зборнікі дакументаў па гісторыі Расіі 15—19 ст. Выдадзены ў С.-Пецярбургу і Маскве ў 1867—1916 у 148 тамах. Частка зборнікаў змешанага характару, іншыя ў выглядзе тэматычных серыйных выданняў. Гэта «Матэрыялы Кацярынінскай заканадаўчай камісіі 1767 г.» (т. 1—14), «Паперы і перапіска Кацярыны II» (т. 1—18), «Помнікі дыпламатычных дачыненняў старажытнай Расіі з дзяржавамі замежнымі» (т. 1—10), «Дыпламатычныя перапіскі замежных паслоў і пасланнікаў пры рускім двары» (т. 1—47). Шмат матэрыялаў па гісторыі Беларусі ў серыях тамоў «Помнікі дыпламатычных дачыненняў Маскоўскай дзяржавы з Польска-Літоўскай дзяржавай» (вып. 1—5), «Акты, дакументы і матэрыялы для палітычнай і бытавой гісторыі 1812 г.» (т. 1—3).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАДАРВІНІ́ЗМ,
эвалюцыйная канцэпцыя, распрацаваная ням. вучоным А.Вейсманам на першым этапе развіцця генетыкі (у канцы 19 ст.). Тэарэт. аснова Н. — вучэнне аб зародкавай плазме і зародкавым шляху сцвярджае, што ў спадчыну перадаюцца тыя змены, якія адбываюцца ў спадчынных адзінках палавых клетак — дэтэрмінантах. Набытыя адзнакі ў спадчыну не перадаюцца. Гэтыя вывады шмат у чым прадвызначылі сучасныя прадстаўленні аб спадчыннай зменлівасці. Але ў цэлым адыход ад дарвінаўскіх палажэнняў аб прычынах зменлівасці і прыродзе спадчыннасці, спроба звязаць даныя генетыкі з эвалюц. тэорыяй і дапоўніць дарвінаўскае прадстаўленне аб натуральным адборы былі памылкай. У 2-й пал. 20 ст. Н. часам называюць сучаснае эвалюц. вучэнне.
Літ.:
Шмальгаузен И.И. Проблемы дарвинизма. 2 изд. Л., 1969;
Воронцов Н.Н. Развитие эволюционных идей в биологии. М., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛОНГ ((Long) Маргерыт Мары Шарлот) (13.11.1874, г. Нім, Францыя — 13.2.1966),
французская піяністка, педагог. Вучылася ў Муз. ін-це ў Німе, потым у А.Мармантэля ў Парыжскай кансерваторыі (у 1906—40 выкладала ў ёй, з 1920 праф.). Шмат канцэртавала. Прапагандавала творчасць франц. імпрэсіяністаў і кампазітараў «Шасцёркі», выконвала прысвечаныя ёй творы М.Равеля, Д.Міё, Г.Фарэ і інш. Арганізавала з Ж.Цібо конкурс піяністаў і скрыпачоў (1943; з 1946 Міжнар. конкурс імя Л. — Ж.Цібо). Заснавала ўласную школу ігры на фп. на аснове распрацаванай ёю методыкі. Складальнік школы «Фартэпіяна» (1959). Аўтар шматлікіх артыкулаў і кніг па фп. мастацтве.
Тв.:
Рус.пер. — у кн.: Исполнительское искусство зарубежных стран. М., 1981. Вып. 9.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУКО́МСКІ ЗА́МАК Існаваў у 14—16 ст. Размяшчаўся каля правага берага р. Лукомка (зараз в. Лукомль Чашніцкага р-на Віцебскай вобл.). Паводле «Спіса рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх», у 14 ст. Лукомль лічыўся горадам з магутным і добра ўмацаваным замкам. У 1386 аб’яднаныя войскі прускіх і лівонскіх рыцараў аблажылі замак. Гарнізон мужна і доўга абараняўся, шмат крыжакоў загінула пад сценамі Лукомля, аднак у ходзе працяглай аблогі і штурму замак быў узяты. У час Лівонскай вайны 1558—83 у 1563 горад і замак захапіла і знішчыла войска Івана IV Грознага. Замак больш не аднаўляўся. Рэшткі вял. валоў аглядваў у 1573 гісторык М.Стрыйкоўскі, які адзначыў, што на гэтым месцы быў некалі вял. замак. З 17 ст. дакументы згадваюць толькі вёску Лукомль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́БАНСКІ БОЙ 1941 Адбыўся паміж партызанамі Любанскага р-на Мінскай вобл. і гарнізонам ням.-фаш. захопнікаў у г.п. Любань 7 ліст. ў Вял.Айч. вайну. План аперацыі распрацаваны Мінскім падп. абкомам КП(б)Б. Ліквідацыя гарнізона была даручана 5 партыз. групам, якія ўзначальвалі А.І.Далідовіч, А.І.Мілевіч, А.І.Патрын, М.М.Розаў і Г.М.Сталяроў. Тры групы павінны былі штурмаваць аб’екты ў пасёлку, задача дзвюх — спыніць дадатковыя сілы праціўніка, што маглі прыйсці на дапамогу гарнізону з г. Слуцка і г.п. Урэчча. Напярэдадні была нейтралізавана любанская паліцыя. 7 ліст. штурмавыя групы раптоўна ўварваліся ў Любань і атакавалі ворага. У выніку двухгадзіннага бою партызаны поўнасцю разграмілі гарнізон, захапілі шмат зброі, боепрыпасаў, прадуктаў і адзення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДКАМЕ́ННАЯ ТУНГУ́СКА, Сярэдняя Тунгуска.Чулакан,
рака, правы прыток р. Енісей, пераважна ў Эвенкійскай аўт. акрузе Расіі. Даўж. 1865 км, пл. басейна 240 тыс.км². Цячэ ў межах Сярэднесібірскага ’пласкагор’я. У вярхоўях (пад назвай Катанга) цячэ ў шырокай і глыбокай даліне, ад вусця р. Тэтэрэ даліна звужаецца, у рэчышчы шматлікія шыверы і парогі. За 250 км ад вусця даліна расшыраецца да 20—23 км, у рэчышчы шмат перакатаў. Гал. прытокі: Тэтэрэ, Чуня (справа), Вельма (злева). Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні 1560 м³/с. Разводдзе ад пач. мая да канца чэрв., у нізоўях да пач. ліпеня. Ледастаў з канца кастр. да сярэдзіны мая. Суднаходная ў разводдзе ад с. Ванавара (1146 км), для вял. суднаў — ад с. Байкіт (571 км).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НІН (Яўхім Сямёнавіч) (8.10.1894 або 21.10.1897, г. Віцебск — 29.12.1937),
бел. графік. Вучыўся ў Політэхн. ін-це ў Петраградзе (1916—18), Віцебскай школе-майстэрні Ю.Пэна (1920—21). Выкладаў у Віцебскім маст. вучылішчы (1920—37). У 1937 рэпрэсіраваны, у 1958 рэабілітаваны. Працаваў пераважна ў тэхніцы дрэварыта. Стварыў шмат краявідаў Віцебска, жанравых сцэн, партрэтаў, экслібрысаў. Творы вызначаюцца дасканаласцю штрыхоўкі, дакладнасцю форм, багатай танальнасцю, эмацыянальнасцю маст. вобразаў. Сярод твораў: серыі дрэварытаў «Стары Віцебск» (1926—28), «Помнікі драўлянага дойлідства Беларусі» (1927—28), «Вайна» (1932), партрэты старога (1928), Гамера (1935), серыя акварэлей «Віцебск» (1932), жывапіснае палатно «Цэх Віцебскай фабрыкі акуляраў» (1935), экслібрысы і інш.
Літ.:
Шматаў В.Ф. Беларуская графіка 1917—1941 гг.Мн., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МЯЦЕ́ЛІЦА»,
бел.нар. танец. Муз. памер 2/4, характэрны 6-тактавыя перыяды. Тэмп хуткі. Упамінанні пра «М.» вядомы з пач. 17 ст. Мае шмат варыянтаў музыкі, харэаграфіі і прыпевак (звычайна бойкага гумарыст. зместу, зафіксаваны ў працах М.Федароўскага, П.Шпілеўскага і інш.). У найб. пашыраным варыянце танца (запісаны П.Шэйнам) выканаўцы трымаюць у руках ручнікі або паясы, часам і хустачкі. Асн. рух — крок-бег. Утвараючы розныя харэаграфічныя малюнкі, выканаўцы імітуюць мяцеліцу. На сцэне ўпершыню выкарыстаны ў оперы «Ідылія» («Сялянка») С.Манюшкі на лібрэта В.Дуніна-Марцінкевіча (1852). Яскравыя сцэн. варыянты «М.» стварылі К.Алексютовіч, А.Ермалаеў (у балеце «Салавей» М.Крошнера), А.Апанасенка ў Дзярж, ансамблі танца Беларусі. Пашырана па ўсёй Беларусі. Падобны танец вядомы ў Расіі і на Украіне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЦАВАСЛАБО́ДСКІ БОЙ 1944,
бой партызанскіх 277-га палка і 278-га атрада па разгроме ням.-фаш. гарнізонаў у вёсках Пацава Слабада і Малінаўка Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл. ў ноч на 23.3.1944 у Вял.Айч. вайну. Партыз. разведка ўстанавіла, што ў гарнізон Пацава Слабада прыбыў на адпачынак ням. зенітны батальён 4-й танк. арміі, таму па ініцыятыве камандзіра Клічаўскай ВАГ І.З.Ізоха і нач. штаба М.А.Баранава быў падрыхтаваны план бою. Арганізаваўшы засаду на выпадак падыходу варожых падмацаванняў, партызаны амаль адначасова атакавалі фаш. гарнізоны ў абедзвюх вёсках, у ходзе бою спалілі 35 аўтамашын, мотарамонтную майстэрню, шмат тэхнікі і жывой сілы праціўніка, захапілі 40 вінтовак, 3 кулямёты, вял. колькасць боепрыпасаў, харчавання, медыкаменты. Партызаны страцілі 4 чал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́НА,
рака ва Усх. Сібіры, у Іркуцкай вобл. і Рэспубліцы Саха (Якуція), у Расіі. Даўж. 4400 км, пл.бас. 2490 тыс. км². Пачынаецца на зах. схіле Байкальскага хр., за 21 км ад воз. Байкал, упадае ў м. Лапцевых. У верхнім цячэнні (да вусця р. Віцім) праразае Лена-Ангарскае плато, цячэ ў вузкай даліне (шыр. 1—10 км) са стромкімі схіламі, шмат парогаў і вадаспадаў. Пасля ўпадзення р. Кірэнга становіцца паўнаводнай суднаходнай ракой. У сярэднім цячэнні (паміж вусцямі Віціма і Алдана) даліна пашыраецца да 20—30 км, у рэчышчы шмат астравоў. Ніжэй прытока Алёкма 600 км цячэ ў вузкай (3—4 км) даліне, складзенай з вапнякоў, абрывы з якіх часам утвараюць мудрагелістыя формы (Ленскія слупы). За 100 км вышэй г. Якуцк шыр. даліны 25—30 км ніжэй выходзіць на Цэнтральнаякуцкую раўніну. У вусці ўтварае дэльту (пл. каля 30 тыс.км²), падзяляецца на пратокі, з якіх найб. Вялікая Трафімаўская і Быкаўская (злучае Л. з бухтай Тыксі). Гал. прытокі: Нюя, Вілюй (злева), Кірэнга, Віцім, Алёкма, Алдан (справа). Сярэдні расход вады каля с. Кюсюр 16 500 м³/с. Жыўленне пераважна снегавое і дажджавое. Характэрны высокае веснавое разводдзе, значныя дажджавыя паводкі, нізкая летняя межань. Л. штогод выносіць у мора каля 12 млн.т завіслых наносаў. Ледастаў у верхнім цячэнні з канца кастр. да сярэдзіны мая, у ніжнім — часам з канца вер. да пач.чэрв.; пры крыгаломе — заторы лёду; характэрны наледзі. Суднаходства ў разводдзе ад г.п. Качуг, рэгулярнае — ад Усць-Кута (Асятрова). Рыбалоўства пераважна ў нізоўі ракі. Прамысл. рыбы: муксун, сібірская рапушка, нельма, омуль, таймень. Гал. парты і прыстані: Булун, Жыганск, Якуцк, Алёкмінск, Ленск, Кірэнск, Асятрова, Пакроўск, Сангар. Асн. крыніцы забруджвання — прадпрыемствы золата і алмазаздабыўной прам-сці, горна-абагачальныя прадпрыемствы.
Літ.:
Мостахов С.Е. Река Лена. Якутск, 1972;
Колесов А.Н., Мостахов С.Е. По реке Лене: Путеводитель-справочник. Якутск, 1985.