рэчыва, уведзенае ў фатаграфічную эмульсію для яе сенсібілізацыі. Пры гэтым фотаматэрыялы набываюць дадатковую адчувальнасць да той вобласці аптычнага спектра, дзе паглынае сам С.
Галагенасярэбраныя фатаграфічныя матэрыялы маюць натуральную адчувальнасць да сіне-фіялетавай вобласці аптычнага выпрамянення. З дапамогай С. ім надаюць адчувальнасць да доўгахвалевых абласцей (зялёнай, чырвонай і інфрачырвонай) ці павышаюць іх адчувальнасць у сіне-фіялетавай вобласці. Для сенсібілізацыі фотаслаёў у шырокай вобласці спектра выкарыстоўваюцца сумесі розных С.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТВОЛу батаніцы,
галоўнае (восевае) адраўнелае сцябло дрэва. Пачынаецца ад шыйкі кораня і заканчваецца верхавінкай. Звычайна прамы, бывае скрыўлены, часам палягае; у дрэвавых ліян можа быць павойным. Служыць апорай для кроны, выносіць лісце да святла. Зімой С. — акумулятар вільгаці і пажыўных рэчываў, вясной і летам у ім адбываецца рух сокаў. Асн. маса С. — драўніна (другасная ксілема), дыферэнцыраваная на гадавыя слаі (кольцы), і кара. У лясной прам-сці С — аб’екты нарыхтовак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯНКЕ́ВІЧ Васіль Іванавіч (н. 19.3.1959, в. Асіпавічы Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. мовазнавец. Д-рфілал.н. (1997), праф. (2000). Чл.-кар.Бел. акадэміі адукацыі (1998). Скончыў Брэсцкі пед.ін-т (1980), з 1980 працуе ў ім (з 1992 заг. кафедры). Даследуе праблемы прагмалінгвістыкі, семантыкі бел., рус. і польскай моў. Аўтар кн. «Семантыка і прагматыка беларускай мовы» (1995), сааўтар «Тлумачальнага слоўніка тэрмінаў пачатковага навучання» (2001) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭХНАГЕНЕ́З (ад грэч. technē майстэрства + ...генез),
пераўтварэнне біясферы і яе элементаў пад уплывам гасп. дзейнасці чалавека, звязанай з прамым ці ўскосным выкарыстаннем тэхн. сродкаў. Вядзе да фарміравання тэхнасферы як пачатковай стадыі наасферы. Найб. істотна Т. праяўляецца на зямной паверхні: пераўтварэнні ў рэльефе, гідралаг. сетцы, глебавым і расл. покрыве, жывёльным свеце. Тэхнагенныя працэсы падзяляюцца на мэтанакіраваныя, прадугледжаныя чалавекам, і непрадугледжаныя ім. Асн. задача рацыянальнага прыродакарыстання — навук. абгрунтаванае зніжэнне негатыўных вынікаў Т.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЛА́СНАЯ СІСТЭ́МА АДЛІ́КУцела,
сістэма адліку, звязаная з дадзеным целам так, што ўсе пункты гэтага цела знаходзяцца ў стане спакою адносна яе Цела можа рухацца з паскарэннем (у т. л. вярцецца) адносна інш. цел, з якімі можа быць звязана інерцыяльная сістэма адліку, таму ў агульным выпадку У.с.а. з’яўляецца неінерцыяльнай сістэмай адліку. Такая, напр., У.с.а. нестабілізаванага ШСЗ — жорстка звязаная з ім сістэма каардынат і замацаваны на спадарожніку гадзіннік, які адлічвае час.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УНУ́ТРАНАЕ ТРЭ́ННЕ,
1) у цвёрдых целах — уласцівасць цел неабарачальна пераўтвараць ва ўнутраную энергію (цеплату) мех. энергію, нададзеную целу ў працэсах яго дэфармавання, якія суправаджаюцца парушэннем у імраўнавагі тэрмадынамічнай. Звязана са з’явамі няпругкасці (адхілення ад уласцівасцей пругкасці пры дэфармаванні цела ва ўмовах, калі астаткавыя дэфармацыі практычна адсутнічаюць) і пластычнай дэфармацыі. Праяўляецца, напр., у затуханні свабодных выгінальных ваганняў (т.зв. тэрмапругкі эфект) 2) У вадкасцях і газах — тое, што вязкасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФА́КТАР НЕСПАКО́Ю,
антрапагенныя фактары (шумы, прысутнасць чалавека), якія шкодна ўздзейнічаюць на жыццядзейнасць дзікіх жывёл, не дазваляюць ім паўнацэнна карміцца, адпачываць, размнажацца, выводзіць патомства. Напр., вял. канцэнтрацыя людзей у вясенне-летні перыяд у месцах масавага адпачынку выклікае міграцыю жывёл, парушэнні іх сезонных біярытмаў, зніжае плоднасць, павялічвае колькасць самак-ялавак, гібель маладняку. Ускосна Ф.н. праяўляецца і пры гасп. дзейнасці, напр., пры зборы жывіцы, рабоце транспарту (маторных лодак, верталётаў і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЮРЫСКО́НСУЛЬТ (ад лац. juris-consultus правазнавец),
работнік прававой службы прадпрыемства (установы, арганізацыі), на якога ўскладаюцца: кантроль за законнасцю загадаў і распараджэнняў, што выдае адміністрацыя; удзел у складанні дагавораў і пагадненняў, што заключаюцца з інш. прадпрыемствамі і ўстановамі; інфармаванне рабочых і служачых аб бягучым заканадаўстве і аказанне ім прававой дапамогі; вядзенне ў судах спраў, па якіх арг-цыя выступае ў якасці істца або адказчыка і да т.п.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НОВАДЗЯВО́ЧЫ МАНАСТЫ́Р, Багародзіца-Смаленскі манастыр, манастыр Прачыстай Маці Божай Адзігітрыі,
архітэктурны комплекс 16—17 ст. у Маскве. Засн. ў 1524 як жаночы вял.кн. маскоўскім Васілём III у гонар захопу Смаленска ў 1514. Размяшчаўся на шляху з Масквы ў ВКЛ і быў часткай абарончага пояса маскоўскіх манастыроў — Данскога, Данілава, Сіманава і інш. У 16—17 ст. у манастыр пастрыгаліся жанчыны з царскай і знатных баярскіх сем’яў; у ім жылі ўдава сына Івана IV Грознага царэвіча Івана, сястра Пятра I царэўна Соф’я і яго першая жонка Еўдакія Лапухіна, удава цара Фёдара Іванавіча Ірына Фёдараўна Гадунова. У 1610—12 Н.м. абрабаваны і захоплены войскамі Рэчы Паспалітай. У 1655 сюды пераведзены манашкі Аршанскага Куцеінскага Успенскага манастыра. Найб. росквіт Н.м. прыпадае на часы праўлення царэўны Соф’і Аляксееўны (1682—89; пазней яна была зняволена ў манастыр Пятром I). У 1724 тут абсталяваны шпіталь для салдат і афіцэраў рус. арміі, прытулак для падкідышаў жан. полу. Н.м. быў адным з найб. буйных землеўласнікаў: у канцы 17 ст. валодаў 36 сёламі, у 1744 меў каля 15 тыс. прыгонных сялян мужчынскага полу. У 1763 у ім 136 манашак, у канцы 19 ст. — больш за 200.
Тэр. Н.м. абкружана цаглянымі сценамі (канец 17 ст.) з 12 вежамі. Асн. будынкі (сабор, званіца, трапезная) пастаўлены ў адну лінію і ўтвараюць маляўнічую панараму. Ансамбль пачаў фарміравацца з буд-вам Смаленскага сабора (1524—25, размалёўкі 16 і 17 ст.). Выдатны помнік дэкар.-прыкладнога мастацтва — 5-ярусны разны іканастас сабора (1683—85) з 84 калонкамі з расл. і геам. арнаментам, выкананы 50 рэзчыкамі-беларусамі пад кіраўніцтвам В.Андрэева і 13 «станочнікамі» на чале з К.Міхайлавым і С.Зіноўевым. Залачэнне выканана 16 бел. майстрамі на чале з Д.Залатаровым. Астатнія пабудовы (пераважна 17 ст.) — у стылі нарышкінскага барока: трапезная з царквой Ушэсця (1685—87), 6-ярусная васьмівугольная званіца (1689—90), Праабражэнская і Пакроўская надбрамныя цэрквы і прылеглыя да іх Лапухінскія і Марыінскія палаты (усе 1683—88). У 1922 Н.м. закрыты, у ім створаны «Музей разняволення жанчыны», з 1934 — філіял Гіст. музея. Частка памяшканняў была адведзена пад кватэры. У 1943 у Н.м. адкрыты Маскоўскія багаслоўскія курсы, у 1944 — багаслоўскі ін-т. З 1980 у ім знаходзілася рэзідэнцыя мітрапаліта круціцкага і каломенскага. У саборы пахаваны жанчыны царскага роду, княгіні (Галіцыны, Адоеўскія і інш.), баярыні (Дашкавы і інш.). На тэр. Н.м. знаходзіцца некропаль; у 1927 было 2811 пахаванняў з надмагільнымі плітамі ці помнікамі. У 1930-я г. большасць магіл разбурана. Захавалася каля 100 помнікаў, у т. л. паэту Дз.Давыдаву, пісьменнікам М.Загоскіну, І.Лажэчнікаву, гісторыкам М.Пагодзіну, С.Салаўёву і інш. З 1994 манастыр дзейнічае як жаночы. Іл.гл. таксама да арт.Беларуская рэзь.
Літ.:
Абецедарский Л. Белорусы в Москве XVII в.: Из истории рус.-бел. связей. Мн.. 1957;
Новодевичий монастырь: [Путеводитель]. М., 1988;
Бураков Ю.Н. Под сенью монастырей московских. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАРДА́Ж (франц. abordage),
спосаб вядзення бою вёславымі і паруснымі караблямі. Адзін або некалькі атакоўчых караблёў падыходзілі да карабля праціўніка як мага шчыльней, счапляліся з ім бартамі, высаджвалі абардажную каманду, якая ў рукапашнай сутычцы вырашала зыход бою. Выкарыстоўваўся са стараж. часоў да 19 ст.; разам з таранным ударам складаў аснову тактыкі марскога бою. З развіццём карабельнай артылерыі, ростам агнявой магутнасці і быстраходнасці караблёў страціў сваё значэнне. Выкарыстоўваюць пры перадачы (прыёме) грузу і людзей.