ПАРТНО́Ў (Аляксандр Сталіевіч) (н. 17.9.1961, Баку),

бел. спартсмен (скачкі ў ваду). Засл. майстар спорту СССР (1980). У 1996—2000 старшы трэнер рэзерву нац. зборнай каманды Беларусі па скачках у ваду. Чэмпіён XXII Алімп. гульняў (1980, Масква) у скачках з 3-метровага трампліна. Бронз. прызёр чэмпіянату Еўропы сярод моладзі (1976, Нарвегія) у скачках з трампліна і чэмпіянату свету (1982). Чэмпіён Еўропы (1981, г. Спліт, Югаславія). Чэмпіён СССР (1988).

т. 12, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСТАЛЫ́, поршні,

у беларусаў старадаўні скураны абутак накшталт лапцей. Шылі з кавалка (радзей двух) ялавай або свіной сырамятнай скуры, мацавалі вакол ступні абораю. Святочныя П. аздаблялі вышыўкай. Бытавалі амаль па ўсёй Беларусі. Часта П. называлі лапці, падшытыя скурай, а на ПдЗ Беларусі — лыкавыя лапці. Рэшткі П. знойдзены пры раскопках стараж. Брэста (11—13 ст.) і Мінска (12—13 ст.). У пач. 20 ст. выйшлі з ужытку.

т. 12, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎЛО́ЎСКІ (Аляксандр Іванавіч) (27.6.1927, г. Запарожжа, Украіна — 12.2.1993),

расійскі фізік. Акад. Рас. АН (1991, чл.-кар. 1979). Герой Сац. Працы (1966). Скончыў Харкаўскі ун-т (1950). У 1951—86 у спец. НДІ. Навук. працы па нейтроннай фізіцы, фізіцы высокіх шчыльнасцей энергіі, уласцівасцях рэчыва пры экстрэмальных умовах звышмоцнага магн. поля і ціску, лазернай фізіцы, фізіцы паскаральнікаў зараджаных часціц. Ленінская прэмія 1966, Дзярж. прэміі СССР 1953, 1983.

т. 12, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЦЯРПЕ́ЛЫ ў праве,

асоба, якой злачынствам нанесена маральная, фізічная або матэрыяльная шкода. Паводле крымінальна-працэсуальнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь, асоба, якая прызнана П., мае права даваць следчаму і суду паказанні па справе, прадстаўляць доказы, заяўляць хадайніцтвы, знаёміцца з матэрыяламі справы пасля заканчэння папярэдняга следства, прымаць удзел у судовым разглядзе і карыстацца інш. працэсуальнымі правамі, а таксама абскарджваць прыгавор, вызначэнне суда або пастановы суддзі.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 12, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕЛІКА́Н (Венцаслаў Венцаслававіч) (11.9.1790, г. Слонім Гродзенскай вобл. — 21.6.1873),

расійскі і бел. вучоны ў галіне хірургіі. Д-р медыцыны (1816). Скончыў Пецярб. медыка-хірург. акадэмію (1813). З 1817 праф., з 1826 рэктар Віленскага ун-та. У 1831—37 інспектар Мін-ва ўнутр. спраў у Пецярбургу. У 1851—64 прэзідэнт Пецярб. медыка-хірург. акадэміі, у 1865—70 старшыня дзярж. мед. савета. Навук. працы па лячэнні анеўрызмаў.

т. 12, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАЎТВАРА́ЛЬНАЯ ПАДСТА́НЦЫЯ,

электрычная падстанцыя для пераўтварэння эл. току пераважна па частаце і колькасці фаз (напр., пераменнага току ў пастаянны). Аснашчаюцца гал. чынам вентыльнымі выпрамнікамі току. Забяспечваюць пастаянным токам электрыфікаваны транспарт, электрахім. ўстаноўкі і інш. На ЛЭП пастаяннага току служаць для пераўтварэння трохфазнага току прамысл. частаты ў пастаянны ў пачатку лініі (выпрамляльныя П.п.) і адваротнага пераўтварэння току ў канцы лініі (інвертарныя П.п., на якіх выкарыстоўваюцца рознага тыпу інвертары).

т. 12, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЁТРКАЎСКІ СТАТУ́Т 1496,

пастановы на карысць шляхты, прынятыя сеймам Польшчы ў г. Пётркаў-Трыбунальскі. Заканадаўча аформіў прымацаванне польскіх сялян да зямлі, пазбавіў мяшчан права валодаць шляхецкай зямлёй (гэта значыць і магчымасці пераходзіць у шляхецтва), вызваліў шляхту ад пошлін на ўвоз замежных тавараў і вываз с.-г. прадукцыі, даў ёй выключнае права вытв-сці і продажу спіртных напіткаў (т.зв. права прапінацыі). П.с. нанёс эканам. ўдар па польскіх гарадах.

т. 12, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЁТРКАЎ-ТРЫБУНА́ЛЬСКІ (Piotrków Trybunalski),

горад у цэнтр. частцы Польшчы, у Лодзінскім ваяводстве. Вядомы з 1217. Каля 100 тыс. ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: шкляная (1-е месца ў краіне), маш.-буд. (горныя, шкларобчыя, дарожныя машыны), харч. (малочная, мукамольная, піваварная, па перапрацоўцы агародніны), дрэваапр., буд. матэрыялаў, швейная, папяровая. Філіял Лодзінскага ун-та. Музеі. Арх. помнікі 14—18 ст.: каралеўскі замак (1511—19), касцёлы, кляштары, капліцы.

т. 12, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́НКУС (Саламон Шыманавіч) (28.8.1908, г. Адэса, Украіна — 1.7.1971),

бел. вучоны ў галіне ўнутранай медыцыны. Д-р мед. н. (1968), праф. (1969). Скончыў Адэскі мед. ін-т (1933). З 1961 у Гродзенскім мед. ін-це (з 1963 заг. кафедры). Навук. працы па пытаннях згусальнай і процізгусальнай сістэм крыві пры сардэчна-сасудзістых хваробах.

Тв.:

Тромботест при гипертонической болезни и атеросклерозе // Врачебное дело. 1967. № 3;

Тромбоэластография в кардиологии. Мн., 1972.

т. 12, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІЦЭ́НЫ, піцэнты (лац. piceni),

старажытнае італійскае племя, якое па мове адносілася да оска-умбраў. Жылі ва ўсх. частцы Італіі (вобл. Піцэн). Лічаць, што П. перасяліліся ў Італію ў пач. жал. веку. Змяшаўшыся са стараж. насельніцтвам Піцэна, стварылі своеасаблівую культуру Навілара (9—7 ст. да н.э.).

У 269—268 да н.э. заваяваны рымлянамі; нязначную частку П., якія жылі на Пд Кампаніі, рымляне адцяснілі ў Луканію да Пестума.

т. 12, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)