працэс вызвалення вял. колькасці энергіі ў абмежаваным аб’ёме за кароткі прамежак часу. У выніку выбуху выбуховае рэчыва ператвараецца ў газ з высокім ціскам і т-рай, які з вял. сілай уздзейнічае на навакольнае асяроддзе і прыводзіць яго ў рух (гл.Ударная хваля).
Бывае выбух хім. выбуховых рэчываў у выніку ланцуговай хімічнай рэакцыі, ядзерны выбух у выніку рэакцый дзялення або сінтэзу атамных ядраў (гл.Ланцуговыя ядзерныя рэакцыі, Тэрмаядзерныя рэакцыі). Выбух можа адбывацца таксама за кошт энергіі вонкавых крыніц, калі яе дастаткова для выпарэння рэчыва: праходжанне магутных эл. токаў праз рэчыва; імпульснае ўздзеянне лазернага выпрамянення (гл.Лазер), многія прыродныя з’явы (напр., маланка, раптоўнае вывяржэнне вулкана, падзенне буйных метэарытаў). У космасе адбываюцца выбухі каласальных маштабаў: храмасферныя ўспышкі на Сонцы, успышкі новых і звышновых зорак, выбухі ядраў галактык.
Выбух выкарыстоўваецца ў навук. даследаваннях, даследаваннях атмасферы і ўнутранай будовы Зямлі, у тэхніцы, нар. гаспадарцы і ваен. тэхніцы. Гл. таксама Вакуумная зброя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЫСВЯ́ТЫ,
вёска ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., каля воз. Дрысвяты, на аўтадарозе Відзы—Даўгаўпілс. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 35 км на З ад Браслава, 255 км ад Віцебска, 65 км ад чыг. ст. Друя. 367 ж., 137 двароў (1997).
Упершыню ўпамінаюцца ў дакументах 15 ст. У розны час належалі Радзівілам, Сапегам, Агінскім, Лапацінскім і інш. У 14—17 ст. на востраве воз. Дрысвяты існаваў Дрысвяцкі замак. Пасля адм. рэформы ВКЛ 1565—66 у Браслаўскім пав. Віленскага ваяв. Паводле інвентара за 1722, у Д. каля 400 ж., 52 дымы, 25 корчмаў, касцёл, плябанія, царква. У канцы 19 ст. ў мястэчку Д. 205 ж. З 1921 у Польшчы, цэнтр гміны Браслаўскага пав. Віленскага ваяв. 74 дамы, 375 ж. (1931). З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Відзаўскага р-на. З 1960 у Браслаўскім р-не. 99 двароў, 275 ж. (1971).
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-га, аддз. сувязі. Помнікі архітэктуры — Дрысвяцкая царква (1908) і Дрысвяцкі Петрапаўлаўскі касцёл (1929). На востраве воз. Дрысвяты археал. помнікі Дрысвяты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭМІУ́РГ (ад грэч. demiurgos майстар, стваральнік),
у Стараж. Грэцыі ў гамераўскі перыяд — рамеснікі, майстры, урачы, паэты і інш., у класічны — толькі рамеснікі, у некат. гарадах-полісах — вышэйшыя службовыя асобы. У рэлігіі адно з вызначэнняў Бога. Упершыню тэрмін Д. выкарыстаны Філалаем з Кратона і сафістам Крытыем (5 ст. да н.э.). У ант. філасофіі (Платон) — паняцце, якое выяўляе творчую функцыю ідэальных сутнасцей (істот) у працэсе пераходу іх да матэрыяльнага космасу. У дыялогу Платона «Тымей» паняцце Д., што раскрывае дыялектыку космасу, з’яўляецца адным з ключавых. Д. прадстаўлены як тварэц і бацька космасу, ніжэйшых багоў, сусв. душы і да т.п. Зыходным матэрыялам для стваральнай дзейнасці Д. служыць матэрыя («пластычная маса»), вобразам — першавобраз-парадыгма Эйдас. У сярэдневякоўі паняцце Д. часцей за ўсё трактавалася як ідэальная першааснова, якая стварае свет. У філасофіі Г.Гегеля ў якасці Д. выступае анталагізаванае мысленне суб’екта — абсалютны дух; менавіта ён з’яўляецца стваральнікам свету. У сучаснай філас. л-ры, калі ідзе гаворка аб паняцці Д., часцей за ўсё маецца на ўвазе гегелеўская трактоўка гэтага паняцця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМУЛІ́ЦКІ ((Gomulicki) Віктар) (17.10.1848, г. Астралэнка, Польшча — 14.2.1919),
польскі пісьменнік, літ.-знавец, публіцыст, літ. крытык. Вучыўся ў Варшаўскай гал. школе (1866—69). Аўтар паэт.зб. «Паэзія» (1873, 1882, 1886), «Новыя песні» (1896), «Светачы» (1919), гіст. раманаў «Чароўная гараджанка» (1897), «Меч і локаць» (1903), а таксама апавяданняў пра даўнюю Варшаву (1900—09). Лепшыя творы пазначаны рамант. традыцыямі, вызначаюцца гуманіст. накіраванасцю, выкрыццём сац. несправядлівасці. Папулярызаваў творчасць А.Пушкіна, М.Някрасава, Л.Талстога. Збіраў рукапісы вядомых асоб, звязаных з Беларуссю: сямейны архіў Храптовічаў (за 1644—1721), лісты мінскага ваяводы А.Хмары (1754—90), аўтограф шляхецкага роду Касцюшкаў (1645—1792), Міцкевічаў (1706—1824). Зберагаюцца ў б-цы імя Асалінскіх (Польшча). Творы Гамуліцкага, напісаныя пад уражаннем яго падарожжа па Беларусі ў 1907, прасякнуты дэмакр. матывамі. На бел. мову яго верш «На Белай Русі» пераклалі Н.Душэўская, А.Стаповіч, М.Танк. Зычліва ўспрыняў выхад газ. «Наша ніва». Аднак ідэалізаваў ролю панскай арыстакратыі на Беларусі, з-за ўплыву перадавой польск. культуры не заўважаў палітыкі эканам. прыгнёту, дэнацыяналізацыі бел. мужыка з боку польскіх памешчыкаў, каталіцкага духавенства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРА́НТЫІ І КАМПЕНСА́ЦЫІ працоўныя, парадак і меры забеспячэння аховы працоўных правоў і інтарэсаў работнікаў, прадугледжаныя заканадаўствам. Паводле КЗаП Рэспублікі Беларусь устаноўлены: парадак замацавання месца работы (пасада) для работнікаў, выбраных на выбарныя пасады ў дзярж. органах, а таксама на час выканання дзярж., грамадскіх або воінскіх абавязкаў (з захаваннем сярэдняга заработку), пры накіраванні для павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі, пры часовай непрацаздольнасці, пры накіраванні на абследаванне ў мед. ўстановы, пры рабоце па ўкараненні вынаходстваў і рацыяналізатарскіх прапаноў і ў інш. выпадках; гарантыйныя выплаты пры накіраванні ў службовыя камандзіроўкі і пераездзе на работу ў інш. мясцовасці; кампенсацыя за амартызацыю трансп. сродкаў, абсталявання, інструментаў і прыстасаванняў, якія належаць работніку. Закон прадугледжвае таксама выпадкі абмежаванай матэрыяльнай адказнасці работніка за страты, прычыненыя па яго віне наймальніку, а таксама абмяжоўвае магчымасці і памеры ўтрыманняў з заработнай платы. Пры кожнай выплаце зарплаты агульны памер усіх утрыманняў не можа перавышаць 20%, а ў выпадках, спецыяльна прадугледжаных заканадаўствам, — 50% зарплаты. Не дапускаюцца ўтрыманні з выхадной дапамогі, кампенсацыйных і інш. выплат, на якія паводле заканадаўства не накіроўваецца спагнанне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЭ́ННЕ,
фізіка-хімічны працэс пераўтварэння рэчыва, які суправаджаецца інтэнсіўным вылучэннем энергіі, цепла- і масаабменам з навакольным асяроддзем і звычайна яркім свячэннем (полымем). Гарэнне ў адрозненне ад выбуху і дэтанацыі адбываецца з меншай скорасцю і без утварэння ўдарнай хвалі.
Аснова гарэння — экзатэрмічныя хім. рэакцыі, здольныя да самапаскарэння з-за назапашвання вылучанай цеплыні (цеплавое гарэнне) ці актыўных прамежкавых прадуктаў рэакцыі (ланцуговае гарэнне). Найб. шырокі клас рэакцый гарэння — акісленне вуглевадародаў (напр., пры гарэнні прыроднага паліва), вадароду, металаў і інш. Акісляльнікі — кісларод, галагены, нітразлучэнні, перхлараты. Асн. асаблівасць гарэння — здольнасць распаўсюджвання ў прасторы з-за нагрэву ці дыфузіі актыўных цэнтраў. Гарэнне можа пачацца самаадвольна (самазагаранне) ці ў выніку запальвання (полымем, эл. іскрай). Паводле агрэгатнага стану гаручага рэчыва і акісляльніку адрозніваюць гамагеннае (гарэнне газаў і газападобных рэчываў у асяроддзі газападобнага акісляльніку), гетэрагеннае (гарэнне вадкага ці цвёрдага паліва ў газападобным акісляльніку) і гарэнне выбуховых рэчываў і порахаў. Выкарыстоўваюць для вылучэння энергіі паліва ў тэхніцы (маторабудаванне, ракетная тэхніка) і цеплаэнергетыцы, атрымання мэтавых прадуктаў у тэхнал. працэсах (доменны працэс, металатэрмія і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГДА́НЬСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Gdańskie),
у паўночнай частцы Польшчы. Пл. 7394 км², нас. 1438,9 тыс.чал. (1992). У гарадах 70% насельніцтва. Адм. ц. — г.Гданьск. Ваяводства размешчана на беразе Гданьскага зал. Балтыйскага мора. Рэльеф пераважна нізінны ў межах Жулаваў Вісляных (левабярэжная дэльта Віслы, частка якой ніжэй за ўзровень мора) і Кашубскага ўзбярэжжа. На раўнінах Кашубскага і Старогардскага паазер’яў трапляецца канцовамарэнны рэльеф (найвышэйшы пункт 329 м, г. Вяжыца). Клімат умераны, пераходны да марскога. Сярэдняя т-растудз. ад -1 °C на ўзбярэжжы да -3 °C на ўзвышшы, ліп. 16—17,5 °C, ападкаў ад 500 да 700 ммза год. Гал. рака — Вісла з левымі прытокамі Вда і Вяжыца, найб. азёры Вдзыдзе і Радуньскае. Гаспадарка прамысл.-агр., у т. л. значная марская (парты Гданьск і Гдыня). Прам-сць: маш.-буд. (гал. чынам суднабудаванне), электронная, харч., фармацэўтычная, хімічная. Прамысл. цэнтры: Гданьск, Гдыня, Сопат, Тчэў, Старогард-Гданьскі, Вейгерова, Румя і Касьцяжына. Вырошчваюць жыта, кармавыя травы, бульбу, пшаніцу і цукр. буракі. Гадуюць свіней, буйн. раг. жывёлу, авечак. Важны раён турызму і адпачынку (Сопат, Ястшэмбе-Гура, Уладыславова, Ястарня, Гэль).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖАЛІ́ЛЬ (Джалілаў) Муса Мустафіевіч
(15.2.1906, в. Мустафіна Арэнбургскай вобл., Расія — 25.8.1944),
татарскі паэт.Герой Сав. Саюза (1956). Скончыў Маск. ун-т (1931). Друкаваўся з 1919. Аўтар зб-каў паэзіі «Мы ідзём» (1925), «Ліст з акопа» (на рус. мове 1944), паэмы «Пісьманосец» (1938, выд. 1940), шматлікіх вершаў, лібрэта опер («Залатавалосая», 1941, Дзярж. прэмія СССР 1948; «Ільдар», 1941), літ.-крытычных і публіцыстычных артыкулаў. З 1941 на фронце. Цяжка паранены, у 1942 трапіў у палон. Вершамі працягваў падпольнае змаганне ў турме, за што быў пакараны смерцю. Блакнот з вершамі, напісанымі ў турме (больш за 100), быў перададзены з канцлагера на волю і склаў т.зв. «Маабіцкі сшытак» (1942—44, Ленінская прэмія 1957). Вершы гэтага цыкла прасякнуты верай у непераможнасць народа ў змаганні з фашызмам. На бел. мову творы Дж. пераклалі Э.Агняцвет, М.Аўрамчык, М.Гамолка, С.Гаўрусёў, Л.Дайнека, А.Пысін, Я.Семяжон і інш.
Тв.:
Бел.пер. — Маабіцкі сшытак: Вершы. Мн., 1975;
Я гляджу на зоры. Мн., 1985.
Літ.:
Воздвиженский В.Г. «Моабитские тетради» Мусы Джалиля. М., 1969;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНЫ АРХІ́Ў ГРО́ДЗЕНСКАЙ ВО́БЛАСЦІ.
Засн. ў Гродне ў 1944. На 1.1.1997 у архіве 2135 фондаў, 347 745 спраў з 1919. Зберагае матэрыялы ўстаноў Польшчы з тэр. Навагрудскага ваяв. (акрамя Баранавіцкага і Валожынскага пав.), Ваўкавыскага, Гродзенскага, Аўгустоўскага (часткова) пав. Беластоцкага ваяв.за 1919—39 пра сац. становішча рабочых, сялян, правядзенне агр. рэформаў у Зах. Беларусі, стан асветы, нац. рух, дзейнасць БСРГ, ТБШ, КПЗБ, інш. грамадскіх, паліт. і рэліг. арг-цый. У дакументах ням.-фаш.акупац. устаноў перыяду Вял.Айч. вайны ёсць звесткі пра палітыку каланізацыі, масавыя расправы з мясц. насельніцтвам, барацьбу з партыз. і антыфаш. рухам, правядзенне гасп. мерапрыемстваў. Зберагае дакументы сав. устаноў, арг-цый і прадпрыемстваў за 1939—41 і з 1944; прыватныя калекцыі і архівы. Яны адлюстроўваюць працэс уз’яднання Зах. Беларусі з БССР, пасляваен. сац.-эканам. і культ. развіццё Гродзенскай вобл. Дакументы на бел., рус., польск., ням. і яўр. мовах.
Аддзелы: забеспячэння захаванасці дакументаў і фондаў; інфарм.-пошукавых сістэм; камплектавання, ведамасных архіваў, справаводства і навук.-тэхнічнай апрацоўкі дакументаў; інфармацыі, публікацыі і навук. выкарыстання дакументаў; матэрыяльна-тэхн. забеспячэння, эксплуатацыі і абслугоўвання будынка. С.А.Кандрашова.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУЙЧЖО́Ў,
правінцыя на ПдЗ Кітая. Пл. 174 тыс.км². Нас. 32,4 млн.чал. (1994), пераважна кітайцы; у гарах жывуць нац. меншасці (каля 1/4 насельніцтва) мяа, буі, тунцзя, чжуан, і, шуй, хуэй, яа і інш.Адм. ц. — г.Гуян. Размяшчаецца на Гуйчжоўскім нагор’і (вышыні ад 700 м да 2872 м). Клімат вільготны, субтрапічны. Сярэдняя т-растудз. 4—8 °C, ліп. — жн. 22—26 °C. Ападкаў 800—1300 ммза год. Верхнія часткі гор укрыты лясамі з каштоўнымі пародамі дрэў. Развіта сельская гаспадарка. Апрацоўваецца каля 15% тэр., палавіна яе арашаецца. У далінах збіраюць 2 ураджаі за год. Асн.с.-г. культуры: рыс (палова с.-г. плошчаў), кукуруза, пшаніца, рапс, тытунь. Пладаводства. Гадуюць цяглавую буйн. раг. жывёлу, свіней. Важны раён здабычы ртуці (1-е месца ў краіне), меднай, марганцавай, сурмянай, жал. руд, алюмініевай сыравіны, каменнага вугалю. Прам-сць: харч. (алейная і інш.), тытунёвая, тэкст., хім., чорная і каляровая металургія, машынабудаванне (гарнаруднае, трансп., хім. абсталяванне, электратэхніка, с.-г.); вытв-сцьбуд. матэрыялаў і паперы. Транспарт чыг. і аўтамабільны.