МАКАЦЁР,

у беларусаў ганчарны выраб; глыбокая гліняная пасудзіна са слабапрафіляваным тулавам і шырокім вусцем, якая служыла для расцірання маку і інш. прадуктаў, а таксама для гатавання ежы ў печы, заквашвання цеста і інш. Пасудзіны, падобныя формаю да М., вядомы па археал. раскопках з жал. веку. Бытаваў паўсюдна да сярэдзіны 20 ст. пад рознымі назвамі: макотра, макацёрка, цёрла, вярцеха, вярцянка, мяліца і інш.

С.​А.​Мілючэнкаў.

Макацёры.

т. 9, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКЕ́ЕЎ (Уладзімір Віктаравіч) (н. 24.6. 1952, Мінск),

бел. вучоны ў галіне кардыяхірургіі. Д-р мед. н. (1995). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1975). З 1980 у Бел. НДІ кардыялогіі, з 1985 адначасова кіраўнік Рэсп. цэнтра хірург. лячэння складаных парушэнняў рытмаў сэрца і электракардыястымуляцыі. Навук. працы па хірург. лячэнні арытмій.

Тв.:

Опыт хирургического лечения наджелудочковых тахиаритмий (у сааўт.) // Актуальные вопросы кардиологии: Сб. науч. тр. Мн., 1997. Вып. 1.

т. 9, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛІ́НА ((Molina) Марыо Хасэ) (н. 19.3.1943, Мехіка),

амерыканскі фізікахімік. Скончыў Мекс. нац. ун-т і ун-т у г. Фрайбург (Германія, 1968). У 1968—79 у Каліфарнійскім ун-це. З 1989 праф. Масачусецкага тэхнал. ун-та. Навук. працы па хіміі атмасферы. Устанавіў, што атм. азон раскладаецца фрэонамі, якія шырока выкарыстоўваюцца як холадагенты (разам з Ш.Роўландам, 1974). Нобелеўская прэмія 1995 (разам з П.Крутцэнам, Роўландам).

Б.​В.​Корзун.

т. 10, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛО́ЧНАЯ КУ́ХНЯ,

установа, якая забяспечвае дзяцей груднога ўзросту спец. прыгатаванымі харч. прадуктамі: малочнымі сумесямі, стравамі для прыкорму і інш.; падраздзяленне дзіцячых паліклінік і бальніц. Паслугамі М.к. карыстаюцца пры адсутнасці ці недахопе мацярынскага малака, пры хваробах, якія патрабуюць спец. дыеты. Прадукты дзіцячага харчавання гатуюцца і выдаюцца па рэцэпце ўрача-педыятра. М.к. аснашчана абсталяваннем, што забяспечвае ўсе гігіенічныя ўмовы прыгатавання, разліву, захавання і водпуску ежы.

М.​В.​Шчавелева.

т. 10, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРА́ВА (Morava),

рака на У Югаславіі (Сербія), правы прыток р. Дунай. Даўж. 563 км (ад вытоку Паўд. М.), пл. басейна 38 тыс. км². Утвараецца ад сутокаў Паўд. і Зах. М. Верхняе цячэнне рэк, якія складаюць М. ва Усх.-Сербскіх гарах, ніжэй сутокаў — па Сярэднедунайскай раўніне. Асн. прыток — р. Ібар (справа). Веснавое разводдзе. Сярэдні расход вады ў вусці 260 м³/с. ГЭС. Сплаўная. Выкарыстоўваецца для арашэння.

т. 10, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРАМБІ́ДЖЫ (Murrumbidgee),

рака на ПдУ Аўстраліі, правы прыток р. Мурэй. Даўж. 2172 км, пл. басейна 165 тыс. км². Пачынаецца ў паўн. адгор’ях Аўстралійскіх Альпаў, цячэ па раўніне. Гал. прыток — р. Лаклан (справа). Сцёк зарэгуляваны (вадасх. Барынджак і ГЭС у вярхоўях М.). Сярэдні расход вады каля г. Балраналд 77 м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння. Летам, у сезон дажджоў, суднаходная ніжэй г. Уога-Уога, у сухі сезон зрэдку перасыхае.

т. 10, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРДВІ́ЛКА (Аляксандр Канстанцінавіч) (3.2.1867, Мінская вобл. — 12.7. 1938),

расійскі і бел. вучоны ў галіне заалогіі. Д-р біял. н. (1934). Скончыў Варшаўскі ун-т (1893). Даследаваў паразітаў зубра і інш. млекакормячых у Белавежскай пушчы. Працаваў у Заалагічным ін-це АН СССР (Ленінград). Навук. працы па марфалогіі, анатоміі, сістэматыцы і фауністыцы тлей. Даў гістарычны агляд фауны тлей на тэр. СССР.

Літ.:

Биологи: Биогр. справ. Киев, 1984.

т. 10, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЦІНКЕ́ВІЧ (Галіна Іосіфаўна) (н. 9.10.1935, г. Чэрвень Мінскай вобл.),

бел. географ. Д-р геагр. н. (1993), праф. (1994). Скончыла БДУ (1958), дзе працуе з 1963. Навук. працы па ландшафтазнаўстве, прыродакарыстанні і ахове навакольнага асяроддзя, экалагічнай адукацыі.

Тв.:

Антропогенизированные ландшафты Белоруссии и Болгарии. София, 1982 (у сааўт.);

Ландшафты Белоруссии. Мн., 1989 (у сааўт.);

Аэрокосмические исследования ландшафтов Беларуси. Мн., 1994 (разам з Ю.​М.​Абухоўскім, В.​М.​Губіным).

т. 10, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРША́К (Хаім Лейбавіч) (6.9.1886, Мінск — 21.1.1961),

бел. вучоны ў галіне фтызіятрыі. Д-р мед. н. (1940), праф. (1931). Засл. дз. нав. Беларусі (1940). Скончыў Маскоўскі ун-т (1911, 1914). У 1928—41 і 1944—58 дырэктар НДІ туберкулёзу. Навук. працы па праблемных пытаннях туберкулёзу.

Тв.:

Борьба с туберкулезом в БССР // Мед. журн. БССР. 1938. № 6;

Применение томофлюорографического метода в комплексе рентгенодиагностики туберкулеза легких // Здравоохранение Белоруссии. 1957. № 6.

т. 10, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЫ́ЦА,

рака на Пд Балгарыі; ніжняе цячэнне служыць мяжой паміж Грэцыяй і Турцыяй. Даўж. 525 км, пл. басейна каля 53 тыс. км². Пачынаецца ў гарах Рыла, цячэ па Верхнефракійскай нізіне, прарываецца праз адгор’і Усх. Радопаў. Упадае ў Эгейскае м., утварае забалочаную дэльту. Асн. прыток — р. Тунджа (злева). Сярэдні расход вады каля 200 м³/с. Выкарыстоўваецца пераважна для арашэння. ГЭС. На М. гарады Плоўдзіў, Дзімітраўград (Балгарыя), Эдырне (Турцыя).

т. 10, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)