род кветкавых раслін сям. касачовых. Каля 300 відаў. Пашыраны ў Паўд. і Паўн. Афрыцы, Еўропе, Усх. Азіі. У Беларусі ўсюды зрэдку трапляецца гладыёлус чарапіцавы (G. imbricatus) і вельмі рэдка (у Белавежскай пушчы, наваколлях гарадоў Магілёў і Рагачоў) гладыёлус балотны (G. palustris). Растуць на вільготных лугах, лясных палянах, каля балот, у хмызняках. Гладыёлус чарапіцавы занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь, гладыёлус балотны лічыцца зніклым. У калекцыі Цэнтр.бат. саду Нац.АН Беларусі больш за 600 сартоў гладыёлуса гібрыднага (G. hybridus). У сусв. селекцыі — больш за 10 тыс. сартоў.
Шматгадовыя клубнецыбульныя прыгожаквітучыя травяністыя расліны з прамастойным сцяблом выш. 20—220 см. Клубнецыбуліна круглаватая або пляскатая, з 2—3 плевачнымі ці валакністымі абалонкамі, якія штогод аднаўляюцца. Лісце лінейна-мечападобнае, зялёнае або блакітна-зялёнае. Кветкі лейкападобныя, разнастайнай афарбоўкі, у некат. відаў пахучыя, сабраныя па некалькі (ад 2—5 да 40) у адна- ці двухбаковае коласападобнае суквецце. Плод — 3-створкавая шматнасенная каробачка. Размнажаюцца вегетатыўна (клубнецыбулінамі і «дзеткамі») і насеннем. Выкарыстоўваюць на зразанне, нізкарослыя — для бардзюраў і груп.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУРА́ВІЧЫ, Старыя Журавічы,
вёска ў Рагачоўскім р-не Гомельскай вобл., на р. Гутлянка. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 42 км на ПнУ ад горада і чыг. ст. Рагачоў, 102 км ад Гомеля. 968 ж., 396 двароў (1997).
Вядомыя з канца 16 ст. як маёнтак у Рэчыцкім пав.ВКЛ. З 1772 у Рас. імперыі. У 1784 мяст. Быхаўскага пав. Магілёўскай губ. У канцы 19 ст.за 3 км ад Ж. узнікла вёска пад назвай Новыя Ж. У 1886—2179 ж, Ільінская царква, касцёл, сінагога, 2 гарбарныя майстэрні, штогод 4 кірмашы. У 1894 адкрыты школа, лячэбніца, аптэка, у 1905 — нар. вучылішча. З 1905 мяст. Рагачоўскага пав., 3200 ж. З 1924 цэнтр сельсавета. З 15.7.1935 мястэчка, з 27.9.1938 вёска. У 1924—31, 1935—56 цэнтр Журавіцкага раёна. З 14.8.1941 да 25.11.1943 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Ж. і раёне 2477 чал., вёску двойчы (1941, 1943) часткова спалілі. У 1971 у Ж. 1417 жыхароў.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Каля вёскі магіла ахвяр фашызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫРО́ВІЧЫ, Жыровіцы,
вёска Слонімскім р-не Гродзенскай вобл., каля р. Шчара, на аўтадарозе, што злучае Слонім з аўтадарогай Мінск—Брэст. Цэнтр сельсавета. За 10 км на Пд ад горада і чыг. ст. Слонім, 138 км ад Гродна. 2577 ж., 646 двароў (1997).
Вядомы з 2-й пал. 15 ст. як уладанне, аддадзенае вял.кн.ВКЛ Казімірам Ягелончыкам літ. падскарбію А.Солтану. У 16 ст. заснаваны Жыровіцкі Успенскі манастыр. З 1610-х г. Ж. — уласнасць Л.Сапегі, потым Я.Мялешкі. З 17 ст. мястэчка, у 1652 атрымалі магдэбургскае права. З 1795 у Рас. імперыі, у Слонімскім пав. У 1880-я г. больш за 300 ж. З 1921 у складзе Польшчы, у Слонімскім пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Слонімскага р-на. У 1971—2591 ж., 430 двароў.
Дзярж. сортавыпрабавальная станцыя. Жыровіцкі сельскагаспадарчы тэхнікум. Мінская вышэйшая духоўная семінарыя. Сярэдняя і муз. школы. 2 дамы культуры, 2 б-кі, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Каля вёскі магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры — Георгіеўская царква (канец 18 ст.) і Жыровіцкі манастыр базыльян.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛАЦІ́СТЫЯ ВО́ДАРАСЦІ (Chrysophyta),
аддзел ніжэйшых раслін; прадстаўнікі фітапланктону. Каля 120 родаў. Больш за 400 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў прэсных водах; характэрны для кіслых вод сфагнавых балот; жывуць у морах і салёных азёрах, зрэдку ў глебе. Планктонныя, эпіфітныя, бентасныя арганізмы. З’яўляюцца важным звяном трафічнага цыкла вадаёмаў (першасныя прадуцэнты арган. рэчываў). На Беларусі 21 род, каля 50 відаў, напр., гіялобрыян, дынобрыян, кефірыян, маламонас, сінура, стэнакалікс, ураглена, урагленопсіс, хрызідаліс, тылахрызіс і інш.
Аднаклетачныя, каланіяльныя, радзей шматклетачныя арганізмы рознай формы. Рухомыя, плаваюць свабодна або прымацоўваюцца. Колер залаціста-жоўты, часам буравата-зялёны, радзей зеленавата-жоўты з-за хларафілу, жоўтых пігментаў (караціноідаў, фукаксанціну). Кветкі рознай формы, аднаядравыя, без цвёрдай абалонкі, некат. ў крэменязёмным лускавінкавым панцыры з іголкамі, шыпамі або ў «хатцы» (своеасаблівы панцыр). Маюць 1—2 (3—4) жгуцікі, скарачальныя вакуолі і вочка. Хларапластаў 1—2, пасценныя, карытападобныя. Запасныя рэчывы — хрызаламінарын і апей. Размнажэнне вегетатыўнае, бясполае (зааспорамі, аўтаспорамі), палавое (іза-, гола-, аўтагамія). Большасць відаў аўтатрофы, ёсць гетэратрофы. Пры неспрыяльных умовах утвараюць крамяністыя цысты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНЯЯ ЭКСПЕДЫ́ЦЫЯ ПА АСУШЭ́ННІ БАЛО́Т.
Працавала ў 1873—98 пад кіраўніцтвам І.І.Жылінскага. Створана для вывучэння прыродна-кліматычных умоў Палесся, правядзення вышукальных работ, праектавання асушальнай меліярацыі і арганізацыі гідрамеліярац.буд-ва. Правяла пошукі і падрыхтавала ген. план асушэння балот Палесся (залаты медаль на сусв. выстаўцы ў Парыжы, 1878). У 1874 зацверджаны план асушэння балот на пл. каля 8,7 млн.га. За час работы экспедыцыі асушана каля 500 тыс.га балот (у асноўным казённыя дачы — землі памешчыкаў і чыноўнікаў, часткова землі сялян); пракладзена больш за 4,6 тыс.км каналаў асушальнага і лесатрансп. прызначэння. Даследавалася эфектыўнасць вырошчвання шматгадовых траў, бульбы, агародніны і збожжа на асушаных тарфяна-балотных глебах. Экспедыцыя арганізавала ў Пінску і в. Васілевічы (цяпер горад у Рэчыцкім р-не) метэастанцыі. Метэаназіранні вяліся таксама ў в. Дарашэвічы (Петрыкаўскі р-н) і на доследнай ферме «Бабічы» (Рэчыцкі р-н). На прытоках Прыпяці і З каналах пабудаваны 13 вадамерных пастоў. Экспедыцыя афіцыйна ліквідавана ў 1902.
Літ.:
Козловский П.Г. Мелиорация Полесья в досоветский период // Проблемы Полесья. 1978. Вып. 5.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗА́ЯЦ-БЯЛЯ́К»
(«Schneehase»),
кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш.акупац. улад супраць партызан і насельніцтва Расонска-Асвейскай партыз. зоны Віцебскай вобл. ў Вял.Айч. вайну. Праводзілася 28.1—13.2.1943 сіламі 4 палкоў 201-й ахоўнай дывізіі, паліцэйскага палка і шэрагу мясц. гарнізонаў пры падтрымцы 281-й ахоўнай і 391-й вучэбна-палявой дывізій з мэтай прыціснуць партызан да чыг. Полацк—Ідрыца (праходзіла праз Расоны, цяпер не існуе) і знішчыць сустрэчным ударам з боку воз. Асвейскае. Ім процістаялі 1, 3, 5-я Калінінскія і Дрысенская брыгады, З атрады брыгады «За Савецкую Беларусь», Асобны латышскі партыз. і інш. атрады брыгад Асвейскай, Расонскай і «Спартак». Пасля працяглых баёў партызаны 11 лют. перайшлі ў контрнаступленне і да 15 лют. выбілі ворага з тэр. Расонскага р-на. У ходзе аперацыі «З.-б.» карнікі загубілі 877 чал. (па няпоўных звестках) мясц. насельніцтва, у т. л. разам з жыхарамі знішчылі вёскі Ваўкова, Велле, Гарэлая Яма, Гуйды, Ніўё, Плігаўкі, Ражнова (не аднавіліся) і інш. Як рэванш за няўдачу, гітлераўцы пачалі новыя карныя аперацыі — «Шаравая маланка» і «Зімовае чараўніцтва».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯМЕ́ЛЬНЫЯ РЭСУ́РСЫ,
сукупнасць зямельных тэрыторый, што выкарыстоўваюцца ці прыдатныя для выкарыстання ў гасп. мэтах і ў якасці сродкаў вытв-сці; від прыродных рэсурсаў. Падзяляюцца на 3 групы: угоддзі сельскагаспадарчыя; землі для размяшчэння сродкаў вытв-сці, непарыўна звязаных з зямлёй (ахоўныя лясныя насаджэнні, гідратэхн. збудаванні, пляцоўкі для с.-г. авіяцыі і інш.); землі, якія не выкарыстоўваюць у с.-г. вытв-сці (камяністыя месцы, яры і інш.). З.р. выкарыстоўваюцца і для размяшчэння нар.-гасп. аб’ектаў, рассялення насельніцтва, як гал. сродак вытв-сці ў сельскай і лясной гаспадарцы. Агульная пл. сушы на зямным шары складае 133,9 млн.км² (без уліку 14 млн.км², што пад ледавікамі), з якой тундравыя і лесатундравыя тэрыторыі займаюць 17 млн.км². Пад с.-г. землямі занята каля 35%, лясамі і хмызнякамі — больш за 30%, населенымі пунктамі, прам-сцю і транспартам — больш за 3%. На душу насельніцтва плошчы пад ворнай зямлёй, лугамі і пашамі складаюць каля 1 га. Ў сувязі з павелічэннем колькасці насельніцтва Зямлі і выбыццём ч. ўгоддзяў з с.-г. абароту, штогод выключаецца з карыстання 5—7 млн.га. Гл. таксама Зямельны фонд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРА́НСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1978—79,
антыманархічная, ісламская, кансерватыўная рэвалюцыя ў Іране. Пачалася як рэакцыя іранскага грамадства на эканам. (інфляцыя і інш.) і паліт. (праследаванне апазіцыйных, у т. л.рэліг., дзеячаў, самавольства тайнай паліцыі) сітуацыю, на захады правіцеля-шаха (апошняга з дынастыі Пехлеві), які імкнуўся паскорыць развіццё Ірана на ўзор індустр. дзяржаў Зах. Еўропы. На 1-м этапе рэвалюцыі (91—8.9.1978) адбываліся дэманстрацыі пад лозунгамі абмежавання шахскай улады і ўвядзення паліт. свабод у краіне. 8.9.1978 у сутыкненнях з войскамі ў Тэгеране забіта больш за 1 тыс. дэманстрантаў. На 2-м этапе (8.9 1978—16.1.1979) актывізаваўся забастовачны рух, антышахскія заклікі духоўнага ісламскага лідэра аяталы Р.Хамейні падтрымала ліберальная інтэлігенцыя, якая аб’ядналася ў Нац. фронт. У канцы 1978 — пач. 1979 сфарміраваны пераходны ўрад на чале з адным з лідэраў фронту Ш.Бахціярам; 16.1.1979 шах выехаў за мяжу. 3-і этап рэвалюцыі завяршыўся пераможным узбр. паўстаннем 9—12.2.1979 у Тэгеране і інш. гарадах. 1.4.1979 пасля рэферэндуму абвешчана Ісламская Рэспубліка Іран, у снеж. 1979 прынята яе канстытуцыя.
Літ.:
Резников А.Б. Иран: падение шахского режима. М., 1983;
Иранская революция 1978—1979: Причины и уроки. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАГЭЛНІЧА́НУ ((Kogálniceanu) Міхаіл) (6.9.1817, г. Ясы, Румынія —20.6.1891),
румынскі і малд.паліт. і дзярж. дзеяч, гісторык, пісьменнік. Вучыўся ў Францыі і Германіі (1834—48). У 1843—44 выкладаў у Міхайлаўскай акадэміі ў Ясах. Удзельнік рэв. руху 1848 у Малд. княстве, пасля яго задушэння (май 1848) у эміграцыі (Чарнавіцы, да 1849). Склаў дакумент «Пажаданні нацыянальнай партыі ў Малдове», у якім прапанаваў праграму рэформ (роўнасць грамадз. і паліт. правоў, асабістая свабода, адданне зямлі сялянам за выкуп) і выступаў за аб’яднанне Малдовы і Валахіі ў адзіную Рум. дзяржаву. У 1860—61 кіраўнік урада Малдовы, у 1863—65 — Рум. княства; правёў агр. (1864) і інш. рэформы. У 1876 і 1877—78 міністр замежных спраў Румыніі; напярэдадні рус.-тур. вайны 1877—78 падпісаў канвенцыю аб праходзе рас. войск праз рум. тэрыторыю. 21.5.1877 абвясціў незалежнасць Румыніі. У 1868—70 і 1879—80 міністр унутр. спраў. У 1887—90 прэзідэнт Рум. акадэміі. Аўтар «Гісторыі Валахіі, Малдовы і задунайскіх валахаў» (1837), шэрагу навел, нарысаў і п’ес. Апублікаваў архіўныя матэрыялы «Летапісы Малдаўскай дзяржавы» (т. 1—3, 1845—52).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНА́РСКІЯ АСТРАВЫ́ (ісп. Islas Canarias),
аўтаномная вобласць Іспаніі на аднайм. астравах у Атлантычным ак., за 100—120 км ад паўн.-зах. берагоў Афрыкі. Пл. 7,3 тыс.км². Нас. 1,5 млн.чал. (1991). Адм. ц. — г.Лас-Пальмас. Падзяляюцца на 2 правінцыі: Лас-Пальмас і Санта-Крус-дэ-Тэнерыфе. Найб. астравы: Гран-Канарыя, Тэнерыфе, Фуэртэвентура, Лансаротэ. Вулканічныя гарыстыя астравы, складзеныя з базальтаў. Характэрны патухлыя і дзеючыя вулканы. Выш. да 3718 м (дзеючы вулкан Тэйдэ на в-ве Тэнерыфе). Клімат трапічны, пасатны. Ападкаў 300—500 ммза год. Вечназялёная лясная і хмызняковая расліннасць. Нац. паркі: Тэйдэ, Тыманфая, Кальдэра-дэ-Табурыентэ, Гараханай. Насельніцтва занята гал.ч. ў сферы абслугоўвання і сельскай гаспадарцы. Астравы — буйны цэнтр марскіх курортаў і міжнар. турызму. Абслугоўванне турыстаў і адпачываючых — гал. галіна эканомікі. Найважнейшыя с.-г. культуры — бананы, вінаград, памідоры, бульба, тытунь і гародніна; развіта рыбалоўства (каля 15% агульнаісп. ўлову). Прам-сць: нафтаперапр., хім., харчасмакавая (асабліва плодакансервавая і рыбаперапр.), металаапрацоўчая. Вінаробства. Транспарт марскі і аўтамабільны. Парты Лас-Пальмас і Санта-Крус-дэ-Тэнерыфе — бункерныя базы і суднарамонтныя цэнтры міжнар. значэння. 2 міжнар. аэрапорты.