю паветра. Для іх характэрны прыстасаванні, накіраваныя на ўзмацненне транспірацыі (клеткі эпідэрмы танкасценныя, укрытыя тонкай кутыкулай; вялізныя міжклетнікі і танкасценныя валаскі ствараюць вял. выпаральную паверхню), што забяспечвае інтэнсіўнае перамяшчэнне пажыўных раствораў да парасткаў. Гл. таксама Гіграфіты, Ксерамарфізм.

т. 5, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІ́РКА,

фігурная арх. дэталь з цэглы або каменю найчасцей у выглядзе перакуленай пірамідкі. Шырока выкарыстоўвалася ў рус. архітэктуры 16—17 ст. у дэкоры брам, ганкаў, аконных праёмаў. Падвешвалася на схаваным у муроўцы жал. стрыжні і служыла апорай для дэкар. арачак, звычайна размешчаных пад адной вял. аркай.

Гірка.
Гіркі на фасадзе кальвінскага збору ў Смаргоні.

т. 5, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАБА́ЎЛЕНАЯ ВА́РТАСЦЬ,

частка прыросту вартасці; вартасць прададзенага прадукту за вылікам вартасці вырабаў (матэрыялаў), што куплены і выкарыстаны для яго вытв-сці. Дабаўленая вартасць роўная выручцы, якая ўключае заработную плату з адлічэннямі на сац. страхаванне, арэндную плату, рэнту, банкаўскі працэнт, прыбытак, амартызацыйныя адлічэнні, расходы на рэкламу і інш. У многіх высокаразвітых краінах служаць асновай ускоснага падаткаабкладання.

т. 5, с. 556

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМІНО́ (франц. і італьян. domino ад лац. dominus пан),

1) маскарадны касцюм у выглядзе плашча з рукавамі і капюшонам, а таксама чалавек у такім касцюме.

2) Плашч з капюшонам у каталіцкіх манахаў.

3) Настольная гульня ў пластмасавыя або касцяныя пласцінкі, на якіх нанесены кропкі (ачкі), а таксама набор пласцінак для гэтай гульні (28 шт.).

т. 6, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАРО́ЖКА,

снасць для лоўлі драпежнай рыбы. Прадаўгаватая металічная пласціна з кручком або якарком на канцы, прымацаваная да доўгага шнура, што цягнуць за чаўном ці лодкай. Кручок (якарок) маскіруюць чырвонымі ніткамі ці тканінай. Шнур намотваюць на спец. калаўроцік (матавільца) або дошчачку. Д. вядома на Беларусі са старажытнасці, у наш час выкарыстоўваецца рыбаловамі-аматарамі.

І.​М.​Браім.

т. 6, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖУНГА́РСКІЯ ВАРО́ТЫ,

горны пра ход паміж хрыбтамі Джунгарскі Алатау на З і Барлык на У, у Казахстане, паблізу мяжы з Кітаем. Злучае. Балхаш-Алакольскую катлавіну і Джунгарскую раўніну. Даўж. каля 50 км, шыр. да 10 км, выш. 300—400 м. Пераважае паўпустынны ландшафт. У старажытнасці Дж.в. служылі праходам для качэўнікаў Цэнтр. Азіі і Казахстана.

т. 6, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗА́БХАН,

рака на З Манголіі. Даўж. 808 км, пл. бас. 71,2 тыс. км². Пачынаецца ў гарах Хангай, сярэдняе цячэнне — па шырокай міжгорнай упадзіне, ніжняе — па пустынях Катлавіны Вял. азёр, упадае некалькімі рукавамі ў воз. Айраг-Нур. Сярэдні расход вады на выхадзе з гор 60 м³/с. Жыўленне снегава-дажджавое. Выкарыстоўваецца для арашэння.

т. 6, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕЛАВЫ́Я ГУ́ЛЬНІ,

метад імітацыі прыняцця кіраўніцкіх рашэнняў у розных штучна падабраных сітуацыях, якія набліжаюцца да рэальных, сапраўдных. Ажыццяўляюцца шляхам гульні (гульняў) па зададзеных правілах групы людзей або чалавека з ЭВМ, пераважна ў галіне менеджменту, у камерцыйнай. фін. і іншых сферах. Выкарыстоўваюцца для навучання і адбору кіраўнікоў, н.-д. мэт, выпрацоўкі кіраўніцкіх рашэнняў.

т. 6, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯКО́НСКІ (Dziekoński) Бартломей, польскі эканаміст 18—19 ст. Д-р філасофіі. У 1764—1801 працаваў выкладчыкам у беластоцкіх школах. Падрыхтаваў шэраг падручнікаў і дапаможнікаў па земляробстве і эканам. пытаннях для школ Адукацыйнай камісіі. Выдаў у Супраслі свае працы «Асновы аграноміі, рукадзелля і гандлю...» (1790), «Правілы земляробства і агародніцтва...» (1796), «Земляробства і агародніцтва» (1805).

т. 6, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)