сістэма хрыбтоў і масіваў у сярэдняй частцы Гімалаяў, у Індыі і Непале. Цягнуцца прыблізна на 2000 км паралельна Вял. Гімалаям, на Пд ад іх. Шыр. ад 10—20 км на У да 100 км на 3. Пераважаюць выш. 3000—3500 м (найб. да 6000 м). Горныя хрыбты і масівы расчлянёны шырокімі падоўжнымі далінамі і катлавінамі. Папярочныя даліны вузкія і глыбокія. У грабянёвай зоне — кары, трогі, невял. ледавікі. Снегавая лінія на выш. 4,5 тыс.м на У і 5 тыс.м на 3. Складзены з парод палеазойскага і мезазойскага ўзросту (пераважна са сланцаў, кварцытаў, вапнякоў). Густая рачная сетка (пераважна прытокі р. Ганг). Рэкі асабліва паўнаводныя летам. На З — лістападныя мусонныя лясы, цвердалістыя вечназялёныя і хваёвыя, на У — вечназялёныя вільготныя, хваёвыя, якія з вышынёй змяняюцца вечназялёнымі дубовымі, хваёва-шыракалістымі і хваёвымі лясамі. Вышэй — хмызняковыя зараснікі, субальпійскія і альпійскія лугі. Да выш. 2,5 тыс.м — плантацыі цытрусавых, чаю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАУ́Р’Я,
дынастыя цароў стараж.-інд. дзяржавы Магадха ў 4—2 ст. да н.э.Засн.Чандрагуптам, які пасля адыходу грэч. войск захапіў да 317 да н.э. ўладу ў Пенджабе. Паводле мірнага дагавора з Селеўкам I Нікатарам да дзяржавы М. адышлі раёны сучасных Белуджыстана і Усх. Афганістана. Пры сыне Чандрагупты — Біндусары [каля 293—268 да н.э.] заваяваны некат. вобласці Паўд.Індыі. М. імкнуліся да стварэння сістэмы моцнага цэнтралізаванага кіравання. Пры Ашоку [каля 265—232 да н.э.] дзяржава М. ўключала амаль усю Паўн. і Паўд. Індыю, Белуджыстан і Афганістан. У канцы праўлення Ашокі пачаўся заняпад дзяржавы, якая пасля яго смерці падзялілася на 2 часткі. У пач. 2 ст.паўн.-зах. ўладанні М. заваяваны Грэка-Бактрыйскім царствам. Апошні з М. скінуты ў 187 або 185 да н.э. сваім военачальнікам Пуш’ямітрам, які заснаваў дынастыю Шунгаў.
Літ.:
Антонова К.А., Бонгард-Левин Г.М., Котовский Г.Г. История Индии. 2 изд. М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІДЭРЛА́НДСКАЯ МО́ВА, галандская мова,
адна з германскіх моў (заходнегерманская падгрупа). Афіц. мова Нідэрландаў, адна з 2 (разам з франц.) афіц. моў Бельгіі. Пашырана таксама ў Вест-Індыі, ЗША. Асн. дыялектныя групы: паўн.-цэнтр. (паўд.-галандскія і утрэхцкія дыялекты), паўн.зах. (паўн.-галандскія), паўд.-цэнтр. (брабанцкія і ўсх.-фламандскія), паўд.-зах. (зах.-флам. і зеландскія), паўн.-ўсх. (саксонскія), паўд.-ўсх. (лімбургскія). У фанетыцы — глухія выбухныя зычныя p, t, k, дыфтонгі; націск сілавы, пераважна на каранёвым складзе. Паводле граматычнай будовы аналітычная. У словаўтварэнні пераважае словаскладанне. Сінтакс. адносіны выражаюцца пераважна парадкам слоў і прыназоўнікавымі канструкцыямі. Асновы адзінай нормы літ. мовы склаліся ў 17 ст. У пісьмовай і вуснай разнавіднасцях літ. мовы, а таксама паміж паўн. варыянтам (у Нідэрландах) і паўд. варыянтам (у Бельгіі) існуюць тэр. адрозненні. Пісьменства на аснове лац. графікі.
Літ.:
Миронов С.А. Нидерландский (голландский) язык. М., 1965;
Яго ж. История нидерландского литературного языка (IX—XVI вв.). М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСІ́ЎНАЕ ВЫ́БАРЧАЕ ПРА́ВА,
права асобы выбірацца ў выбарныя дзярж. органы і органы мясц. самакіравання; права быць зарэгістраваным у якасці кандыдата, праводзіць перадвыбарчую прапаганду і агітацыю, карыстацца ўсімі інш. правамі. У многіх дзяржавах валоданне П.в.п. абумоўлена рознымі павышанымі (у параўнанні з актыўным выбарчым правам) выбарчымі цэнзамі: узроставым, аселасці, адукац., службовым. Маёмасныя цэнзы для ажыццяўлення П.в.п. (пры выбарах у агульнанац. прадстаўнічыя органы) устаноўлены ў Канадзе, Аргенціне, Бельгіі, Коста-Рыцы і інш. Найчасцей абмежаванні датычаць павышанага ўзроставага цэнзу. На выбарах у верхнія палаты парламентаў гэты цэнз асабліва высокі, напр., у ЗША, Японіі, Індыі П.в.п. валодаюць грамадзяне, якія дасягнулі 30 гадоў (у ніжнюю — 25 гадоў), у Італіі адпаведна 40 і 25 гадоў. На Беларусі членам Савета Рэспублікі можа быць грамадзянін, які дасягнуў 30 гадоў і пражываў на тэр. адпаведнай вобласці, г. Мінска не менш як 5 гадоў, дэпутатам Палаты прадстаўнікоў (ніжняя палата) можа быць грамадзянін, які дасягнуў 21 года.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕДЫ́ЧНАЯ РЭЛІ́ГІЯ, ведыйская рэлігія,
сістэма поглядаў, якая ўзнікла ў стараж.Індыі на падставе рэлігіі індаарыйскіх плямён і ў канцы 2-га — 1-й пал. 1-га тыс. да н.э. аформілася ў кананічных тэкстах — Ведах, ранняя стадыя фарміравання індуізму. Для ведычнай рэлігіі характэрны культы агню і продкаў, выкарыстанне пры значных ахвярапрынашэннях св. наркатычнага напою — сомы. Жыццё і светапогляд звязваліся з абрадамі і рытуаламі, ад выканання якіх гаспадаром ці жрацом залежалі адносіны з багамі, дабрабыт асобы, сям’і, грамады, дзяржавы. У ведычнай рэлігіі адсутнічала іерархія багоў. Найб. старэйшымі лічыліся багі Неба і Зямлі (Д’яўс і Прытхіві). Найб. папулярны Бог Індра — цар багоў і наладжвальнік свету. Бог агню Агні шанаваўся як пасрэднік паміж людзьмі і багамі, ахвярадаўца. Багам надаваліся чалавечыя рысы, кожны з іх суадносіўся з пэўнай часткай Сусвету — зямной, паветранай, нябеснай. У ведычнай рэлігіі бяруць пачатак уяўленні пра карму, мэтапсіхоз, тапас (аскеза) і інш. З ведычнай рэлігіі развіўся брахманізм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛА́Т, булатная сталь (ад перс. пулад сталь),
вугляродзістая сталь, якая вызначаецца высокай цвёрдасцю, пругкасцю, вязкасцю, зносастойкасцю, своеасаблівай структурай і ўзорыстасцю паверхні. Асн. асаблівасць мікраструктуры булату — аптымальнае па дысперснасці і канфігурацыі спалучэнне высокавугляродзістых (дробнаігольчасты мартэнсіт) і нізкавугляродзістых (ферыт) мікрааб’ёмаў. Адрозніваюць булат літы (т.зв. вутц) і зварачны (больш нізкай якасці).
Вытв-сць булату была вядома ў Індыі, Іране, Сірыі («дамаская сталь»), у краінах Сярэдняй Азіі. Выкарыстоўваўся на выраб халоднай зброі выключнай трываласці і вастрыні. Клінок з булату не ламаецца, не мае астаткавай дэфармацыі. У 14 ст. сакрэт вырабу булат быў страчаны. Навук. асновы вытв-сці булату распрацаваў рус. металург П.П.Аносаў (у 1833 вырабіў булатны клінок). Атрыманне булатнай структуры забяспечваецца асаблівасцямі саставу, тэхналогіі выплаўкі, коўкі, тэрмічнай і мех. апрацоўкі. Узорыстасць бывае паласавая і струменістая (ніжэйшыя сарты булату), хвалістая (сярэдні, сорт), сеткаватая і каленчатая (вышэйшыя сарты).
Літ.:
Гуревич Ю.Г. Загадка булатного узора. М., 1985;
Мезенин Н.А. Занимательно о железе. 2 изд. М., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДЗЯНЫ́ АРЭ́Х, рагульнік,
чылім (Trapa),
манатыпны род кветкавых раслін сям. вадзянаарэхавых. Больш за 10 відаў. Пашыраны пераважна ў прэсных вадаёмах Еўропы, Азіі і Афрыкі. На Беларусі рэдка (у далінах Дняпра, Прыпяці, іх прытокаў і ў некат. азёрах Паазер’я) трапляецца вадзяны арэх плывучы (T. natans). Расце ў стаячых водах азёр, старыц, рачных заток, утварае зараснікі. Занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. Асобныя месцазнаходжанні ахоўваюцца як помнікі прыроды.
Аднагадовыя травяністыя расліны з плаваючай на паверхні вады разеткай лісця і апушчаным у ваду сцяблом даўж. 60—120 см з відазмененым лінейным перыстарассечаным падводным лісцем. Надводнае лісце скурыстае, з рамбічнай няроўназубчастай пласцінкай. Кветкі дробныя, адзіночныя, у пазухах лісця, белыя. Плод — бурая арэхападобная касцянка з 2—4 рогападобнымі выступамі. Лек. і дэкар. (прыдатныя для аквакультуры), у некат. краінах (Кітаі, Японіі, Індыі і інш.) культывуюцца як каштоўныя харч. (плады ядомыя, багатыя крухмалам, бялком, цукрам, алеем) і кармавыя (у лісці шмат бялку і інш.) расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАВІ́ЙСКАЕ МО́РА,
паўзамкнёнае мора Індыйскага ак. паміж паўастравамі Індастан на У і Аравійскім на З. Абмывае берагі Самалі, Джыбуці, Йемена, Амана, ААЭ, Саудаўскай Аравіі, Кувейта, Ірака, Ірана, Пакістана, Індыі. Пл. 4832 тыс.км². Сярэдняя глыб. 2734 м, найб. 5803 м. Берагі высокія, скалістыя, месцамі нізінныя дэльтавыя, парэзаныя залівамі і бухтамі. Найб. залівы: Адэнскі на З (злучаецца Баб-эль-Мандэбскім пралівам з Чырвоным м.), Аманскі на ПнЗ (злучаецца Армузскім пралівам з Персідскім залівам), Кач і Камбейскі на ПнУ. Найб. а-вы: Сакотра і Лакадыўскія. У Аравійскае мора ўпадае р.Інд. Рэльеф дна выраўнаваны, агульны нахіл з Пн на Пд; на З падводны хр. Мары. Клімат трапічны мусонны. Частыя тайфуны. Сярэдняя т-ра вады на паверхні зімой 22—27 °C летам 23—28 °C. Салёнасць 35,8—36,57 ‰. Прылівы паўсутачныя (да 5,1 м). Фауна: дзюгонь, лятучыя рыбы, тунец, меч-рыба, паўд. селядзец, рыфавыя рыбы, паруснікі і інш.Гал. парты: Бамбей (Індыя), Карачы (Пакістан), Адэн (Йемен).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫЛЬЯ́НТ (франц. brillant літар. бліскучы),
бездэфектны алмаз, штучна агранены ў выглядзе дзвюх зрэзаных шматгранных пірамід, што максімальна выяўляе яго бляск. «Поўная» брыльянтавая агранка (гл.Агранка) мае 58 плоскіх граняў. Адрозніваюцца масай (вымяраецца ў каратах, 0,2 г), формай (круглая, фантазійная, прамавугольная і інш.), вясёлкавым зіхаценнем колераў у адлюстраваным святле і інш. Каштоўны камень 1-га класа. Брыльянты выкарыстоўваюць у ювелірнай справе. Найбольш вядомыя брыльянты маюць уласныя назвы: «Вялікая Зорка Афрыкі» («Кулінан I») (530,20 кар), «Нізам» (277 кар), «Юбілейны» (245,35 кар), «Арлоў» (189,62 кар), «Дэ Бірс» (234,50 кар), «Вікторыя 1880» (228,50 кар) і інш. Больш за 95% сусветнай вытв-сці брыльянтаў прыпадае на долю Індыі, Ізраіля, Бельгіі, ПАР, ЗША.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГУНО́ВІЧ (Эдуард Канстанцінавіч) (н. 16.12.1938, г. Рэчыца),
бел. Мастак. Засл. работнік культуры Беларусі (1977). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1966). Удзельнік маст. выставак з 1966. Працуе ў кніжнай і станковай графіцы, акварэлі, маст. афармленні музеяў, выставак, спектакляў. Аўтар праектаў маст. афармлення экспазіцый Дома-музея I з’езда РСДРП у Мінску, музея сав.-польскай баявой садружнасці ў в. Леніна Горацкага р-на Магілёўскай вобл., філіяла Нац. музея гісторыі і культуры Беларусі ў Заслаўі Мінскага р-на, Літ. музея Я.Купалы ў Мінску і яго філіяла ў в. Вязынка Маладзечанскага р-на Мінскай вобл., Літ. музея М.Багдановіча ў Мінску (Дзярж. прэмія Беларусі 1993) і інш. Аформіў бел. аддзелы на выстаўках СССР у Індыі і ГДР (1976, 1980). Работы ў кніжнай графіцы: афармленне і іл. да паэм «Тарас на Парнасе» (1967), «Сымон-музыка» Я.Коласа (1968) і інш. Аўтар станковых работ: серыі ў тэхніцы афорта «Дзяцінства» (1977), «Маці Божая, Маці Краіна» (1979), «Спрадвечнае» (1980), «Крык кнігаўкі» (1981).