АГО́НЬ (ваен.),

стральба з розных відаў агнястрэльнай зброі, адзін з асн. сродкаў знішчэння і паражэння праціўніка.

Адрозніваюць агонь адзіночнымі выстраламі, залпавы, бесперапынны; па напрамках — перакрыжаваны, франтальны, флангавы; можа быць беглы, кінжальны, масіраваны, метадычны і інш., з артыл. сістэм — сканцэнтраваны, рухомы і нерухомы загараджальны, паслядоўны, агнявы вал і інш. Агонь уключае таксама пуск ракет у звычайным начынні.

т. 1, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСЕ́НАЎГРАД,

горад на Пд Балгарыі, у Радопах. 61 тыс. ж. (1990). Цэнтр вінаробства і тытуняводства. Машынабудаванне, хім. прам-сць. Каля Асенаўграда свінцова-цынкавы з і ГЭС. Да 1934 наз. Станімака. Каля горада руіны Асенавай крэпасці (11—13 ст.) з царквой 12 ст., Бачкоўскі манастыр (11—19 ст., з размалёўкай 12—19 ст.), царква (14 ст.).

т. 2, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСМА́Н (Ібн Афан) (?—656),

трэці праведны халіф (з 644) у Араб. халіфаце; адзін з паплечнікаў і зяць Мухамеда. З роду Амеядаў. Па яго даручэнні складзена афіц. рэдакцыя Карана. Пры Асману тэр. халіфата значна пашырылася. Аддаваў перавагу меканскай, пераважна амеядскай, знаці. Яго палітыка выклікала незадаволенасць у войску і сярод часткі араб. знаці. Забіты ў час паўстання ў Медыне.

т. 2, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСМА́НЫ,

1) дынастыя турэцкіх султанаў

[1299 ці 1300—1922]. Заснавальнік Асман I [1299 ці 1300 — 1324]. Найб. вядомыя прадстаўнікі: Баязід I, Мехмед II, Селім I Явуз [1512—20],

Сулейман I Кануні, Селім III, Махмуд II, Абдул-Хамід II. Апошні асманскі султан Мехмед VI Вахідэдзін [1918—22] уцёк з Турцыі пасля ліквідацыі султаната (1.11.1922). З ліквідацыяй халіфата (3.3.1924) усе члены дынастыі выгнаны з краіны.

2) Турэцкае насельніцтва Асманскай імперыі.

т. 2, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТЭО́МА (ад астэа... + ...ома),

дабраякасная пухліна з касцявой тканкі. Адрозніваюць астэому зубчастую, астэому з коркавага пласта і губчатага рэчыва (пераважна на сцегнавой і плечавой касцях) і астэому з суцэльнага кампактнага касцявога рэчыва (пашкоджваюцца пераважна плоскія косці чэрапа). Захворванне можа быць працяглым, але бессімптомным, іншы раз выяўляюць астэому выпадкова пры рэнтгеналагічным даследаванні хворага. Лячэнне хірург. (акрамя маленькіх астэом).

т. 2, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́РЫ,

нафтавае радовішча ў Саудаўскай Аравіі, адно з буйнейшых у свеце. На шэльфе, паўд. ч. на сушы. Уваходзіць у Персідскага заліва нафтагазаносны басейн. Адкрыта ў 1964, распрацоўка мацерыковай ч. з 1967, марской ч. з 1971. Пачатковыя прамысл. запасы нафты 1055 млн. т. Паклады на глыб. 2,2—2,3 км. Шчыльн. нафты 876 кг/м². Нафтаправод да порта Рас-Танура.

т. 3, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫНЬЯ́Р ((Grignard) Франсуа Агюст Віктор) (6.5.1871, г. Шэрбур, Францыя — 13.12.1935),

французскі хімік-арганік. Чл. Парыжскай АН (1926). Скончыў Ліёнскі ун-т (1893), дзе і працаваў. З 1909 у Нанцкім, з 1919 у Ліёнскім ун-тах. Навук. працы па сінтэзе арган. злучэнняў розных класаў. Прапанаваў адзін з найб. універсальных метадаў сінтэзу арган. рэчываў (Грыньяра рэакцыя). Нобелеўская прэмія 1912.

В.Грыньяр.

т. 5, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУЛКАНІ́ЗМ,

сукупнасць працэсаў і з’яў, звязаных з перамяшчэннем магмы ў верхняй мантыі, зямной кары і на паверхні Зямлі. Тыповае праяўленне паверхневага вулканізму — вулканы, глыбіннага — інтрузіі і змяненні горных парод пры сутыкненні з магмай (гл. Магматызм). Вулканізм звязаны з сейсмічна актыўнымі зонамі зямной кары і гораўтваральнымі рухамі. На тэр. Беларусі шырока праяўляўся ў вендзе і познім дэвоне.

т. 4, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫСО́КАЕ,

радовішча пяску каля в. Высокае Смалявіцкага р-на Мінскай вобл. Пластавы паклад звязаны з канцова-марэнным утварэннем сожскага ледавіка. Пяскі палевашпатава-кварцавыя, з гравіем і галькай. Разведаныя запасы 3,5 млн. т, перспектыўныя 8,2 млн. т. Магутнасць карыснай тоўшчы 7,4—37,3 м, ускрыты — 0,2—3,9 м. Пяскі прыдатныя для вытв-сці сілікатных вырабаў. Распрацоўваецца з 1984.

А.​П.​Шчураў.

т. 4, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАВА́ЙСКІ АНТЫЦЫКЛО́Н, Паўночна-Ціхаакіянскі антыцыклон,

вобласць высокага атмасфернага ціску. Размешчана над субтрапічнымі і трапічнымі шыротамі Паўн. паўшар’я ў Ціхім ак. з цэнтрам паблізу Гавайскага архіпелагу. Атмасферны ціск у цэнтры антыцыклона 1022—1026 мб. Гавайскі антыцыклон — адзін з цэнтраў дзеяння атмасферы, аналагічны Азорскаму антыцыклону. Праяўляецца ўвесь год, найб. летам, з ім звязаны пасаты і мусоны на Пн Ціхага ак.

т. 4, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)