БЯРО́ЗА (да 1940 Бяроза-Картузская, Картуз-Бяроза),

горад у Беларусі, цэнтр Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл., на р. Ясельда. За 102 км ад Брэста, 6 км ад чыг. ст. Бяроза-Картузская на лініі Брэст—Баранавічы, на аўтадарозе Кобрын—Баранавічы. 30,5 тыс. ж. (1995).

У пісьмовых крыніцах вядома з 1477 як вёска Слонімскага, у 1521 — Кобрынскага пав. ВКЛ. Належала Гамшэям, Вештартовічам, Гастоўскім, Рудзінскім, з канца 16 ст. — Сапегам. З 1629 мястэчка. У 1648—89 пабудаваны Бярозаўскі касцёл і кляштар картэзіянцаў (картузаў, адсюль назва Картуз-Бяроза). У 1706 тут адбылася сустрэча рас. цара Пятра I з каралём польскім і вял. кн. літ. Аўгустам II. У час Паўночнай вайны 1700—21 швед. войскі разбурылі Бярозу і абрабавалі кляштар. З 1795 Бяроза ў складзе Рас. імперыі, мястэчка Пружанскага пав. (з 1801 Гродзенскай губ.). У 1-й пал. 19 ст. праводзілася 8 кірмашоў на год, дзейнічалі 2 гарбарныя і суконныя мануфактуры. У 1871 праз Бярозу пракладзена Маскоўска-Брэсцкая чыгунка. У 1897 — 6,2 тыс. ж. У 1-ю сусв. вайну ў 1915 акупіравана герм. войскам, у 1919—20 занята польскім войскам, Чырв. Арміяй. З 1921 у Польшчы, мястэчка Пружанскага пав. Палескага ваяв. У 1934 створаны Бяроза-Картузскі канцэнтрацыйны лагер. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 горад, цэнтр раёна. З 23.6.1941 да 15.7.1944 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія ў створаным імі лагеры смерці загубілі 7 тыс. чал. Дзейнічала патрыят. падполле. Бяроза вызвалена войскамі 28-й арміі 1-га Бел. фронту ў ходзе Беларускай аперацыі 1944. У 1969 — 7,5 тыс. чал.

У Бярозе прадпрыемствы маш.-буд., буд. матэрыялаў (Бярозаўскі камбінат сілікатных вырабаў), харч. (Бярозаўскі мясакансервавы камбінат, Бярозаўскі сыраробны камбінат) прам-сці і сац.-быт. абслугоўвання. Бярозаўскі гісторыка-краязнаўчы музей. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: Бярозаўскі касцёл і кляштар картэзіянцаў, Бярозаўская Петрапаўлаўская царква. Помнікі на месцы б. канцэнтрацыйнага лагера, сав. лётчыкам.

Я.​В.​Сяленя (гісторыя)

Горад Бяроза. Забудова жылога раёна.

т. 3, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАКУ́,

горад, сталіца Азербайджана. Размешчаны на Пд Апшэронскага п-ва. 1757 тыс. ж. (1992). Чыг. вузел. Порт на Каспійскім м. Паромная пераправа Баку—Краснаводск. Аэрапорт. Метрапалітэн (з 1967). Нафта- і газаздабыўная (гл. Бакінскі нафтагазаносны раён), нафтаперапр., хім. (вытв-сць сернай кіслаты, каўстычнай соды і інш.), машынабуд. і металаапр. (нафтавае абсталяванне, прыладабудаванне, эл.-тэхн., радыёэлектроннае і быт. машынабудаванне; судна-, вагона- і аўтарамонт), лёгкая (тэкст., трыкат., швейная, абутковая), харч. прам-сць. ДРЭС. АН Азербайджана. 13 ВНУ (у т. л. Азерб. ун-т). 6 тэатраў, 28 музеяў.

Упершыню ўпамінаецца як горад у 9—10 ст. Ужо тады ў Баку здабывалі нафту. З 2-й пал. 12 ст. рэзідэнцыя шырваншахаў, значны порт. У 1540 захоплены войскамі Сефевідаў дзяржавы, з канца 16 ст. пад уладай Турцыі, на пач. 17 ст. — Ірана. У час Персідскага паходу 1722—23 заняты рус. войскамі, у 1735 вернуты Ірану. З 1747 цэнтр Бакінскага ханства. У 1806 далучаны да Расіі. У 1918—20 у Азербайджане, у т. л. ў Баку, ішла жорсткая барацьба за ўладу (гл. Бакінская камуна, Бакінскія камісары, Цэнтракаспій і інш.). З 1920 сталіца Азербайджана.

Стараж. частка Баку з вузкімі вулачкамі ў 12 ст. была абнесена сценамі з ровам; на яе тэр. — мінарэт Сынык-Кала (1078—79), Дзявочая вежа, Шырваншахаў палац, мінарэт Джума-мячэці (14 ст.) і інш. У Бакінскай бухце — затоплены замак шырваншахаў (1235), захаваўся манум. фрыз з надпісамі, стылізаванымі выявамі людзей, жывёл, фантаст. істот. У 1810 вакол стараж. часткі пачалася рэгулярная забудова. Будынкі 2-й пал. 19 ст. маюць эклектычны характар. У 1950—80 рэканструяваны стараж. раёны, сфарміраваны новы цэнтр горада і плошчы, пабудаваны Дом урада (1952), комплекс будынкаў Акадэміі навук (1951—66), цырк (1967), гасцініцы «Азербайджан» (1969) і «Масква» (1978), Палац радасці «Гюлістан» (1980), паштамт (1982), станцыі метрапалітэна і інш. Помнікі Нізамі, Фізулі і інш.

Баку.
Да арт. Баку. Помнік паэту Фізулі. Скульпт. Т.​Мамедаў, О.​Эльдараў, арх. Г.​Мухтараў. 1962.

т. 2, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНЕСТЭЗІЯЛО́ГІЯ (ад ан... + грэч. aisthēsis пачуццё + ...логія),

галіна клінічнай медыцыны, якая вывучае праблемы абязбольвання, кіравання жыццёваважнымі функцыямі арганізма ў час хірургічнай аперацыі, а таксама перад пачаткам і пасля яе. Уключае рэаніматалогію і інтэнсіўную тэрапію.

Метады абязбольвання пачалі распрацоўвацца разам з хірургіяй яшчэ ў Стараж. Асірыі, Егіпце, Кітаі, Індыі і інш. краінах. Як абязбольвальныя сродкі выкарыстоўваліся настоі і адвары маку, індыйскіх канапель, мандрагоры, дурнап’яну. У сярэднявеччы абязбольванне дасягалася таксама сцісканнем сасудаў шыі або канечнасцяў, шчодрым кровапусканнем, ахаладжэннем тканак і інш. У 19 ст. адкрыты эфектыўныя спосабы абязбольвання. Англ. ўрач У.​Мортан у 1846 правёў аперацыю пад эфірным наркозам, у 1844 амер. ўрач Х.​Уэлс выкарыстаў закіс азоту пры выдаленні зуба. У 1847 шатландскі ўрач Дж.​Сімпсан у якасці сродку для наркозу прапанаваў хлараформ. У Расіі эфірны і хлараформны наркоз увялі ў практыку М.​І.​Пірагоў і Ф.​І.​Іназемцаў (1847). Прынцыпова новым метадам анестэзіі было адкрыццё мясцоваанестэзоўнага дзеяння какаіну (рус. ўрач В.​К.​Анрэп, 1879; аўстр. Келер, 1884). З увядзеннем у практыку раствораў навакаіну пачало хутка развівацца мясц. абязбольванне: інфільтрацыйная, правадніковая і спіннамазгавая анестэзія (А.​В.​Вішнеўскі, С.​С.​Юдзін, І.​С.​Жораў, Я.​М.​Мяшалкін і інш.).

На Беларусі сістэматычныя даследаванні па анестэзіялогіі пачаліся ў канцы 1950 — пач. 1960 г. у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, мед. ін-тах. Вывучаюцца праблемы эндатрахеяльнага наркозу, камбінаванай анестэзіі, асаблівасцяў абязбольвання пры розных хірург. умяшаннях. Распрацоўваюцца пытанні штучнай вентыляцыі лёгкіх, артэрыяльнай гіпатэнзіі, гіпа- і гіпертэрміі (В.​К.​Зубовіч, І.​І.​Канус, І.​З.​Кляўзунік, А.​А.​Плавінскі, У.​У.​Спас, І.​З.​Столкарц, П.​В.​Цэдрык і інш.). Створана служба анестэзіялогіі — рэаніматалогіі з палатамі інтэнсіўнай тэрапіі.

Літ.:

Бунятян А.А., Рябов Г.​А.​Маневич А.З. Анестезиология и реаниматология. 2 изд. М., 1984;

Руководство по анестезиологии. М., 1994.

І.​І.​Канус.

т. 1, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТА́НТА (франц. Entente літар. згода),

ваенна-паліт. блок Вялікабрытаніі, Францыі, Расіі (Траістая згода), аформлены ў 1904—07; у 1-ю сусв. вайну аб’яднаў супраць герм. кааліцыі 25 дзяржаў. З узнікненнем Антанты фактычна закончыўся падзел дзяржаў Еўропы на 2 варожыя лагеры. Германія, значэнне якой у Еўропе вырасла пасля перамогі ў франка-прускай вайне 1870—71, падпісала ў 1879 саюз з Аўстра-Венгрыяй. У 1882 да яго далучылася Італія. Гэтым завяршылася стварэнне Траістага саюза 1879—82. У адказ Францыя і Расія заключылі франкарускі саюз 1891—93. Англія спрабавала застацца ў баку ад блокаў і быць міжнар. арбітрам, але ўзмацненне англа-герм. супярэчнасцяў прымусіла яе падпісаць англа-франц. (1904) і англа-рус. (1907) пагадненні, якія фактычна аформілі стварэнне Антанты. Расія і Францыя мелі ў гэтай групоўцы пэўныя ваен. абавязацельствы (Англія ад іх адмовілася). Рознагалоссі паміж удзельнікамі Антанты часткова былі згладжаны, але канчаткова не ліквідаваны. Іх спрабавала выкарыстаць Германія, каб вывесці з групоўкі Расію. Але гэтаму перашкаджала залежнасць Расіі ад франц. капіталу і ваен. пагроза з боку Германіі. У той жа час Антанта імкнулася ізаляваць ад Траістага саюза Італію (у маі 1915 апошняя перайшла на бок Антанты) і Аўстра-Венгрыю. На пач. 1-й сусв. вайны ўдзельнікі Антанты выступілі разам і ў вер. 1914 падпісалі пагадненне аб незаключэнні сепаратнага міру з Германіяй. У кастр. 1915 да пагаднення далучылася Японія і абвясціла вайну Германіі. У ходзе вайны да Антанты далучылася яшчэ 20 дзяржаў. Асноўны цяжар вайны неслі Расія і Францыя, на тэрыторыі якіх вяліся ваен. дзеянні. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917, калі Расія выйшла з Антанты, Англія і Францыя падпісалі пагадненне (23.12.1917) пра сумесную інтэрвенцыю ў Сав. Расію і падзел яе тэрыторыі. Антанта была ініцыятарам паходаў супраць Сав. дзяржавы (гл. Грамадзянская вайна і ваенная інтэрвенцыя ў Расіі 1918—20). Абвастрэнне супярэчнасцяў паміж дзяржавамі Антанты пасля заканчэння 1-й сусв. вайны прывяло да распаду гэтага блока.

т. 1, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫФАШЫ́СЦКІ РУХ,

зарадзіўся на пач. 1920-х г. са з’яўленнем на паліт. арэне фашызму, актывізаваўся з усталяваннем фаш. рэжымаў у Германіі, Іспаніі і інш. краінах. Да пач. 2-й сусв. вайны прайшоў у сваім развіцці некалькі этапаў, узбагаціўся практыкай барацьбы супраць спроб фаш. пераваротаў у Аўстрыі і Францыі (1934), Іспаніі (1936—39). Тэарэт. асновы антыфашысцкага руху распрацаваны прадстаўнікамі камуністычных, сацыял-дэмакр., хрысц.-дэмакр. партый. Гэта дало магчымасць ужо ў канцы 1920-х г. прыпыніць пагрозу фашызму, арганізаваўшы адзіны пралет. фронт, які ў далейшым стаў апорай шырокага дэмакр. фронту з удзелам пэўных слаёў буржуазіі. VII Кангрэс Камінтэрна (1935) выпрацаваў тактыку адзінага Народнага фронту. Аднак сектанцтва, дагматычны падыход да развіцця антыфашысцкага руху кіраўніцтва СССР і КПСС, якое абвінаваціла с.-д. партыі ў т.зв. сацыял-фашызме, і іх рэакцыя ў адказ, курс СССР на супрацоўніцтва з фаш. Германіяй у 1939—41, рэпрэсіі ў адносінах да шэрагу кампартый (асабліва Польшчы і Германіі) перашкодзілі рэалізацыі ідэй Нар. фронту. Найб. развіцця антыфашысцкі рух дасягнуў у час 2-й сусв. вайны, калі асновай барацьбы супраць фашызму стала антыгітлераўская кааліцыя. Усюды разгарнуўся Рух Супраціўлення, які стаў працягам антыфашысцкага руху даваен. перыяду. Значны ўклад у антыфашысцкі рух зрабілі і патрыёты Беларусі, якія ва ўмовах жорсткага акупац. рэжыму стварылі разгалінаваную сетку патрыят. і антыфаш. падполля, прынялі актыўны ўдзел у арганізацыі і развіцці партызанскага руху на Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну (гл. таксама Антыфашысцкія арганізацыі на Беларусі, Патрыятычнае падполле на Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну). Гэта дало магчымасць Беларусі стаць адной з членаў-заснавальніц Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Пасля ваен.-паліт. разгрому асн. ачагоў фашызму (Германія, Італія, Японія) праблемы антыфашысцкага руху не былі зняты з парадку дня. У заканадаўстве шэрагу краін свету распрацаваны спец. законы, накіраваныя на забарону фашызму і ўмоў для яго дзейнасці, паколькі эканам., паліт., этн. і сац. ўмовы для адраджэння фаш. пагрозы захаваліся.

А.​А.​Чалядзінкі.

т. 1, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЙРУ́Т,

горад, сталіца Лівана. Размешчаны на скалістым п-ве на ўсх. узбярэжжы Міжземнага м. 1,1 млн. ж. (1990). Трансп. вузел. Міжнар. аэрапорт. Порт (вываз цытрусавых, яблыкаў, аліўкавага алею, шоўку-сырцу, воўны). Праз Бейрут ідзе транзітны гандаль краін Б. і Сярэдняга Усходу з Еўропай і інш. рэгіёнамі. Прамысл. і гандл.-фінансавы цэнтр Лівана. У Бейруце і яго прыгарадах каля 70% усіх прамысл. прадпрыемстваў краіны. Тэкст., харч., гарбарная, нафтаперапр., цэм., металаапр. прам-сць. Цэнтр турызму. 4 ун-ты. Музеі: Нац. музей Лівана, прыгожых мастацтваў, амер. ун-та.

Вядомы з 15 ст. да нашай эры пад назвай Берыт, горад і порт Фінікіі. У 3 ст. да нашай эры — 4 ст. нашай эры значны гандл.-рамесны цэнтр, меў аўтаномію і права чаканіць манету. З 635 у складзе Арабскага халіфата. У 1110—1291 (з перапынкам) пад уладай крыжаносцаў, у 14—15 — егіп. мамлюкаў. У 1516—1918 у складзе Асманскай імперыі. Пры эміру Фахр-ад-дзіне II (1590—1635) сталіца створанай ім незалежнай ліванскай дзяржавы, рэзідэнцыя эміра. У 1920—43 адм. цэнтр падмандатнага Францыі Лівана. З 1943 сталіца Ліванскай Рэспублікі. У 1952—75 фін. і банкаўскі цэнтр Б. Усходу. Моцна пацярпеў у час працяглай грамадз. вайны (1975—90).

У горадзе захаваліся рэшткі фінікійскіх, рымскіх і візант. збудаванняў. Сярод арх. помнікаў сярэднявечча мячэць Амара (Джамі аль-Амары, перабудавана ў 1291 з царквы Іаана Хрысціцеля) і «Палацавая мячэць» (пач. 16 ст.). Сучасны Бейрут — з прамымі вуліцамі, шырокай набярэжнай і 3 гал. плошчамі, забудаваны шматпавярховымі дамамі (арх. А.​Табет і інш.). У паўн. частцы горада — атэлі «Сен-Жорж» і «Фінікія», будынак Мін-ва юстыцыі, стадыён на 100 тыс. гледачоў і інш. За 25 км ад Бейрута — палац Бейт-эд-дзін, аздоблены мармурам і размалёўкай (19—20 ст.).

Бейрут.

т. 2, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ АСАЦЫЯ́ЦЫЯ ПРАЛЕТА́РСКІХ ПІСЬМЕ́ННІКАЎ (БелАПП). Існавала з ліст. 1928 да мая 1932. Створана ў выніку рэарганізацыі літ. аб’яднання «Маладняк», усебеларускі з’езд якога (25—28.11.1928) абвясціў сябе 1-м з’ездам БелАПП. Статут прыняты 10.3.1929. Орган кіравання — праўленне і яго сакратарыят. Друкаваны орган — час. «Маладняк» (з № 12, 1928). Члены: А.​Александровіч, З.​Астапенка, А.​Астрэйка, С.​Баранавых, П.​Броўка, П.​Галавач, Ю.​Гаўрук, А.​Звонак, А.​Куляшоў, М.​Лынькоў, Б.​Мікуліч, Р.​Мурашка, А.​Салагуб, Я.​Скрыган, В.​Таўлай, П.​Трус, М.​Чарот, С.​Шушкевіч, Х.​Шынклер і інш. Асацыяцыя мела рус., літоўскую, польск. і яўр. секцыі. Існавалі Бабруйская, Віцебская, Гомельская, Магілёўская, Мінская, Полацкая і інш. філіі, якія выдавалі свае зборнікі, альманахі, асобныя творы. 22.9.1930 філіі ліквідаваны, былі створаны літ. гурткі, студыі пры буйных прадпрыемствах і калгасах. Мінская філія пераўтворана ў Мінскую асацыяцыю пралетарскіх пісьменнікаў (МінАПП), Віцебская — у Віцебскую асацыяцыю пралетарскіх пісьменнікаў. У дзейнасці БелАПП вылучаюцца два этапы: 1928—30 і 1930—32. Да 1930-х г. асацыяцыя праводзіла значную работу па стварэнні пралетарскай л-ры, садзейнічала аб’яднанню літ. сіл, наладжванню сувязяў з л-рамі народаў СССР. На дзейнасці БелАПП адмоўна адбівалася тое, што яе кіраўніцтва дапускала адміністраванне ў дачыненні да членаў арг-цыі. Белапаўская крытыка механічна пераносіла метадалогію філасофіі на маст. творчасць, прапагандуючы своеасаблівы дыялектыка-матэрыялістычны метад л-ры. З пач. 30-х г. асацыяцыя стала правадніком ідэй РАПП з яе памылковымі тэорыямі і метадамі кіравання, дапускала праявы групаўшчыны, пагардлівых адносін да інш. арг-цый, прэтэндавала на кіруючую ролю ў бел. л-ры. Значную шкоду прычыніла вульгарна-сацыялаг. крытыка (Л.​Бэндэ, А.​Кучар, М.​Аляхновіч і інш.). Спыніла дзейнасць у адпаведнасці з пастановай ЦК КП(б)Б «Аб перабудове літаратурна-мастацкіх арганізацый БССР» (27.5.1932).

Літ.:

Мушынскі М.І. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства. 20—30-я гады. Мн., 1975.

К.​Р.​Хромчанка.

т. 2, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́НДАРСТВА,

рамяство, выраб драўлянага посуду з клёпак (гл. Бандарныя вырабы). Вядома са старажытнасці, у т. л. і на Беларусі. Клёпкі (падоўжаныя трапецападобныя ці круглаватыя планкі) апрацоўвалі на варштаце з дапамогай струга, гэбля і гэбліка; для надання ім увагнутага профілю выкарыстоўвалі скоблі і шархебель (від гэбліка). Бакавы авал круглаватай бандарнай клёпкі размячалі цыркулем (размер) і прымяралі ў спец. шаблоне (модла). Абручы рабілі на варштаце з дапамогай струга і нажа, гнулі на спец. калодзе — гбале, ці бабе. Днішча размячалі цыркулем, уторны паз для мацавання днішча выпілоўвалі заторам. Найб. стараж. спосаб — сцягванне бочак абручамі рознай велічыні з дапамогай нацягуша і чакухі; пазней выкарыстоўвалі таксама вяроўкі ці ланцугі, якія намотваліся на кола (па тыпу лябёдкі), кліны і лісічкі (драўляныя запіскі). Важным у бандарнай справе было выкарыстанне той ці інш. драўніны (дуб, сасна, елка, асіна, вольха). Абручы для посуду рабілі звычайна з ляшчыны і дубу; пры вырабе вёдзер, біклаг, барылак нярэдка карысталіся жал. абручамі, якія выкоўвалі мясц. кавалі. Параўнанне з археал. матэрыялам з раскопак стараж. гарадоў Беларусі (Бярэсця, Полацка, Мінска і Гродна) не выяўляе істотных адрозненняў у тэхналогіі бондарства і сведчыць аб трываласці і пераймальнасці вытв. традыцый. У 19 — пач. 20 ст. вылучаліся асобныя раёны, дзе бондарства было вельмі пашырана і як саматужны промысел з’яўлялася важнай падмогай у сялянскай гаспадарцы (Барысаўскі, Горацкі, Клімавіцкі, Сенненскі, Слуцкі пав.). Сваю прадукцыю бондары збывалі на месцы або везлі на кірмашы. Бандарную клёпку на Нёмане, Бугу і Зах. Дзвіне вывозілі за мяжу, адной з лепшых лічылася т.зв. «мемельская» дубовая клёпка, якую куплялі прамыслоўцы Германіі, Францыі і інш. З 1920-х г. у вытв-сці бандарнага посуду істотную ролю набылі саматужна-прамысл. арцелі. У наш час патрэбы ў бандарных вырабах задавальняе бандарная вытв-сць.

В.​С.​Цітоў.

т. 3, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЕНСКАЯ МАСТА́ЦКАЯ ШКО́ЛА,

у мастацтвазнаўстве ўмоўная назва маст. кафедраў (малюнка і жывапісу з 1797, скульптуры ў 1803—26, гравюры з 1805), якія дзейнічалі пры Віленскім ун-це ў 1797—1832. З 1803 кафедры наз. факультэтам жывапісу, скульптуры і гравюры, давалі маст. падрыхтоўку для паступлення ў акадэмію мастацтваў. Школа была цэнтрам маст. ведаў, адыграла вял. ролю ў развіцці літоўскай, бел. і польск. культур канца 18 — 1-й пал. 19 ст.

У Віленскай мастацкай школе выкладалі: малюнак і жывапіс Ф.Смуглевіч (1797—1807) і Я.Рустэм (1798—1831), скульптуру К.Ельскі (1811—26), гравюру Дж.​Сандэрс (1810—19). Першая праграма школы, складзеная Смуглевічам, уключала 3 этапы навучання: капіраванне ўзораў класічнага мастацтва, заснаванага на «ідэальнай» прапорцыі мадэлі; маляванне з гіпсавых фігур; маляванне з жывой мадэлі (уведзена Рустэмам у 1815). У праграме ўвасобіліся прагрэсіўныя на той час прынцыпы, якія грунтаваліся на рэаліст. адлюстраванні рэчаіснасці. У 1820/22 навуч. г. ў Віленскай мастацкай школе вучыліся 45 жывапісцаў і 16 скульптараў, сярод якіх шмат выхадцаў з Беларусі. У 1820 у Вільні на выстаўцы твораў навучэнцаў школы было паказана 136 работ. У Віленскай мастацкай школе вучыліся мастакі І.​Аляшкевіч, К.​Бахматовіч, В.​Ваньковіч, Я.​Дамель, В.​Дмахоўскі, Г.​Жукоўскі, К.​Карсалін, Ю.​Карчэўскі, К.​Кукевіч, М.​Кулеша, Н.​Орда, К.​Русецкі, К.​Рыпінскі, В.​Сляндзінскі, І.​Хруцкі, А.​Шэмеш, П.​Ютэйка і інш. Светапогляд мастакоў — выхаванцаў Віленскай мастацкай школы фарміраваўся пад уплывам перадавых дэмакр. ідэй 1830-х г., іх творы былі сугучныя прагрэс. тэндэнцыям эпохі, адлюстроўвалі нац. асаблівасці, культ. традыцыі, побыт бел., літ., польск. народаў. Традыцыі школы развівалі і паглыблялі мастакі 2-й пал. 19 ст.

Літ.:

Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974. С. 14—26;

Яго ж. Роля Віленскай школы жывапісу ў развіцці выяўленчага мастацтва Беларусі першай палавіны 19 ст. // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. 1961. № 3.

Л.​Н.​Дробаў.

т. 4, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЕ НАРО́ДНАЕ МАСТА́ЦКАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА,

навучальная ўстанова ў Віцебску ў 1919—23, 1934—41. Засн. 28.1.1919 М.Шагалам. Назва неаднаразова мянялася (у 1919—20 Першае вышэйшае нар. маст. вучылішча, у 1920—21 свабодныя дзярж. маст. майстэрні, у 1921—22 Вышэйшыя дзярж. маст.-тэхн. майстэрні, у 1922—23 Дзярж. маст. практычны ін-т). Факультэты: жывапісны, скульптурны, арх.-тэхнічны. Спец. падрыхтоўка навучэнцаў у 1920—21 ажыццяўлялася ў майстэрнях: падрыхтоўчай (Н.​Коган), жывапіснай (В.Ермалаева, К.Малевіч, Ю.Пэн, Шагал), скульптурнай (Д.​Якерсон), графікі (Л.Лісіцкі), дынамікі (на арх.-тэхн. ф-це, Лісіцкі). Узначальвалі вучылішча М.Дабужынскі (1919), Шагал (1919—20), Ермалаева (1920—22), І.​Гаўрыс (1922—23); выкладчыкі — Шагал, Я.​Тыльберг, Ж.​Пуні, К.​Багуслаўская, Пэн, Ермалаева, Коган, Якерсон, Лісіцкі, Малевіч, Гаўрыс, Р.​Фальк, С.Юдовін. Выкладчыкі прадстаўлялі розныя маст.-стылявыя кірункі. З прыходам у вучылішча Малевіча (1919) вял. колькасць вучняў трапіла пад уплыў супрэматызму. У лютым 1920 створана група УНОВІС. Пры вучылішчы працаваў музей сучаснага мастацтва (да 1923), маст.-дэкар. майстэрні. У маі—чэрв. 1922 значная частка выкладчыкаў — прадстаўнікоў авангардных кірункаў у мастацтве разам з Малевічам і вучнямі ад’ехала ў Петраград. 1.9.1923 вучылішча рэарганізавана ў Віцебскі мастацкі тэхнікум. У 1934 зноў адноўлена на базе тэхнікума. Захаваўся маст.-пед. профіль установы, склад яе выкладчыкаў; тэрмін навучання павялічаны да 5 гадоў. Дзейнічала маст.-пед. аддзяленне са спецыялізацыямі: жывапіс, скульптура, графіка (факультатыўна), маст.-графічнае і клубна-афарміцельскае. Вучылішча з’яўлялася адзінай маст. установай на Беларусі ў перадваенны час. Сярод яго выпускнікоў нар. мастакі Беларусі П.​Масленікаў, С.​Селіханаў, засл. дзеячы маст. Беларусі Н.​Воранаў, А.Гугель, Р.Кудрэвіч, мастакі М.Блішч, У.Кухараў, З.Паўлоўскі, І.Пешкур, П.Явіч і інш.

Літ.:

Машковцев И. Изобразительное искусство Белоруссии // Искусство Советской Белоруссии. М.; Л., 1940;

Орлова М.А. Искусство Советской Белоруссии: Очерки. М., 1960;

Гісторыя беларускага мастацтва. Т. 4. Мн., 1990;

Шагаловский сборник. Витебск, 1996.

А.​Г.​Лісаў.

т. 4, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)