сродак радыяцыйнай засцярогі людзей (ціінш.біял. аб’ектаў) ад шкодных выпрамяненняў дысплеяў, тэлевізараў і інш. У напрамку да карыстальніка змяншае інтэнсіўнасць эл.магн. выпрамянення (у т. л. рэнтгенаўскага, ультрафіялетавага, інфрачырвонага, радыёчастотнага), узровень эл. статычнага поля, інтэнсіўнасць люстраных блікаў, павялічвае кантраст (выразнасць) відарысаў. Уяўляе сабой пласціну са шкла ці пластмасы са спец. дамешкамі, пакрытую спец. саставам. Гл. таксама Засцярога супраць іанізавальнага выпрамянення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНФЕ́КЦЫЯ (ад позналац. infectio заражэнне),
працэс узаемадзеяння макра- і мікраарганізма. Дыяпазон праўлення І. — ад бессімптомнай формы да цяжкіх форм інфекцыйнай хваробы. Успрымальнасць арганізма жывёлы ці чалавека да патагеннага мікраарганізма залежыць ад відавой і індывід. неўспрымальнасці, наяўнасці інфекц.ці прышчэпачнага імунітэту. І. наз. таксама ўзбуджальнікаў хваробы (мікробы, вірусы, прасцейшыя і інш.), пранікненне ў арганізм (заражэнне), лакалізацыю ў пэўным органе (напр., кішачная палачка) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАП’ЯКІ́ДАЛЬНІК,
старажытнае прыстасаванне для кідання кап’я, якое павялічвала далёкасць палёту, сілу і меткасць кідка. Вядомы з позняга палеаліту, асабліва ў абарыгенаў Аўстраліі, Акіяніі, Амерыкі і Паўн.-Усх. Азіі. Уяўляў сабой драўляную палку ці дошку (прамавугольнай ці мечападобнай формы, шыр. 5—12 см, даўж. 30—150 см) з жалабком і ўпорам для дрэўка кап’я. Трапляліся і ў выглядзе раменнай пятлі. Паверхню К. ўпрыгожвалі разьбой, інкрустацыяй, часам фарбавалі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ВА,
даўні від бел.нар. мэблі. Масіўная доўгая шырокая дошка, замацаваная на калодках ці ножках. У хаце звычайна былі 2 нерухомыя Л. ўздоўж сцен, якія сыходзіліся на покуці. Л. маглі мець спінку (з адной дошкі ці наборную), часам упрыгожаную разьбой. З канца 19 ст. Л. саступіла месца рухомай мэблі (канапам, крэслам і інш.) і часта выкарыстоўвалася разам з ёй. У наш час амаль выйшла з ужытку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГУ́НА (італьян. laguna ад лац. lacus возера),
мелкаводная частка акіяна (мора), аддзеленая ад яго барам або касой і злучаная з ім вузкім адным ці некалькімі пралівамі. Ад слабай сувязі з морам або ад поўнага адасаблення Л. маюць большую ці меншую салёнасць і спецыфічныя лагунныя адклады. Трапляюцца на ўзбярэжжах Чорнага, Каспійскага і інш. мораў. Таксама Л. наз. ўчастак мора паміж каралавым рыфам і берагам або ў сярэдзіне атола.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ВАЙ РУКІ́ ПРА́ВІЛА,
мнеманічнае правіла для вызначэння напрамку Ампера сілы і магн. часткі Лорэнца сілы.
Паводле Л.р.п. левую далонь размяшчаюць так, каб выцягнутыя пальцы былі накіраваны ўздоўж вектара шчыльнасці току (ці скорасці дадатнага зараду), а сілавыя лініі магн. поля ўваходзілі ў далонь, тады адагнуты вялікі палец пакажа напрамак сілы, якая дзейнічае на праваднік з токам (ці дадатна зараджаную часціцу).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЙСЕ́РЫІ (Neisseria),
род бактэрый сям. нейсерыевых. Высокаадаптаваныя паразіты (гінуць па-за арганізмам), жывуць у верхніх дыхальных шляхах млекакормячых жывёл і чалавека. Выключэнне — патагенныя віды: ганакок (N. gonorrhoeae), узбуджальнік ганарэі, размнажаецца ў мочапалавым тракце, і менінгакок (N. meningitidis), выклікае эпідэмічны цэрэбраспінальны менінгіт.
Клеткі дыяметрам 0,5—1 мкм у форме боба ці кававага зерня, размешчаныя парамі. Грамадмоўныя. Аэробы ці факультатыўныя анаэробы. Ёсць сапрафітныя віды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУ́КЛЕУСу пчалярстве,
невялікая пчаліная сям’я, якую фарміруюць для ўтрымання маладой няплоднай маткі да яе спароўвання з трутнем і часовага захоўвання запасной плоднай маткі. Складаецца з маладых нялётных пчол ад моцнай сям’і, расплоду пчол і падсаджанай няплоднай маткі або яе спелай кукалкі (з пачаткам адкладання яец іх замяняюць на новых) ці запасной плоднай маткі. Пазней Н. аб’ядноўваюць у новыя сем’і ці падсільваюць імі слабыя сем’і.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЫСЛО́ВЫ ШПІЯНА́Ж,
адна з назваў злачыннай дзейнасці, Накіраванай на процізаконнае набыццё звестак, якія маюць эканам.ці камерцыйную каштоўнасць. Мэта П.ш. — авалоданне камерцыйнай або банкаўскай тайнай і выкарыстанне яе без згоды ўладальніка, здзейсненыя з карыслівай ці іншай асабістай зацікаўленасці. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь прадугледжвае крымін. адказнасць за т.зв.камерцыйны шпіянаж. Адказнасць за гэта злачынства ўзмацняецца, калі ў выніку яго быў нанесены ўрон у асабліва буйным памеры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЕІЗАТО́ПНЫЯ КРЫНІ́ЦЫ ЭНЕ́РГІІ,
аўтаномныя крыніцы энергіі, у якіх выдзеленая пры радыеактыўным распадзе энергія пераўтвараецца ў цеплавую, эл.ціінш. віды энергіі. Асн. элементы радыеізатопнага эл. генератара — радыенуклідная крыніца цеплаты (напр., цеплавыдзяляльны элемент) і паўправадніковы тэрмаэлектрычны генератар. Служаць для сілкавання аўтам. апаратуры (напр., радыёмаякоў, радыёметэаралагічных станцый), устаноўленай у цяжкадаступных раёнах ці на касм. апаратах, а таксама ў біял. эксперыментах, напр., па ўжыўленні штучнага сэрца. Гл. таксама Ядзерная батарэя.