СУХО́Е БАЛО́ТА Нізіннага тыпу ў цэнтр. і паўн. ч. Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл., пераважна ў вадазборы р. Грыўда. Пл. 16,1 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 12,7 тыс. га. Глыб. торфу да 5,3 м, сярэдняя — 1,8 м. Запасы торфу каля 43,3 млн. т (здабываецца на ўгнаенне). На Пн балота пад торфам ёсць сапрапель (Сухабалоцкае радовішча сапрапелю). Асушана каля палавіны плошчы балота, выкарыстоўваецца пад ворыва і сенажаць. Частка масіву ўваходзіць у гідралагічны заказнік Выганашчанскае. На неасушанай тэр. пераважаюць бярэзнікі асаковыя.

т. 15, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭ́ЛЬСКАЯ ЛЯСНА́Я ДА́ЧА,

балота ў Асіповіцкім р-не Магілёўскай вобл. і Пухавіцкім р-не Мінскай вобл., у вадазборы р. Сіняя (прыток р. Свіслач). Нізіннага (86%) і вярховага (14%) тыпаў. Уключае масівы Шаманшчына, Загуменне, Вял. Луг і інш. Пл. 7,2 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 3,8 тыс. га. Глыб. торфу да 1,7 м, сярэдняя 1,6 м. Большая ч. балота асушана, выкарыстоўваецца пад пасевы збожжавых і траў, часткова як натуральная сенажаць. Каля 2,9 тыс. га неасушана, пад лесам з хвоі і бярозы.

т. 17, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЫНА́Б,

рака ў Індыі і Пакістане, правы прыток р. Сатледж (бас. р. Інд). Даўж. каля 1100 км, пл. бас. 138 тыс. км². Пачынаецца з ледавікоў Зах. Гімалаяў, у межах Індыі цячэ ў глыбокай даліне; у Пакістане — па раўнінах Пенджаба. Асн. прытокі Джэлам (справа) і Раві (злева), ніжэй упадзення якой рака наз. Трымаб. Рэжым мусонны, летняе разводдзе. Сярэдні расход вады па выхадзе з гор 890 м³/с, ніжэй ён памяншаецца за кошт забору вады арашальнымі каналамі. Даліна густа населена. На Ч. — г. Мултан (Пакістан).

т. 17, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́РГІУС (Bergius) Фрыдрых (11.10.1884, Гольдшмідэн, цяпер у межах Вроцлава, Польшча — 30.3.1949),

нямецкі хімік-тэхнолаг. Скончыў Брэслаўскі ун-т (1907). Працаваў ва ун-тах Берліна і Гановера. У 1910 на свае сродкі стварыў лабараторыю, у 1914 стаў прадпрымальнікам. З 1938 займаўся вытв. дзейнасцю ў канцэрне «І.​Г.​Фарбэніндустры». Распрацаваў метады высокага ціску ў хіміі і хім. тэхналогіі. Прапанаваў працэсы гідрагенізацыі вугалю і ператварэння цэлюлозы ў кармавы цукар, што забяспечыла Германію ў гады 2-й сусв. вайны жыццёва неабходнымі рэсурсамі. Нобелеўская прэмія 1931 (разам з К.Бошам).

Ф.Бергіус.

т. 3, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЛЬГО́ТНАСЦЬ ГО́РНЫХ ПАРО́Д,

ступень насычанасці вадой горных парод у прыродных умовах. У глебах і горных пародах зоны аэрацыі вагаецца на працягу года ў шырокіх межах. Залежыць ад т-ры, ціску, вільготнасці паветра, колькасці атм. ападкаў. Ніжэй люстра грунтавых вод вільготнасць горных парод амаль не мяняецца і дасягае макс. магчымых значэнняў. Выражаецца ў працэнтах ці долях адзінкі адносна масы абсалютна сухой пароды. Адрозніваюць вільготнасць горных парод абсалютную, вагавую, натуральную, аб’ёмную, адносную, поўную, праведзеную. У практыцы найчасцей выкарыстоўваецца вагавая вільготнасць горных парод — адносіны масы вады да масы абсалютна сухой пароды.

т. 4, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАГРАФІ́ЧНЫ ІЗАЛЯ́Т,

асобіна або папуляцыя аднаго біял. віду, аддзеленая, адасобленая геагр. перашкодамі ад асн. арэала. Садзейнічае відаўтварэнню, таму што не адбываецца спароўвання паміж адасобленымі папуляцыямі і абмену спадчыннай інфармацыяй. Геаграфічны ізалят можа ўзнікнуць ад змены фіз.-геагр. умоў у межах арэала, калі «папуляцыі заснавальнікаў» здолеюць замацавацца ў адасобленых раёнах са спрыяльнымі для іх умовамі навакольнага асяроддзя. Адбываецца дыферэнцыроўка віду на расы, разнавіднасці, падвіды, з наступным утварэннем новага віду (напр., у гарах зах. ч. ЗША — 23 віды і падвіды трусоў; шмат падвідаў галапагоскіх уюркоў, звычайнай вавёркі, сігаў у Еўразіі і інш.).

т. 5, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛУ́БЛЯ,

возера ў Мядзельскім р-не Мінскай вобл., у бас. р. Страча, за 35 км на ПнЗ ад г. Мядзел, у межах ландшафтнага заказніка Блакітныя азёры. Пл. 0,47 км², даўж. 1,15 км, найб. шыр. 510 м, найб. глыб. 26,8 м, даўж. берагавой лініі 3,3 км. Пл. вадазбору 1,43 км². Схілы катлавіны выш. да 35 м, пясчаныя, параслі лесам. Берагі зліваюцца са схіламі, на ПнЗ і Пд забалочаныя. Мелкаводдзе вузкае, пясчанае, глыбей дно сапрапелістае. Вызначаецца высокай празрыстасцю вады, маляўнічым наваколлем. Зарастае. Упадае ручай з воз. Глубелька, выцякае ручай у р. Страча.

т. 5, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ГНА-СХЕ́ДА,

балота ў Беларусі, на Пд Мастоўскага і Пн Зэльвенскага р-наў Гродзенскай вобл., у пойме р. Зальвянка. Нізіннага тыпу. Пл. 11,3 тыс. га (у т. л. ў Мастоўскім раёне 5,8 тыс. га), у межах прамысл. пакладу 7 тыс. га. Глыб. торфу да 4 м, сярэдняя 1,5 м. Пач. запасы торфу 22,6 млн. т. Ёсць паклады мергелю магутнасцю да 1,5 м. На балоце пясчаныя ўзвышаныя астравы. Асушаецца з 1962, меліяраваныя землі выкарыстоўваюцца пад сенажаць. На астатняй частцы асокі, драбналессе і хмызнякі з бярозы, вярбы, чорнай вольхі.

т. 2, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗАНАСФЕ́РА (ад грэч. ozo пахну + сфера), азонавы экран,

слой у межах стратасферы з павышанай канцэнтрацыяй азону (на выш. 20—25 км у 10 разоў большая, чым каля паверхні Зямлі). Затрымлівае асн. ч. пагібельнага для ўсяго жывога касм. выпрамянення. Максімум азону ў азанасферы прыпадае на вясну, мінімум — на восень. З сярэдзіны 1980-х г. над Антарктыдай было зафіксавана перыяд. знікненне азону (азонавая дзірка), зменшылася яго колькасць і над іншымі тэрыторыямі. Мяркуюць, што ўзнікненне і пашырэнне азонавых дзірак тлумачыцца ўздзеяннем на азанасферу выкідаў у атмасферу хлорфторвугляродаў (фрэонаў).

т. 1, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСВЕ́ЙСКАЕ БАЛО́ТА,

у Беларусі, на Пн Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл., у вадазборы Асвейскага возера. Нізіннага (37%), вярховага (35%), мяшанага (25%) тыпаў. Пл. 5,1 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 4,6 тыс. га. Глыб. торфу да 6,3 м, сярэдняя 2,8 м. Першапачатковыя запасы торфу 20,6 млн. т. На ПдЗ балота паклад сапрапелю магутнасцю да 3,5 м, агульныя запасы 7,4 млн. м³. Неасвоеная ч. балота ў складзе біял. заказніка Асвейскі, часткова выкарыстоўваецца пад сенажаць. Растуць бяроза, хвоя, вольха, месцамі травяное покрыва з асакі, касача, падвею.

т. 2, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)