МІКСАТРО́ФЫ [ад грэч. mixis змяшэнне + ...троф(ы)],
арганізмы са змяшаным харчаваннем, якое бывае аўтатрофнае — неарган. рэчывамі (хемасінтэз, фотасінтэз) і гетэратрофнае — арган. рэчывамі. М. — хларафіланосныя жгуцікавыя — аўтатрофныя арганізмы (гл.Аўтатрофы), якія ў забруджаных вадаёмах жывяцца арган. рэчывамі, што стымулюе іх рост і размнажэнне (некат. з іх могуць развівацца ў цемры, без фотасінтэзу). Некат. вышэйшыя зялёныя расліны (фотааўтатрофы) жывяцца таксама арган. рэчывамі (напр., расліны-паўпаразіты — званец, цяцюшнік і інш.). М. можна лічыць насякомаедныя расліны (расіца, тлушчанка і інш.), а таксама зялёныя мікатрофныя расліны (гл.Мікатрофы), якія засвойваюць у клетках гіфы грыбоў (напр., архідныя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІЯ ВЫШЭ́ЙШЫЯ ПАЧАТКО́ВЫЯ ВУЧЫ́ЛІШЧЫ.
У Мінску існавалі 3 такія вучылішчы, пераўтвораныя ў 1913 з 4-класных гар. вучылішчаў. Утрымліваліся за кошт казны, платы за навучанне, сродкаў гар. думы і Лібава-Роменскай чыгункі. Выкладаліся: законавучэнне правасл. і каталіцкага веравызнанняў, геаграфія, гісторыя, прыродазнаўства, матэматыка, геаметрыя, графіка, рус., царк.-слав., ням. і франц. мовы, маляванне, чарчэнне, спевы, гімнастыка. У 1913 у іх вучыліся 572 юнакі. 2-е вучылішча закрыта ў 1916, 1-е — у пач. 1917; частка іх выкладчыкаў і выхаванцаў пераведзена ў 3-е вучылішча (закрыта ў 1916).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МЯНЬКІ́»,
бел.нар. гульня. На прамавугольнай пляцоўцы каля кожнай бакавой лініі чэрцяць кругі — «ямы», дыяметрам 1—1,5 м. З гульцоў выбіраюць 2 «рыбакоў», астатнія (іх можа быць 15—40 чал.) — «рыбы». «Рыбакі», узяўшыся за рукі, ловяць «рыб», якія могуць выратоўвацца ў «ямах». Аднак знаходзіцца ў «яме» можа толькі адна «рыба», калі туды забяжыць другая, тады тая, што там знаходзілася, павінна пакінуць «яму». Злоўленыя «рыбы» дапамагаюць «рыбакам». Гульня заканчваецца, калі «рыбакі» пераловяць усіх «рыб». Пераможцамі становяцца 5 «рыб», якія выратаваліся ў «ямах», іх называюць «М.».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́РЫШ (Norrish) Рональд Джордж Рэйфард (9.11.1897, г. Кембрыдж, Вялікабрытанія — 7.6.1978),
англійскі фізікахімік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1936). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1925), дзе і працаваў (з 1937 праф.). Навук. працы па кінетыцы хім. працэсаў у газавай фазе (фотахім., дэтанацыя). Распрацаваў метад даследавання быстрых хім. рэакцый і іх кароткажывучых прадуктаў (метад імпульснага фатолізу), стварыў устаноўку імпульснага фатолізу (разам з Дж. Портэрам; 1950), што дазволіла атрымаць спектры паглынання многіх простых свабодных радыкалаў, даследаваць механізм іх ператварэнняў, даказаць існаванне быстрых рэкамбінацыйных працэсаў. Нобелеўская прэмія 1967 (разам з Портэрам, М.Эйгенам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕАБІЯГЕАГРА́ФІЯ (ад палеа... + біягеаграфія),
навука аб пашырэнні і размеркаванні арганізмаў і іх згуртаванняў у геал. мінулым; раздзел палеанталогіі. На падставе выяўленых спосабаў жыцця і ўмоў існавання выкапнёвых арганізмаў, асаблівасцей намнажэння і залягання іх рэшткаў і інш. высвятляе фізіка-геагр. становішча былых геал. эпох, што выкарыстоўваецца пры складанні палеагеагр. і прагнозных карт. Звязана з гіст. біягеаграфіяй і геалогіяй, палеагеаграфіяй, палеаэкалогіяй, стратыграфіяй, тафаноміяй і інш. На Беларусі асобным пытанні П. вывучаюцца ў Ін-це геал. навук Нац.АН Беларусі і Бел. геолагаразведачным НДІ.
Літ.:
Палеонтология, палеобиогеография и мобилизм. Магадан, 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНЯТЫ́Я,
асобы, якія запрашаюцца для ўдзелу ў правядзенні следчых дзеянняў з мэтай засведчання гэтых дзеянняў. У адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь удзел П. абавязковы пры аглядах месца здарэння, следчых эксперыментах, вобысках, выняццях, агледжаннях, апазнаваннях і інш. Пры гэтых дзеяннях павінна быць не меней як 2 П., у якасці якіх могуць выступаць любыя дарослыя грамадзяне, не зацікаўленыя ў справе. П. абавязаны засведчыць факт, змест і вынік дзеянняў, якія рабіліся ў іх прысутнасці. Яны маюць права рабіць заўвагі адносна праведзеных дзеянняў з занясеннем іх у пратакол адпаведнага следчага дзеяння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТАГЕ́ННАСЦЬ.
хваробатворнасць, здольнасць некат. арганізмаў выклікаць інфекц. захворванні інш. істот. Тэрмін звычайна ўжываецца ў адносінах да мікраарганізмаў і вызначае іх патэнцыяльную магчымасць выклікаць хваробы. Залежыць ад вірулентнасціінфекц. агента і ўспрымальнасці арганізма, які інфіцыруецца. Для кожнага мікроба П. мае адносны характар і звязана з відам, узростам, полам і фізіял. станам арганізма, у які ён укараняецца. П. узнікла ў працэсе эвалюцыі мікробаў у выніку адаптацыі іх да пэўных відаў арганізмаў (напр., бактэрыі брушнога тыфу паразітуюць толькі ў арганізме чалавека). Гл. таксама Патагенныя мікробы. А.І.Ерашоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМУІ́Л (?—6.10.1014),
цар [997—1014] Заходне-Балгарскага царства, якое ў 969 вылучылася са складу Першага Балгарскага царства і адстойвала сваю незалежнасць пасля захопу Візантыяй Усх. Балгарыі (971). Нанёс шэраг паражэнняў візантыйцам і вызваліў ад іхб.ч.балг. зямель, далучыў да свайго царства Сербію, значныя часткі Фесаліі і Эпіра. У 1014 пры Бяласіцы пацярпеў паражэнне ад візант. імператара Васілія II Балгарабойцы. Пераможца асляпіў 15 000 балг. палонных і накіраваў іх да С., які не вытрымаў гэтага відовішча і раптоўна памёр. У балг.гіст. традыцыі С. — узор цара-воіна і барацьбіта за незалежнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКО́БЛЯ,
прылада для здзірання кары з бярвення і грубага іх стругання. Вядома з эпохі палеаліту. У каменным і бронзавым вяках — крамянёвая пласцінка з выгнутым дугападобным рабочым краем. У жал. веку выраблялася з жалеза. Двухручныя жал. С. класічнай формы (пласціна-дуга з вострым краем і тронкамі для драўляных ручак на канцах) шырока выкарыстоўваліся ў 10—13 ст.Іх канструкцыя заставалася практычна нязменнай на працягу ўсяго сярэдневякоўя і дажыла да нашых дзён. На Беларусі стараж. С. вядомы па археал. і этнагр. матэрыялах, знойдзеных у Верхнядзвінску, Віцебску, Гродне, Чачэрску і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТЭРЫ́НЫ, стэролы,
тэтрацыклічныя спірты класаў трытэрпеноідаў (маюць 30 атамаў вугляроду) і стэроідаў (26—29 атамаў вугляроду). Большасць С. — крышт. рэчывы, раствараюцца ў арган. растваральніках; вылучаны з неамыляльнай фракцыі ліпідаў. Прысутнічаюць у тканках жывёл і раслін, найб. пашыраныя прадстаўнікі стэроідаў у прыродзе. Падзяляюцца на зоастэрыны (з жывёл), фітастэрыны (з раслін), мікастэрыны (з грыбоў) і С. мікраарганізмаў. Найб. вядомы С. вышэйшых жывёл — халестэрын. У іх С. ўтрымліваюцца ў нерв. тканцы, печані, крыві, клетках спермы, скурным тлушчы і інш. Выкарыстоўваюцца Для атрымання стэроідных гармонаў і іх вытворных, вітаміну D.