ПРЫКВЕ́ТАК,
ліст, у пазусе якога развіваецца кветка і які ўкрывае кветкавы парастак. Ад вегетатыўнага лісця таго ж віду часта адрозніваецца больш простай формай і дробнымі памерамі; часам мае характар плеўкавых лускавінак ці падобны на звычайнае лісце.
т. 13, с. 68
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭРАГАТЫ́ВА (лац. praerogativa ад praerogativus запрошаны першым, першы, хто падае голас),
выключнае права, якое належыць якому-н. дзярж. органу або службовай асобе. Напр., парламенту прымаць законы, суду вяршыць правасуддзе, кіраўніку дзяржавы ажыццяўляць акты памілавання, узнагароджання і г.д.
т. 13, с. 93
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁВЫШЫНЯМЕ́Р, радыёальтыметр,
прылада для вызначэння вышыні палёту лятальнага апарата з дапамогай радыёхваль. Вышыню палёту вызначаюць, напр., па прамежку часу паміж пасылкай перадатчыкам і вяртаннем адбітага ад зямной паверхні імпульснага сігналу ў прыёмнік лятальнага апарата (гл. Радыёлакацыя).
т. 13, с. 231
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАНЖЫ́Р (ням. Rangierung ад франц. ranger ставіць у рад),
1) расстаноўка ваеннаслужачых у шарэнзе (калоне) па росце, пачынаючы з правага фланга (галавы калоны).
2) У пераносным сэнсе — размяшчэнне ў пэўным парадку па ступені важнасці і значнасці.
т. 13, с. 306
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́КАПІС,
1) тэкст, напісаны ад рукі, а таксама аддрукаваны на пішучай машынцы.
2) Рукапісны помнік пісьменнасці. Стараж. Р. з’яўляюцца важнай гіст. крыніцай; іх вывучэннем займаецца палеаграфія.
3) У выдавецкай справе — аўтарскі тэкст, арыгінал, з якога робіцца набор.
т. 13, с. 438
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́НЫ І РУНІ́ЧНЫЯ АЛФАВІ́ТЫ (ад стараж.-герм. runa таямніца),
знакі і алфавіты з гэтых знакаў, якімі карысталіся стараж.-германскія і інш. плямёны. Адрозніваліся наяўнасцю ў літарных знаках вертыкальных і косых ліній, якія ўтвараюць вуглы. Гл. Рунічнае пісьмо.
т. 13, с. 451
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЎКАЛА́К (ад стараслав. влък воўк + длакъ поўсць),
вобраз у старадаўніх павер’ях беларусаў і інш. слав. народаў; пярэварацень, чалавек, які чароўным спосабам ператварыўся ў воўка. Уяўлялі, што ў адрозненне ад звычайнага воўка ваўкалак больш высокага росту, з вялікай галавой, чатырма вачыма, вые не па-воўчы, а стогне і плача, як чалавек. Паводле паданняў, ваўкалакаў падзялялі на дзве групы: ваўкалакі — фантастычныя істоты, у якіх нібыта ператваралі людзей чараўнікі, і ваўкалакі, у якіх ператвараліся самі чараўнікі.
Генетычна вобраз ваўкалака звязаны з татэмізмам, абрадамі пераапранання ў шкуры татэмных жывёл, якім пакланяліся (у мінулым гуцулы нават спраўлялі свята воўка). Паступова вобраз ваўкалака страціў рэліг. значэнне і захаваўся ў фальклоры як фантастычны персанаж.
М.Ф.Піліпенка.
т. 4, с. 43
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛГАКО́ЎСКІ (Дзмітрый Гаўрылавіч) (1845—1918?),
бел. этнограф, фалькларыст, краязнавец. Скончыў Мінскую духоўную семінарыю (1869). У 1902 адмовіўся ад духоўнага сану. Працаваў настаўнікам рус. і царк.-слав. моў у Ваўкавыску. Друкаваў артыкулы, фальклорна-этнагр. творы ў газетах «Новое время», «Санкт-Петербургские губернские ведомости», «Минские губернские ведомости» і інш. Аўтар прац «Беларускія песні. Валачобныя» (1868), «Практычны дапаможнік па наглядным засваенні рускага правапісу» (1873), «Гістарычны нарыс Ваўкавыска, павятовага горада Гродзенскай губерні» (1881) і інш. У 1890 выдаў фальклорна-этнагр. зборнік «Пінчукі», прысвечаны духоўнай культуры насельніцтва цэнтр. часткі Палесся (уключае песні, загадкі, прыказкі, прымаўкі, а таксама апісанні вераванняў, абрадаў і звычаяў). Аўтар рамана «Блізняты» (1903), аповесці «У баку ад жыцця» (1909; на аўтабіягр. матэрыяле).
А.І.Гурскі.
т. 3, с. 330
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАКА́МЕРА (ад бара... + камера),
герметычная камера, дзе штучна ствараецца паніжаны (вакуумная баракамера) ці павышаны (кампрэсійная баракамера) бараметрычны ціск. Баракамеру, у якой можна мяняць тэмпературу, наз. тэрмабаракамерай. Аб’ём баракамеры — ад доляў да некалькіх соцень кубічных метраў.
Мае апаратуру для змены ціску і падтрымкі яго на зададзеным узроўні, назіральныя вокны, люкі, гукавую і светлавую сігналізацыю, перагаворныя прылады, асвятленне і інш. Выкарыстоўваецца для наземных выпрабаванняў самалётаў і касм. апаратаў ці іх адсекаў і элементаў, трэніровак лётчыкаў і касманаўтаў, вывучэння ўплыву на жывыя арганізмы гіпаксіі, паніжанага ці павышанага ціску і яго рэзкіх перападаў, змены газавага асяроддзя; лячэння шэрагу захворванняў (коклюшу, бранхіяльнай астмы, кесоннай хваробы і інш.) метадамі гіпербарычнай аксігенацыі і выканання некаторых хірург. аперацый (напр., аперацыі на адкрытым сэрцы).
т. 2, с. 291
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРКО́ЎШЧЫНА, Малая Даўгоўшчына,
возера ў Беларусі, ва Ушацкім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Ушача, за 8 км на Пд ад г.п. Ушачы. Пл. 0,16 км², даўж. 760 м, найб. шыр. 300 м, найб. глыб. 21,8 м, даўж. берагавой лініі 2,3 км. Пл. вадазбору 11,4 км².
Схілы катлавіны выш. 20—30 м, на Пд і Пн не выражаны, на З абразійны ўступ выш. 2—3,5 м. Берагі нізкія, на ПнЗ і З сплавіна шыр. 5—10 м, усх. бераг пясчаны, паўд. забалочаны. Мелкаводдзе вузкае, пясчанае, глыбакаводдзе выслана глеем. Надводная расліннасць утварае паласу шыр. ад 10 да 250 м. Злучана ручаём з воз. Доўжына. Уваходзіць у курортную зону Ушачы.
т. 2, с. 309
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)