тып пісьма кірыліцы. Выпрацаваўся ў выніку паскарэння працэсу пісання на аснове ўстава і адрозніваўся ад яго меншай геаметрычнасцю пісьма, драбнейшымі літарамі і значна большай колькасцю скарачэнняў. Ужываўся ў паўд.-слав. (з канца 13 ст.) і ўсх.-слав. (з канца 14 ст.) пісьменнасці на пергаменце і паперы. У старабел. пісьменнасці, як і ў інш. усходнеслав. меў 2 разнавіднасці — старэйшы і малодшы. Старэйшы П., блізкі да ўстава, ужываўся ў справаводстве, граматах канца 14—1-й пал. 15 ст. Малодшы П. паралельна са скорапісам выкарыстоўваўся пераважна ў кнігах рэліг. і свецкага зместу 2-й пал. 15—16 ст., зрэдку 17 ст. («Чэцця» 1489, перакладныя аповесці «Александрыя», «Аповесць пра трох каралёў» 15 ст., Нікіфараўскі, Акадэмічны, Віленскі, Супрасльскі летапісы 15 — пач. 16 ст., «Гісторыя пра Трою», «Псалтыр», «Арыстоцелева брама» 16 ст., «Хранограф» 17 ст. і інш.). У параўнанні са старэйшым П. у малодшым П. словы пісаліся асобна (акрамя прыназоўнікаў і злучнікаў, літары мелі больш скарапісных элементаў, пашырылася напісанне слоў ці іх частак над радком, пачала выкарыстоўвацца вязь. Шырока ўжываліся надрадковыя знакі, сталі больш разнастайнымі знакі прыпынку. П. паслужыў узорам для шрыфтоў у выданнях Ф.Скарыны, С.Буднага, В.Цяпінскага.
Літ.:
Карский Е.Ф. Славянская кирилловская палеография. М., 1979.
А.М.Булыка.
Паўустаў. Фрагмент граматы рыжскіх ратманаў да палачан. 1405.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСЛАРО́БСТВА,
выраб сметанковага масла з малака с.-г. жывёл. Вырабляюць салодкасметанковае масла (са свежых пастэрызаваных вяршкоў), кісласметанковае (з вяршкоў, заквашаных малочнакіслымі бактэрыямі), масла з разнымі напаўняльнікамі (шакаладнае, фруктовае, мядовае), таплёнае (чысты малочны тлушч).
Зыходную сыравіну М. (вяршкі) атрымліваюць сепарыраваннем малака ў сепаратарах, само масла — збіваннем або пераўтварэннем вяршкоў. Пры М. збіваннем вяршкі сярэдняй тлустасці (30—45%) папярэдне пастэрызуюць, хутка ахаладжаюць, вытрымліваюць у спец. ёмістасцях і збіваюць у маслапрыгатавальніках. Пры спосабе пераўтварэння папярэдне пастэрызаваныя вяршкі высокай тлустасці (83—85%) падаюць пад ціскам у маслаўтваральнік, дзе яны хутка ахаладжаюцца пры інтэнсіўным мех. перамешванні, у выніку чаго адбываецца крышталізацыя малочнага тлушчу. У М. выкарыстоўваюць паточныя лініі з адпаведным абсталяваннем.
М. вядома з глыбокай старажытнасці (упамінаецца ў Бібліі і паэмах Гамера). Масла спачатку выкарыстоўвалася ў рытуальных і мед. мэтах, як харч. прадукт пачало ўжывацца ў краінах Паўн. Еўропы, адкуль у 12 ст. яго сталі вывозіць у інш. краіны. У Расіі прамысл.вытв-сць масла пачата з канца 19 ст. і паступова ператварылася ў высокамеханізаваную галіну. Гл. таксама Масласыраробная і малочная прамысловасць.
К.В.Фамічэнка.
Да арт.Масларобства. Паточная лінія для вытворчасці сметанковага масла: 1 — прыёмны зборнік вяршкоў; 2 — пастэрызатар; 3 — напорны бак; 4 — сепаратары; 5 — прамежкавыя зборнікі; 6 — маслаўтваральнік-ахаладжальнік; 7 — вагі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАКА́ТКАметалаў,
спосаб апрацоўкі металаў ціскам паміж вярчальнымі валкамі пракатнага стана з мэтай атрымання вырабаў пэўнага сячэння. П. атрымліваюць розныя віды пракату: пруткі і палосы рознага папярочнага сячэння, трубы, колы, кольцы і інш.
Адрозніваюць П. гарачую, цёплую і халодную. Вядомы 3 асн. віды: падоўжная (найб. пашыраная), папярочная і папярочна-вінтавая (касая). Пры падоўжнай П. метал дэфармуецца паміж паралельна размешчанымі валкамі, якія верцяцца ў процілеглых напрамках. Пры гэтым метал зацягваецца ў міжвалковую прастору сілай трэння і пластычна дэфармуецца (вышыня сячэння вырабу пры праходжанні паміж валкамі змяншаецца, даўжыня павялічваецца). Такім спосабам вырабляюць сартавы і ліставы пракат, раскочваюцца загатоўкі ў гатовыя трубы. Папярочнай і папярочна-вінтавой П. робяць толькі дэталі форм вярчэння. Пры гэтым вырабу, што апрацоўваецца папярочнай П., надаецца вярчальны рух і апрацоўка адбываецца ў папярочным напрамку. Такой П. атрымліваюць шасцерні, кольцы, вырабы з перыяд. профілем. Пры папярочна-вінтавой П. выраб мае яшчэ і паступальны рух уздоўж яго восі. Гэты спосаб выкарыстоўваюць у вытв-сці труб, шароў і інш. цел вярчэння. Бесперапыннасць П. забяспечвае высокую прадукцыйнасць. У індустр. краінах П. апрацоўваюць больш як 3/4 усёй выплаўленай сталі.
Літ.:
Машины и агрегаты металлургических заводов. Т. 1—3. 2 изд. М., 1987—88;
Поперечно-клиновая прокатка в машиностроении. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУАТУ́ (Poitou),
гістарычная вобласць на З Францыі, каля ўзбярэжжа Атлантычнага ак. На тэр. П. дэпартаменты Вандэя. В’ена, часткова Дзё-Сеўр. Пл. 20,1 тыс.км². Нас. каля 1,2 млн.чал. (2000). Гал. горад — Пуацье. Тэр. вобласці — пераважна ўзгорыстая раўніна. Гал. галіна эканомікі — сельская гаспадарка, асабліва жывёлагадоўля і птушкагадоўля. Вырошчваюць пшаніцу, ячмень, кармавыя культуры, агародніну. Садоўніцтва і вінаградарства. На ўзбярэжжы — рыбалоўства і вустрычны промысел. Прам-сць: харч., маш.-буд., тэкст., гарбарна-абутковая. Транспарт марскі, аўтамабільны, чыгуначны.
У старажытнасці тэр. П. насялялі плямёны піктонаў. Пасля заваявання рымлянамі ўваходзіла ў Аквітанію. У 5 ст. яе захапілі вестготы, у 507 — кароль франкаў Хлодвіг I. У 8 ст.Піпін Кароткі далучыў П. да Францыі. З 9 ст. — графства. З канца 9 ст. графы П. сталі герцагамі Аквітаніі, разам з якой у 1154 трапілі пад уладу Англіі. У час праўлення Філіпа II Аўгуста Францыя вярнула ч. П. з г. Пуацье, а ў 1259 — і яе паўд. частку. У Стогадовую вайну 1337—1453 П. ў складзе Англіі, у 1369—73 зноў адваявана Францыяй. У час рэлігійных войнаў 16 ст. правінцыя — месца сутыкненняў паміж гугенотамі і католікамі. У час франц. рэвалюцыі 1789—99 П. — адзін з раёнаў Вандэйскіх войнаў. У 1790 тэр. П. падзелена на дэпартаменты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПЧАЛА́»,
зборнік павучальных выслоўяў і афарызмаў; помнік старажытнарускай перакладной літаратуры. Арыгінал складзены ў 11 ст. манахам Антоніем на аснове выказванняў ант. аўтараў і зборніка цытат хрысц. пісьменнікаў (складзены ў 7 ст. Максімам Спавядальнікам). З грэч. мовы на стараж,слав. перакладзены ў канцы 12 — пач. 13 ст. Захаваўся ў шматлікіх рэдакцыях, якія змяшчалі дапаўненні ў адпаведнасці з прызначэннем кнігі і светапоглядам складальнікаў. Кампанаваўся паводле хрысц. іерархічнага прынцыпу: кожны тэматычны раздзел (пра жыццёвую дабрачыннасць, дабро і зло, праўду, дружбу і любоў) уключаў вытрымкі з Новага, потым са Старога запаветаў, кароткія павучанні «айцоў царквы» і маральна-філас. сентэнцыі ант. філосафаў і пісьменнікаў (Гамера, Герадота, Дыягена, Дэмакрыта, Арыстоцеля, Ксенафонта, Платона, Сакрата). У раздзеле «Слова аб красе» выявіліся асн. прынцыпы хрысц. эстэтыкі. Меў вял. папулярнасць, часта цытаваўся стараж.-рус. пісьменнікамі, перапрацоўваўся і дапаўняўся выказваннямі з рус. помнікаў, блізкіх яму па кампазіцыі. Быў адной з крыніц ведаў пра ант. свет. Шырока выкарыстоўваўся бел. пісьменнікамі і асветнікамі 13—17 ст. у публіцыстыцы і красамоўстве. Многія выказванні «П.» ўвайшлі ў жывую мову і, відазмяніўшыся, сталі прыказкамі.
Літ.:
Семенов В. Древняя русская Пчела по пергаменному списку. СПб., 1893;
Сперанский М.Н. Переводные сборники изречений в славяно-русской письменности: Исслед. и тексты. М., 1904;
Конан У. Беларуская мастацкая культура ў эпоху сярэднявечча // Мастацтва. 1999. № 12.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНДБО́Л (англ. hand-ball ад hand рука + ball мяч),
ручны мяч, спартыўная камандная гульня з мячом. Існуюць 2 разнавіднасці гандбола: 7 × 7 і 11 × 11 (па 7 і па 11 чалавек у камандах). Міжнар. прызнанне атрымаў гандбол 7 × 7 (зарадзіўся ў Даніі ў 1898, правілы распрацаваў Х.Нельсен). Гуляюць у зале на пляцоўцы 40 × 20 м. Перадаючы рукамі мяч партнёрам, спартсмены імкнуцца закінуць яго ў вароты саперніка, якія абараняе варатар. Пры гэтым спартсмены не маюць права знаходзіцца бліжэй 6-метровай зоны перад варотамі. Гульня доўжыцца 2 таймы па 30 мін (у жанчын — па 25 мін). Пры парушэнні правіл гульні мяч перадаецца саперніку, грубыя парушэнні караюцца 7-метровым штрафным кідком (пенальці) і выдаленнем парушальніка на 2 мін. Чэмпіянаты свету праводзяцца з 1938 (мужчыны) і з 1956 (жанчыны), у праграме Алімпійскіх гульняў гандбола з 1972 (мужчыны) і з 1976 (жанчыны). З 1946 дзейнічае Міжнар. федэрацыя гандбола (ІГФ).
На Беларусі развіваецца з канца 1950-х г. Чэмпіянаты Беларусі праводзяцца з 1961. Мінскі гандбольны клуб СКА (спарт. клуб арміі, трэнер С.Мірановіч) — чэмпіён СССР 1981, 1984—16, 1988, 1989, уладальнік Кубка еўрап. чэмпіёнаў 1987, 1989, 1990, Кубка ўладальнікаў кубкаў еўрап. краін 1983 і 1988, Суперкубка 1989. Алімпійскімі чэмпіёнамі сталібел. гандбалісты А.Каршакевіч, Г.Свірыдзенка, А.Тучкін, К.Шаравараў, Ю.Швяцоў (1988), А.Барбашынскі, А.Мінеўскі, М.Якімовіч (1992).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНДЗІ́ЗМ,
сацыяльна-паліт. і філас.-этычнае вучэнне ў Індыі. Узнік у 1920—40-я г. ў перыяд уздыму нац.-вызв. барацьбы. Назва паходзіць ад імя яго заснавальніка М.К.Гандзі. Гал. прынцып гандзізму — пераадоленне каланіяльнага прыгнечання дзейнай сілай духоўна-маральнага ўдасканалення і ўзвышэння прыгнечаных над прыгнятальнікамі, ці актыўнага, мэтанакіраванага ненасілля. Прадугледжвалася схіленне да антыкаланіяльнай барацьбы ўсяго насельніцтва Індыі незалежна ад каставых, расавых, этнічных, рэліг. і інш. адрозненняў. Устаноўка на актыўнае ненасілле ажыццяўлялася ў форме несупрацоўніцтва з каланіяльнай адміністрацыяй (адмова ад атрымання ганаровых тытулаў і званняў, байкот каланіяльнай палітыкі і інш.), грамадз. непакорнасць (нявыплата падаткаў, спыненне дзелавой актыўнасці). Грамадскі ідэал гандзізму — грамадства без эксплуатацыі і прыгнечання чалавека чалавекам, дзе кожнаму індывіду дадзена магчымасць сцвярджаць і адстойваць свае правы. Ідэалізуюцца праца ў яе простых формах, патрыярхальныя адносіны паміж грамадскімі групамі (класавы мір, апека багатых над беднымі). Гандзізму ўласціва рэзкая крытыка тэхн. цывілізацыі. У час барацьбы Індыі за незалежнасць гандзізм быў ідэалагічнай асновай пераадолення вынікаў каланіяльнага панавання Англіі, антыфеад. і прагрэс. пераўтварэння грамадскага жыцця, барацьбы супраць сепаратызму і кансалідацыі індыйскай нац. дзяржаўнасці, умацавання Індыі ў свеце. Асн. палажэнні вучэння гандзізму сталіафіц. ідэалогіяй партыі Індыйскі нацыянальны кангрэс.
Літ.:
Намбудирипад Е.М. Махатма Ганди и гандизм: Пер. с англ.М., 1960;
Мартышин О.В. Политические взгляды М.К.Ганди. М., 1970;
Литман А.Д. Современная индийская философия. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМ’Е́ ((Daumier) Анарэ Віктар’ен) (26.2.1808, г. Марсель, Францыя — 11.2.1879),
французскі графік, жывапісец і скульптар. З 1814 жыў у Парыжы, у 1820-я г. браў урокі жывапісу і малюнка, вучыўся мастацтву літаграфіі. Аўтар вострагратэскавых карыкатур на кіруючыя вярхі грамадства, у т. л. на караля Луі Філіпа. Асновай для серыі літаграфічных партрэтаў-шаржаў «Славутасці залатой сярэдзіны» (1832—33) сталіскульпт. эскізы-бюсты паліт. дзеячаў (1830—32, захавалася 36 бюстаў). У літаграфіях 1834 Д. выкрываў бяздарнасць і своекарыслівасць улад («Заканадаўчае чэрава», «Усе мы сумленныя людзі, абдымемся»), ствараў вобразы рабочых («Сучасны Галілей», «Вуліца Транснанен 15 красавіка 1834 года» і інш.). Пасля забароны ў 1835 паліт. карыкатуры Д. звярнуўся да быт. сатыры: серыя «Карыкацюрана» (1836—38), «Лепшыя ў жыцці» (1843—46), «Добрыя буржуа» (1846—49). У перыяд і пасля рэв. 1848—49 стварыў (спачатку ў статуэтцы, потым у шэрагу літаграфій) абагульнены вобраз паліт. прайдзісвета Ратапуаля. У жывапісе Д. па-наватарску пераасэнсоўваліся традыцыі рамантызму, трагічная велічнасць спалучалася з гратэскам, драма з сатырай, вострая характарнасць вобразаў са свабодай пісьма, смелай абагульненасцю формаў, выразнасцю пластыкі і светлавымі эфектамі. У яго карцінах адлюстраваліся пафас рэв. барацьбы («Паўстанне», каля 1848), прыгажосць простага чалавека («Прачка», каля 1859—60); улюбёнымі матывамі жывапісу былі цырк, тэатр, вандроўныя камедыянты: «Меладрама» (каля 1856—60), «Крыспэн і Скапэн» (каля 1860), серыя карцін «Дон Кіхот» (каля 1868) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕАЛО́ГІЯ (ад грэч. genealogia радаслоўная),
спецыяльная гістарычная навука, якая вывучае паходжанне, гісторыю, сац. становішча, сваяцкія сувязі родаў і асоб. Вытокі генеалогіі ў язычніцкім кульце продкаў. Як галіна ведаў існавала ў Стараж. Рыме. У эпоху пераходу да феадалізму звесткі пра генеалогію — састаўная частка вусна-паэт. творчасці. У сярэдневякоўі былі вельмі пашыраны генеалагічныя паданні пра паходжанне родаў і цэлых народаў. Шырока вядома сага 12 ст. «Кніга пра ісландцаў» А.Торгільсана пра паходжанне і генеалогію насельнікаў Ісландыі. У ВКЛ у 15—16 ст. бытавала легенда, што мясц. шляхта паходзіць ад рымскага патрыцыя Палемона і яго паплечнікаў, якія перасяліліся ў Літву. У ВКЛ былі шырока распаўсюджаны гербоўнікі, якія спалучалі звесткі з генеалогіі і геральдыкі. Як гіст. навука генеалогія склалася ў 16—18 ст., калі сталі распрацоўвацца метады складання радаводных табліц і роспісаў, сістэмы нумарацыі сваяцтва. У 19 ст. ўзніклі генеалагічныя т-вы ў Вялікабрытаніі і Аўстрыі, якія займаліся даследаваннямі на навук. аснове. З часам падобныя т-вы ўтварыліся ва ўсіх краінах Еўропы, зараз яны існуюць і на правінцыяльным узроўні. У Рэспубліцы Беларусь пытанні генеалогіі распрацоўваюць Ін-т гісторыі Нац.АН, Згуртаванне бел. шляхты, Бел. генеалагічнае т-ва, Аддзел геральдыкі і генеалогіі К-та па архівах і справаводстве.
Літ.:
История и генеалогия. М., 1977;
Genealogia. Warszawa, 1959.
У.М.Вяроўкін-Шэлюта.
Да арт.Генеалогія. Шляхецкі герб і радаводнае дрэва Лазоўскіх.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТАМІНА́ЦЫЯ (лац. contaminatio сутыкненне, змяшэнне),
1) у мовазнаўстве — аб’яднанне ў моўным патоку элементаў дзвюх моўных адзінак на аснове іх структурнага падабенства або тоеснасці, функцыян. або семантычнай блізкасці. У выніку адбываецца «абмен» кампанентамі такіх адзінак (напр., слова «сёлета» ўтварылася пры ўзаемадзеянні слоў «сяго» і «лета»). Кампаненты ў новым слове іншы раз акрэслены вельмі выразна, іншы раз зменены непазнавальна, зберагаючы толькі адзін гук.
2) У фальклоры — спалучэнне ў адным творы сюжэтаў 2 і больш твораў, варыянты якіх існуюць у вуснай перадачы і самастойна. Часцей трапляецца ў казках і баладах. У большасці выпадкаў К. — вынік творчага працэсу, калі 2 ці больш сюжэтаў складаюць адно непаўторнае маст. цэлае.
Ёсць пастаянныя К., якія сталі традыцыйнымі. У казачным эпасе ўсх. славян да іх адносяцца К. сюжэтных твораў АТ 1 «Ліса крадзе рыбу з воза» + АТ 2 «Воўк каля палонкі» + АТ 3 «Ліса абмазвае галаву цестам». Балады часцей кантамінуюцца з лірычнымі песнямі. Напр., уступам для многіх бел. і ўкр. варыянтаў балады «Дачка-птушка» з’яўляецца лірычная песня «Чаму ж не прыйшоў» і інш.
Літ.:
Ведерникова Н.М. Контаминация как творческий прием в волшебной сказке // Русский фольклор. Л., 1972. Т. 13;
Бараг Л.Р. Сюжэты і матывы беларускіх народных казак. Мн.. 1978;
Матвеева Р.П. Контаминация как творческий процесс в сибирском сказительстве (на материале волшебных сказок) // Русский фольклор Сибири: Элементы архитектоники. Новосибирск, 1990.