ЧЭЛЕНТА́НА (Celentano) Адрыяна (н. 6.1.1938, Майланд, Італія),

італьянскі кінаакцёр і рэжысёр, эстрадны спявак. У кіно з 1959. Яркі камед. акцёр, яму ўласцівы гумар, эксцэнтрычнасць, вострая пластыка: «Серафіна» (1968), «Блеф» (1976), «Утаймаванне свавольніка» (1981), «Ён горшы, чым я» (1985) і інш. Як рэжысёр дэбютаваў парадыйнай камедыяй «Супераграбленне ў Мілане» (1965). У сваіх фільмах выступае адначасова як выканаўца гал. роляў, аўтар музыкі і песень (мюзіклы «Юпі-Ду», 1975; «Джаан Он», 1986). У творчасці спалучае традыцыі неарэаліст. камедыі і італьян. фальклору з сучаснымі эстр. і танц. рытмамі.

т. 17, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАРХУНЫ́,

самагучальны муз. інструмент. Наз. таксама шаргунцы, шалестуны, шумёлы, бомы, бразготкі. Складаюцца з некалькіх (да 11) бронзавых (у мінулым медных) шарыкаў розных памераў са шротам унутры, з проразямі па баках і крапежным вушкам у верхняй частцы. Пры патрэсванні ўзнікае меладычнае і звонкае гучанне, у старажытнасці выкарыстоўвалі як элемент жан. ўпрыгожання. У вясельным поездзе Ш. на скураным паску чаплялі на шыю коней. З 2-й пал. 19 ст. выкарыстоўвалі як састаўны канстр. элемент бубна. Ш. выраблялі звычайна мясц. кавалі. Пашыраны па ўсёй тэр. Беларусі.

І.​Дз.​Назіна.

Шархуны.

т. 17, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ВІ (Covey) Рычард Освальд (н. 1.8.1946, г. Феетвіл, ЗША),

касманаўт ЗША Палк. ВПС ЗША. Скончыў Ваен.-паветр. акадэмію ЗША (1968), ун-т Перд’ю (1969). З 1970 у ВПС ЗША, у 1979—94 у атрадзе касманаўтаў НАСА. Здзейсніў 4 палёты ў складзе экіпажаў касм. караблёў (КК): 27.8—3.9.1985 і 29.9—3.10.1988 на КК «Дыскаверы» (як пілот), 15—20.11.1990 на КК «Атлантыс», 2—13.12.1993 на КК «Індэвар» (як камандзір). У космасе правёў 26,9 сут. Залатыя медалі НАСА «За выключныя заслугі», «За выдатнае кіраўніцтва», «За касмічны палёт» (4).

М.​М.​Касцюковіч.

т. 18, кн. 1, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМА́ТАР (лац. amator),

1) ахвотнік да чаго-н.

2) Той, хто займаецца чым-н. не як прафесіянал; любіцель.

т. 1, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНДША́ФТНАЯ АБАЛО́НКА,

тое, што геаграфічная абалонка. Іншы раз Л.а. разглядаюць як частку геагр. абалонкі — сферу ўзаемадзеяння кампанентаў сушы.

т. 9, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРОТАДЫЯ́КАН,

першы або галоўны дыякан у епархіі, звычайна пры кафедральным саборы. Званне П. можа прысвойвацца і як узнагарода.

т. 13, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХА́БАР,

грошы або рэчы, якія перадаюцца службовай асобе як подкуп або аплата злачынных дзеянняў. Гл. ў арт. Хабарніцтва.

т. 16, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭХІ́Н (італьян. zecchino ад zecca манетны двор),

залатая манета Венецыі. Упершыню выпушчаны ў 1284, пазней вядомы як дукат.

т. 17, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМА́ШНЯЯ АДУКА́ЦЫЯ,

форма агульнаадукацыйнай падрыхтоўкі ва ўмовах сям’і. У старажытнасці і сярэдневякоўі (да станаўлення сістэм адукацыі) забяспечвала саслоўна-прафес. пераемнасць. Элементарным тыпам Д.а. можна лічыць перадачу ад бацькоў дзецям ведаў, прафес. вопыту, асноў светапогляду, у т. л. рэліг. выхаванне. У зах. краінах з сярэдзіны 1970-х г. Д.а. набыла новыя рысы ў межах пед. руху «flexíschooling» (гібкая адукацыя), паводле якога акрамя школы месцам адукацыі можа быць дом, музей, б-ка і інш.; бацькі разглядаюцца як актыўныя партнёры школы; не абавязковай лічыцца прысутнасць настаўніка ў навуч. працэсе; вучоба скіравана на выяўленне і развіццё здольнасцей вучня; магчымасці дома (выкарыстанне сучасных тэхн. сродкаў навучання) разглядаюцца як кампанент школьнай праграмы. «Flexischooling» спалучае Д.а. з навучаннем у школе. У Рас. імперыі ў 18—19 ст. Д.а. мела важнае значэнне для фарміравання сістэмы агульнай адукацыі. З узнікненнем ун-таў, гімназій і інш. навуч. устаноў была абавязковым этапам для таго, каб прадоўжыць навучанне або паступіць на вайсковую службу, паколькі давала неабходную падрыхтоўку (ад праграмы пач. школы да поўнага гімназічнага курса). Пасля 1917 Д.а. як сістэма спыніла існаванне. З 1960-х г. для кампенсацыі недахопаў дзярж. сістэмы сярэдняй адукацыі атрымалі распаўсюджанне спецыфічныя формы Д.а. (прыватныя ўрокі, сямейныя семінары, рэпетытарства). У 2-й пал. 1980 — пач. 1990-х г. развіццё некаторых формаў Д.а. разглядаецца як адзін з варыянтаў садзеяння індывідуалізацыі навучання, рацыянальным суадносінам дамашняй і школьнай падрыхтоўкі. Сістэма адукацыі Рэспублікі Беларусь прадугледжвае магчымасць самаст. атрымання грамадзянамі агульнай адукацыі з правам на дзярж. атэстацыю.

В.​М.​Навумчык.

т. 6, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛАСЦЬ,

1) на Русі і ў ВКЛ у 12—16 ст. сукупнасць зямельных уладанняў, якія належалі адной асобе.

2) На Русі і ў ВКЛ у 13—16 ст. адм.-тэр. адзінка, населеная сялянамі-даннікамі, якія ўтваралі тэр. абшчыну. Як дзярж. ўласнасць проціпастаўлялася вотчыне—уладанню на правах прыватнай уласнасці. Мела двайную сістэму кіравання: з сялян выбіраўся соцкі (у 15—16 ст. старац), інтарэсы дзяржавы прадстаўляў намеснік (цівун) з баяр, шляхты. Паступова воласці перадаваліся шляхце ў вотчыну. Даўжэй праіснавалі ў Падняпроўі. Пасля правядзення ў канцы 16 — пач. 17 ст. валочнай памеры фактычна ператварыліся ў дзярж. маёнткі.

3) Адм.-тэр. адзінка ў 1797—1920-я г. ў Рас. імперыі і СССР, у т. л. на Беларусі. Уведзена ў 1797 на казённых землях як ніжэйшае звяно дзярж. адм. сістэмы (поруч з сельскай грамадой); састаўная частка павета. У 1830—50-я г. на Беларусі, у Літве і Правабярэжнай Украіне воласці скасаваны. Паводле сялянскай рэформы 1861 воласць уведзена для б. памешчыцкіх, з 2-й пал. 1860-х г. і для б. дзярж. сялян як вышэйшая адзінка саслоўнага сял. самакіравання (гл. Валасны сход, Валасное праўленне, Валасны суд). Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 фармальна стала адзінкай усесаслоўнага самакіравання, якое, як правіла, з’яўлялася сродкам улады заможнага сялянства. У першыя гады сав. улады частка воласцей разбуйнена. У СССР заставалася да правядзення раянавання 1928—30 і падзелена на сельсаветы (у БССР скасавана ў 1925).

В.​Л.​Насевіч, В.​П.​Панюціч.

т. 4, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)