ВАЛО́ГА,

бел. традыцыйная страва; малочная поліўка (паранае малако, разведзенае вадой), з якой елі густы кісель. У пост або калі не было малака валогу рабілі з тоўчанага канаплянага семя. Яго залівалі вадой, шалупінне асядала на дно, а зверху адстойвалася валога — «бы малако». Валогу рабілі найчасцей у Цэнтр. Палессі. У некаторых раёнах Беларусі валога — закраса з масла (кашу «заваложвалі»).

т. 3, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЬТЫЖЫРО́ЎКА (ад франц. voltiger пырхаць, лётаць),

1) від коннага спорту і коннага цырка. Складаецца з практыкаванняў на кані, які асядланы спец. вальтыжыровачным сядлом і бяжыць па крузе на кордзе (доўгай вяроўцы) рыссю ці галопам.

2) Від дынамічнай акрабатыкі (з перакідваннем партнёра) і гімнастыкі (пералёты з трапецыі на трапецыю). У цырку вальтыжыроўка на кані, акрабатычная і гімнастычная — самастойныя нумары.

т. 3, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРЛЕ́Н ((Varlin) Луі Эжэн) (5.10.1839, г. Кле-Суйі, Францыя — 28.5.1871),

дзеяч французскага рабочага руху. Левы пруданіст, чл. Інтэрнацыянала 1-га (з 1865). Стварыў і ўзначаліў прафсаюз пераплётчыкаў Парыжа, у 1869 аб’яднаў прафс. арг-цыі Парыжа ў Федэральную палату рабочых т-ваў. З 1870 старшыня Парыжскай федэрацыі Інтэрнацыянала. Адзін з кіраўнікоў паўстання 18.3.1871, чл. Парыжскай камуны 1871. Расстраляны версальцамі.

т. 4, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́РМІЯ (Warmia),

гістарычная вобласць на Пн Польшчы на У ад г. Эльбланг і ніжняга цячэння Віслы. Знаходзіцца ў Альштынскім Паазер’і, у межах Альштынскага ваяводства. У старажытнасці тэрыторыя прускага племя вармаў. У пач. 13 ст. заваявана крыжакамі, з 1234 вылучана ў Вармінскае біскупства, падпарадкавана ордэну. З 1466 у складзе Польшчы, з 1773 — Прусіі. У 1945 вернута Польшчы.

т. 4, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́РТБЕРГ (Wartberg) Герман, храніст 14 ст. Капелан Лівонскага ордэна. Аўтар «Хронікі Лівоніі», напісанай на лац. мове неўзабаве пасля 1378. Сучасныя аўтару падзеі апісваюцца з 1358. Выкарыстаў хронікі папярэднікаў і шматлікія дакументы з канцылярыі ордэна. У гэтым творы каштоўная інфармацыя пра войны крыжакоў з Ноўгарадам і Псковам, паходы рыцараў на Полаччыну, рэйды войск ВКЛ ва ўладанні ордэна.

т. 4, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРА́К (Андрэй Мацвеевіч) (1911, в. Асвеіца Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл. — 17.10.1943),

Герой Сав. Саюза (1943). З 1938 працаваў на з-дзе ў г. Ніжні Тагіл, ва Уральскім леспрамгасе (Расія). У Вял. Айч. вайну на фронце з чэрв. 1941. Наводчык кулямёта радавы Бурак вызначыўся ў вер. 1943 пры фарсіраванні Дняпра каля г.п. Ржышчаў Кіеўскай вобл. Загінуў у баі.

А.М.Бурак.

т. 3, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРГІБА́ (Хабіб Бен Алі) (н. 3.8.1903, г. Манастыр, Туніс),

палітычны і дзяржаўны дзеяч Туніса. Скончыў юрыд. ф-т Сарбоны і Вышэйшую паліт. школу ў Парыжы (1927). З 1934 ген. сакратар партыі «Новы Дустур» (з 1964 — Сацыяліст. дустураўская партыя). Першы прэм’ер-міністр (1956—70) незалежнага Туніса, у 1957—87 прэзідэнт краіны. Звольнены з пасады пасля ўрадавага перавароту.

т. 3, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЮЛЛЕТЕ́НЬ ВОЕ́ННО-РЕВОЛЮЦИО́ННОГО КОМИТЕ́ТА ЗА́ПАДНОГО ФРО́НТА»,

штодзённая газета бальшавіцкага кірунку. Выдавалася з 27.10(9.11) да канца ліст. 1917 у Мінску на рус. мове. Друкавала загады і распараджэнні Ваенна-рэв. камітэта. Засяроджвала салдат на неабходнасці барацьбы з рэакц. генералітэтам у Стаўцы Вярх. галоўнакамандуючага. Пісала пра ход барацьбы за ўладу з к-тамі выратавання рэвалюцыі, антыбальшавіцкай прэсай і інш.

т. 3, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯРО́ЗАЎСКІЯ МІНЕРА́ЛЬНЫЯ ВО́ДЫ,

бальнеалагічны курорт на Украіне. За 25 км на З ад г. Харкаў. Клімат умерана кантынентальны, з мяккай зімой, цёплым, сухім летам, вял. колькасцю сонечных дзён. Крамяністыя гідракарбанатныя кальцыева-натрыева-магніевыя воды (мінералізацыя 0,76 г/л), вядомыя з 1862, выкарыстоўваюць на пітное лячэнне хвароб страўніка, кішэчніка, печані і жоўцевых шляхоў, мачавых шляхоў, парушэнняў абмену рэчываў.

т. 3, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЙНАРА́ЛЬСКІ (Парфірый Іванавіч) (1844 — 29.7.1898),

рускі рэвалюцыянер-народнік. З дваран. Адзін з гал. арганізатараў «хаджэння ў народ» (1874). Стварыў рэв. гурткі ў Пензенскай, Самарскай і Саратаўскай губ., фінансаваў дзейнасць нелегальнай друкарні і інш. Арыштаваны ў 1874, разам з інш. арганізатарамі «хаджэння ў народ» праходзіў па працэсе 193-х (1877—78, Пецярбург). Асуджаны на 10 гадоў катаргі.

т. 3, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)